СА́ЛІВЕН (Sullivan) Луіс Генры (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНА-БЫТАВЫ́Я КА́ЗКІ,
казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-й пал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар. гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.
Публ.:
Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.
Літ.:
Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́ЗНІКІрымскія
(socii),
абшчыны і плямёны, падпарадкаваныя Стараж. Рымам. Пасля страты суверэнітэту ў 338 да н.э. С. не мелі права весці самаст. знешнюю палітыку, павінны былі дапамагаць Рыму войскамі і матэрыяльнымі сродкамі ў час вайны і аддаваць рым. каланістам ч. сваёй зямлі. Паводле асноў самакіравання і правоў, якія даваліся С. у Рыме, абшчыны падзяляліся на розныя катэгорыі. Прывілеяваную групу складалі т. зв. лацінскія С., якія карысталіся поўным самакіраваннем і некат. грамадз. правамі ў Рыме. Большасць грэч. полісаў Італіі былі ўласна С.; іх жыхары, маючы самакіраванне, не валодалі ніякімі правамі рым. грамадзянства. Ніжэйшай катэгорыяй С. з’яўляліся дэдытыцыі; яны карысталіся абмежаваным самакіраваннем і не мелі правоў рым. грамадзянства. Да гэтай катэгорыі належалі б. члены самніцкай федэрацыі (гл.Самніты). Пытанне аб наданні С. правоў рым. грамадзянства ставілася яшчэ ў 2-й пал. 2 ст. да н.э., аднак было вырашана толькі ў выніку паўстання італійскіх плямён (гл.Саюзніцкая вайна 90—88 да н.э.). З канца 2 ст. да н.э.рым. правіцелі пасялялі ў межах імперыі варварскія плямёны ў якасці С., або федэратаў.
Тытул «С. і прыяцель рым. народа» атрымлівалі ад Рыма правіцелі дружалюбных васальных царстваў (напр., цар Нумідыі Масініса і інш.).
Літ.:
Нечай Ф.М. Рим и италики. Мн., 1963;
Маяк И.Л. Взаимоотношения Рима и италийцев в III—II вв. до н.э.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПО́ВЕДЗЬ, пакаянне,
адно з 7 хрысціянскіх таінстваў, якое заключаецца ў прызнанні вернікам сваіх грахоў перад святаром, які дазвольнымі (магічнымі) словамі ад імя Ісуса Хрыста адпускае грахі хрысціяніну, што шчыра пакаяўся. У 2—3 ст. у хрысц. абшчынах склалася дэталёвая рэгламентацыя пакаяння за розныя катэгорыі праграшэнняў (смяротныя, прабачальныя) перад абшчынай (публічная С.). Звычай публічнай С. існаваў да 7 ст., пазней пачала пераважаць індывід. тайная С. перад святаром. Формула абавязковай тайнай С., прадпісаная IV Латэранскім саборам (1215) і зацверджаная Трыдэнцкім саборам (1545—63), прадугледжвала неабходнасць пакаяння для ўсіх католікаў «разумнага ўзросту» не радзей як адзін раз на год. У рус. праваслаўі тайная С. узаконена ў 17 ст. Захаванне тайны С. ўстанаўлялася ў якасці абавязковага патрабавання дэкрэтамі пап Клімента VIII і Інакенція XI, аднак некаторыя тэолагі абгрунтоўвалі магчымасць яе парушэнняў у надзвычайных выпадках. У Расіі ў 1722 царскі ўказ абавязваў святароў даносіць пра выяўленыя на С. замахі супраць дзярж. і царк. улад. С. звязана з гал.хрысц. таінствам — прычасцем (еўхарыстыяй), якому яна, як правіла, папярэднічае. Сярэдневяковыя ератычныя рухі і пратэстанты рашуча адвяргалі права святароў адпускаць грахі на С., назначаць адкупныя пакаранні, выдаваць індульгенцыі. Пратэстантызм захаваў С. толькі як традыц.царк. абрад, які выяўляе пакаянне і шкадаванне хрысціяніна пра ўчыненыя ім грахі, пазбавіўшы яго характару таінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́РНЫ ЗНАК,
абазначэнне ці сімволіка. якая зарэгістравана на падставе дзеючага заканадаўства і ставіцца на тавары (часам на ўпакоўцы): садзейнічае адрозненню аднародных тавараў (паслуг) розных юрыд. або фіз. асоб і іх рэалізацыі. Можа мець слоўныя (у т. л. імёны ўласныя), літарныя. лічбавыя, аб’ёмныя абазначэнні або іх камбінацыі, любы колер ці колеравыя спалучэнні. Асн. патрабаванні да Т.з.: прастата, індывідуальнасць, распазнавальнасць, прывабнасць для спажыўцоў, адсутнасць элементаў герба, дзярж. сцяга і інш. абазначэнняў, што з’яўляюцца аб’ектамі выключнай уласнасці дзяржавы і ўрада. У Т.з. можна ўключаць скарочаныя ці поўныя назвы міжнар. і міжурадавых арг-цый, пячаткі, узнагароды і інш. знакі адрознення, як неахоўваемыя элементы, калі на гэта ёсць згола адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка. Рэгіструецца ў краіне, дзе фірма мае намер яго выкарыстоўваць. На сусв. рынку тавары. маркіраваныя Т.з., звычайна на 15—20% каштуюць даражэй, чым немаркіраваныя. Уладальнік Т.з. мае выключнае права на яго выкарыстанне, ён можа прадаць яго юрыд. або фіз. асобам па ліцэнзійных пагадненнях. Зарэгістраваны ў рамках міжнар. пагадненняў (напр., Парыжскай канвенцыі па ахове прамысл. уласнасці), карыстаецца аховай ва ўсіх краінах-удзельніцах і наз. сусветным Т.з. Разам з Т.з. у якасці фірменнага знака ўжываецца гандлёвая марка, якой абазначаюцца не адзін, а ўсе тавары пэўнай фірмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРФЯ́НА-БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
група глеб, якія развіваюцца пры працяглым залішнім увільгатненні атм. і грунтавымі водамі ва ўмовах балотнага глебаўтваральнага працэсу. Пашыраны ва ўмерана вільготным клімаце Паўн. паўшар’я, асабліва ў Зах. Сібіры, на Д.Усходзе, Пн і ПнЗ Pacti, Украіне. На Беларусі (найб. у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абл.) займаюць 14,1% с.-г. угоддзяў (2,9 млн.га). Характарызуюцца перавагай назапашвання арган. рэчыва над яго распадам, што вядзе да ўтварэння торфу і агляення мінер.ч. глебы.
У залежнасці ад паходжання, расліннасці і ўмоў воднага жыўлення Т.-б.г. падзяляюцца на нізінныя (слабашчолачныя, багатыя азотам і попельнымі элементамі), вярховыя (кіслыя. бедныя азотам, малапопельныя), поймавыя (алювіяльныя); глебы пераходных балот, больш блізкія да вярховых. Паводле магутнасці торфу вылучаюць тарфяніста-глеевыя (слой торфу да 30 см), тарфяна-глеевыя (30—50 см), тарфяна-балотныя маламагутныя (50—100 см), сярэднемагутныя (100—200 см) і магутныя (больш за 200 см). У цалінным стане Т.-б.г. выкарыстоўваюцца як сенажаці невысокай якасці. Нізінныя і поймавыя глебы — аб’ект меліярацыі, у выніку чаго мяняюцца працэсы глебаўтварэння (балотны працэс спыняецца, распадаецца арган. рэчыва і глеба абагачаецца попельнымі элементамі жыўлення раслін). На асушаных Т.-б.г. вырошчваюць адна- і шматгадовыя травы, прапашныя культуры. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі ўрадлівасць Т.-б.г. да 78 балаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Сяргей Мікалаевіч (4.8.1862, маёнтак Ахтырка пад Масквой — 12.10.1905),
расійскі філосаф і грамадскі дзеяч. Брат Я.М.Трубяцкога, бацька М.С.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1900). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), дзе з 1900 працаваў праф., з 1905 рэктарам. У 1900—05 супрацоўнічаў у час. «Вопросы философии и психологии». Адстойваў ідэю універсітэцкай аўтаноміі, актыўна ўдзельнічаў у земскім руху. Для яго філас. поглядаў характэрна спалучэнне ідэй платанізму і хрысціянства, асновай якіх ён лічыў вучэнне пра Логас. Філас. вучэнне Т. — ’«канкрэтны ідэалізм» — выкладзена ў яго працы «Асновы ідэалізму» (1896), дзе ў якасці зыходнага пункта выступае не абстрактная ідэя «чыстага быцця», а канкрэтнае існае. Прызнаваў духоўную прыроду рэальнасці; лічыў, што існае грунтуецца на разумных законах касмічнага Логаса, які ўпарадкоўвае развіццё прыроды і чалавечага грамадства; што існае папярэднічае мысленню, таму што вечная актуальная свядомасць (свядомасць Бога) папярэднічае канечнай свядомасці чалавека, якая знаходзіцца ў працэсе станаўлення. Сродкамі пазнання побач з розумам абвяшчаў вопыт і веру, якую трактаваў у адпаведнасці з правасл. традыцыяй: лічыў, што яна не супрацьстаіць розуму, а ўтварае з ім пэўнае адзінства. Аб’ектыўнасць свядомасці звязваў з ідэяй саборнасці. Саборнасць у разуменні Т. — пэўны агульначалавечы ідэал дасканалага грамадства, дзе пануе любоў як агульны найвышэйшы сінтэз сац., маральных і рэліг. прынцыпаў праваслаўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБАЭКАЛО́ГІЯ (ад лац. urbanus гарадскі + экалогія),
прыкладная навук. дысцыпліна, што вывучае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзейнасці чалавека і прыродных фактараў, працэсаў у гарадах, зонах іх уплыву, сістэмах рассялення. Тэрмін «У.» ўзнік у 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з узмацненнем экалагічных праблем у гарадах, выкліканых нерацыянальнай гасп. дзейнасцю чалавека. Арыентавана на аздараўленне і паляпшэнне якасных характарыстык гар. асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай раўнавагі антрапагенных і прыродных кампанентаў асяроддзя ў межах урбанізаваных тэрыторый (гл.Урбанізацыя). З мэтай памяншэння забруджвання наваколля ў гарадах распрацоўваецца комплекс тэхнал., тэхн., планіровачных, юрыд. і інш. мерапрыемстваў. Сярод планіровачных мерапрыемстваў вядучая роля належыць фарміраванню водна-зялёных сістэм гарадоў (гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў). Асн. метадалагічныя падыходы У. — экалагічны і ландшафтны. Экалагічны падыход разглядае прыроду і грамадства ва ўзаемадзеянні і ўзаемаабумоўленасці, прадугледжвае арыентацыю горадабуд. вырашэнняў на забеспячэнне ўстойлівага развіцця паселішчаў і аптымізацыю экасістэм. Ландшафтны падыход у горадабудаўніцтве заключаецца ва ўліку структуры, устойлівасці, асаблівасцей функцыянавання прыродных і антрапагенных ландшафтаў, што дазваляе фарміраваць новыя культ. ландшафты, адметныя высокімі эстэт. і экалагічнымі вартасцямі. Для ацэнкі якасцігар. асяроддзя здзяйсняецца экалагічны маніторынг.
Літ.:
Чистякова С.Б. Охрана окружающей среды. М., 1988;
Реймерс Н.Ф. Природопользование: Словарь-справ. М., 1990;
Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́Ў,
самы старажытны тып кірыліцкага пісьма (гл.Кірыліца). Узнік на аснове візант. У. Выкарыстоўваўся ў раннім слав. пісьменстве, у старабел. пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце. Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва У. звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісалі асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. У якасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп’е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (≠) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе. У. пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае і Мсціжскае (14 ст.) евангеллі (гл. адпаведныя арт.). Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найб. доўга і трывала У. ужываўся ў полацкіх граматах. Бел. граматы 2-й пал. 14 ст., напісаныя ў інш. мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў. У канцы 14 ст. заменены паўуставам і скорапісам.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Да арт.Устаў. Старонка Тураўскага евангелля. 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНТАВЫ́Я БРЫГА́ДЫ ў СССРу гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—45,
патрыятычны рух працаўнікоў прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі за датэрміновае выкананне планаў забеспячэння фронту баявой тэхнікай, зброяй, боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Узніклі па ініцыятыве камсамола. «Франтавымі» ўпершыню назвалі свае камсамольска-маладзёжныя брыгады ў вер. 1941 рабочыя аўтазавода ў г. Горкі (цяпер Ніжні Ноўгарад) і Уральскага з-да цяжкага машынабудавання (г. Свярдлоўск, цяпер Екацярынбург) — удзельнікі руху «двухсотнікаў» за выкананне норм выпрацоўкі не менш чым на 200% (за сябе і за таго, хто пайшоў на фронт). Ф.б. ўзніклі на тысячах інш. прадпрыемстваў, у калгасах і саўгасах. Званне «Ф.б.» надавалася на сходзе рабочых ці грамадскімі арг-цыямі пры выкананні брыгадай плана не менш чым на 150% на працягу 2 месяцаў, высокай якасці прадукцыі і інш. умоў.
Многія члены Ф.б. шляхам мадэрнізацыі станкоў і інструментаў выконвалі нормы на 2000—2700%. У маі 1945 у СССР працавалі каля 155 тыс. Ф.б. (больш як 1 млн.чал.).
Сярод рабочых бел. прадпрыемстваў, што ў 1941 былі вывезены на У, першай Ф.б. стала брыгада токараў Ф.Мельнікава на з-дзе «Гомсельмаш», якая выконвала зменныя нормы на 200—250%. У 1943—44 Ф.б. пачалі работу на вызваленай тэр. Беларусі. Напр., на прадпрыемствах Гомеля ў 1945 у складзе Ф.б. працавалі 16 тыс. маладых рабочых.