СІПКО́ Мікалай Георгіевіч (19.12.1906, в. Панкры, Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 1989),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1929), з 1947 працаваў у ім (у 1963—72 прарэктар). Навук. працы па пытаннях ваен.-вет. службы, яе арганізацыі і рабоце ў час Вял. Айч. вайны, гісторыі ваен. ветэрынарыі ў Расіі.
Тв.:
Из истории ветеринарного образования в России // Уч. зап. Витеб. вет. ин-та. 1968. Т. 20.
т. 14, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́САЎ І МАЛАРО́САЎ,
дабрачынная арганізацыя, створаная для падтрымкі эмігрантаў бел. і ўкр. паходжання ў г. Гранд-Рэпідз (ЗША, штат Мічыган). Дзейнічала ў 1913—14. Мела свой статут. Асн. задачу заснавальнікі т-ва бачылі ва ўстанаўленні трывалай сувязі паміж слав. народамі; перавага аддавалася асобам, якія нарадзіліся ў Беларусі і Украіне. Т-ва спрабавала захаваць нац. адметнасць бел. і ўкр. эмігрантаў у ЗША, аказвала ім матэрыяльную і фін. дапамогу.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.
А.В.Ціхаміраў.
т. 15, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКАНТЫ́НС (Tocantins),
рака на У Бразіліі. Даўж. 2850 км, пл. бас. 770 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Мараньян і Алмас, якія пачынаюцца ў цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я, цячэ па ім, утварае парогі і вадаспады. Ніжняе цячэнне па Амазонскай нізіне. Упадае ў р. Пара (правы рукаў дэльты р. Амазонка). Буйны прыток — р. Арагуая (злева). Разводдзе з кастр. да сак.—красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 16,8 тыс. м³/с. Вадасх. Тукуруі. Суднаходная на 350 км ад вусця.
т. 15, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРАСЮ́К Любоў Канстанцінаўна (н. 7.12.1953, в. Пінкавічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса, літаратуразнавец. Канд. філал. н. (1980). Скончыла БДУ (1975), з 1978 выкладае ў ім. Друкуецца з 1966. У зб. вершаў «Смага ракі» (1983) любоў да бацькоўскай зямлі, эмацыянальнасць, філас. роздум над гісторыяй і сучаснасцю, складанасць узаемаадносін чалавека з навакольным светам, асэнсаванне сувязі бел. культуры з лёсам народа. Даследуе класічную і сучасную бел. паэзію. Аўтар манаграфіі «Вернасць вытокам: Фальклорныя традыцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985).
т. 15, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫРЭ́НСКАЕ МО́РА (Mare Tirreno),
паўзамкнёнае мора паміж Апенінскім п-вам і а-вамі Сіцылія, Сардзінія і Корсіка; частка Міжземнага мора. Злучана з ім пралівамі Карсіканскім, Баніфача, Туніскім, Сардзінскім і Месінскім. Пл. 214 тыс. км². Найб. глыб. 3830 м. На ПдУ — Ліпарскія а-вы. Т-ра вады летам 22—24,5 °C, зімой 13—14 °C. Салёнасць 37,25—38,25‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Рыбалоўства (сардзіны. тунец, вугор, меч-рыба). Гал. парты: Неапаль, Палерма, Кальяры (Італія), Бастыя (Францыя).
т. 16, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́Л (польск. universał ад лац. universalis усеагульны),
від прававога акта ў Рэчы Паспалітай. Выдаваўся каралём як зварот да народа; у ім кароль рэгуляваў гасп., рэліг. і вайсковыя пытанні, склікаў шляхту на соймы і паспалітае рушэнне. У час міжкаралеўя У. выдаваў прымас. У. пабаровыя — ухвалы соймаў на збіранне падаткаў, з 17 ст. выдаваліся разам з соймавымі канстытуцыямі. У. Пастаяннай Рады рэгулявалі арганізацыю судаводства і адміністрацыі. У. абвяшчаліся канфедэрацыі. У час паўстання 1794 У. выдаваў Т.Касцюшка (напр., Паланецкі універсал).
т. 16, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ЛЕС (Wallace) Генры Эгард (7.10.1888, штат Аява, ЗША — 18.11.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Публіцыст. З 1928 належаў да Дэмакр. партыі. У 1933—40 міністр сельскай гаспадаркі, у 1941—45 віцэ-прэзідэнт ва ўрадзе Ф.Д.Рузвельта. Са студз. 1945 міністр гандлю. У вер. 1946 зняты з пасады за крытыку палітыкі прэзідэнта ЗША Г.Трумэна адносна Сав. Саюза. Кандыдат у прэзідэнты ЗША на выбарах 1948 ад заснаванай ім і яго прыхільнікамі Прагрэс. партыі. Пацярпеўшы паражэнне, адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 16, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНТЭ́Н (Fontaine) П’ер (20.9.1762, Пантуаз, Францыя — 10.10.1853),
французскі архітэктар; адзін з вядучых майстроў стылю ампір. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1786—92 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі; зазнаў уплыў Дж.Віньёлы, Б.Перуцы, Дж.Б.Піранезі. Адзін з першых выкарыстаў чыгунныя канструкцыі ў буд-ве. У 1794—1814 супрацоўнічаў з Ш.Персье, разам з ім пабудаваў трыумфальную арку на пл. Карузель у Парыжы (1806), аформіў інтэр’еры Версаля і інш. палацаў, ствараў праекты мэблі і інш.
т. 16, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЛЬЯ́НЫ, феяны (франц. feuillants),
члены паліт. клуба «Таварыства сяброў канстытуцыі, якое засядае ў фельянаў» у часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Засн. ў Парыжы ў ліп. 1791. Назва ад занятага клубам памяшкання манаскага ордэна фельянаў. Ф. — прадстаўнікі буйной буржуазіі і ліберальнага дваранства, прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі, якія пакінулі якабінскі клуб пасля прыняцця ім петыцыі з патрабаваннем звяржэння караля (16.7.1791). Кіраўнікі: А.Барнаў, А.Ламет і інш. Ф. панавалі ў Заканад. сходзе (адкрыўся 1.10.1791). Клуб распаўся пасля звяржэння манархіі 10.8.1792.
т. 16, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМУРА́ПІ,
цар Вавілоніі
[1792—1750 да н.э.],
з імем якога звязана яе ўзвышэнне. З амарэйскай дынастыі. Умелы палітык і палкаводзец, Х. пры дапамозе ваен. сілы і дыпламатыі на працягу 35 гадоў падпарадкаваў тэр. Асірыі, паўд. і сярэднюю часткі Месапатаміі. Пры Х. Вавілонія дасягнула найвыш. эканам. і паліт. магутнасці; працягваўся рост таварна-грашовых адносін, цэнтралізацыя дзяржавы і ўмацаванне царскай улады, аб чым сведчаць выдадзеныя ім каля 1760 да н.э. Хамурапі законы (знойдзены ў 1901—02 пры раскопках г. Сузы).
т. 16, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)