СУСА́НІН Іван Восіпавіч (?, с. Дзеравенькі б. Кастрамскога пав. — сак. 1613),
рускі селянін, які ахвяраваў сабой дзеля выратавання цара ў перыяд вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У сак. 1613 атрад шляхты Рэчы Паспалітай, які накіроўваўся да с. Домніна (вотчына Раманавых за 3 км ад с. Дзеравенькі) з мэтай захапіць толькі што абранага царом Міхаіла Фёдаравіча Раманава, узяў С. правадніком. С. паслаў свайго зяця Б.Сабініна папярэдзіць цара, а сам наўмысна завёў атрад у непраходны балоцісты лес, за гэта закатаваны. Ушаноўваецца як нац. герой рус. народа. У гонар С. названы гар. пасёлак і раён у Кастрамской вобл., яго подзвіг адлюстраваны ў маст. л-ры, у оперы М.І.Глінкі «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»), У Кастраме помнік (1967). У Вял. Айч. вайну 1941—45 подзвіг С. на Беларусі паўтарылі І.С.Цуба (гл. Цубы), І.Ю.Філідовіч і інш.
т. 15, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)