ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,

галіна галаграфіі, у якой разглядаюцца заканамернасці пераўтварэння і апрацоўкі хвалевых палёў на аснове нелінейнага ўзаемадзеяння з рэчывам некалькіх кагерэнтных хваль. Выкарыстоўваецца для стварэння аптычных, оптаэлектронных і інтэгральна-аптычных элементаў з вял. хуткадзеяннем, лазераў з размеркаванай адваротнай сувяззю і інш.

Д.г. сфарміравалася як навук. кірунак у выніку сінтэзу ідэй класічнай галаграфіі і нелінейнай оптыкі; заснавана на ўзаемадзеянні некалькіх кагерэнтных хваль, якое ўзнікае пры праходжанні іх праз нелінейнае асяроддзе (крышталь, паўправаднік, вадкасць, пара металаў і інш.). Напр., 2 (ці больш) кагерэнтныя пучкі святла падаюць на паверхню нелінейнага асяроддзя пад аднолькавымі вугламі да яе і перасякаюцца ў ім. Створаная інтэрферэнцыйная карціна запісваецца ў асяроддзі ў выглядзе перыяд. структуры (рашоткі), на якой гэтыя ж пучкі дыфрагуюць (самадыфракцыя), што змяняе параметры пучкоў, і таму запісаная рашотка таксама змяняецца па глыбіні асяроддзя. Галаграмы запісваюцца ў асяроддзях з рознымі тыпамі нелінейнасці (рэзананснай, стрыкцыйнай, камбінацыйнай і інш.). Д.г. пашырае магчымасці кіравання светлавымі пучкамі, рэалізуе новыя прынцыпы рэгістрацыі і ўзнаўлення эл.-магн. хваль.

На Беларусі даследаванні па Д.г. распачаты ў 1968 у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам А.​С.​Рубанава і Б.​І.​Сцяпанава. Адкрыта новая фіз. з’ява — абарачэнне хвалевага фронту (1970, пры 4-хвалевым узаемадзеянні; 1978, пры суперлюмінесцэнцыі). Работы ў галіне Д.г. і яе дастасаваннях вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ і інш.

А.​С.​Рубанаў.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),

фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.​Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.​Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.​Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.​Дж.​Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.​Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.​Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.​Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.

А ван Дэйк. Конны партрэт Карла I. Каля 1636.

т. 6, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

кароткачасовае адхіленне эл. напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).

Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).

Літ.:

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;

Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tпперыяд паўтарэння імпульсу.

т. 7, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЭКС ЦЭН,

абагульняльны паказчык дынамікі і суадносін узроўню цэн, які характарызуе адносныя змены цэн за пэўны перыяд. Вызначаецца адносінамі сярэднеўзважаных цэн на асобныя віды тавараў (паслуг) або іх сукупнасці да сярэднеўзважаных цэн у базісным перыядзе. І.ц. можа быць індывідуальны — разлічваецца для пэўных відаў тавараў (паслуг), і зводны — характарызуецца суадносінамі ўзроўню цэн (тавараў, паслуг) па іх сукупнасці. У сваю чаргу зводныя І.ц. падзяляюцца на агульныя, якія ахопліваюць усю вывучаемую сукупнасць тавараў і паслуг, і групавыя — вызначаюцца для пэўных груп тавараў (паслуг).

Адрозніваюць індэкс рознічных і спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. Індэксы рознічных цэн разлічваюцца для вызначэння іх сярэдняга змянення на тыя тавары і паслугі, якія набываюцца пэўнымі групамі насельніцтва. Падлічваюцца на падставе рэгістрацыі рознічных цэн для стандартнага набору тавараў і паслуг, а вагі вызначаюцца па структуры спажывецкіх расходаў сем’яў рабочых і служачых (устанаўліваюцца папярэднімі абследаваннямі іх бюджэтаў). Індэксы гэтага віду адносяцца да індэксаў кошту жыцця. Пры налічэнні ўласна індэксаў рознічных цэн не ўлічваюцца паслугі, якія рэалізуюцца па-за рознічным гандлем, а вагі разлічваюцца па частцы тавараў у агульным абароце рознічнага гандлю. Індэкс спажывецкіх цэн характарызуе змяненне агульнага ўзроўню цэн на тавары і паслугі, якія набываюцца насельніцтвам для невытворчага спажывання. Ён паказвае дынаміку змены цаны рыначнага набору спажывецкіх тавараў («рыначны кошык») і выкарыстоўваецца для пераразліку намінальнага аб’ёму прадукцыі (даходу) у рэальны.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КЕЛЬ (лац. Niccolum),

Ni, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 28, ат. м. 58,69. Прыродны Н. складаецца з 5 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 58, 60—64; найб. пашыраны ​58Ni (67,88%) і ​60Ni (26,23%). У зямной кары 8∙10​−3% па масе (гл. Нікелевыя руды). Мікраэлемент неабходны млекакормячым (у арганізме чалавека 5—13,5 мг Н.) і раслінам. Адкрыты швед. вучоным А.​Кронстэтам у 1751 пры даследаванні мінералу купфернікелю (знешне падобнага на медзь). Назва ад ням. Nickel — злы горны дух, які быццам бы ўводзіў у зман гарнякоў, што здабывалі медзь.

Серабрыста-белы коўкі метал, tпл 1455 °C, tкіп 2900 °C, шчыльн. 8900 кг/м³; ферамагнетык (пункт Кюры 631 К). Хімічна малаактыўны; паводле ўласцівасцей падобны да жалеза і кобальту. Кампактны ў паветры, пакрываецца тонкай ахоўнай плёнкай монааксіду NiO. Бязводныя солі мінер. кіслот звычайна жоўтага колеру, гідраты — зялёнага (гл. Нікелю сульфат). Атрымліваюць электролізам раствораў солей і інш. метадамі; чысты парашкападобны — тэрмічным раскладаннем карбанілу Ni(CO)4 (гл. Карбанілы металаў). Выкарыстоўваюць пераважна ў металургіі (гл. Нікелевыя сплавы), а таксама для вырабу акумулятарных электродаў, спец. хім. апаратуры, як матэрыял для антыкаразійных пакрыццяў (гл. Нікеліраванне) і каталізатар многіх хім. працэсаў. Аказвае агульнатаксічнае ўздзеянне; выклікае захворванні насаглоткі, лёгкіх, дэрматыты, экзэмы, злаякасныя новаўтварэнні. ГДК у паветры (сярэднясутачная) для метал. Н., яго аксідаў і сульфату 0,001 мг/м³.

У.​С.​Камароў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,

трэці пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паліт. крызіс у Расіі (пасля красавіцкага і чэрвеньскага), у выніку якога ліквідавана двоеўладдзе. Узнік пасля правалу Чэрвеньскага наступлення 1917 і захадаў Часовага ўрада па ўмацаванні дысцыпліны ў арміі. 2(15) ліп. з урада выйшлі кадэты, узнік урадавы крызіс. 3(16) ліп. ў Петраградзе пад уплывам анархістаў пачалася антыўрадавая дэманстрацыя салдат і рабочых з заклікамі да адстаўкі «10 міністраў-капіталістаў» і перадачы ўлады Саветам. Бальшавікі вырашылі ўзначаліць рух і шляхам масавай мірнай дэманстрацыі дамагчыся пераходу ўсёй улады у рукі Саветаў. 4(17) ліп., нягледзячы на забарону ВЦВК Саветаў, на дэманстрацыю з заклікам «Уся ўлада Саветам!» выйшла каля 500 тыс. рабочых, салдат і матросаў. У выніку сутыкненняў з вернымі ўраду войскамі загінула 56 чал., паранена 650. Бальшавікоў абвінавацілі ў спробе дзярж. перавароту. Часовы ўрад пачаў расфарміроўваць або адпраўляць на фронт вайск. часці, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў, раззбройваць і арыштоўваць рабочых, забараніў газ. «Правда», разграміў памяшканне ЦК РСДРП(б), аддаў загад аб арышце У.​І.​Леніна. Пасля Л.к. ўлада ў Расіі цалкам перайшла да Часовага ўрада, якому ВЦВК Саветаў, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. 7(20) ліп. з урада выйшаў міністр-старшыня Г.​Я.​Львоў, яго месца заняў А.Ф.Керанскі. Адносна мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Расіі скончыўся, партыя бальшавікоў узяла курс на прыход да ўлады ўзбр. шляхам.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТЫЙ (лац. Lithium),

Li, хімічны элемент I гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 3, ат. м. 6,941, адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​6Li (7,52%) і ​7Li (92,48%). У зямной кары 6,510​−3 % па масе (гл. Літыевыя руды). Адкрыты ў 1817 швед. хімікам А.​Арфведсанам у мінерале петаліце; назва ад грэч. lithos — камень. Л. метал. атрыманы ў 1818 англ. хімікам Г.​Дэві.

Мяккі і пластычны серабрыста-беды метал, tпл 180,54 ​С, шчыльн. 533 кг/м³ (самы лёгкі метал). Узаемадзейнічае з вадой, бурна з разбаўленымі мінер. к-тамі (утварае солі; гл. Літыю злучэнні), з галагенамі (з ёдам пры награванні), кіслародам і азотам. У паветры хутка цьмянее з-за ўтварэння Л. нітрыду Li3N і аксіду Li2O. Пры награванні ўзаемадзейнічае з вадародам, вугляродам, серай і інш. неметаламі. З металамі ўтварае інтэрметаліды. Важнейшымі злучэннямі Л. з’яўляюцца літыйарганічныя злучэнні. Захоўваюць Л. у герметычных бляшанках пад слоем сумесі парафіну з мінер. маслам. Атрымліваюць электролізам расплаўленай сумесі хларыдаў Л. і калію (ці барыю). Выкарыстоўваюць у вытв-сці анодаў для хім. крыніц току, як кампанент сплаваў магнію і алюмінію, антыфрыкцыйных сплаваў (бабітаў), як каталізатар полімерызацыі; вадкі — у якасці цепланосьбіта ў ядз. рэактарах; ізатоп ​6Li — у вытв-сці трытыю. Пры кантакце выклікае апёкі вільготнай скуры і вачэй, пры пападанні ў арганізм — слабасць, санлівасць, галавакружэнне.

І.​В.​Боднар.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХВЯ́РСТВА,

дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял. кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.

Г.​А.​Маслыка.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).

Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.

Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕМАЛО́ГІЯ (ад грэч. polemos вайна + ...логія),

навука аб вайне; кірунак у паліталогіі, у рамках якога даследуюцца войны і ўзбр. канфлікты, іх прычыны, сутнасць, віды і г.д. Закранае таксама пытанні міру, раззбраення, мірнага суіснавання паміж дзяржавамі. У вузкім сэнсе азначае інстытуцыяналізацыю ў Зах. Еўропе ў 2-й пал. 20 ст. вывучэння вайны як грамадскай з’явы. У гэты час узніклі навук. ўстановы П. ў Францыі, Нідэрландах, Італіі, Бельгіі і інш. Характэрная рыса П. — комплексны, міждысцыплінарны падыход да навук. асэнсавання ўзбр. канфліктаў у розных формах з выкарыстаннем элементаў сацыялогіі, дэмаграфіі, сац. псіхалогіі, матэм. мадэліравання, біялогіі і інш. навук, а таксама пазітывісцкая метадалогія, якая спалучае ў сабе элементы эканам., паліт., культ.-псіхал, тлумачэння гэтых з’яў. У П. нярэдка пранікаюць вульгарныя біясац. і псіхасац. канцэпцыі, якія абапіраюцца на ненавук. сцвярджэнне аб агрэсіўнай прыродзе чалавека і наяўнасці ў чалавечым грамадстве нейкага пастаяннага агрэсіўнага комплексу, што прыводзіць да перыяд. успышак узбр. насілля. У такім выпадку П. адрывае войны ад сац. адносін у грамадстве і ад палітыкі дзяржаў, вынікам якой служаць войны. Станоўчымі рысамі П. з’яўляюцца прадбачанне войнаў і ваен. канфліктаў, пошукі форм і спосабаў умацавання міжнар. міру і бяспекі, падтрымка ідэі раззбраення. Прускі ген. К.Клаўзевіц у працы «Аб вайне» (т. 1—3, 1832—34) даказаў, што вайна выступае як частка і інструмент палітыкі дзяржавы. Большасць сучасных вучоных таксама падкрэслівае арган. сувязь вайны з сістэмай паліт. адносін унутры дзяржавы і паміж дзяржавамі.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)