княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛКА (Уладзімір Адамавіч) (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),
бел.паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера, Б.Ясенскага.
Тв.:
Вершы. Мн., 1970;
Пожні. Мн., 1986;
Творы. Мн., 1996;
Творы. Мн., 1998.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ДО́ЛЯ»,
грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.
Літ.:
Шлюбскі А Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;
Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВІЧ (Міларад) (н. 15.10.1929, Бялград),
сербскі пісьменнік, гісторык л-ры. Акад. Сербскай АН і мастацтваў (з 1989). Д-рфілал.н. (1966). Скончыў Бялградскі ун-т (1957). Ў 1967—89 праф. Нові-Садскага і Бялградскага ун-таў. Пачынаў як паэт (зб-кі «Палімпсесты», 1967; «Месяцаў камень», 1971), потым выступіў як празаік-навеліст з нетрадыц. тэматыкай (кнігі апавяд. «Коні святога Марка», 1976; «Душы купаюцца апошні раз», 1982; аўтабіягр.кн. «Шкляны смоўж», 1998). Сусв. вядомасць прынёс неардынарны па змесце і форме раман «Хазарскі слоўнік» (1984). Аўтар «Невялікага начнога рамана» (1981), іранічнага рамана-прытчы «Пейзаж, напісаны чаем» (1988), гіст.-парадыйнага «Унутраны бок ветру» (1991), літ.-знаўчых даследаванняў, у т. л. «Гісторыя сербскай літаратуры перыяду барока, XVII і XVIII ст.» (1970), «Моўная памяць і паэтычная форма: Агляды» (1976), «Нараджэнне новай сербскай літаратуры» (1983), «Гісторыя, саслоўе і стыль» (1985) і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклаў І.Чарота.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус.пер. — Пароль. Тайная вечеря // Набросок сценария со счастливым концом. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ 1863,
ваенныя фарміраванні паўстанцаў у Магілёўскай губ. ў час паўстання 1863—64. Сфарміраваны пад кіраўніцтвам губернскай (ваяводскай) рэв. арг-цыі, падначаленай віленскаму паўстанцкаму цэнтру. Вайсковы начальнік (ваявода) Магілёўскай губ. — Л.Звяждоўскі. У ноч на 24.4.1863 атрад Звяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага ін-та захапіў павятовы г. Горкі і рушыў на злучэнне з Крычаўскім (Чэрыкаўскім) атрадам Я.Жукоўскага, які павінен быў напасці на Крычаў і захапіць там артылерыю. Але ўлады паспелі нанесці папераджальны ўдар і рассеяць Крычаўскі атрад. Звяждоўскі павярнуў на 3, пераправіўся цераз Проню і, пераканаўшыся ў перавазе царскіх войск, 30.4.1863 непадалёк ад г. Прапойск распусціў атрад. Большасць паўстанцаў атрада (звыш 100 чал.) здаліся ўладам, Звяждоўскі і Жукоўскі ўцяклі. Толькі некалькі дзён пратрымаліся і інш. атрады Магілёўшчыны; Аршанскі атрад І.Будзіловіча (разбіты 26.4.1863 пад Пагосцішчамі), Быхаўскі — І.Анцыпы, Рагачоўскі — Т.Грыневіча. Камандзіры разбітых атрадаў трапіў у рукі ўлад і пасля суда расстраляны. У паўд. частцы Сенненскага пав. атрад сфарміраваў К.Жаброўскі і перайшоў з ім у Барысаўскі пав. З ім дзейнічалі і рэшткі атрада А.Алендскага, разбітага 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н). У маі 1863 Жаброўскі і Алендскі схоплены ў Барысаўскім пав. і расстраляны. Паўстанне на Магілёўшчыне не набыло размаху. Атрады складаліся гал. чынам з афіцэраў, студэнтаў, гімназістаў, дробных чыноўнікаў, мяшчан, шляхты і інш. Паводле звестак афіцыйнага гістарыёграфа В.Ратча, агульная колькасць узбр. паўстанцаў на Магілёўшчыне не перавышала 800 чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст.франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Скарб ‘казна; скарб; маёмасць; багацце’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Варл., Сл. ПЗБ, Гарэц., Др.-Падб., Касп., Сцяшк.), ‘схаваныя каштоўнасці’ (Сл. ПЗБ), ска́рба ‘казна’ (Шпіл.). Запазычанне з польск.skarb ‘тс’, таксама як і рус.скарб; гл. Кюнэ, Poln., 96; Фасмер, 3, 633; Праабражэнскі, 2, 294. Польскае слова ўзыходзіць да ст.-в.-ням.scerf, нов.-в.-ням.scher(p)f ‘манета’ (Міклашыч, 298; Праабражэнскі, там жа), якія звязаны з ст.-в.-ням.scarbôn ‘рабіць надрэзы’ і першапачаткова азначала манету з зубчастым краем (Клюге-Гётце, 514; Праабражэнскі, там жа). Ст.-бел.скарбъ з ст.-польск.skarb (Булыка, Лекс. запазыч., 299). З польск. таксама скарбо́вы(й) ‘казённы’ (Нас., Касп.), ‘дзяржаўны або грамадскі’ (Варл.), ска́рбніца ‘схоў’ (Байк. і Некр.), скарбні́ца ‘будынак, дзе захоўваюць грошы ў гатоўцы’ (Ласт.); гл. Кюнэ, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарнаста́й ’гарнастай’ (БРС, Бяльк.). Рус.горноста́й, горнаста́ль, горноста́рь, укр.горноста́й, польск.gronostaj, чэш.hranostaj, дыял.hramostýl, славен.gránoselj і г. д. (агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 48). Прасл. форма дакладна невядома, можна зыходзіць з *gornostalь, *gornostajь. Агляд версій гл. у Фасмера, 1, 442–443; Слаўскага, 1, 351–352; Трубачова, там жа. Здаецца, што гэта ўсё ж запазычанне са ст.-н.-ням. (ст.-саксон.). Гл. меркаванні Слаўскага (там жа, з ацэнкай версій) і Трубачова (апошні вельмі станоўча выказваецца за запазычанне).