стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.
У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз.метастабільным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎРО́ЗЫ [ад неўра... +...оз(ы)],
група пераважна абарачальных нервова-псіхічных расстройстваў, якія ўсведамляюцца хворым і абумоўлены ўздзеяннем псіхатраўміруючых фактараў (канфлікты паміж людзьмі ці ўнутрыасобасныя душэўныя). Да агульных (т.зв. «вялікіх») Н. адносяць істэрыю, неўрастэнію, неўроз неадчэпнага стану; вылучаюць таксама Н. страху, іпахандрычны і дэпрэсіўны. У дзіцячым узросце адрозніваюць сістэмныя Н. — псіхагенна абумоўленыя цікі, заіканне, начное нетрыманне мачы і інш. Праявы Н.: эмацыянальна-паводзінныя парушэнні, павышаная стамляльнасць, парушэнні сну; бываюць паралічы, слепата, глухата і інш. Лячэнне: псіхатэрапія ў спалучэнні з тэрапіяй, фізіятэрапіяй. Гл. таксама Нервовыя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫШЧЭ́ПА (Іна Міхайлаўна) (н. 1.6.1961, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і валеалогіі. Д-рбіял.н. (1997), праф. (2000). Скончыла Віцебскі пед.ін-т (1983). З 1989 у Віцебскім ун-це (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве экалагічных фактараў на развіццё хранічных захворванняў рэспіраторнай сістэмы чалавека ў розных рэгіёнах Беларусі.
Тв.:
Иммунология для неиммунолога: Вводный курс. Витебск, 2000 (у сааўт.);
Оценка акарологического пейзажа жилища человека для профилактики обострений бронхиальной астмы (у сааўт.) // Иммунопатология, аллергология, инфектология. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНІТЭ́Т [ад лац. immunitas (immunitatis) вызваленне ад чаго-н.) у жывёл і чалавека, сукупнасць ахоўна-адаптацыйных рэакцый, накіраваных на ахову арганізма ад шкоднага дзеяння паразітаў, іншародных рэчываў і клетак антыгеннай прыроды.
Паняцце «І.» вядома са старажытнасці. У 1798 англ. ўрач Э.Джэнер даказаў магчымасць прышчэпак супраць воспы для выпрацоўкі І. Уласцівасць клетак крыві і розных тканак арганізма паглынаць мікробы і іншародныя целы адкрыў рус. мікрабіёлаг І.І.Мечнікаў (гл.Фагацытоз). Гумаральныя фактары І. (бактэрыцыдныя ўласцівасці сывараткі крыві) адкрылі ням. эпідэміёлагі Э.Берынг, Г.Бухнер, П.Эрліх і франц. эпідэміёлаг Э.Ру. Адрозніваюць І. прыроджаны і набыты. Прыроджаны неспецыфічны І. — відавая ўласцівасць, якая перадаецца ў спадчыну. Забяспечваецца імуннымі (фагацыты і інш.) і неімуннымі (бар’ерныя і процімікробныя ўласцівасці скуры і слізістых абалонак, нармальная мікрафлора і інш.) фактарамі. Набыты — індывід. ўласцівасць; выпрацоўваецца на працягу жыцця, характарызуецца інтэграваннем фактараў прыроджанага І. і набыццём дадатковых ахоўных фактараў (антыцел — імунных глабулінаў, антывірусных клетачных злучэнняў). Узнікае пасля інфекц. хвароб, вакцынацыі (актыўны І.), пасля ўвядзення імунных сываратак, пры перадачы спецыфічных антыцел плоду ад маці (пасіўны І.). Паводле механізма перадачы адрозніваюць І. клетачны і гумаральны, па распаўсюджанасці — агульны і мясц., па сувязі з узбуджальнікамі хваробы — постінфекц. і інфекц., па накіраванасці — антытаксічны, антыбактэрыяльны, антывірусны, антыгрыбковы, антыпаразітарны, трансплантацыйны. проціпухлінны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІНІ́ЗМ (ад лац. vagina похва),
сутаргавае скарачэнне мышцаў похвы і тазавага дна, спазма мышцаў сцёгнаў, што перашкаджаюць правядзенню палавога акта; разнавіднасць сексуальнай дысфункцыі. Можа прывесці да віргагаміі (дзявоцкі шлюб). Вагінізм узнікае пад уплывам фіз. і псіхічных фактараў (гвалтоўныя і грубыя паводзіны партнёра, пачатак палавога жыцця, неасцярожны гінекалагічны агляд урача), пры заўчасным семявывяржэнні, адсутнасці эрэкцыі, нерашучасці, недастатковай патэнцыі мужа, як засцерагальны механізм ад цяжарнасці. Узнікненню вагінізму спрыяюць пэўныя рысы характару жанчыны, антыпатыя да партнёра і інш. Вагінізм адрозніваюць ад псеўдавагінізму (бывае пры запаленчых працэсах, заганах развіцця палавых органаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМУТАГЕ́НЫ (ад анты... + мутагены),
хімічныя і фізічныя фактары, здольныя паніжаць або прадухіляць дзеянне мутагенаў, у выніку чаго змяншаецца частата мутацый.
Адкрыты ў 1950-я г. Натуральныя антымутагены забяспечваюць захаванне пэўнага ўзроўню спантанных мутацый. Сярод іх важнейшымі з’яўляюцца некаторыя ферментныя сістэмы і метабаліты, якія «выпраўляюць» папсаваныя мутагенам участкі храмасом або перашкаджаюць іх узнікненню. Пры штучным мутагенезе мутацыйны эфект можа быць паніжаны або зняты радыепратэктарамі (сульфгідрыльныя злучэнні, моцныя аднаўляльнікі тыпу Na2S2O3, некаторыя спірты і вуглякіслыя солі) або ўздзеяннем некаторых фіз.фактараў (святло, т-ра, ультрафіялетавыя прамяні) рознай інтэнсіўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНДА́Ж (франц. blindage),
фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараўядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА (ад грэч. diaspora рассейванне),
пражыванне значнай ч. народа (этн. супольнасці) па-за межамі той краіны, дзе жыве асн.ч. народа. Утваралася ў выніку гвалтоўнага высялення, пагрозы генацыду, эканам. і геагр.фактараў. Першапачаткова Д. — вобласці па-за межамі Палесціны, дзе жылі яўрэі, асабліва ў часы Вавілонскага палону пасля выгнання іх у пач. 6 ст. да н.э.Навухаданосарам II, а ў 1—2 ст.н.э. — рымлянамі. Паступова тэрмін Д. стаў выкарыстоўвацца і да інш.рэліг. і этн. груп, якія жывуць у новых раёнах рассялення. Гл. таксама Дыяспара беларуская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС ГЛЕ́БЫ,
паходжанне і развіццё глебы з мацярынскай горнай пароды пад уздзеяннем прыродных умоў (фактараў глебаўтварэння). Пры ўзаемадзеянні з глебай гэтыя ўмовы вызначаюць яе цеплавы, водна-паветраны, біял. і пажыўны рэжымы, а таксама абмен мінер. рэчываў паміж глебай, раслінамі і грунтавымі водамі. Працэсы, што адбываюцца ў глебе, адлюстроўваюцца ў яе профілі, расчляняючы яго на генетычныя глебавыя гарызонты з адметнымі марфал. асаблівасцямі, фіз., фізіка-хім., хім. і біял. ўласцівасцямі. У глебе могуць быць выяўлены і рэліктавыя прыкметы, што сведчыць аб інш. працэсах глебаўтварэння, якія адбываліся ў мінулым, пры інш. комплексе прыродных умоў.