ПРАТЭ́ЗЫ (ад грэч. prothesis далучэнне, дадатак),
прыстасаванні і апараты, якія замяшчаюць форму і функцыю страчаных або функцыян. непаўнацэнных органаў чалавека. Канструкцыі П. заснаваны на дасягненнях фізіялогіі, біямеханікі, электронікі, тэхналогіі матэрыялаў і інш. Пашыраны П. з палімераў, аблегчаных сплаваў (напр., дзюралюміній), камбінаваныя. Раней П. былі пераважна з дрэва, скуры, металаў. Робяць П. рук, ног, зубоў (гл. Пратэзаванне зубоў), вока. Створаны біякіравальныя П. (кіруюцца біяэл. сігналамі з мышцаў куксы) і інш. Адрозніваюць П. часовыя (напр., для фарміравання куксы і абучэння хворага хадзьбе пасля ампутацыі), пастаянныя (верхніх і ніжніх канечнасцей пасля фарміравання куксы), рабочыя (актыўныя), касметычныя (без аднаўлення функцый); гл. таксама Штучныя органы і апараты. На Беларусі П. распрацоўваюць у НДІ траўматалогіі і артапедыі.
т. 13, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ТЫ [ад грэч. psammos пясок + ...фіт(ы)],
расліны рухомых пяскоў, пераважна пустынь. Маюць шэраг прыстасаванняў для існавання на пясках, што перавейваюцца ветрам і агаляюць карані або засыпаюць расліны і перашкаджаюць прарастанню насення. Дрэўныя і кустовыя П. ўтвараюць моцныя прыдаткавыя карані на засыпаных пяском ствалах (напр., саксаул, кандым) і парасткі з прыдаткавых пупышак на аголеных каранях (пясчаная акацыя і інш.). Травяністыя П. ўтвараюць падземныя парасткі часам у выглядзе доўгіх каранёў, што хутка растуць праз тоўшчу пяску (напр., асака пясчаная). Многія П. — эфемеры. Для памяншэння выпарэння вады шматгадовыя П. маюць дробнае моцна рэдукаванае лісце або пазбаўлены яго (фотасінтэз і транспірацыя адбываюцца праз сцябло). Плады П. лятучыя (маюць розныя прыдаткі) і не заносяцца пяском.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),
жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац. муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.Лістам, І.Брамсам, А.Дворжакам, М.Равелем, Э.Лало, Дж.Гершвінам, С.Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.Чуркін, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, С.Палонскі, Я.Дзягцярык і інш.
Літ.:
Мейен Е.В. Рапсодия. М., 1960.
І.Дз.Назіна.
т. 13, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Біто́н. Рус. бидо́н, укр. бідо́н. Запазычанне з франц. bidon ’тс’ (а гэта з сканд. bida ’ваза’ або грэч. *bithôn ’бочка’; Шанскі, 1, Б, 116; БЕР, 1, 46, прыводзіць і візант. πίθον як магчымую крыніцу франц. слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віначэ́рп (уст. жарт.) ’асоба, якая падносіла пітво на банкетах ці бяседах’ (БРС). Укр. виночерпій, виночерпець, рус. виночерпий, ст.-рус. виночерпий, виночерпецъ ’тс’ (з XIV ст.). У бел. мове калька з грэч. οἰνοχόος ’тс’ праз ст.-рус.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́ўрык ’уласнае імя Гаўрыла’, ’ілгун’ (Бяльк.). Рус. Га́врик ’тс’, га́врик ’прасцяк, хітрун, хлапец’. У аснове ляжыць запазычанне з грэч. імя Γαβριήλ (гл. Фасмер, 1, 379). Пераход уласнага імя ў катэгорыю агульных назваў вядомы ў многіх мовах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мандарэння ’красоўка, Atropa Belladonna L.’ (палес., Нар. лекс.). Няясна. Магчыма, скажоная форма з мандрагора (параўн. ст.-бел. мандрагоръ, мандрагора, якое са ст.-польск. mandragorа < лац. mandragora < ст.-грэч. μανδραγόρας ’расліна Atropa mandragora’ (Булыка, Лекс. запазыч., 148).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маўзале́й ’надмагільны помнік, збудаванне’ (ТСБМ). З рус. мовы, у якую слова прыйшло з ням. Mausoleum ці з франц. mausolée < лац. mausōlēum < ст.-грэч. Μαυσώλειον ’грабніца Маўсола — цара Карыі’ (IV ст. да н. э.) (Фасмер, 2, 554).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мі́рра ’духмяная смала ў кары некаторых афрыканска-аравійскіх дрэў (напр., Balsamea myrra)’. Праз рус. або польск. мовы з лац. murra < myrra < myrrha ’мірра’, якія са ст.-грэч. μύῤῥα ’куст бальзаму’ < ст.-семіцк. murr ’горкі’ (Васэрцыер, 158).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)