АНКАЛОГІЯ І МЕДЫЦЫНСКАЯ РАДЫЯЛОГІЯ
Анкалогія і мед. радыялогія як навукова абгрунтаваная сістэма арганізацыі анкалагічнай дапамогі дзейнічае на Беларусі з сярэдзіны 20 ст. На базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1934, Мінск) у 1960 створаны НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (заснавальнік і першы дырэктар М.М.Аляксандраў). З 1965 інстытут мае сваю базу ў пас. Лясны пад Мінскам. Дзейнасць інстытута і развіццё анкалагічнай службы рэспублікі звязана з імёнамі Г.Д.Голуб, З.М.Гутмана, І.Р.Жакава, Э.Л.Жаўрыда, В.А.Казліціна, С.Б.Каржа, З.В.Лапарэвіч, А.А.Машэўскага, Т.Ц.Паддубнай, Ц.А.Панцюшэнкі, У.С.Пячэнкі, Я.С.Скоблі, Л.С.Сукаватых, І.П.Сяржаніна, С.З.Фрадкіна, М.А.Цішчанкі, Б.Д.Шыцікава і інш. Яны стварылі навук. асновы арганізацыі проціракавай барацьбы, ранняга выяўлення раку, развіцця і ўкаранення метадаў камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін, радыеізатопнай дыягностыкі, прамянёвай і хіміятэрапіі.
Анкалагічную дапамогу аказваюць Мінскі гар. і абласныя анкалагічныя дыспансеры (Брэст, Віцебск, Гомель, Магілёў), анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абл. бальніцы, міжраённыя дыспансеры (Баранавічы, Бабруйск, Вілейка, Мазыр, Пінск, Полацк). Дыспансеры маюць паліклінікі і стацыянары, неабходную апаратуру і абсталяванне для дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых; праводзяць прафілактычныя агляды, рэгіструюць і аналізуюць захваральнасць і смяротнасць ад пухлін, кансультуюць урачоў агульнай лячэбнай сеткі па пытаннях дыягностыкі і лячэння пухлін.
Навукова-практычны цэнтр і база падрыхтоўкі спецыялістаў анкалагічнай службы Беларусі — НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1997 імя М.М.Аляксандрава) — узначальвае і каардынуе работу па анкалогіі ў краіне. З 2000 дырэктар інстытута І.В.Залуцкі.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: арганізацыя проціракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыкі раку; распрацоўка новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, стварэнне і правядзенне клінічных выпрабаванняў новых дыягнастычных і лекавых сродкаў; удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны. Вядомасць набылі распрацоўкі інстытута па стварэнні, апрабацыі і ўкараненні радыефармпрэпаратаў для дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў (Шыцікаў); даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў кіруемай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў многакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў (Жаўрыд, Фрадкін); па ўнутрыполасцевай гаматэрапіі і новых спосабах камбінаванага, комплекснага і спалучанага лячэння раку органаў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (К.Я.Вішнеўская); па прамянёвым лячэнні, метадах прафілактыкі і лячэння постпрамянёвых пашкоджанняў, прагназіраванні індывідуальнай радыеадчувальнасці злаякасных пухлін (Н.А.Арцёмава, Г.У.Мураўская); марфалагічных метадах дыягностыкі перадпухлінных хвароб і злаякасных пухлін (Л.Б.Клюкіна, Г.М.Мураўёў); камбінаваным лячэнні хворых на рак лёгкага, стрававода (У.В.Жаркоў). Распрацаваны таксама антыаксідантны комплекс і метады яго выкарыстання пры камбінаваным лячэнні хворых з пухлінамі страўніка і кішэчніка (У.М.Сукалінскі); дыягностыка і лячэнне онкауралагічных хворых (А.С.Маўрычаў, А.Р.Суконка); прафілактыка і ранняя дыягностыка раку малочнай залозы, варыянты яго хіміятэрапеўтычнага і гарманальнага лячэння (Л.А.Путырскі); тэхнічнае і фізіка-дазіметрычнае забеспячэнне прамянёвай тэрапіі, спосабы радыяцыйнай аховы ад мед. апрамянення (І.Г.Таруцін), лячэнне пухлін скуры, мяккіх тканак і апорна-рухальнага апарату, метадаў рэабілітацыі анкалагічных хворых, у т. л. рэканструктыўна-аднаўленчыя і пластычныя аперацыі (Залуцкі); біяхімічныя і біяфізічныя метады дыягностыкі і маніторынгу злаякасных пухлін (А.А.Машэўскі, В.І.Прохарава). Першасную падрыхтоўку па анкалогіі атрымліваюць у Бел. (Мінск), Гомельскім, Гродзенскім, Віцебскім мед. універсітэтах, спецыялізацыю і ўдасканаленне ў галіне анкалогіі і мед. радыялогіі — у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (яе кафедра анкалогіі працуе на базе НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі імя Аляксандрава). На кафедры анкалогіі Бел. мед. універсітэта пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС створана Рэсп. праграма «Праблемы анкалагічнага захворвання шчытападобнай залозы» (Я.П.Дзямідчык), у межах якой распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, хірургічнага і комплекснага лячэння раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. Роля анкалогіі пастаянна расце (пухліны займаюць 2-е месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва); штогод адбываецца больш за 80 тыс. шпіталізацый. У 2003 у анкалагічных установах Беларусі працавала 345 урачоў-анколагаў і 152 урачы-радыёлагі. Вынікі навук. даследаванняў бел. анколагаў публікуюцца ў альманаху «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
Літ.:
Вишневская Е.Е. Ракибеременность. Мн., 2000;
Фрадкин С.З., Залуцкий И.В. Меланома кожи: Практ. пособие для врачей. Мн., 2000;
Онкоурология. Мн., 2001;
Путырский Л.А. Рак молочной железы. Мн., 2003;
Фрадкин С.З., Залуцкий И.В. Клиническая онкология. Мн., 2003.
І.В.Залуцкі.
т. 18, кн. 2, с. 577