ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),
працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс. чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Г.Г.Шанько.
т. 5, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,
спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл. Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.У.Дуда.
т. 6, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎЦЕВЫ ПУЗЫ́Р,
полы орган стрававальнай сістэмы большасці пазваночных жывёл і чалавека, у якім адбываецца збіранне і канцэнтрацыя жоўці. Размешчаны на ніжняй паверхні правай долі печані. Адсутнічае ў міног, некат. рыб, птушак (галубы, зязюлі, калібры, папугаі, страусы, туканы), млекакормячых (кітападобныя, сланы, алені, вярблюды, няпарнакапытныя, многія мышападобныя грызуны).
Форма грушападобная, радзей канічная. Мае дно, цела і шыйку, якая пераходзіць у пузырную пратоку, што злучана з пячоначнай пратокай і ўтварае агульную жоўцевую пратоку. У чалавека ёмістасць Ж.п. 30—70 см, даўж. 10—14 см, шыр. 3,5—4 см. Сценка Ж.п. таўшч. 1,5—2 мм складаецца са слізістай і мышачнай абалонак, ніжняя паверхня ўкрыта брушынай. Пры перыяд. скарачэнні мускулатуры сценак Ж.п. жоўць паступае ў агульную жоўцевую пратоку і дванаццаціперсную кішку, дзе ўдзельнічае ў працэсах стрававання. Ж.п. рэгулюе і падтрымлівае на пастаянным узроўні ціск жоўці ў жоўцевых шляхах. Паталогіі Ж.п.: заганы развіцця, пашкоджанні, функцыян парушэнні, захворванні (запаленне — халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба), пухліны Лячэнне — кансерватыўнае і аператыўнае.
А.С.Леанцюк.
т. 6, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРТО́ЎВАННЕ АРГАНІ́ЗМА,
павышэнне ўстойлівасці арганізма да ўздзеяння неспрыяльных фіз. фактараў навакольнага асяроддзя (нізкай і высокай т-р, паніжанага атм. ціску і інш.). Заснавана на здольнасці арганізма прыстасоўвацца да зменлівых умоў асяроддзя (гл. Адаптацыя). Набываецца шляхам сістэматычнага, шматразовага ўздзеяння фіз. фактараў на -арганізм пры паступовым павышэнні іх дазіроўкі. Уздзеянне холадам павышае ўстойлівасць арганізма да нізкіх, а цяплом — да высокіх т-р. Адно з асноўных — З.а. да холаду, сутнасць якога ў паступовым нарастанні ступені ахаладжэння. У людзей, прыстасаваных да нізкіх т-р, цеплаўтварэнне ў арганізме больш інтэнсіўнае, што забяспечвае лепшае кровазабеспячэнне скуры, павышае ўстойлівасць да інфекц. захворванняў і абмаражэнняў. З.а. да холаду ажыццяўляюць пераважна частым знаходжаннем на вольным паветры (гл. Аэратэрапія) і выкарыстаннем водных працэдур (гл. Водалячэнне). Магчыма і адначасовае З.а. да цяпла і холаду (гл. Лазня). Для развіцця ўстойлівасці арганізма да паніжанага атм. ціску можна выкарыстоўваць узыходжанне ў горы (метад ступеньчатай акліматызацыі). Пры спыненні З.а. ступень загартаванасці слабее і праз 1—1,5 месяцы ўстойлівасць да фіз. фактараў знікае.
т. 6, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА 1864 у Расіі, «Палажэнне аб губернскіх і павятовых земскіх установах 1 студзеня 1864»,
рэформа, выкліканая неабходнасцю дастасаваць самадзярж. лад да патрэб капіталіст. развіцця; састаўная ч. рэформ 1860—70-х г. Праведзена ў 34 губернях еўрап. Расіі і Вобласці Войска Данскога. Рэформа не пашыралася на нац. ўскраіны, у т. л. на Беларусь. Палажэннем 1890 дзейнасць земстваў абмежавана. 15.4.1903 уведзена «Палажэнне аб кіраванні земскай гаспадаркай у губернях Віленскай, Віцебскай, Валынскай, Гродзенскай, Кіеўскай, Ковенскай, Мінскай, Магілёўскай і Падольскай». Паводле гэтага палажэння ствараліся губ. і пав. к-ты па справах земскай гаспадаркі. 27.3.1911 прынята «Палажэнне аб земскіх установах». На Беларусі яно пашырана толькі на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую губ. (з 35 бел. паветаў земствы ўведзены ў 25). У аснову выбарчай сістэмы пакладзены саслоўны і маёмасны цэнзы, якія забяспечвалі перавагу памешчыкам і чыноўнікам. Паводле палажэння 1911 ствараліся губ. і пав. земскія сходы і земскія ўправы, якія займаліся мясц. гасп. справамі.
Літ.:
Гл. пры арт. Земствы.
С.П.Самуэль.
т. 7, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНО́СІНЫ,
працэс наладжвання і развіцця кантактаў паміж людзьмі, выкліканы патрэбамі сумеснай дзейнасці. Уключае абмен інфармацыяй, выпрацоўку адзінай стратэгіі ўзаемадзеяння, успрыманне і разуменне другога чалавека. У працэсе З. чалавек самавызначаецца, выяўляе свае індывід. асаблівасці, яго сутнасць раскрываецца для другога чалавека. Сац. сэнс З. у далучэнні суб’екта да культ.-гіст. вопыту чалавецтва. У найб. абагульненых класіфікацыях вызнаюцца тры аспекты працэсу З.: камунікатыўны (звязаны з вызначэннем спецыфікі інфарм. працэсу паміж людзьмі з улікам іх узаемаадносін, мэт, намераў і інш.), інтэрактыўны (увасабляе агульную стратэгію ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва, суперажыванне, канкурэнцыя), перцэптыўны (уключае працэс успрымання, разумення і ацэнкі другога чалавека, зыходзячы з асаблівасцей яго паводзін). Адзінства гэтых аспектаў — важная ўмова аптымізацыі адносін паміж людзьмі, іх сумеснай дзейнасці. Развіццё здольнасцей і навыкаў З., фарміраванне іх культуры — адна з важных задач выхавання.
Літ.:
Коломинский Я.Л. Психология общения. М., 1974;
Добрович А.Б. Общение: наука и искусство. М., 1978;
Бодалев А.А. Восприятие и понимание человека человеком. М., 1982;
Лисина М.И. Проблемы онтогенеза общения. М., 1986.
М.Ф.Усціновіч.
т. 7, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМ (франц. impérialisme ад лац. imperium улада),
1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусв. дамінаваннем некалькіх вял. дзяржаў. Пачаўся ў апошняй чвэрці 19 ст. Тэрмін асабліва стаў пашыраны пасля выхаду працы англ. эканаміста Дж.Хобсана «Імперыялізм» (1902).
2) У марксізме вызначэнне вышэйшай стадыі развіцця капіталізму [працы О.Баўэра (Аўстрыя), Р.Гільфердынга, Р.Люксембург (Германія), У.І.Леніна, М.І.Бухарына (Расія)]. Паводле марксісцкай канцэпцыі, з усталяваннем манаполіі над вытв-сцю адбыўся падзел рынкаў збыту, павялічыўся вываз капіталу, узмацніліся барацьба за авалоданне сусв. рэсурсамі і каланіяльная экспансія (гл. Каланіялізм), абвастрыліся супярэчнасці паміж грамадскім характарам вытв-сці і прыватным спосабам прысваення яе вынікаў. Каб пазбегнуць узнікнення сур’ёзных крызісных сітуацый у грамадстве, рэгуляваць дзейнасць манаполій і стрымліваць забастовачную барацьбу працоўных, у эканам. і грамадскае жыццё пачала актыўна ўмешвацца дзяржава, якая адстойвала інтарэсы манаполій. Так узнікла новая форма І. — дзяржаўна-манапалістычны капіталізм, для якога характэрны колькасны рост дзярж. апарата, мілітарызацыя знешняй палітыкі і яе падпарадкаванне асн. мэтам дзейнасці шматнацыянальных карпарацый.
3) У шырокім сэнсе І. — дзярж. палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне паліт. або эканам. кантролю над інш. дзяржавамі.
В.І.Боўш.
т. 7, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,
неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.І.Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.
т. 7, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЦЫЯ,
1) вылучэнне адзінкавага і індывід. са ўсеагульнага. Ідэя І. сфармулявана ант. філосафамі. Прадстаўнікі «стаіцызму» (Зянон з Кітыёна, Хрысіп, Л.А.Сенека) лічылі, што навука імкнецца пазнаць агульнае, а пачуцці чалавека ўспрымаюць рэчаіснасць як нешта адзінкавае. Арыстоцель сфармуляваў прынцып І. як спалучэнне формы і матэрыі. У сярэдневяковай філасофіі прынцыпам яе называлі пастулат аб пачатках (асновах) І. Існавалі 3 канцэпцыі асноў І.: канцэптуалісцкая (яе прыхільнікі лічылі магчымым існаванне розных рэчаў адной формы), рэалісцкая (пачатак І. не ў колькасных, а ў якасных адрозненнях паміж рэчамі) і наміналісцкая (яе паслядоўнікі сцвярджалі, што пачаткі І. ў вонкавых характарыстыках рэчаў, іх назве, становішчы ў прасторы і часе). Ф.Шэлінг бачыў аснову І. ў адыходзе ад Бога. Дж.Лок, А.Шапенгаўэр яе формамі лічылі прастору і час. 2) У аналіт. псіхалогіі К.Г.Юнга І. — працэс станаўлення і развіцця індывіда ў выніку асіміляцыі свядомасцю зместу асабістага і калектыўнага неўсвядомленага; канчатковы вынік ажыццяўлення І. — самарэалізацыя чалавека, дасягнуць якой могуць найб. мэтанакіраваныя і здольныя людзі. Э.С.Дубянецкі.
т. 7, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)