ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ (Гафар Рустамавіч) (н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),
таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл.Вапнаванне глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РДЗІЯ,
музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЁНАК (Яўген Пятровіч) (26.12.1917, г. Орша Віцебскай вобл. — 23.9.1973),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це (1934—35). З 1935 працаваў у бел. газетах, у 1939—43 — на Д. Усходзе. З 1948 у Мінску, у 1958—66 гал. рэдактар час. «Нёман». Першы зборнік прозы «Зялёныя агні» (1954). У яго творах — жыццё рабочых-чыгуначнікаў, моладзі, маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў «Прызванне» (1956), «Выпадковы прыпынак», «Розныя дарогі», драмы «Каралеўскі гамбіт» (усе 1957), «Вячэрняя размова» (1968), «На перагоне» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ДА»,
навукова-літаратурны часопіс бел. эміграцыі. Выдаваўся ў 1951—54 у Нью-Йорку на бел. мове Крывіцкім (Беларускім) навук. т-вам Пранціша Скарыны. Гал. рэдактар Я.Станкевіч, рэдактар літ. аддзела А.Адамовіч. Друкаваў гіст., этнагр., мовазнаўчыя і інш.навук. матэрыялы, літ. творы бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, інфармацыю пра грамадскае і культ. жыццё бел. асяродка ў Амерыцы і інш. У 1951 выйшла 5 сшыткаў, у 1952 — 12 нумароў у 10 сшытках, у 1953 — 10 нумароў у 4 сшытках, у 1954 — 1 нумар. Дадаткам да час. ў 1953 выдадзены творы У.Жылкі, успаміны Кветкі Вітан пра Л.Дубейкаўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАЎ (Фёдар Пятровіч) (17.2.1900, в. Расказань Саратаўскай вобл., Расія — 15.6.1990),
бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Акад.АН Беларусі (1960; чл.-кар. 1950), акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1957), праф. (1943). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1925). З 1948 у БПІ. З 1954 міністр меліярацыі і воднай гаспадаркі Беларусі. З 1956 гал. вучоны сакратар прэзідыума, у 1969—70 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. Распрацоўваў пытанні праектавання і буд-ва комплексаў гідратэхн. збудаванняў, механікі тарфяных грунтоў. Кіраўнік распрацовак праектаў амаль 20 буд. комплексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЗАР (Windsor),
Нью-Віндзар, горад у Вялікабрытаніі, у графстве Беркшыр, на З ад Лондана, на р. Тэмза, 31,5 тыс.ж. (1981). Гал. летняя рэзідэнцыя англ. каралёў (з 12 ст.). У 11 ст.Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак. У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрв. праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак. Помнікі архітэктуры: замак 11 ст., перабудаваны ў 13—19 ст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.), капэла Сент-Джордж (1474—1528, позняя готыка), ратуша (17 ст.), парк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр.Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЫ», Саюз сельскай моладзі Польскай Рэспублікі,
сялянская рэфармісцкая дэмакр.арг-цыя моладзі Польшчы і Зах. Беларусі ў 1928—48. Засн. групай дзеячаў Цэнтр. саюза сельскай моладзі. У Гал. ўправу «Віцаў» ўваходзілі З.Заленскі, Л.Лютык, І.Нецька і інш. У 1929 аб’ядноўваў 22 тыс., у 1938 каля 100 тыс. членаў. Меў моцны ўплыў у каап. руху. З 1931 заняў антыўрадавую пазіцыю. Мясц. арг-цыі «Віцаў» супрацоўнічалі з камсамольскімі арг-цыямі, удзельнічалі ў адзінафрантавых антыфаш. выступленнях 1936—37. У 1948 «Віцы» разам з інш. левымі арг-цыямі моладзі аб’яднаўся ў Саюз польскай моладзі.