у т. л. ў Паўн. Амерыцы каля 470 млн., у Паўд. каля 350 млн. У расавых адносінах насельніцтва разнастайнае, змяшаліся тыпы і падтыпы ўсіх 3 вялікіх рас.
Да еўрапеоіднай расы (каля 440 млн.чал.) належыць каля 90% насельніцтва Паўн. і каля 30% Паўд. Амерыкі. Метысы — нашчадкі ад індзейска-еўрап. шлюбаў (больш за 180 млн.) — асн. насельніцтва Мексікі, цэнтр.-амер. краін, Венесуэлы, Калумбіі, Парагвая; мяшаная еўрап.-афр. група (мулаты), да якой належыць 6. ч. неграў ЗША, складае прыкметную долю насельніцтва Бразіліі, краін Вест-Індыі (каля 100 млн.чал.). Да метысаў і мулатаў адносяцца таксама групы мяшанага індзейска-негрыцянскага і індзейска-негрыцянска-еўрап. паходжання. Да негроіднай расы (каля 50 млн. — нашчадкі неграў-рабоў) належаць асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі і некаторых інш. краін Вест-Індыі, а таксама ч. насельніцтва Бразіліі і ЗША. Абарыгены-індзейцы (каля 45 млн., разам з асобнымі групамі, якія перайшлі на англ. або ісп. мову) адносяцца да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы. Да гэтай расы належаць таксама эскімосы і алеуты (разам 116 тыс.), групы эмігрантаў з краін Азіі (кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш.). Кансалідацыя многіх нацый і народнасцей Амерыкі яшчэ не закончана. Большасць краін, у т. л. самыя вялікія — ЗША, Бразілія, Мексіка, Калумбія, Канада, Аргенціна — шматнацыянальныя. У некаторых краінах з нядаўніх імігрантаў (англічан, ірландцаў, немцаў, італьянцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў і інш.) склаліся т. зв. пераходныя групы, якія не асіміляваны асн. народамі, але ўжо парвалі сувязі з радзімай. Амаль у кожнай краіне ў розных прапорцыях ёсць асобныя этн. групы: асн. народ (у Канадзе, Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале гэта 2 народы, у Канадзе — англа- і франка-канадцы, у Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале — іспанамоўныя перуанцы, балівійцы, эквадорцы, гватэмальцы і блізкія да іх па колькасці індзейскія народы кечуа, аймара, майя і інш.; на мове індзейцаў гуарані і ісп. мове гавораць парагвайцы); карэнныя народы (індзейцы, эскімосы); пераходныя групы; нац. меншасці (выхадцы ў апошнія дзесяцігоддзі з Еўропы і Азіі). 61 народ налічвае больш за 500 тыс.чал. кожны і складае больш за 706 млн.чал. (86% усяго насельніцтва), з іх 2 народы маюць больш чым па 100 млн.чал. (амерыканцы ЗША 194,2, бразільцы 149,4) і 21 народ больш чым па 5 млн.чал. (мексіканцы 91,1, калумбійцы 34,5, аргенцінцы 30, венесуэльцы 17,4, кечуа 14,9, чылійцы 11,8, кубінцы 11,7, англа-канадцы 10,8, перуанцы 10,4, італьянцы 8,1, дамініканцы 7,4, немцы 7,3, франка-канадцы 7,2, эквадорцы 6,7, яўрэі 6,6, палякі 6,2, гаіційцы 6, гватэмальцы 5,7, пуэртарыканцы 5,6, гандурасцы 5,2, сальвадорцы 5,1). У ЗША, Канадзе, Аргенціне, Уругваі жывуць каля 30 тыс. беларусаў. Колькасць нашчадкаў беларусаў у Амерыцы, відаць, перавышае 1 млн. Большасць насельніцтва Амерыкі гаворыць на індаеўрапейскіх мовах (пераважна германскай і раманскай груп). На раманскіх мовах гаворыць каля 500 млн.чал., з іх 323 млн. — на ісп. (мексіканцы, калумбійцы, аргенцінцы, венесуэльцы, чылійцы, кубінцы, перуанцы, дамініканцы, эквадорцы і інш.), 152 млн. — на партуг. (бразільцы і партугальцы), 15 млн. — на франц. (франка-канадцы, гаіційцы, французы, гвадэлупцы і інш.), 10 млн. — на італьян. і інш. раманскіх мовах. На германскіх мовах гавораць каля 240 млн., з іх каля 225 млн. — на англійскай (амерыканцы, англа-канадцы, яўрэі, ямайцы і многія народы Вест-Індыі, англічане), 15 млн. — на ням., галандскай, нарв., швед., дац., шатландскай. Каля 10 млн. гавораць на мовах інш. груп індаеўрап. сям’і: слав. (палякі, рускія, украінцы, чэхі, славакі, сербы, харваты, славенцы, македонцы, беларусы і інш.), балт. (літоўцы і латышы), кельцкай (частка ірландцаў), інд. (выхадцы з Індыі і Пакістана), іранскай (пераважна іранцы і курды), а таксама грэч. і армянскай. Жывуць прадстаўнікі інш. моўных сем’яў Еўропы і Азіі — венгры, фіны, арабы, японцы, кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш. На мовах індзейцаў Амерыкі гавораць каля 32—45 млн.чал. Многія дробныя плямёны страцілі свае мовы, перайшлі на ісп., партуг. або англ. мовы. На 11 найб. індзейскіх мовах размаўляе каля 25 млн.чал., у т. л. на мове кечуа — 14,9 млн. (Перу, Балівія, Эквадор і горныя раёны суседніх краін), гуарані — 3,9 млн. (Парагвай), аймара — 2,2 млн. (Балівія і Перу), ацтэкскай — 1,1 млн. (Мексіка), араўканскай або мапучэ — 0,9 млн. (Чылі). Да моў карэннага насельніцтва адносяцца таксама эскімоская (узбярэжжаПаўн. Ледавітага ак. і Грэнландыі) і алеуцкая (Алеуцкія а-вы). Ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах пашырана каталіцтва; некаторыя індзейскія плямёны ўнутр. раёнаў прытрымліваюцца сваіх племянных вераванняў. У Паўн. Амерыцы каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (баптысцкай, метадысцкай, лютэранскай, прэс-вітэрыянскай і інш.); больш за 30% — католікі. Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. У Вест-Індыі пераважае каталіцтва, на Ямайцы і Барбадасе асн. масы жыхароў — пратэстанты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАБА́РАЎСКІ КРАЙ.
Размешчаны ў цэнтр. частцы Д. Усходу, у Рас. Федэрацыі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Утвораны 20.10.1938. Пл. 788,6 тыс.км². Нас. 1486 тыс.чал. (2002), гарадскога 81%. Сярэдняя шчыльн. 1,9 чал. на 1 км², найб. на Пд. Жывуць рускія (86,4%), украінцы (6,2%) народнасці Поўначы (нанайцы, эвенкі, ульчы, ніўхі, эвены — 1,5%). беларусы (1,1%), татары (1%) і інш. Цэнтр — г.Хабараўск. Найб. гарады: Камсамольск-на-Амуры, Амурск, Нікалаеўск-на-Амуры. Савецкая Гавань.
Прырода. Марское ўзбярэжжа парэзана слаба, толькі на ПдЗ Ахоцкага м. Удская губа, залівы Тугурскі, Акадэміі. Сахалінскі. Каля 3/4 тэр. займаюць горы і пласкагор’і (выш. 500—2500 м). На ПдЗ хрыбты Турана, Бурэінскі. Баджальскі, на ПдУ горная сістэма Сіхатэ-Алінь (выш. да 2077 м), у цэнтр. частцы хрыбты Джагды, Селемджынскі. Станавы. на Пнхр. Сунтар-Хаята (выш. да 2933 м), уздоўж узбярэжжа Ахоцкага м. хрыбты Прыбярэжны, Ульінскі, Джугджур, на ПнЗ Юдама-Майскае нагор’е. Нізіны: Ніжне- і Сярэднеамурская, Эварон-Тугурская, Ахоцкая. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, нафта і газ, руды комплексныя алавяныя (змяшчаюць медзь, серабро, вальфрам, вісмут), тытанавыя, берыліевыя, цырконіевыя, жал., марганцавыя. золата, серабро, плаціна, апатыты, фасфарыты, цэаліты, самацветы (агат. яшма, халцэдон). Крыніцы тэрмальных і мінер. вод. Клімат мусонны з халоднай зімой і вільготным цёплым летам. Сярэдняя т-растудз. ва ўнутр. раёнах ад -22 °C на Пд да -40 °C на Пн, на ўзбярэжжы ад -18 °C да -24 °C; ліп. ад 15 °C на Пн да 20 °C на Пд. Ападкаў за год 400—600 мм на Пн, 600—800 мм на Пд, больш за 1000 мм на ўсх. схілах Сіхатэ-Аліня. На Пн пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рака Амур (у межах краю больш за 1 тыс.км) з прытокамі Бурэя, Кур, Амгунь, Усуры, Тунгуска, Анюй; да бас. Японскага м. належаць Тумнін, Копі; да бас. Ахоцкага м. — Тугур, Таром, Уда, Улья, Урак, Ахота, Іня; да бас.р. Лена — Мая, Учур. Каля 55 тыс. азёр (найб. Болань, Чукчагірскае, Удыль). Глебы дзярнова-падзолістыя. на раўнінах лугава-балотныя, балотныя, на Пд — бура-таежныя, на Пн — горна-таежныя і горна-тундравыя. Пад лесам 78,8% тэр. Пераважаюць хвойныя лясы: на Пн, ПнЗ і У светлахвойныя (даурская лістоўніца) і цемнахвойныя (аянская елка і белакорая піхта), на Пд і Сярэднеамурскай нізіне — мяшаныя кедрава-шыракалістыя (карэйскі кедр, маньчжурскі ясень і арэх, клёны, мангольскі дуб, амурскі аксаміт). Шмат ліян (амурскі вінаград, лімоннік), унікальных лекавых раслін (жэньшэнь, элеўтэракок, аралія, заманіха). Жывёльны свет разнастайны. У хвойных лясах водзяцца лось, ізюбр, дзік, казуля, кабарга, собаль, каланок і інш., на крайняй Пн — паўн. алень, гарнастай, расамаха, на Пд і ПдУ — рысь, чорны (гімалайскі) мядзведзь, усурыйскі тыгр, амер. норка. Шмат птушак. У рэках і азёрах больш за 100 відаў рыб, у т. л. асятровыя. Моры багатыя рыбай і морапрадуктамі. Прамысл. значэнне маюць селядзец, ласасёвыя, навага, камбала, палтус, мінтай, крабы, кальмары, трэпангі, малюскі, водарасці. Запаведнікі: Бурэінскі, Ботчынскі, Вялікахехцырскі, Джугджурскі, Камсамольскі.
Гаспадарка. Х.к. — важны індустр. рэгіён Д. Усходу Расіі. У валавым рэгіянальным прадукце на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 36%, сельскай гаспадаркі — 5%. Гал. галіна — машынабудаванне і металаапрацоўка (47,8% кошту прамысл. прадукцыі, 2001) выпускае дызельныя рухавікі, кабель, самалёты, марскія судны, маставыя краны, станкі, акумулятары, радыятары, тэлевізары; асн. цэнтры Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры. Паліўная прам-сць (5%) прадстаўлена здабычай і перапрацоўкай нафты (6,6 млн.т, Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры), здабычай вугалю (2,3 млн.т, Бурэінскі вугальны бас.). Вытв-сць электраэнергіі 7,5 млрд.кВт∙гадз (2001). Каляровая металургія (8,6%) спецыялізуецца на здабычы і абагачэнні золата, волава, медзі і інш. Чорная металургія (вытв-сць сталі 218 тыс.т, пракату 209 тыс.т) у Камсамольску-на-Амуры. Развіта лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць дзелавой драўніны 6,6 млн.м³, піламатэрыялаў 0,3 млн.м³, мэблі, кардону, паперы ў Хабараўску, Камсамольску-на-Амуры, Амурску, Бікіне, Вяземскім. Хім. (вытв-сць сернай к-ты, мыйных сродкаў і інш.) і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Ахоцку, Хабараўску. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лёгкая (швейная, трыкат., абутковая) прам-сць. З галін харч. прам-сці (11%) вылучаецца рыбная (улоў рыбы і здабыча морапрадуктаў 180 тыс.т, выпуск харч. прадукцыі 115 тыс.т); асн. цэнтры Савецкая Гавань, Ахоцк, Нікалаеўск-на-Амуры. Развіты мукамольная, малочнамясная, алейная галіны. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, кукуруза), тэхн. (соя) культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пл.с.-г. угоддзяў (тыс.га) 695,5, у т. л. пад ворывам — 131,7, сенажацямі — 410,3, пашай — 124,7, шматгадовымі насаджэннямі — 24,3 і інш. — 4,5. Больш за 20 млн.га пад пашай для паўн. аленяў. Асн. ворныя землі на Пд. Збор (тыс.т, 2000): збожжа — 24,1, бульбы — 323,6, агародніны — 137,5, соі — 7. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 66,5, свіней — 71,8, авечак і коз —6,5. Птушкагадоўля. Прамысл. паляванне (собаль, вавёрка) і зверагадоўля (норка). Пчалярства. Даўж. чыгунак 2307 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4492 км. Гал. чыгункі — ч. Транссібірскай і Байкала-Амурскай магістралей. Аўтадарогі з Хабараўска на Бірабіджан, Уладзівасток, Камсамольск-на-Амуры. Суднаходства па р. Амур і яе прытоках Тунгуска, Усуры, Амгунь. Буйныя рачныя парты: Хабараўск, Камсамольск-на-Амуры. Паромная пераправа Ваніна—Холмск (Сахалінская вобл.). Марскія парты: Ваніна, Нікалаеўск-на-Амуры, Ахоцк. Буйны аэрапорт Хабараўск. Нафтаправод Аха (Сахалінская вобл.) — Камсамольск-на-Амуры. Курорт Анінскія Мінер. Воды, Кульдур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,
выяўленне новых геагр. аб’ектаў або геагр. заканамернасцей. На ранніх этапах развіцця геаграфіі пераважалі адкрыцці новых геагр. аб’ектаў, яны былі непарыўна звязаны з працэсам стварэння карты зямной паверхні і да сярэдзіны 20 ст. практычна завершаны (за выключэннем некат. цяжкадаступных раёнаў сушы і ч. дна Сусветнага ак.). Геаграфічныя адкрыцці цесна звязаны з працэсам грамадскага развіцця. Асабліва важная роля ў развіцці геагр. уяўленняў належыць мараплаўцам перыяду Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, у Паўн. Азіі — дзейнасці рускіх землепраходцаў. З развіццём геаграфіі як навукі, асабліва з 2-й пал. 19 ст., усё большае значэнне набываюць адкрыцці, якія садзейнічаюць выяўленню геагр. заканамернасцей і ўзаемасувязей геагр. з’яў. Шырока выкарыстоўваюцца найноўшыя навук. дасягненні, у т. л.Касм. метады даследавання Зямлі.
Геаграфічныя адкрыцці і даследаванні
Азія. 330—325 да н.э. Паход праз Іранскае нагор’е ў Сярэднюю Азію і Зах. Індыю (Аляксандр Македонскі); 325—324 да н.э. Плаванне ад вусця р. Інд да вусця р. Еўфрат (Неарх і Анесікрыт); 921—922. Падарожжа з Харэзма з пасольствам у Волжскую Балгарыю праз Прыкаспій і Прыаралле (Ібн Фадлан); 1166—73. Падарожжа з Іспаніі ў Палесціну, Сірыю, Ірак, Іран (В.Тудэльскі); 1245—47. Падарожжа з Ліёна з папскім пасольствам у г. Каракарум у Манголіі (Дж. дэ Плана Карпіні); 1253—56. Падарожжа з Палесціны ў г. Каракарум (В.Рубрук); 1271—95. Падарожжа ў Кітай праз Цэнтр. Азію (Марка Пола); 1325—49. Падарожжы па краінах Азіі (Ібн Батута); 1405—31. Сяміразовыя плаванні флатылій з Кітая ў краіны Паўд. Азіі (Чжэн Хэ); 1466—72. Падарожжа ў Індыю (А.Нікіцін); 1498. Прыбыццё экспедыцыі Васка да Гама ў Індыю; 1500—20. Марскія экспедыцыі ў Індыю, Індакітай і Інданезію (П.А.Кабрал, Васка да Гама, Ф.Алмейда, А.Албукеркі і інш.); 1581—84. Паход у Зах. Сібір (Ярмак Цімафеевіч); 1618—19. Падарожжа ў Манголію і Кітай (І.Петлін); 1620—23. Дасягненне сярэдняга цячэння р. Лена (Пенда); 1639—41. Дасягненне Ахоцкага м. праз хр. Джугджур (І.Масквіцін); 1643. Дасягненне воз. Байкал (К.Іваноў); 1643—46. Плаванне па рэках Зея і Амур, Ахоцкім м. (В.Паяркаў); 1648. Плаванне з вусця р. Калыма ў Берынгава м. Праходжанне Берынгава прал. (С.Дзяжнёў); 1675—78. Падарожжа праз Сібір у Кітай (М.Спафарый); 1697—99. Апісанне Камчаткі (У.Атласаў); 1720—27. Экспедыцыя па Урале і Сібіры (Д.Месершміт); 1725—30. Камчацкая экспедыцыя. Праход цераз Берынгаў прал. з Пд на Пн (В.Берынг і інш.); 1733—43. Другая Камчацкая (Вял. Паўночная) экспедыцыя. Вывучэнне і картаграфаванне ўзбярэжжа і ўнутр. раёнаў Сібіры. Плаванні да Паўн. Амерыкі і Японіі (Берынг, А.Чырыкаў, Г.Мілер, І.Гмелін, В.Прончышчаў, Х. і Д.Лапцевы, С.Чэлюскін і інш.); 1768—74. Вывучэнне Урала, Сібіры, Казахстана (П.Палас, В.Зуеў); 1804—05. Апісанне берагоў Сахаліна, Японіі, Камчаткі (І.Крузенштэрн); 1830—56. Вызначэнне вышынь Гімалаяў, у т. л.г. Джамалунгма (Дж.Эверэст); 1848—49. Доказ астраўнога палажэння Сахаліна (Г.Невяльской); 1854—57. Падарожжа ў Індыю, Гімалаі, Каракарум (браты А., Г. і Р.Шлагінтвайт); 1856—57. Даследаванні Цянь-Шаня (П.П.Сямёнаў-Цян-Шанскі); 1868—71. Даследаванні пустыні Кызылкум, Цянь-Шаня, Алайскага і Заалайскага хрыбтоў (А.Федчанка); 1868—72. Падарожжы ва ўнутр. вобласці Кітая (Ф.Рыхтгофен); 1869—75. Фіз.-геагр. і геал. даследаванні шэрагу рэк Усх. Сібіры, хрыбтоў Усх. Саяна і Хамар-Дабана (А.Чаканоўскі); 1870—85. Цэнтральна-азіяцкія (Манголія, Джунгарыя, Тыбет) экспедыцыі (М.Пржавальскі); 1877—79. Пранікненне ў цэнтр.ч. Паміра (М.Северцаў); 1877—91. Даследаванні ўзбярэжжа Байкала, бас. рэк Селенга і Ніжняя Тунгуска, хрыбтоў Паўн.-Усх. Сібіры (І.Чэрскі); 1889—90. Падарожжы па Манголіі, пустыні Такла-Макан, гарах Куньлунь, Тыбет (М.Пяўцоў, У.Рабароўскі, П.Казлоў); 1892—94. Даследаванні Цэнтр. Манголіі, пустыні Гобі, гор Куньлунь, Наньшань, Манг. Алтай і інш. (У.Обручаў); 1893—1901. Падарожжы па Цэнтр. Азіі, Манголіі, Тыбеце (Казлоў); 1899—1902. Комплексныя даследаванні Аральскага м. (Л.Берг).
Афрыка. 15 ст. да н.э. Паходы ўверх па р. Ніл, да 5-га парога (старажытнаегіпецкія палкаводцы); не пазней 8 ст. да н.э. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Афрыкі і Гібралтарскага прал. (фінікійскія мараходы); на мяжы 7 і 6 ст. да н.э. Трохгадовае плаванне вакол Афрыкі (фінікійскія мараходы); каля 500—470 да н.э. Плаванне ўздоўж берагоў Зах. Афрыкі да вулкана Камерун (Ганон); каля 50—100. Плаванні ўздоўж усх. берагоў Афрыкі да в. Занзібар (грэчаскія мараходы); каля 60. Паход уверх па Белым Ніле за 10°паўн. ш. (рымляне); 8—9 ст.Акрыццё Мадагаскара Адкрыццё Мадагаскара, узбярэжжа Мазамбіка, Каморскіх а-воў (арабскія мараходы); 1352—53. Перасячэнне Зах. і Цэнтр. Сахары (Ібн Батута); 1431—35. Адкрыццё Азорскіх а-воў (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1434—57. Адкрыцці Зялёнага мыса, рэк Сенегал і Гамбія, узбярэжжаЗах. Афрыкі да 10°паўн. ш. (капітаны прынца Генрыха Мараплаўца); 1456—62. Адкрыццё а-воў Зялёнага Мыса (А.Кадамоста); каля 1461—73. Адкрыццё вулкана Камерун, а-воў у Гвінейскім зал., апісанне ўзбярэжжа Афрыкі да 2°паўд. ш. (П.Сінтра, С.Кошта і інш.); 1487—88. Адкрыццё паўд. берага Афрыкі і мыса Добрай Надзеі (Б.Дыяш); 1497—98. Першае плаванне з Еўропы ў Індыю вакол Афрыкі (Баска да Гама); 1795—97, 1805—Об. Падарожжа ўверх па р. Гамбія, плаванне па р. Нігер (М.Парк); 1822—25. Двухразовае перасячэнне Сахары, даследаванне воз. Чад (Д.Дэнем, Х.Клапертан); 1850—55. Даследаванні Сахары, раёна воз. Чад, Цэнтр. Судана да р. Нігер (Г.Барт, Дж.Рычардсан); 1852—53. Перасячэнне Афрыкі з З на У ад г. Бенгела да вусця р. Рувума (А.Сілва Порту); 1854—56. Перасячэнне Цэнтр. Афрыкі ад г. Луанда да вусця р. Замбезі. Адкрыццё вадаспада Вікторыя (Д.Лівінгстан); 1856—63. Даследаванне воз. Танганьіка, адкрыццё воз. Вікторыя і р. Вікторыя-Ніл (Р.Ф.Бёртан, Дж.Спік, Дж.Грант); 1869—74. Даследаванне нагор’я Тыбесты (Г.Нахтыгаль); 1875—77. Адкрыццё р. Кагера, воз. Эдуард, масіву Рувензоры, плаванне па р. Конга ад вытокаў да вусця (Г.Стэнлі); 1880—83. Вывучэнне р. Уэле і водападзела паміж рэкамі Ніл і Конга (В.Юнкер).
Паўночная і Паўднёвая Амерыка. Каля 900. Першае плаванне да ўсх. берага Грэнландыі (Гунб’ёрн Ульфсан); 981—983. Адкрыццё паўд. і паўд.-зах. Грэнландыі (Эйрык Торвальдсан); 985. Плаванне да Паўн.-Усх. Амерыкі (Б’ярні Херульфсан); 1000—1001. Адкрыццё зямель «Маркланд» і «Вінланд» на ПнУПаўн. Амерыкі (Лейф Эйрыксан); 1492—1504. Чатыры плаванні Х.Калумба — адкрыццё Багамскіх а-воў, Кубы, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайкі, берагоў Паўд. і Цэнтр. Амерыкі; 1499. Адкрыццё берагоў Гвіяны і карыбскага ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі (А.Ахеда, А.Веспучы); 1500. Адкрыццё ўсх. ўзбярэжжа Бразіліі (Кабрал); 1513. Перасячэнне Панамскага перашыйка (В.Бальбоа); 1515—16. Адкрыццё зал. Ла-Плата і нізоўяў р. Парана (Х.Соліс); 1517—18. Адкрыццё п-ва Юкатан і зах. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (Ф.Кордава, Х.Грыхальва, А.Аламінас); 1519. Адкрыццё паўн. ўзбярэжжа Мексіканскага зал. (А.Пінеда); 1519—21. Заваяванне дзяржавы ацтэкаў, адкрыццё Мексіканскага нагор’я (Э.Картэс); 1520. Адкрыццё Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава прал. (Ф.Магелан); 1529—36. Перасячэнне Прымексіканскай нізіны, Вялікіх раўнін і р. Рыо-Грандэ (А.Кавеса дэ Вака); 1532—34. Заваяванне Перу, адкрыццё Зах. і Цэнтр. Кардыльеры Андаў (Ф.Пісара, С.Белалькасар); 1535—37. Адкрыццё плато Пуна ў Андах, воз. Тытыкака, Чылійска-Аргенцінскіх Андаў і пустыні Атакама (Д.Альмагра); 1536—39. Завяршэнне адкрыцця бас.р. Магдалена і Паўн.-Зах. Андаў (Г.Кесада, Белалькасар); 1540—42. Адкрыццё бас.р. Каларада, Вял. Каньёна, Скалістых гор, паход па Вял. раўнінах да 40°паўн. ш. (Ф.Каранада, Г.Кардэнас); 1541—42. Перасячэнне Паўд. Амерыкі: паход ад зал. Гуаякіль да р. Амазонка, плаванне па ёй да вусця (Ф.Арэльяна); 1576—78. Пошукі Паўн.-Зах. праходу, адкрыццё Бафінавай Зямлі (М.Фробішэр); 1578—79. Дасягненне мора на Пд ад Вогненнай Зямлі — прал. Дрэйка (Ф.Дрэйк); 1609—10. Даследаванні ўсх. і паўн.-ўсх. берагоў Паўн. Амерыкі, адкрыццё заліваў Чэсапікскі, Дэлавэр, р. Гудзон, Гудзонава праліва і заліва (Г.Гудзон); 1615—28. Адкрыццё азёр Гурон і Антарыо, р. Саскуэхана (С.Шамплейн, Э.Бруле); 1616. Адкрыццё мыса Горн (В.Схаўтэн, Я.Лемер); 1678—81. Плаванне па р.Св. Лаўрэнція, Вял. азёрах, р. Місісіпі да мора (Р. Ла Саль); 1732. Адкрыццё крайняга паўн.-зах. выступу Паўн. Амерыкі (І.Фёдараў, М.Гвоздзеў); 1741. Адкрыццё Аляскі і Алеуцкіх а-воў (Берынг, А.Чырыкаў); 1792—94. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах сучаснай Канады (А.Макензі); 1799—1804. Даследаванні Паўд. Амерыкі і Мексіканскага нагор’я (А.Гумбальт, Э.Банплан); 1804—06. Двухразовае перасячэнне Паўн. Амерыкі ў межах ЗША праз Скалістыя і Каскадныя горы (М.Льюіс, У.Кларк); 1819—20. Плаванне на З праз пралівы Ланкастэр, Бараў, Вайкаўнт-Мелвіл (У.Пары); 1832—35. Даследаванні Патагоніі, Вогненнай Зямлі, а-воў Галапагас (Р.Фіцрай, Ч.Дарвін); 1839—40. Даследаванні Кардыльер на тэр. Чылі (І.Дамейка); 1848—58. Даследаванні далін рэк Амазонка і Рыо-Негра (А.Уолес, Г.Бейтс); 1886. Перасячэнне ледзянога купала Грэнландыі па 64°паўн. ш. (Ф.Нансен); 1892—1909. Даследаванні на Пн Грэнландыі, дасягненне Паўн.геагр. полюса (Р.Піры).
Аўстралія і Акіянія. 1521. першае перасячэнне Ціхага ак., адкрыццё Марыянскіх а-воў (Магелан); 1526. Адкрыццё Н.Гвінеі (Ж.Менезіш); 1606. Адкрыццё Торэсава прал. (Л.Торэс); 1606. Адкрыццё зах. ўзбярэжжа п-ва Кейп-Йорк (В.Янсзан); 1642—44. Адкрыццё Тасманіі, Н.Зеландыі, а-воў Тонга, абследаванне паўн. берагоў Аўстраліі (А.Тасман); 1722. Адкрыццё в-ва Вялікадня (Я.Рогевен); 1769—78. Тры экспедыцыі ў Ціхі ак., адкрыццё і даследаванне многіх а-воў, усх. ўзбярэжжа Аўстраліі (Дж.Кук); 1797—1803. Адкрыццё Басава прал., падарожжа вакол Тасманіі, здымка берагоў Аўстраліі (Дж.Бас, М.Фліндэрс); 1824. Адкрыццё рэк Мурэй і Марамбіджы (Г.Юм, У.Ховел); 1829—30. Адкрыццё р. Дарлінг (Ч.Сцёрт); 1840. Адкрыццё піка Касцюшкі, даследаванне Аўстралійскіх Альпаў (П.Стшэлецкі); 1843—45. Даследаванне паўд. берагоў Н.Гвінеі, адкрыццё р. Флай (Ф.Блэквуд); 1860—61. Перасячэнне Аўстраліі ў мерыдыянальным напрамку да зал. Карпентарыя (Р.Бёрк); 1862. Двухразовае мерыдыянальнае перасячэнне Аўстраліі да п-ва Арнем-Ленд (Дж.Сцюарт); 1889—97. Даследаванні ўнутр. абласцей Н.Гвінеі (У.Мак-Грэгар).
Антарктыка. 1775. Адкрыццё а-воў Паўд. Георгія і Сандвічавых (Кук); 1820. Адкрыццё мацерыка Антарктыда (Ф.Белінсгаўзен, М.Лазараў); 1831—33. Адкрыццё Зямлі Эндэрбі, Антарктычнага п-ва і суседніх а-воў (Дж.Біска); 1833. Адкрыццё Берага Кемпа (П.Кемп); 1830—42. Адкрыццё Зямлі Вікторыя, хр. Адміралці, гор. Эрэбус і Тэрар, Ледзянога бар’ера Роса (Дж.Рос); 1893. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Ларсена, Берага Оскара II, Берага Фойна (К.Ларсен); 1898. Адкрыццё Берага Данка (А.Жэрлаш); 1898—99. Зімоўка ў Антарктыдзе (К.Борхгрэвінк); 1902. Адкрыццё Заходняга шэльфавага ледавіка, Зямлі Вільгельма II (Э.Дрыгальскі); 1904. Адкрыццё Зямлі Котса (У.Брус); 1908. Адкрыццё ледавіка Бірдмара, дасягненне Паўд. магнітнага полюса (Э.Шэклтан, Д.Моўсан, А.Мак-Кей); 1911. Дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Амундсен); 1911—12. Паўторнае дасягненне Паўд.геагр. полюса (Р.Скот); 1912. Адкрыццё шэльфавага ледавіка Фільхнера (В.Фільхнер); 1928—30. Адкрыццё Зямлі Мэры Бэрд, ледавіка Амундсена, хрыбтоў Эдсел-Форд, Гросенар, плато Рокфелер (Р.Бэрд); 1935. Адкрыццё Зямлі Элсуарта, гор Сентынел і інш. (Л.Элсуарт), 1956. Адкрыццё а-воў Гідрографаў, Геолагаў, п-ва Географаў, ледавіка Аненкава і інш. (М.Сомаў і інш.); 1957. Дасягненне Паўд. геамагнітнага полюса (А.Трэшнікаў і інш.); з 1965. Сістэм, комплекснае вывучэнне Антарктыды экспедыцыямі розных краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙШЭ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (Seychelles), Рэспубліка Сейшэльскія Астравы (Republic of Seychelles),
дзяржава ў зах.ч. Індыйскага ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар. Уваходзяць Сейшэльскія а-вы (пл. каля 250 км², найб.в-аў Маэ, пл. 154 км²), а-вы Альдабра (пл. 145 км²), Аміранцкія, Касмаледа, Фаркуар і інш. Усяго 90 астравоў, агульная іх пл. 455 км². Нас. 79,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — англійская, французская, крэольская, або сеселва (сфарміравалася на базе франц. мовы і суахілі). Сталіца, найб. горад і порт — Вікторыя на в-ве Маэ. Адм. падзел — 23 дыстрыкты. Нац. свята — Нацыянальны Дзень (18 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу (34 дэпутаты; 25 выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем, 9 назначаюцца прэзідэнтам).
Прырода. Уваходзяць 40 гарыстых (да 912 м на в-ве Маэ), складзеных з крышталічных парод, і 50 нізінных каралавых астравоў. Клімат субэкватарыяльны з вельмі вільготным летам і менш вільготнай зімой. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 да 28 °C. Выпадае 2000—4000 мм ападкаў за год. Ва ўнутр. частках астравоў захаваліся трапічныя лясы (11% пл. краіны) з пальмамі, панданусамі, дрэвападобнымі папарацямі. Вял. плошчы пад другаснымі хмызнякамі. Каля 1/3 расл. відаў эндэмічныя. У жывёльным свеце вылучаюцца вялікія сухапутныя і марскія чарапахі (вагой да 250 кг). Адсутнічаюць мясц. млекакормячыя, няма насякомых, якія лётаюць. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай. Рэзерват а-воў Альдабра і нац. парк Вале-дэ-Маі на в-ве Праслен уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; марскі нац. парк Сент-Ан, на в-ве Кузен птушыны запаведнік і інш.
Насельніцтва. Асн. народ сейшэльцы, або крэолы С.А., — нашчадкі афрыканцаў, малагасійцаў, французаў, выхадцаў з краін Азіі, складаюць каля 90% насельніцтва. Жывуць таксама індзійцы, малагасійцы, кітайцы і англічане. Вернікі пераважна католікі (90%) і англікане (8%). Сярэднегадавы прырост 0,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 174,3 чал. на 1 км. Населены толькі 33 найб. астравы, на в-ве Маэ каля 65 тыс.чал., у т. л. у г. Вікторыя — каля 25 тыс.ж. (2000). Гар. насельніцтва 63%. У прам-сці занята 19% працаздольных, у абслуговых галінах — 57%, у кіраванні — 14%, у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве і лясной гаспадарцы — 10%.
Гісторыя С.А. былі вядомы араб. і інд. мараплаўцам. Адкрыты партугальцамі ў пач. 16 ст. У 1609 тут высадзіліся англ. маракі; у 1756 французы стварылі на С.А. першыя пасяленні. З 1794 — уладанне Вялікабрытаніі, з 1903 — асобная брыт. калонія. У 1970 створана Заканад. асамблея, а Сейшэлы атрымалі самакіраванне. 29.6.1976 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Сейшэльскіх Астравоў, яе прэзідэнтам стаў лідэр Дэмакр. партыі Дж.Менчэм, прэм’ер-міністрам — кіраўнік Аб’яднанай партыі Сейшэлаў (АПС, з 1978 Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў, ПФНС) Ф.А.Рэнэ. У чэрв. 1977 АПС здзейсніла дзярж. пераварот, прэзідэнтам краіны стаў Рэнэ. У 1979 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла краіну «суверэннай сацыяліст. рэспублікай», а адзінай дазволенай партыяй — ПФНС. З пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця. Канстытуцыя 1993 замацавала шматпартыйнасць. На выбарах 1993 і 1998 перамог ПФНС, а Рэнэ двойчы абраны прэзідэнтам краіны. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў кастр. 2001. На С.А. дзейнічаюць паліт. партыі: Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў; Новая дэмакр. партыя. С.А. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С.А. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для яе эканомікі маюць рыбалоўства і замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 7000 дол. за год. 4% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 15% — у прам-сці, 81% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.А — краіна развітога міжнар. турызму (штогод астравы наведваюць каля 150 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—111 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 8 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 7 тыс.га, пад пашай каля 1 тыс.га. Экспартныя культуры вырошчваюць пераважна на плантацыях, ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі. Гал. культуры: какосавая пальма (збор копры каля 4 тыс.т штогод), карыца, ваніль, гваздзіка, чай. Культывуюць таксама маніёк, батат, бананы, хлебнае дрэва, тытунь, манга, ананасы, каву, цукр. трыснёг, агародніну. Плантацыі араматычных культур на а-вах Маэ, Праслен, Ла-Дыг. На Пн в-ва Маэ плантацыі чаю. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 2 тыс. галоў) і свіней (каля 3 тыс. галоў). Птушкагадоўля (540 тыс. курэй, 1997). Рыбалоўства (каля 10 тыс.т штогод, пераважна тунец) і промысел марскіх чарапах. Існуюць рыбалавецкія кааператывы. Збор гуана. Прам-сць заснавана на с.-г. сыравіне. Есць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў, вытв-сці вяровак з іх валакна, карычнага алею, апрацоўцы і расфасоўцы ванілі, чаю, рыбамаразільнікі і рамонтныя майстэрні. Вытв-сць мыла, піва, безалкагольных напіткаў, тытунёвых вырабаў. Буд-ва дробных суднаў і суднарамонт. У г. Вікторыя прадпрыемствы харчасмакавай, мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 125 млн.кВт∙гадз (1998). Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, сувеніраў, вырабаў з валокнаў пальмаў і панцыраў чарапах. Транспарт марскі і аўтамабільны. На астравах 280 км аўтадарог, у т. л. 176 км з цвёрдым пакрыццём, 6,6 тыс. легкавых аўтамабіляў, 1,9 тыс. грузавых і аўтобусаў; 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт на в-ве Маэ. Асн. астравы звязаны рэйсамі невял. суднаў. У 1998 экспарт склаў 53 млн.дол., імпарт — 340 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра (45% па кошце), карыца, ваніль і гваздзіка (каля 20%), рыба і рыбапрадукты (каля 20%), чай (каля 7%); у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — сейшэльская рупія.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сейшэльскіх Астравоў.Да арт.Сейшэльскія Астравы. Узбярэжжа вострава Праслен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРЫНА́М (Suriname), Рэспубліка Сурынам (нідэрл. Republiek Suriname),
дзяржава на ПнУПаўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Гаянай, на Пд з Бразіліяй, на У з Гвіянай (франц.); на Пн абмываецца Атлантычным акіянам. Пл. 163,3 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (2001). Дзярж. мова — нідэрландская, распаўсюджаны англ., хіндзі, яванская. Сталіца — г.Парамарыба. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 ліст.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнай Нац. асамблеі (выбіраецца насельніцтвам на ўсеагульных выбарах, 51 дэпутат). Выканаўчую ўладу ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. На ўзбярэжжы ч.Гвіянскай нізіны, у цэнтры і на ПдГвіянскае пласкагор’е, хрыбты і горныя масівы да 1280 м. Карысныя выкапні: баксіты (запасы больш за 8 млрд.т, адно з першых месц у свеце), нафта, руды жалеза, ніобію, волава, танталу; золата, плаціна, алмазы, буд. матэрыялы і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 26—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя, багатыя на гідраэнергію. Вільготныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 85% тэр. Месцамі другасныя хмызнякі, участкі саваннаў. У складзе жывёльнага свету: малпы, ягуары, пумы, тапіры. Шмат птушак, паўзуноў, насякомых. Прыродны парк Браўнсберг, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Жывуць сурынамцы, або сурынамскія крэолы (еўрап.-афрыканскія мулаты, 31%), блізкія да іх па мове і культуры негры (10%), індыйцы (37%), яванцы (15%), індзейцы (карэнныя жыхары, 2%), кітайцы (2%), еўрапейцы (1%) і інш. Вернікі індуісты (27%), пратэстанты (25%), католікі (23%), мусульмане (20%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6% (2001). Сярэдняя шчыльн. 2,7 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве на ўзбярэжжы і ў далінах гал. рэк, якія складаюць 3—4% тэрыторыі. У гарадах жыве 74% насельніцтва. Найб.г. Парамарыба — каля 250 тыс.ж. з прыгарадамі (2001). У астатніх гарадах насельніцтва не перавышае 10 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята каля 20% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 70%.
Гісторыя. Узбярэжжа С. адкрыта ісп. мараплаўцам А.Ахедам y 1499. У 1551 галандскія гандляры заснавалі пасяленне ў вусці р. Сурынам (адсюль назва краіны). У канцы 16 ст. тут замацаваліся іспанцы, у 1630 — англічане. Паводле англа-нідэрл. дагавора 1667 Вялікабрытанія ўступіла С. Нідэрландам у абмен на нідэрл. ўладанні ў Паўн. Амерыцы. Асновай эканомікі Нідэрл. Гвіяны (тагачасная назва С.) была плантацыйная гаспадарка; для працы на плантацыях прывозілі рабоў з Афрыкі, пасля скасавання рабства ў 1863 — закантрактаваных рабочых з Індыі і Інданезіі, нашчадкі якіх цяпер складаюць найб. шматлікую этнічную групу С. У 1954 С. атрымаў аўтаномію ў складзе Каралеўства Нідэрландаў.
25.11.1975 абвешчана незалежнасць С. У лют. 1980 уладу захапілі ваенныя на чале з Д.Боўтэрсе. У 1980-я г. ў С. склалася напружаная паліт. сітуацыя, якая ўскладнялася ўзбр. барацьбой супраць цэнтр. ўрада. У выніку пагаднення ў маі 1991 адбыліся свабодныя выбары. У 1992 падпісана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ўзбр. групоўкамі. На выбарах у маі 2000 перамог Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, яго лідэр Р.Венетыян стаў прэзідэнтам. С. — чл.ААН (з 1975). Дзейнічаюць паліт. партыі: Новы фронт за дэмакратыю і развіццё, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. С. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 1,48 млрд.дол., па 3,4 тыс.дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 22% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 65%. Найб. развіта гарнарудная прам-сць. Здабываюць баксіты (больш за 4 млн.т штогод, каля 5—10% сусв. вытв-сці), нафту — каля 1 млн.т, марганцавую руду і золата. Баксітаздабыўную прам-сць кантралююць кампаніі ЗША і Нідэрландаў. Баксітавыя руднікі ў басейнах рэк Сурынам і Котыка, каля гарадоў Мунга і Паранам, распрацоўка адкрытым спосабам. У 1999 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 74% на ГЭС (буйнейшая з іх Бракапонда на р. Сурынам), 26% на цеплавых электрастанцыях. Развіта вытв-сць гліназёму (штогод больш за 1 млн.т) і алюмінію (каля 30—40 тыс.т), лесапілаванне і дрэваапрацоўка. Невял. прадпрыемствы цэм., абутковай, тэкст. і тытунёвай прам-сці, па вытв-сці цукру, рому, мелесу, пальмавага алею, жывёльнага масла, маргарыну, па апрацоўцы рыбы і крэветак. Саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 117 тыс.га зямлі, у т. л. 95 тыс.га пад ворывам, 7 тыс.га пад шматгадовымі насаджэннямі, 15 тыс.га пад пашай.
Арашаецца 60 тыс.га. Амаль усе с.-г. землі знаходзяцца на ўзбярэжжы. Пераважаюць плантацыйныя гаспадаркі. Гал. культура — рыс (больш за 50% ворыва, штогод збіраюць 2 ураджаі, каля 300 тыс.т); вырошчваюць бананы, цукр. трыснёг, арахіс, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (апельсіны, грэйпфруты). Плантацыі кавы, какавы, алейных і какосавых пальмаў. У жывёлагадоўлі найб. развіта гадоўля буйн. раг. жывёлы (102 тыс. галоў, 1997) і птушкагадоўля (2,2 млн. курэй разам з бройлерамі). Рыбалоўства (13 тыс.т, 1999), промысел крэветак. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт пераважна аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс.км, у т. л. 1,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; унутр. водных шляхоў — 1,2 тыс.км, чыгункі — 166 км (1996). У краіне 46,4 тыс. легкавых, 19,3 тыс. грузавых аўтамашын і аўтобусаў, 46 аэрапортаў (2000). Гал. марскі порт Парамарыба, паблізу міжнар. аэрапорт. У 1999 экспарт склаў 443 млн.дол., імпарт — 525 млн.дол. У экспарце пераважаюць баксіты, гліназём і алюміній (разам па кошце больш за 80%), нафта, драўніна, крэветкі, рыба, рыс, бананы; у імпарце — машыны і абсталяванне, нафтапрадукты, харч. прадукты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 35% імпарту), Нідэрланды (11% і 15%). Нарвегія (19% экспарту), Трынідад і Табага (12% імпарту), Японія, Вялікабрытанія. Замежны турызм у 1998 даў даход 44 млн.дол. Грашовая адзінка — сурынамскі гульдэн.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana), Рэспубліка Гана (Republic of Ghana),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЗА́НІЯ (Tanzania), Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (суахілі Jamhuri ya Muungano wa Tanzania, англ. United Republic of Tanzania),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Складаецца з мацерыковай (Танганьіка) і астраўной (а-вы Занзібар і Пемба) частак. Мяжуе на Пн з Кеніяй і Угандай (частка граніцы па воз. Вікторыя), на З з Руандай, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікай Конга (граніца па воз. Танганьіка), Замбіяй, Малаві (частка граніцы па воз. Ньяса), на Пд з Мазамбікам; на У абмываецца Індыйскім ак.Пл. 945,09 тыс.км². Нас. 35 306,1 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — суахілі і англійская. Сталіца — г.Дадома (урадавыя ўстановы паступова пераводзяцца з г.Дар-эс-Салам). Краіна падзяляецца на 25 абласцей (20 на мацерыку, 5 у астраўной частцы). Нац. свята — Дзень Саюза (26 крас.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — парламент, у які ўваходзяць прэзідэнт краіны і Нац. асамблея з 232 дэпутатаў, што выбіраюцца кожныя 5 гадоў на ўсеагульных выбарах прамым і тайным галасаваннем (частка дэпутатаў назначаецца).
Прырода. Большая ч.тэр. — на Усх.-Афр. пласкагор’і (на выш. больш за 1000 м). Характэрны ланцугі пласкаверхіх узвышшаў і гор. Уздоўж зах. і паўд.-зах. граніц працягнуліся скідавыя ўпадзіны Усх.-Афр. высокасейсмічнай зоны разломаў з вулканамі Кіліманджара (выш. 5895 м, найвыш. пункт Афрыкі) і Меру (4567 м). Уздоўж узбярэжжа Індыйскага ак. — вузкая нізіна. Карысныя выкапні: алмазы, волава, вальфрам, фасфарыты, тытана-магнетытавыя, ніобіевыя руды і інш. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячныя т-ры ад 15—20 °C да 25—27 °C. Ападкаў на б.ч. краіны 500—1500 мм за год. Гал. рэкі Пангані, Руфуджы, Рувума ўпадаюць у Індыйскі акіян. Т. часткова належаць азёры Вікторыя, Танганьіка, Ньяса; ёсць бяссцёкавыя салёныя азёры Руква, Натран, Эясі. У натуральнай расліннасці на З і Пд пераважаюць трапічныя сухія рэдкалессі, на прыморскай нізіне — паркавыя саванны, у цэнтр. і паўн.-ўсх. раёнах — травяністыя саванны. Па схілах гор — вечназялёныя лясы, хмызнякі. Шматлікія нац. паркі і рэзерваты, у т. л. Селус, Серэнгеці, Кіліманджара і Нгарангора, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, а таксама Руаха, Мікумі, Тарангірэ, Рунгва, створаныя для аховы багатай фауны млекакормячых (сланы, насарогі, бегемоты, буйвалы, зебры, жырафы і інш.).
Насельніцтва. Т. — шматнацыянальная краіна, больш за 30 народаў. Каля 98% складаюць афр. народы, што пераважна належаць да ўсх. банту. Найб. народы: ньямвезі, сукума, суахілі, хехе, бена, макондэ, хайя, кінга, джага. На ПнУ жывуць масаі, мова якіх адносіцца да нілоцкай сям’і, у цэнтр. частцы — народы, што гавораць на кушыцкіх і кайсанскіх мовах. Ёсць таксама індыйцы, пакістанцы, арабы. Сярод вернікаў хрысціяне (45%), мусульмане (35%), прыхільнікі традыц. вераванняў (20%). Сярэднегадавы прырост 2,57% (2000). Сярэдняя шчыльн. 37,4 чал. на 1 км. Найб. населены раён на Пд ад воз. Вікторыя, схілы Кіліманджара і Меру, в-аў Занзібар (да 500 чал. на 1 км²), найменш — унутр. пласкагор’і. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1998). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Дар-эс-Салам — 1360,8, Мванза — каля 300, Дадома, Танга і Занзібар — каля 200. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва.
Гісторыя. На тэр. Т. знойдзены найб.стараж. рэшткі чалавека (гл.Олдувай). Аўтахтоннае насельніцтва Т. — плямёны, блізкія да сучасных бушменаў і гатэнтотаў. У 1-м тыс.н.э. тут пасяліліся плямёны земляробаў банту і жывёлаводаў нілотаў. У 7—8 ст. сюды праніклі арабы; у выніку іх узаемадзеяння з мясц. насельніцтвам ва ўзбярэжных раёнах Т. склалася мусульм. паводле веравызнання этн. супольнасць — суахілі. Існаваў шэраг гарадоў-дзяржаў суахілі, багацце якіх ствараў транзітны гандаль паміж унутр. раёнамі Афрыкі і краінамі Б. Усходу. У канцы 15 ст. тут з’явіліся партугальцы, якія ўсталявалі кантроль над гарадамі суахілі. У канцы 17 ст. партугальцаў выгналі аманцы. У 1856 узнік самастойны султанат Занзібар з цэнтрам на аднайм. востраве на чале з дынастыяй аманскага паходжання. У 1884 над мацерыковай ч. Т. ўстанавіла кантроль Германія. А-вы Занзібар з 1890 сталі брыт. пратэктаратам. У 1-ю сусв. вайну Герм.Усх. Афрыку акупіравалі брыт. войскі; у 1920 б.ч. яе пад назвай Танганьіка перададзена Лігай Нацый пад кіраванне Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну больш за 80 тыс. выхадцаў з Т. змагаліся ў складзе брыт. арміі. У 1954 створаны Нац.афр. саюз Танганьікі (ТАНУ) на чале з Дж.К.Ньерэрэ. ТАНУ перамог на ўсеагульных выбарах 1960 і ўзначаліў урад Танганьікі. 9.12.1961 абвешчана незалежнасць краіны.
У снеж. 1962 абвешчана рэспубліка на чале з прэзідэнтам Ньерэрэ, 10.12.1963 абвешчана незалежнасць Султаната Занзібар. Паўстанне 12.1.1964 скінула манархію на Занзібары і паклала канец панаванню выхадцаў з Амана; да ўлады прыйшла Афра-шыразі партыя (АШП). 26.4.1964 Танганьіка і Занзібар аб’яднаны ў адзіную дзяржаву (з 29.10.1964 — Аб’яднаная Рэспубліка Т.); Занзібар пры гэтым захаваў значную аўтаномію. Па ініцыятыве Ньерэрэ ў краіне пачалася пабудова сацыяліст. грамадства шляхам аб’яднання сял. гаспадарак у калектыўныя — т.зв. уджамаа; нацыяналізаваны замежныя банкі і прадпрыемствы. У 1977 ТАНУ і АШП аб’яднаны ў Рэв. партыю (РП), усе інш. партыі забаронены. У пач. 1980-х г.эканам. становішча Т. пагоршылася, што прымусіла Ньерэрэ падаць у 1985 у адстаўку. Новае кіраўніцтва краіны і РП на чале з А.Х.Мвіньі пачало лібералізацыю эканомікі, што спрыяла пераадольванню крызісу. У 1992 дазволена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах 1995 перамагла РП, яе прадстаўнік Б.У.Мкапа абраны прэзідэнтам Т. Т. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства. Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь з мая 1996. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Рэв. партыя, Нац. канвенцыя за стварэнне і рэформы, Аб’яднаны грамадз. фронт, Аб’яднаная дэмакр. партыя, Партыя дэмакратыі і прагрэсу.
Гаспадарка. Т. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна, уваходзіць у лік 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) расце больш марудна, чым насельніцтва, складае каля 250 дол. на 1 чал. ў год. 25% ВУП ствараецца ў сельскай гаспадарцы, лесаводстве, рыбалоўстве, Паляўніцтве. 14,4% — у прам-сці, энергетыцы, будаўніцтве, 4,9% — у транспарце і сувязі, 14,8% — у гандлі, атэлях і рэстаранах, 40,9% — у інш. абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 52 млн.га (каля 55% тэр. краіны), у т. л. каля 10,4 млн.га ў раслінаводстве і каля 31,6 млн.га ў жывёлагадоўлі. Частка зямель арашаецца. Праведзена агр. рэформа, ёсць с.-г. кааператывы і дзяржгасы. У некаторых раёнах захоўваецца абшчыннае землеўладанне. Узровень с.-г. вытв-сці непастаянны, церпіць страты ад неспрыяльных умоў надвор’я, недахопу ўгнаенняў, паліва і машын. Пераважае матычнае раслінаводства. Збор асн.харч. культур (1999, млн.т): кукурузы 2,8, рысу 0,9, маніёку 2,2. Сеюць таксама пшаніцу. проса, сорга, бабовыя, маніёк, батат. алейныя культуры і агародніну. Асн. экспартныя культуры (1999, тыс.т): кава 37,1, зялёны чай 120,6, бавоўна 133,5, арэхі кэш’ю 75,8, тытунь 37,9, сізаль 24 (1-е месца ў свеце). На а-вах Занзібар і Пемба плантацыі гваздзіковага дрэва (1-е месца ў свеце, каля 60—80% сусв. вытв-сці) і какосавых пальмаў. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг, арахіс, бананы, пірэтрум. Трапічнае садоўніцтва. Харч. культуры вырошчваюць амаль паўсюдна, экспартныя — у асобных раёнах: каву — у горных і перадгорных раёнах, на схілах вулкана Рунгве, чай — на схілах Кіліманджара, бавоўну — на паўд. узбярэжжы воз. Вікторыя, арэхі кэш’ю — на ўзбярэжжы акіяна, тытунь і пірэтрум — каля г. Ірынга, сізаль — у раёнах гарадоў Дар-эс-Салам і Танга. Жывёлагадоўля малатаварная, развіта ў раёнах, дзе няма мухі цэцэ. Колькасць жывёлы ў многіх этнічных групах мае прэстыжны характар, таму яе забіваюць вельмі рэдка. Пагалоўе (1997, млн. галоў); буйн. раг. жывёлы 14,4, коз 9,9, авечак 4,2. Каля 75% пагалоўя сканцэнтравана ў раёне воз. Вікторыя. на ПнУ і ў цэнтр. раёнах. Пераважае паўкачавая, адгонна-пашавая і пашавая жывёлагадоўля. Развіццё галіны стрымліваецца эпізаотыямі і недастатковай абводненасцю значнай часткі пашы. Птушкагадоўля (больш за 28 млн. курэй). Рыбалоўства ў моры і азёрах (357,2 тыс.т, 1999). Паляўніцтва. У прам-сці Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, тэкст. і абутковыя ф-кі, з-ды па вытв-сці ўгнаенняў, буд. матэрыялаў і цэменту. Вядзецца здабыча золата, алмазаў, рубінаў, сапфіраў, каменнай солі, фасфарытаў, гіпсу, жал. руды, волава і кааліну. На ПдЗ здабываюць кам. вугаль (каля 300—400 тыс.т штогод). На Пд ад г. Дарэс-Салам пачата здабыча прыроднага газу. Энергетыка заснавана на выкарыстанні гідрарэсурсаў (каля 70%) і імпартнай нафты (каля 30%). Найб.ГЭС на р. Пангані. У 1999 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Вытв-сцьасн.прамысл. прадуктаў (1999): цукру — 153 тыс.т, цыгарэт — 3,4 млн.шт., піва — 123,9 млн.л, тэкстылю — 49,8 млн.м² цэменту — 833 тыс.т, металапракату — 9,5 тыс.т, нафтапрадуктаў — 287 тыс.т, фарбаў — 12,9 млн. л. Працуюць нафтаперапр., цэм., аўтазборачны з-ды (Дар-эс-Салам), шынны і фармацэўтычны з-ды (Аруша), цукр.з-д і каваперапр. ф-ка (Букоба) і інш. Развіты саматужныя рамёствы: пашыў нац. адзення і абутку, выраб посуду, упрыгожанняў, цыновак і сувеніраў. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны і марскі. Даўж. (1999, тыс.км): чыгункі — 4,4, аўтадарог — 88,2, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,7, унутр. водных шляхоў (у асн. па азёрах) — каля 0,8. Нафтаправод з Дар-эс-Салама ў г. Ндола (Замбія). У краіне 55 тыс. легкавых. 78,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскія парты Дар-эс-Салам, Танга, Лінды, Занзібар, азёрныя — Мванза (воз. Вікторыя), Кігома (воз. Танганьіка). Праз марскія парты Т. ідзе значная частка знешнеэканам. сувязей Уганды, Бурундзі, Руанды, Замбіі. У краіне больш за 100 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. 3 міжнар. аэрапорты (каля гарадоў Дар-эс-Салам, Аруша і Занзібар). У 1999 экспарт склаў 828 млн.дол., імпарт — 1440 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава, чай, бавоўна, сізаль, арэхі кэш’ю, мінер. сыравіна, тытунь, у імпарце — спажывецкія тавары, абсталяванне і трансп. сродкі, паўфабрыкаты і камплектуючыя вырабы, нафта. Гал.гандл. партнёры: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія, Кенія, Германія, Вялікабрытанія. Саудаўская Аравія. Знешні доўг больш за 7,7 млрд.дол. Краіна знаходзіцца ў стане пастаяннага знешнегандл. дэфіцыту. Дапамога складае каля 1 млрд.дол. штогод, паступае ад міжнар. арг-цый, а таксама скандынаўскіх краін, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі, Італіі, Канады. У Т. самыя вядомыя запаведнікі Афрыкі, якія прыцягваюць турыстаў з усяго свету. Даходы ад абслугоўвання турыстаў і продажу паляўнічых ліцэнзій (каля 300—500 млн.дол. штогод) — важная крыніца папаўнення бюджэту. Грашовая адзінка — танзанійскі шылінг.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У раёнах Кандоа, Кісесе, Тамбала, Мванза выяўлены наскальны жывапіс верхняга палеаліту (прымітыўныя выявы фантаст. жывёл) і неаліту (наіўна-рэаліст. сцэны палявання, бітваў і інш.). У 7—15 ст. развівалася мусульм. архітэктура, захаваліся шматлікія палацы, мячэці (Вял. мячэць у Кілва-Кісівані), жылыя дамы з каралавага вапняку і інш. З канца 19 ст. паводле праектаў еўрап. архітэктараў забудоўваліся партовыя гарады (Дар-эс-Салам) і гандл. цэнтры (Мошы, Дадома). Традыц. сельская забудова — прамавугольныя ў плане жытлы з канічнымі ці плоскімі дахамі, нізкія хаціны акруглай формы (у народа масаі), у выглядзе вял. кашоў з галерэяй па акружнасці (у макондэ), конусападобныя буданы (у джага). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася буд-ва грамадскіх аб’ектаў, пасёлкаў з 1- і 2-павярховымі дамамі, складзены праект планіроўкі г. Занзібар. У мастацтве пераважае драўляная скульптура: слупападобныя фігуры, звязаныя з культам продкаў у народаў сукума і хехе, экспрэсіўныя фігуры танцуючых жанчын у макондэ, гратэскныя фігуры чалавека з рухомымі канечнасцямі ў вазарама, выявы жывёл у джага. Характэрны антрапаморфныя маскі, манахромныя ці размаляваныя, з багатым дэкорам, які імітуе татуіроўку. У 2-й пал. 20 ст. пачала складвацца нац. школа жывапісу: партрэты і сцэны з сял. жыцця С.Дж.Нтыра, нацюрморты В.Мача, жанравыя кампазіцыі Ф.К.Мзангі, Т.Ф.Абдулы і інш. Сярод маст. рамёстваў найб. пашыраны разьба па дрэве, пляценне, ганчарства.
Герб і сцяг Танзаніі.Да арт.Танзанія. У запаведніку Серэнгеці.Да арт.Танзанія. Узбярэжжа вострава Занзібар.Да арт.Танзанія. Горад Мошы каля падножжа Кіліманджара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я (Guinée), Гвінейская Рэспубліка (République de Guinée),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. На ПнЗ мяжуе з Гвінеяй-Бісау, на Пн — з Сенегалам, на ПнУ — з Малі, на У — з Кот-д’Івуар, на Пд — з Ліберыяй і Сьера-Леоне, на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 33 адм. раёны. Пл. 245,9 тыс.км². Нас. 6306 тыс.чал. (1993). Сталіца — Конакры. Афіц. мова — французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея — рэспубліка. У яе складзе 8 правінцый. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вярх. ўлада належыць Пераходнаму савету нац. адраджэння (у 1991).
Прырода. Вузкую паласу ўздоўж узбярэжжа займае нізіна. Далей на У плато Фута-Джалон выш. да 1537 м (г. Тамге). Басейн верхняга Нігера (на ПнУ) раўнінны. Паўд.-ўсх.ч. занята Паўн.-Гвінейскім узв. (сярэдняя выш. каля 800 м). Ёсць асобныя горныя масівы выш. больш за 1500 м (г. Німба, 1752 м). Карысныя выкапні: нафта, баксіты, фасфаты, жал. руды, золата, алмазы. Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы, з вільготным летам. Сярэдняя т-ра паветра круглы год 24—28 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы каля 2000—3000 мм за год, на У каля 1000 мм. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. У Гвінеі вытокі Нігера, Сенегала (р. Бафінг), Гамбіі. Большая ч.тэр. занята саваннамі, рэдкімі лістападнымі і вечназялёнымі лясамі. Невял. ўчасткі трапічных лясоў, на ўзбярэжжы мангравая расліннасць. Запаведнік Німба.
Насельніцтва. Жывуць народы фульбе (35%), малінке (30%), сусу (20%) і інш. Выхадцаў з Еўропы і Азіі каля 20 тыс. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (85%), у гарадах ёсць католікі (8%), на Пд і У месцамі вызнаюць традыц. культы. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,6 чал. На 1 км². Больш густа населены прыбярэжныя раёны, плато Фута-Джалон. У гарадах жыве каля 30% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1993): Конакры — 950, Лабе — 110, Канкан — 100. У сельскай гаспадарцы занята 82% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 11, у абслуговых галінах — 5%.
Гісторыя. Паводле звестак археолагаў, тэр. Гвінеі заселена ў эпоху неаліту. Пазней яна была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана і Малі. У сярэдзіне 15 ст. на ўзбярэжжы Гвінеі з’явіліся партугальцы. У 1770-я г. ўтварылася ранняя дзяржава качэўнікаў-жывёлаводаў фульбе — Фута-Джалон. У 1880—90-я г.тэр. Гвінеі заваявана французамі, якія ў 1895 вылучылі яе ў асобную калонію, у 1904 уключылі ў склад Франц.Зах. Афрыкі. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі ўзмацніўся нац.-вызв. рух. У 1947 на базе гвінейскай секцыі Афр.дэмакр. аб’яднання ўтворана Дэмакр. партыя Гвінеі (ДПГ), якая ў 1957 перамагла на выбарах у Тэр. асамблею (56 месцаў з 60), 2.10.1958 абвешчана незалежнасць краіны. Яе прэзідэнтам стаў А.Секу Турэ (кіраўнік ДПГ). Урад Гвінеі нацыяналізаваў замежныя банкі і кампаніі, увёў манаполію знешняга гандлю, стварыў нац. грашовую сістэму. У выніку зліцця дзярж. органаў і структур кіруючай ДПГ рэжым Секу Турэ ператварыўся ў дыктатарскі (рэпрэсіі супраць праціўнікаў рэжыму, да 1983 краіну пакінулі каля 2 млн. гвінейцаў). Пасля смерці Секу Турэ (сак. 1984) у выніку ваен. перавароту 3.4.1984 улада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння на чале з Л.Кантэ, які забараніў ДПГ, амнісціраваў палітвязняў і распачаў рэфармаванне эканомікі (з ухілам на жорсткую эканомію), што дазволіла паступова яе стабілізаваць.
У снеж. 1990 на агульнанац. рэферэндуме прынята канстытуцыя краіны. У 1991 створаны Пераходны савет нац. адраджэння. З крас. 1992 дазволена дзейнасць паліт. партый. На прэзідэнцкіх выбарах 19.12.1993 перамог Кантэ. У краіне дзейнічаюць партыі: Аб’яднанне гвінейскага народа, Партыя абнаўлення і прагрэсу, Саюз гвінейскага народа і інш., праф. аб’яднанне Нац. канфедэрацыя працоўных Гвінеі — чл.ААН з 1958, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Гаспадарка. Гвінея — аграрная краіна з адносна развітой горназдабыўной прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце: сельскай гаспадаркі 22%, прам-сці 29, абслуговых галін 49%. Апрацоўваецца 6% тэр., пад лугамі і пашай 12%. Большая ч. апрацаваных зямель пад харч. культурамі — рысам (на арашальных землях у бас. верхняга Нігера), кукурузай, просам, сорга, маніёкам, бататам, ямсам, а таксама алейнай пальмай (на Пд і З), алейным дрэвам карытэ, арахісам, кавай, бананамі. Збожжавыя вырошчваюць на Пн і У, караняплоды — у больш вільготных раёнах на Пд і З. Пашыраны дзікарослыя пладовыя: манга, папайя, авакада, гуаява, какосавая пальма. Павялічваюцца пасевы бавоўніку, тытуню і чаю. Агародніцтва (памідоры, перац, баклажаны, капуста). Экспартныя культуры: кава, бананы, ананасы, цытрусавыя, хіннае дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўная (асн. Фута-Джалон). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак і коз. Птушкагадоўля. Рачное і акіянскае рыбалоўства. Лясная прам-сць, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Асн. галіна горназдабыўной прам-сці — здабыча баксітаў (раёны Сангарэдзі, Фрыя, Дэбеле); штогод здабываюць 15—20 млн.т. Гліназёмны з-д у Фрыя выпускае каля 1 млн.т гліназёму за год. Алмазы здабываюць на ПдУ, золата — у бас. верхняга Нігера, жал. руду — на крайнім Пд. Гал. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці: кансервавыя (Маму, Конакры, Лабе, Кісідугу), алейны (Дабола), фруктовых сокаў (Канкан), лесапільны (каля Конакры), аўта- і велазборачныя (Конакры, Канкан), рысаачышчальныя з-ды (Канкан, Сігіры, Куруса), тытунёвая ф-ка ў Бейла. У Конакры аўтазборачны, нафтаперапр., цэм., цукр. з-ды, вытв-сць пластмас, выбуховых рэчываў, металаканструкцый, мех. майстэрні. Вытв-сць электраэнергіі каля 300 млн.кВт∙гадз штогод, пераважна на невял. ЦЭС і ГЭС. Саматужная вытв-сць ганчарных, ткацкіх, метал., з скуры і дрэва вырабаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 30,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 1145, гравійных — 13 тыс.км. Чыгункі адыгрываюць дапаможную ролю. Іх агульная даўж. 1045 км, у т. л. вузкакалейных — 806 км. Асн. лінія Конакры—Канкан. Участкі рэк агульнай даўж. 1,3 тыс.км на З і ў бас. Нігера выкарыстоўваюцца для мясц. суднаходства. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам праз парты Конакры (разнастайныя грузы) і Камсар (экспарт баксітаў). 15 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля Конакры. Гвінея экспартуе баксіты і гліназём (каля 90% па кошце), алмазы, каву, арахіс, бананы, ядры алейнай пальмы; імпартуе нафтапрадукты, металы, машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тэкстыль. Асн.гандл. партнёры: ЗША (33% экспарту, 16% імпарту), краіны Зах. Еўропы, Канада. Грашовая адзінка — гвінейскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я-БІСА́У (Guiné-Bissau),
Рэспубліка Гвінея-Бісау (Républica de Guiné-Bissau), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Складаецца з мацерыковай ч. і а-воў Біжагош. На Пн мяжуе з Сенегалам, на У і Пд — з Гвінеяй. Падзяляецца на 9 раёнаў. Пл. 36,2 тыс.км². Нас. 1072 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Бісау. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 вер.).
Дзяржаўны лад. Гвінея-Бісау — рэспубліка. У яе складзе 8 раёнаў і аўт. сектар Бісау. Дзейнічае канстытуцыя 1984. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. народны сход (асамблея, 150 дэпутатаў, выбіраецца на 5 гадоў). Ён выбірае дзярж. савет (15 чл.). Выканаўчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Узбярэжжа парэзана эстуарыямі рэк, шмат астравоў. Большая ч. паверхні нізінная, на З забалочаная. На У адгор’і плато Фута-Джалон (выш. да 200 м). Радовішчы нафты, баксітаў, фасфатаў (не эксплуатуюцца), золата, алмазаў. Клімат экватарыяльны мусонны. Вільготны сезон у чэрв.—ліст., сухі ў снеж.—маі. Т-ра паветра круглы год каля 25 °C. Ападкаў на ўзбярэжжы больш за 2000 мм, на У каля 1000 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі, далей на ПнУ трапічныя лясы (каля 30% пл. краіны) і саванны (каля 40%). Створаны 3 рэзерваты.
Насельніцтва. Жывуць народы балантэ (30%), фульбе (20%), манджак (14%), мандынга (13%), папель (7%) і інш. Еўрапейцаў і метысаў каля 1%. Мясцовых традыц. культаў прытрымліваецца 65%, ісламу — 30, хрысціянства (каталіцызм) — 5%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 29,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населена ўзбярэжжа. У гарадах жыве каля 25% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 90% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці, абслуговых галінах і гандлі — 5%, кіраванні — 5%.
Гісторыя. Тэр. Гвінеі-Бісау была ў складзе сярэдневяковых дзяржаў Гана (9—13 ст.), Малі (13—15 ст.), Сангаі (пач. 15 ст.). Першымі з еўрапейцаў тут з’явіліся партугальцы (1446), якія назвалі краіну Гвінеяй. Да пач. 1460-х г. партугальцы базіраваліся на а-вах Зялёнага Мыса. У 1466 яны атрымалі ад караля права захопліваць на ўзбярэжжы Гвінеі і прадаваць рабоў. У 16—17 ст. гандляры рабамі заснавалі тут некалькі паселішчаў; адначасова франц., англ. і галандскія піраты пабудавалі тут свае апорныя пункты (Фарым, Кашэу, Бісау і інш.). Неграў-рабоў вывозілі ў асн. на цукр. і тытунёвыя плантацыі Бразіліі. Да 1870-х г.тэр. Гвінеі-Бісау кіраваў губернатар а-воў Зялёнага Мыса. У 1879 Гвінея-Бісау аддзелена ад астравоў і абвешчана асобнай партуг. калоніяй на чале з губернатарам. На пач. 20 ст. партугальцы захапілі а-вы Біжагош, на землях манджакаў стварылі ўмацаваныя форты, вакол якіх заснаваны гарады Бісора, Мансоа, Фулакунда і інш., і кантралявалі ўсю тэр. Гвінеі-Бісау. Пасля 2-й сусв. вайны ў Гвінеі-Бісау узмацніўся нац.-вызв. рух. У 1951 краіна атрымала статус «заморскай правінцыі» і прадстаўніцтва (1 месца) у партуг. парламенце. У 1953 засн. тайная арг-цыя Рух за незалежнасць Гвінеі, у 1956 на яе аснове створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК, ген. сакратар А.Кабрал), якая ў 1963 распачала партыз. барацьбу за незалежнасць Гвінеі-Бісау (у 1965 створа на рэгулярная армія — Нар.рэв. сілы). У 1972 Спец.к-т па дэкаланізацыі ААН прызнаў ПАІГК адзіным і правадзейным прадстаўніком народа Гвінеі-Бісау. Да пач. 1973 паўстанцы кантралявалі ⅔ тэр. краіны. 29.9.1973 абвешчана незалежнасць Гвінеі-Бісау. Партугалія прызнала незалежнасць 10.9.1974 і вывела свае войскі Прэзідэнтам Гвінеі-Бісау стаў Л.Кабрал (брат забітага А.Кабрала). Ва ўмовах аднапартыйнага праўлення ПАІГК эканам. становішча дзяржавы пагоршылася, абвастрыліся ўнутрыпарт. супярэчнасці. У выніку перавароту 14.11.1980 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Ж.Б.Віейрам. У маі 1984 Нац.нар. сход распусціў гэты орган, выбраў Дзярж. савет, прыняў новую канстытуцыю.
У канцы 1980-х г. кіраўніцтва краіны ўзяло курс на дэмакратызацыю грамадства і лібералізацыю эканомікі, з 1991 дазволена дзейнасць апазіц. партый. На першых шматпарт. выбарах 1994 перамагла ПАІГК. Прэзідэнтам стаў Віейра. Гвінея-Бісау — член ААН з 1974, Арг-цыі афр. адзінства, Арг-цыі Ісламская канферэнцыя. З паліт. партый і рухаў дзейнічаюць ПАІГК, Дэмакр. фронт, Гвінейскі рух супраціўлення, Рух Бафата, Сац.-дэмакр. фронт, Партыя дэмакр. згоды і інш.
Гаспадарка. Гвінея-Бісау — адна з самых адсталых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 180 дол. ЗША на 1 чал. за год. Доля сельскай гаспадаркі ў ім — 50%, прам-сці — 10%. З галін сельскай гаспадаркі найб. развіта земляробства. Апрацоўваецца 11% плошчы краіны. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі. Пануюць аблогавая і падсечна-агнявая сістэмы земляробства. Часта бываюць засухі (асабліва на У). Гал.харч. культура — рыс (штогадовы збор 100—150 тыс.т), вырошчваюць пераважна на арашальных землях. На Угал. раён вырошчвання кукурузы, сорга, проса, арахісу. Усюды вырошчваюць бабовыя, маніёк, батат, гародніну, а таксама какосавыя і алейныя пальмы, дрэва кэш’ю (плады ядомыя), цукр. трыснёг, каўчуканосы, бавоўнік і інш. Распаўсюджаны збор пладоў дзікарослай алейнай і какосавай пальмаў. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая, малапрадукцыйная. Гадуюць (1994, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — каля 250, коз і авечак — каля 300, свіней — каля 120. Марское рыбалоўства: улоў рыбы і морапрадуктаў 150—200 тыс.т штогод. Асн. галіна апрацоўчай прам-сці — харчасмакавая (ачыстка рысу і арахісу, драбленне пальмавых ядраў, вытв-сць алею, кармоў, мыла); працуюць ф-кі: фруктовых сокаў (Балама), бавоўнаачышчальная (Бафата), мэблевыя. У г. Бісау і яго наваколлі — 60% прамысл. прадпрыемстваў краіны, у т. л. домабуд. камбінат, цагельны і цэм. з-ды, суднарамонтныя майстэрні, рыбахаладзільнікі, прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці і па вырабе паркету. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1991). Невял. здабыча золата і алмазаў. Нарыхтоўка драўніны. Транспарт аўтамаб. і ўнутр. водны. Даўж. аўтадарог 3,2 тыс.км, у т. л. 2,7 тыс.км палепшаных, даўж. суднаходных участкаў рэк 1,8 тыс.км. Асн. марскі порт Бісау (90% знешнегандл. перавозак). 32 аэрадромы і міжнар. аэрапорт каля г. Бісау. Гвінея-Бісау экспартуе арахіс, ядры алейнай і какосавай пальмаў, алей (71% па кошце), рыбу і морапрадукты, драўніну і лесаматэрыялы; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Імпарт (каля 60 млн.дол. ЗША штогод) у 3 разы перавышае экспарт (каля 20 млн.дол. ЗША штогод). Асн. гандлёвы партнёр — Партугалія. Грашовая адзінка — пеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНА,
плывучае збудаванне для перавозкі грузаў і пасажыраў, воднага промыслу, здабычы карысных выкапняў, навук. даследаванняў, спорту, ваен. мэт. Рухаюцца па вадзе (надводныя С., у т. л.глісеры), пад вадой (падводныя лодкі, батыскафы) і над вадой (судны на паветранай падушцы, судны на падводных крылах). Бываюць самаходныя (прыводзяцца ў рух суднавымі рухавікамі з дапамогай суднавых рухачоў) і несамаходныя (ліхтэры, баржы). Паводле тыпу гал.энергет. устаноўкі (ЭУ) падзяляюцца на параходы (з котлатурбіннай або котла-машыннай ЭУ), цеплаходы (з дызельнай ЭУ), пара- і газатурбаходы (з парасілавымі ўстаноўкамі, газатурбіннымі рухавікамі; гл.Турбаход), электраходы (з эл. рухавікамі, што сілкуюцца ад уласных крыніц электраэнергіі, у т. л. турба- і дызель-электраходы) і атамаходы (з ядзернай сілавой устаноўкай).
Транспартныя С. бываюць грузавыя (сухагрузныя судны, у т. л. кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, С. з гарыз. грузаапрацоўкай — ролкеры для перавозкі колавай тэхнікі, кантэйнераў і інш. штучных грузаў з пагрузкай і выгрузкай па апарэлях; наліўныя — танкеры і сухагрузна-наліўныя), пасажырскія і грузапасажырскія. Прамысл. С. абсталёўваюць для лоўлі рыбы, здабычы марскіх звяроў, крабаў, для перапрацоўкі здабычы (рыбапрамысловыя судны, сейнеры, траўлеры). Да прамыслова-здабыўных С. адносяць золатаздабыўныя драгі, кабельныя судны, нафтабуравыя, лесасплаўныя. Да навукова-даследчых адносяць С. для комплексных акіянічных, геафіз., гідрабіял. і інш. даследаванняў. Сярод спартыўна-турысцкіх С. адрозніваюць вёславыя судны, ветразевыя судны і маторныя; трэніровачныя, гоначныя, прагулачныя (гл.Спартыўныя судны). Абслуговыя С. забяспечваюць работу С. інш. прызначэння. Гэта буксірныя судны, брандвахты, ледаколы, плывучыя докі і маякі, выратавальныя, гідраграфічныя, днопаглыбныя, бункеровачныя. Ваен. С. падзяляюцца на баявыя (гл.Карабель ваенны), ваенна-транспартныя і забяспечвальныя, у т. л. дапаможныя. Асн.ч. С.: корпус (з каркаса, у т. л.набору, і абалонкі — вонкавай абшыўкі і насцілу верхняй палубы); суднавыя прыстасаванні (рулявое, якарнае, швартовае, буксірнае, шлюпачнае, грузавое, выратавальнае і інш.); суднавыя сістэмы (трубаправоды і арматура для вадкасцей і газаў, якія забяспечваюць жывучасць судна, эксплуатац., бытавыя і інш. патрэбы, у т. л. проціпажарную бяспеку, водазабеспячэнне, вентыляцыю); сродкі сувязі (візуальныя — флагі, пражэктары; гукавыя — сірэны, тыфоны; радыётэхн. — перадатчыкі, прыёмнікі, тэлекамеры, унутр. радыётрансляцыйная сетка, тэлефоны, перагаворныя трубы і г.д.); навігацыйныя сродкі (аўтарулявы, компасы, курсографы, лагі, лоты, радыёлакацыйныя станцыі, секстанты і інш.навігацыйныя прылады). Спецыфічныя ўласцівасці С. — мараходныя якасці, якія характарызуюць паводзіны С. ў плаванні і яго бяспеку. Памеры С. вызначаюць яго даўжыня, шырыня, вышыня борта, асадка, водазмяшчэнне і ўмяшчальнасць, у грузавых таксама грузападымальнасць і грузаёмістасць. Тэарэт. і практычныя пытанні ваджэння С. вывучае суднаваджэнне.
Першымі С. былі плыты з дрэў, чароту ці папірусу. З часоў неаліту вядомы драўляныя лодкі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце будавалі С. з прыгнаных і прасмоленых кавалкаў дрэва. У 10 ст. да н.э. ў фінікійцаў ужо меліся асн. элементы канструкцыі С.: кіль, шпангоўты, штэўні, абшыўка з дошак. На Пн лёгкія чаўны выраблялі з дрэва, кары, косці і абцягвалі іх скурай (напр., каякі). У Міжрэччы з 8 ст. да н.э. вядомы круглыя лодкі (карзіны, абцягнутыя скурай або пакрытыя смалой). У народаў узбярэжжа Індыйскага ак., астравоў Акіяніі і інш. былі пашыраны плыты, вёславыя і ветразевыя С. тыпу катамаранаў, у індзейцаў-карыбаў — пірогі, у Паўд.Усх. Азіі — джонкі. Ва Усх. Еўропе з 4 ст. будавалі т.зв. набойныя ладдзі, з 11 ст. — насады, з 16 ст. — казацкія чайкі, з 19 ст. — астраханскія бударкі. Суднавымі рухачамі напачатку былі шасты (жэрдкі) і вёслы, з 3-га тыс. да н.э. — ветразі (са скуры, трысняговых цыновак, драўляных планак). На вёславых С. ветразі былі дапаможнымі (выкарыстоўваліся толькі пры спадарожным ветры). У 10—13 ст. у Міжземнамор’і, Скандынавіі і Кітаі з’явіліся чыста ветразевыя судны. Яны маглі рухацца і супраць ветру, зменьваючы галсы. У 7 ст. з’явіліся універсальныя вёславыя С. — галеры, у 16 ст. — галеасы, у 17 ст. — яхты. З 12—13 ст. у Зах. Еўропе будавалі С., прыдатныя для акіянскіх плаванняў (каравелы, брыганціны, нефы і інш.). Найвышэйшага развіцця ветразевыя С. дасягнулі ў 2-й пал. 19 ст.: іх даўжыня да 90 м, грузападымальнасць да 5 тыс.т., скорасць 33 км/гадз і больш (гл.Барк, Брыг, Шхуна). Апошнім тыпам ветразевага С. быў кліпер. Першае жалезнае С. пабудавана ў 1787 у Вялікабрытаніі (Дж.Уілкінсан). Пазней карпусы пачалі рабіць са сталі (на пачатку кляпаннем, потым зваркай). У пач. 19 ст. з’явіліся параходы, у 1-й пал. 19 ст. на марскіх параходах замест грабных колаў пачалі ставіць грабныя вінты. На мяжы 19 і 20 ст. пачалі выкарыстоўваць паравыя турбіны і рухавікі ўнутр. згарання (у 1903 у Расіі пабудаваны першы дызель-электраход «Вандал»). Да сярэдзіны 20 ст. з’явіліся С. з энергет. ўстаноўкамі на ядз. паліве (атамаходы).
На Беларусі са стараж. часоў выкарыстоўваліся разнастайныя рачныя С.: лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 7 ст.ладдзі, з 15 ст.віціны, з 17 ст.баркі, з канца 19 ст.баржы і інш. Розныя тыпы С. (байдаркі, брандвахты, яхты, барліны, баржы, параходы, цеплаходы, С. тыпу «рака-мора» і інш.) выпускалі: Крычаўская суднаверф, Пінскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтныя з-ды (гл. адпаведныя арт. і Суднабудаванне). Рамантавалі С. суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Петрыкаве. Гл. таксама Рачны транспарт, Суднаходства.
Літ.:
Рябчиков П.А. Морские суда. М., 1959;
Нойкирхен Г. Мореплавание вчера и сегодня: Пер. с нем. Л., 1977;
Допатка Р., Перепечко А. Книга о судах: Пер. с нем. Л., 1981;
Шапиро Л.С. Самые быстрые корабли. 2 изд. Л., 1989;
Бережных О.А. Самые большие корабли: С древнейших времен до наших дней. Л., 1985;
Материалы по истории деревянного судостроения, XVIII—XIX вв. М., 1991;
Шитарев В.С. Паруса над океаном: Из глубины веков — до наших дней. М., 1996;
Макливи Р. Суда на подводных крыльях и воздушной подушке: Пер. с англ.Л., 1981;
Суда и судоходство будущего: Пер. с нем. Л., 1981;