АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,

краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс. км². Нас. 17,8 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).

Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.

Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-ра студз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.

Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр. ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн. чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн. чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс. ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).

Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.​І.​Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст. феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч. паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.

У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.​Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс. чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.

Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».

Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца ​2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн. га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн. га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн. га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн. т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн. т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн. т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн. шт., воўны 13 тыс. т, мяса 252 тыс. т, малака 610 тыс. т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс. т), прыродны газ (1 млрд. м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн. кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс. кВт), Махіпар (66 тыс. кВт), Сурабай (22 тыс. кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс. км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.

Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.

Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс. чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).

Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч. г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс. чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн. ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г. нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац. інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.

Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс. л-ра развівалася гал. ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг. л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл. Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.​Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.​Брэшна, Гаўсуддзін, Х.​Ітымадзі), скульптараў (М.​Хайдар, М.​Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж. дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар. муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.

Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес. т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.​Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.​А.​Раунак). Каб падтрымаць нац. т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.

Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.​М.​Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.

З.​М.​Шуканава (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг Афганістана.
Да арт. Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.
Да арт. Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.
Да арт. Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.
Да арт. Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.
Да арт. Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.
Да арт. Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.
Да арт. Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.
Да арт. Афганістан. К.​Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica), Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica),

краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак. Пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3534 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.

Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш. Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс. ж. (1997). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.

Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г. Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.​А.​Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.​Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.​Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.

У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.​М.​Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.

Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс. дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс. га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс. га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн. га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс. т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн. т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс. т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч. прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр. з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн. чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн. дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс. км, у т. л. 8,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд. дол., імпарт — 3 млрд. дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.

Літ.:

Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;

Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Коста-Рыкі.
Да арт. Коста-Рыка. Кававая плантацыя.
Да арт. Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТАРСТА́Н, Рэспубліка Татарстан,

Татарыя. Размешчана на У еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Пл. 67,8 тыс. км² Нас. 3782 тыс. чал. (2000), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 56 чал. на 1 км². Жывуць татары (48,5%), рускія (43,3%), чувашы (3,7%), мардва, марыйцы, удмурты, башкіры, беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Казань.

Найб. гарады: Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск, Альмецьеўск, Зеленадольск, Бугульма, Ленінагорск, Чыстапаль, Елабуга, Заінск, Азнакаева.

Прырода. Рака Волга падзяляе Т. на правабярэжжа і левабярэжжа. Большая ч. тэр. на левабярэжжы (Заволжа) — слабахвалістая раўніна (выш. 120—150 м). На ПдУ Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 364 м). Правабярэжжа занята паўн. адгалінаваннямі Прыволжскага ўзв. (выш. да 266 м). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (частка Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна), торф, буры вугаль, гаручыя сланцы, прыродныя бітумы, буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, гіпс, гліны і інш.), фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -13 °C на З да -14,8 °C на У, ліп. ад 18,7 °C на Пн да 19,6 °C на Пд. Ападкаў на правабярэжжы больш за 500 мм, на левабярэжжы 360—400 мм за год. Гал. рэкі: Волга, Кама, Белая, Вятка. Куйбышаўскае і Ніжнякамскае вадасховішчы. Глебы чарназёмныя (32%), дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк алювіяльныя. Лясы пераважна лісцевыя (дуб, ліпа, клён), займаюць каля 19% тэр. У складзе жывёльнага свету воўк, ліс, лось, вавёрка, бурундук, зайцы і інш.; з птушак глушэц, рабчык, драфа і інш. У вадаёмах 52 віды рыб. Нац. парк Ніжняя Кама, Волжска-Камскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Т. вядомы з палеаліту. Да 8—7 ст. да н.э. ў Волга-Кам’і склалася ананьінская, у пачатку н.э. ў Ніжнім Прыкам’і — п’янаборская культуры. У час Вял. перасялення народаў у Сярэдняе Паволжа праніклі цюрка-угорскія плямёны. У 6—8 ст. павялічылася колькасць цюркамоўнага насельніцтва, культура якога звязана з Цюркскім каганатам, Хазарскім каганатам і Вял. Балгарыяй. У 9—10 ст. цюркамоўныя балгары стварылі ў Сярэднім Паволжы дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, якая ў 922 прыняла іслам. У 1236—37 яна заваявана войскамі Батыя і ўключана ў склад Залатой Арды. У час яе існавання адбыліся асн. працэсы кансалідацыі цюрк. народаў у адзіную супольнасць. У 1-й пал. 15 ст. на тэр. Т. ўтварылася Казанскае ханства, у якім склалася народнасць паволжска-прыуральскіх татар. Працяглая барацьба паміж Рус. дзяржавай і Казанскім ханствам скончылася падзеннем апошняга ў 1552 і далучэннем яго зямель да Расіі. Пачалося інтэнсіўнае пранікненне рускіх на тэр. краю, рабіліся захады па яго прымусовай хрысціянізацыі, для чаго ў 1555 створана Казанская епархія. Карэннае насельніцтва ператворана ў ясачных людзей. Захоп зямель, рост павіннасцей, канфесіянальны прыгнёт сталі прычынай нар. паўстанняў (Еналееўскае паўстанне 1605—16, удзел татар у Сялянскай вайне 1670—71 і Сялянскай вайне 1773—75). Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некат. ўступкі: у 1773 абвешчана аб рэліг. цярпімасці, у 1784 тат. мурзы ўраўнаваныя ў правах з рус. дваранамі. У 1708 створана Казанская губ., якая ўключала ўсё Сярэдняе Паволжа і Зах. Прыуралле. У 1-й пал. 19 ст. тут склаўся шэраг прамысл. прадпрыемстваў, фарміравалася тат. купецтва і клас прадпрымальнікаў. У канцы 19 ст. склалася тат. нацыя, узмацніліся пазіцыі нац. буржуазіі. Рэвалюцыя 1905—07 дала магутны штуршок развіццю нац. культуры і самасвядомасці тат. народа, руху за нац. роўнасць і дэмакр. свабоды. З’явіўся тат. перыяд. друк. Створана першая агульнамусульм. паліт. партыя «Іттыфак аль-муслімін». Тат. нац.-вызв. рух актывізаваўся ў ходзе Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. Створаны нац. парламент — Мілет мэджлісі і органы нац. самакіравання.

27.5.1920 СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб утварэнні Татарскай АССР. За гады сав. улады Т. ператварыўся ў край з развітымі сельскай гаспадаркай, шматгаліновай прамысловасцю, сучаснымі навукай і культурай. Татары і інш. народы краю зрабілі буйны крок у развіцці сваіх нац. культур. Разам з тым з 1930-х г. назіраліся захады кіраўніцтва СССР да абмежавання нац. развіцця нярус. народаў, выцяснення іх моў з афіц. ўжытку. У Вял. Айч. вайну больш за 170 ураджэнцаў Т. сталі Героямі Сав. Саюза (у т. л. адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці П.​Гаўрылаў). Нямала воінаў з Т. ўдзельнічала ў партыз. руху на Беларусі (у т. л. З.​Нуры, Т.​Муратаў). У Т. працавалі эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы (абутковая ф-ка, кандытарскі камбінат «Спартак» і воскавашчынны з-д з Гомеля, цагельны з-д з Віцебска). У ліст. 1942 — чэрв. 1943 У ліст. 1941 — чэрв. 1942 у Т. жыў Я.​Купала. З сярэдзіны 1980-х г. пачаўся новы ўздым нац. самасвядомасці тат. народа. 30.8.1990 Вярх. Савет Тат. АССР змяніў статус рэспублікі і прыняў дэкларацыю аб яе дзярж. суверэнітэце. 12.6.1991 выбраны 1-ы прэзідэнт Рэспублікі Татарстан М.Шайміеў (у 1996 і 2001 пераабраны). 21.3.1992 рэсп. рэферэндум вызначыў дзярж. статус Т., у ліст. 1992 прынята яго канстытуцыя.

Гаспадарка. Т. — адна з найб. развітых у эканам. адносінах рэспублік Рас. Федэрацыі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 51,7%, сельская гаспадарка — 3,7%, сфера паслуг — 44,6%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): паліўная (33,8%), хім. і нафтахім. (22,5%), маш.-буд. і металаапрацоўка (19,6%), электраэнергетыка (7,1%). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (26,3 млн. т, 1999, Рамашкінскае, Новаелхоўскае, Первамайскае, Бандзюжскае і інш. радовішчы). Вытв-сць электраэнергіі 22,1 млрд. кВт∙гадз пераважна на ДРЭС (Заінская, Урусінская); Ніжнякамская ГЭС. Выраб шын (8,3 млн. шт., 1-е месца ў Расіі) у Ніжнякамску, пластмасы і сінт. смалы (365 тыс. т, 2-е месца), газаправодных поліэтыленавых труб, сінт. каўчуку (190 тыс. т), кінафотаплёнкі і магнітных стужак, мыйных сродкаў, лакафарбавых матэрыялаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў у Казані, мінер. угнаенняў у Мендзялееўску. Маш.-буд. і металаапр. прадпрыемствы вырабляюць велікагрузныя (14,8 тыс. шт., Набярэжныя Чаўны) і легкавыя (28,4 тыс. шт., Елабуга) аўтамабілі, самалёты, верталёты, авіяматоры, газавую апаратуру, вакуумную тэхніку, кампрэсары, ЭВМ, радыёпрыёмнікі (Казань), судны, халадзільнікі і маразільнікі (26,9 тыс. шт., Зеленадольск), машыны і абсталяванне для нафтаздабыўной прам-сці, электралямпы, трубы (100 тыс. т., Альмецьеўск), электратэхн. і нафтавае абсталяванне (Бугульма), гадзіннікі, аўтаспецабсталяванне (Чыстапаль). Харч. і харчасмакавая прам-сць дае 9,5% валавой прадукцыі Т. Развіты вытв-сць мяса (52 тыс. т), масла (17,1 тыс. т, 1-е месца ў Расіі), гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў (8,7 млн. дэкалітраў, 2-е месца), піва, алею, цукру (160 тыс. т), малочнай прадукцыі, тытуню. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Казані (футравы к-т, абутковая і швейная ф-кі), Чыстапалі (абутковая ф-ка), Елабузе, Зеленадольску (швейная ф-ка), Альмецьеўску (панчошна-шкарпэткавая ф-ка) і інш. Лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, паперы, кардону). Вытв-сць буд. матэрыялаў. Фарфора-фаянсавая прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі і збожжа. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,1 млн. га, у т. л. ворныя землі 3,6 млн. га, сенажаці і пашы 0,5 млн. га. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (1190), свіней (752), авечак і коз (513). Развіты птушкагадоўля, футравая зверагадоўля, трусагадоўля, спарт. і племянная конегадоўля, пчалярства (1253 т мёду, 2000), рыбаводства. Пасяўныя пл. 3 млн. га (1999), пад збожжавымі культурамі 54%, тэхн. 3,5%, бульбай і агароднінай 3,7%, кармавымі культурамі 39%. Сярод пасеваў збожжавых пераважаюць пшаніца, жыта, ячмень, авёс, гарох, з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік. Пладаводства. Збор (тыс. т, 1999): збожжа 2584, цукр. буракоў 891, сланечніку 5,1, бульбы 1143 (1-е месца ў Расіі), агародніны 303, пладоў і ягад 39. Т. мае развітую трансп. сетку. Даўж. чыгункі 879 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 12,4 тыс. км (2000). Асн. чыгунка Масква—Казань—Екацярынбург.

Суднаходства па рэках Волга, Кама, Вятка, Белая ў межах Т. на 976 км. Рачныя парты: Казань, Ніжнякамск, Набярэжныя Чаўны. Аэрапорты ў Казані, Бугульме, Набярэжных Чаўнах. Даўж. магістральных трубаправодаў (нафта- і нафтапрадуктаправоды) 6,5 тыс. км. Альмецьеўск — пач. пункт нафтаправодаў «Дружба», у Ніжні Ноўгарад, Перм, Самару. Рэспубліка пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу паліва, хім. і нафтахім. прадукцыю, аўтамабілі, дзелавую драўніну, харч. прадукты; завозіць машыны і абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, харч. прадукты. Курорты: Бакірава, Васільеўскі, Іжэўскія Мінер. Воды.

Літаратура. Развіваецца на татарскай мове. Вытокі ў фальклоры і помніках сярэдневяковай цюркскай культуры. Вядомы помнікі культуры Балгарыі Волжска-Камскай, у т. л. паэма Кул Галі «Кыса-і-Юсуф» (13 ст.). У развіцці маст. л-ры важнае месца належыць золатаардынскаму перыяду (гуманіст. творы Кутба, М.​Булгары, С.​Сараі і інш.). З распадам Залатой Арды асн. цэнтрам культ. жыцця стаў г. Казань. Перыяд Казанскага ханства звязаны з творчасцю Мухамедзьяра, Умі Камала, Кул Шарыфа. Новы перыяд у развіцці тат. культуры і л-ры пачаўся пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі (1552). У л-ры пераважалі рэлігійна-суфійскія матывы, аднак значнае месца належала свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Маўля Кулы, Утыза Імяні, Ш.​Закі, Г.​Чакрыя і інш. складваецца вобраз ідэальнага ў маральных адносінах чалавека, усхваляюцца розум, гуманізм, асуджаюцца заганы ўладатрымальнікаў. Дамінуючым маст. метадам заставаўся традыц. ўсх. рамантызм. З 2-й пал. 19 ст. л-ра засвойвае еўрап. рэалізм (паэзія Г.​Кандалыя, М.​Акмулы, Я.​Емяльянава, проза М.​Ак’егетава, З.​Бігеева, драматургія Г.​Ільясі, Ф.​Халідзі). Пач. 20 ст. — перыяд узнікнення і фарміравання новых кірункаў і маст. метадаў. Пераўтвараліся традыц. жанры, узніклі новыя, пашыралася тэматыка твораў, фарміравалася літ. крытыка, актыўна выкарыстоўваліся вопыт і дасягненні ўсх., рус. і ўсх.-еўрап. л-ры (Г.​Тукай, Ф.Амірхан, М.Гафуры, Дэрдменд, Г.​Ібрагімаў, Г.​Камал, Ш.​Камал, С.​Раміеў, Ш.​Бабіч, М.​Файзі і інш.). У 1920—40-я г. развівалася творчасць Ф.​Бурнаша, К.Наджмі, Х.​Такташа, К.​Тынчурына, М.​Галяў, А.​Шамава, Х.​Туфана, А.​Кутуя, М.Джаліля, А.​Аліша, Ф.​Карыма, Н.​Ісанбета і інш. У 1950-я г. іх традыцыі працягвалі І.Башыраў, І.Газі, А.​Файзі, Ф.​Хусні, М.​Амір, С.​Батал, А.​Енікі, С.​Хакім, А.​Абсалямаў, Х.​Вахіт, А.​Расіх. З 1960-х г. пашырыліся магчымасці для маст. аналізу з’яў мінулага і сучаснасці, у абнаўленні л-ры значную ролю адыграла плеяда «шасцідзесятнікаў» (Р.​Тухватулін, А.​Плязаў, Г.​Ахунаў, Н.​Фатах, Ш.​Галіеў, І.​Юзееў, Ш.​Хусаінаў), якія прынеслі ў яе надзённыя сац.-маральныя праблемы. У 1970—80-я г. праявілі сябе М.​Магдзееў, Т.​Мінулін, Р.​Мухамадзіеў, М.​Хабібулін, Ш.​Бікчурын, М.​Хасанаў, В.​Нурулін, Р.​Файзулін, Р.​Харысаў, Р.​Батула, Р.​Гатаулін, Зульфат, М.​Аглямаў і інш. У 1990-я г. ўзмацнілася ўвага да адраджэння шматвяковай гісторыка-культ. спадчыны. Вызваленае ад ідэалагізаваных прынцыпаў літаратуразнаўства імкнецца да рознабаковага асвятлення літ. працэсу, навукова-аб’ектыўнай ацэнкі маст. з’яў і тэндэнцый. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены зб-кі вершаў «Радасць сустрэч» З.Нуры (1973), «Маабіцкі сшытак» (1975, пер. А.​Пысін і С.​Гаўрусёў) і «Я гляджу на зоры» (1985, пер. Э.​Агняцвет) Джаліля, аповесці «Адкуль ты, Жан?» Ш.​Ракіпава (1976, пер. У.​Мехаў), «Зялёная мая калыска» Башырава (1981, пер. А.​Васілевіч). Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць М.​Аўрамчык, Э.​Валасевіч, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, А.​Звонак, І.​Калеснік, В.​Коўтун, П.​Прыходзька, Ю.​Свірка, Н.​Тулупава і інш.

Архітэктура. Ад 10—14 ст. захаваліся рэшткі пабудоў на тэр. гарадзішчаў Сувара, Біляра, Болгара, драўляных абарончых сцен, зрубных жылых дамоў з 2-схільным дахам і глінабітных дамоў з плоскім дахам, руіны дамангольскіх каменных пабудоў. У перыяд Залатой Арды (з сярэдзіны 13 ст.) з каменю і цэглы будавалі крэпасці, палацы, мячэці (саборная мячэць, т. зв. Чорная палата ў Болгары і інш.), маўзалеі, лазні (т. зв. Чырвоная палата ў Болгары), стылістычна звязаныя з дойлідствам Сярэдняй Азіі. Будынкі ўпрыгожвалі фрэскавай размалёўкай, каляровай керамікай, арнаментальнай разьбой па камені і тынкоўцы. Пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі архітэктура Т. развівалася ў рэчышчы рас. дойлідства: крэмль (16 ст.), кафедральны сабор (1723—26), ун-т (1825—30-я г., арх. П.​Пятніцкі, М.​Карынфскі) у Казані. Архітэктуры 19 — пач. 20 ст. ўласцівы эклектызм. Для нар. дойлідства характэрны драўляныя дамы (6- або 5-сценныя) з размалёўкай дэкар. дэталямі. Гасп. пабудовы падзелены на асобныя групы, ізаляваныя ад жылога дома. У 1910-я г. пашырылася грамадз. і прамысл. будаўніцтва, рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя гарады (Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск і інш.). У 1920—30-я г. з’явіліся рысы канструктывізму (Дом друку ў Казані, арх. С.​Пэн), пазней пачаўся зварот да традыц. форм нар. дойлідства (Тат. т-р оперы і балета імя М.​Джаліля, 1953—46, арх. Н.​Скварцоў, І.​Гайнутдзінаў), да больш рацыянальных аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (рачны вакзал, арх. Гайнутдзінаў; канцэртная зала кансерваторыі, арх. М.​Агішаў; цырк, арх. Г.​Пічуеў і інш., усе ў Казані). З 1990-х г. у архітэктуры адраджаюцца традыц. планіровачныя прыёмы, нац. асаблівасці ў будынках жыллёвага, культавага і грамадскага прызначэння. У 1938 засн. Саюз архітэктараў Т.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. Т. — неалітычныя крамянёвыя зааморфныя фігуркі, кераміка з геам. арнаментам, пасудзіны і ўпрыгожанні эпохі бронзы. Да 19 ст. выяўл. мастацтва не развівалася (іслам забараняе выявы жывых істот). Сярод вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва пераважалі сярэбраныя ўпрыгожанні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, залатое шыццё гладдзю, шматколерная вышыўка тамбурам, аплікацыя па тканіне, скуры, лямцы, разьба па камені і дрэве, бязворсавыя дываны, узорыстыя вырабы са скуры. З выразанымі на камені выслоўямі з Карана (т. зв. шамаілі) і першымі друкаванымі кнігамі (канец 18 — пач. 19 ст.) звязана мастацтва каліграфіі (буйнейшы майстар Алі Махмудаў). У 19 ст. жывапіс і графіка развіваліся ў творчасці рас. мастакоў, што жылі ў Казані (Л.​Крукаў, В.​Турын і інш.). У 1895 адкрыта Казанская маст. школа. У 1900-я г. з’явіліся тат. графікі-ілюстратары (М.​Галееў, Г.​Гумераў). Пасля стварэння ў Казані ў 1923 філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі пачалі рыхтавацца нац. кадры мастакоў (Б.​Урманчэ, С.​Ахун, Н.​Валіулін, Ф.​Тагіраў і інш.). У гады Вял. Айч. вайны працавалі М.​Васільева, Г.​Жыткоў, К.​Максімаў, Г.​Рахманкулава, Н.​Сакольскі, В.​Цімафееў; пашырыўся агітплакат (І.​Бабравіцкі, Э.​Гельмс). У 1950—80-я г. ў гіст. і быт. жанрах працавалі І.​Зарыпаў, І.​Рафікаў, Рахманкулава, Л.​Фатахаў, І.​Халілулаў, Х.​Якупаў і інш.; у жанры партрэта — В.​Кудзелькін, С.​Ратніцкі; пейзажа — М.​Кузняцоў, С.​Лывін, Максімаў, М.​Усманаў; у скульптуры — Урманчэ, В.​Малікаў, Н.​Адылаў, Г.​Зябліцаў, Р.​Нігматуліна; у станковай і кніжнай графіцы — Л.​Кісялёва, І.​Калмагорцава, Л.​Пацягунін і інш. Мастацтва 1990-х г. адметнае пашырэннем жанравага і стылявога дыяпазонаў, з’яўленнем новых творчых кірункаў, адраджэннем тат. і мусульм. традыц. вобразнай сістэмы. У 1939 засн. Саюз мастакоў Т.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Т. ў нар. гульнях і відовішчах. Першыя публічныя тэатр. пастаноўкі вядомы з 1728 (Казань). У 1791 створаны пастаянны публічны т-р. З 1802 дзейнічала антрэпрыза П.​Есіпава. З пач. 19 ст. ў Казані пачалі будаваць спец. тэатр. будынкі. З 1830-х г. тут пастаянна працавалі трупы прыватных антрэпрэнёраў. Існавалі і гурткі аматараў тэатр. мастацтва. Антрэпрэнёрская дзейнасць П.​Мядзведзева і М.​Барадая вывела казанскі т-р на значны ўзровень выканаўчага майстэрства (ставіліся п’есы А.​Грыбаедава, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, А.​Пісемскага, Л.​Талстога, А.​Чэхава і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Казані дзейнічалі оперныя і драм. трупы, т-ры аперэты і мініяцюр, гастраліравалі рус. акцёры (Г.​Фядотава, В.​Андрэеў-Бурлак і інш.). На казанскай сцэне пачыналі сваю творчую дзейнасць дзеячы рус. тэатра У.​Давыдаў, П.​Стрэпетава, М.​Пісараў, В.​Качалаў і інш. З сярэдзіны 19 ст. развіваўся тат. аматарскі т-р. У 1906 спектаклі аматараў з асяроддзя тат. інтэлігенцыі паклалі пачатак тат. прафес. т-ру (тэатр. трупы «Саяр», «Нур», «Шыркат», «Яшлек»). Сярод акцёраў і рэжысёраў Г.​Балгарская, Б.​Балгарскі, Ф.​Ільская, Камал Першы, Г.​Карыеў, Ш.​Кудашаў-Іманскі, М.​Муцін, З.​Султанаў і інш. Творы для сцэны пісалі Ф.​Амірхан, Г.​Ільясы, Г.​Ісхакі, Г.​Камал, Ш.​Камал, Г.​Кулахметаў, С.​Раміеў, М.​Файзі, К.​Тынчурын і інш. У 1920 арганізаваны Першы паказальны тат. т-р (Тат. т-р імя Г.​Камала). Былі пашыраны т-ры рабочай моладзі, эксперым. трупы, дзе вяліся пошукі новых выразных сродкаў тэатр. мастацтва. Ствараліся тэатр. студыі, у 1923 у Казані адкрыўся тэатр. тэхнікум. У 1930-я г. склалася шырокая сетка перасоўных т-раў, якія пазней атрымалі статус дзярж. (Альмецьеўскі тат. драм. т-р, Мензелінскі тат. драм. т-р, Тат. рэсп. перасоўны т-р і Казанскі т-р лялек). У 1950—60-я г. пашырылася аматарскае тэатр. мастацтва. Рэпертуар тат. т-ра папоўніўся п’есамі А.​Аміра, Ф.​Бурнаша, Х.​Вахіта, А.​Гілязава, Т.​Гізата, Н.​Ісанбета, Р.​Ішмурата, Т.​Мінуліна, З.​Хакіма, Р.​Хаміда, І.​Юзеева і інш. З імёнамі акцёраў Х.​Абжалілава, Н.​Арапавай, Ш.​Біктэмірава, Ф.​Ільскай, Г.​Камскай, Х.​Салімжанава, З.​Султанава, Р.​Тазетдзінава, Х.​Уразікава, Ф.​Халітава, Н.​Шагідарава, Ш.​Шамільскага, К.​Шаміля, Г.​Шамукава, Р.​Шарафіева і інш. звязана фарміраванне школы самабытнага акцёрскага майстэрства; Г.​Дэвішаў, Г.​Ісмагілаў, М.​Салімжанаў, Ш.​Сарымсакаў, Р.​Тумашаў, Г.​Юсупаў і інш. склалі школу нац. рэжысуры. У канцы 1990-х г. у Т. дзейнічалі 13 дзярж. і муніцыпальных т-раў. Праводзяцца тэатр. фестывалі, найбуйнейшы з якіх імя Ф.​Тынчурына. У т-рах пастаўлены бел. п’есы: «У ціхім завулку» А.​Маўзона, «Гэта было ў Мінску» А.​Кучара (1956, 1963, Чыстапальскі рус. вандроўны т-р), «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» А.​Макаёнка (1972, 1973, Вял. драм. т-р імя Качалава).

Музыка. Традыц. тат. нар. музыка аднагалосая. Ладавая аснова — пентатоніка. Сярод характэрных песенных жанраў: озын кюй (працяжныя), кыска кюй (кароткія хуткія і танц. прыпеўкі — такмакі), аўыл кюе (сялянскія напевы), баіт (стараж. рэчытатыўна-апавядальныя песні-сказы). Сярод нар. інструментаў: курай (род флейты), кубыз (варган), з 19 ст. скрыпка і гармонік. Запісы тат. песень пачаліся ў 19 ст. У пач. 20 ст. закладзены асновы прафес. муз. мастацтва (Ф.​Латыпаў, З.​Ярулін, С.​Габашы). Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі муз.-драм. пастаноўкі тат. драм. труп. У ліку заснавальнікаў кампазітарскай школы Т. — С.​Сайдашаў. Сярод першых тат. опер «Санія» (1925), «Рабочы» (1930) Г.​Альмухамедава, В.​Вінаградава, Габашы. У 1930-я г. створаны філармонія імя Г.​Тукая, Дзярж. ансамбль песні і танца, Дом нар. творчасці (1937), Тат. т-р оперы і балета і Саюз кампазітараў Т. (1939). Значны ўклад у развіццё опернага жанру Н.​Жыганава («Уцякач», 1939; «Золатавалосая», 1941; «Намус», 1950; «Джаліль», 1956, і інш.); лірыка-псіхал. оперу «Самат» (1956) на сучасную тэму стварыў Х.​Валіулін. Аўтар першага нац. балета Ф.​Ярулін («Шурале», 1941), муз. камедыі — Д.​Файзі («Чаравічкі», 1942). Развіваецца сімф. і камерна-інстр. музыка, харавыя і песенныя жанры. Уклад у развіццё муз. мастацтва 20 ст. зрабілі кампазітары Ф.​Ахметаў, Э.​Бакіраў, Р.​Бялялаў, А.​Валіулін, Р.​Губайдулін, Р.​Енікееў, Жыганаў, А.​Ключароў, А.​Леман, А.​Манасыпаў, М.​Музафараў, Б.​Мулюкоў, Файзі, З.​Хабібулін, Л.​Хайрутдзінава, Ш.​Шарыфулін, Р.​Яхін, Ярулін і інш., спевакі А.Абасаў, А.​Асадулін, З.​Байрашава, М.​Булатава, Р.​Ібрагімаў, А.​Ізмайлава, Г.​Кайбіцкая, Ф.​Насрэтдзінаў, М.​Рахманкулава; выканаўцы нар. песень Р.​Вагапаў, Г.​Сулейманава, І.​Шакіраў і інш. Працуюць (2002): кансерваторыя (з 1945), муз. ф-т у пед. ін-це (з 1960), Ін-т культуры (з 1969, усе ў Казані), муз. вучылішча і школы. Праводзяцца фестывалі: сучаснай музыкі Еўропа—Азія, оперны імя Ф.​Шаляпіна, класічнага балета імя Р.​Нурыева (усе ў Казані). У 1997 муз. калектывы Т. прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах Беларусі з нагоды 600-годдзя пасялення тут абшчыны татар.

Літ.:

История Татарской АССР (с древнейших времен до наших дней). Казань, 1968;

Каримуллин А. Татары: этнос и этноним. Казань, 1989;

Исхаки Г. Идель-Урал. Казань, 1991;

Халиков А.Х. Происхождение татар Поволжья и Приуралья. Казань, 1978;

Татарский энциклопедический словарь. Казань, 1999;

Татары. М., 2001;

Валеев Ф.Х. Архитектурно-декоративное искусство казанских татар... Йошкар-Ола, 1975;

Изобразительное искусство Советской Татарии: Альбом. М., 1983;

Файнберг А.Б. Художники Татарии. Л., 1983;

Червонная С.М. Искусство Татарии. М., 1987;

История советского драматического театра. Т 1—6. М., 1966—71;

Исхакова-Вамба Р.А. Народные песни казанских татар. Казань, 1976;

Сайдашева З.Н. Татарская советская песня. Казань, 1984;

Композиторы и музыковеды Советского Татарстана. Казань, 1986.

Я.​А.​Якубоўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​Б.​Канапацкі (гісторыя, літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатр).

Да арт. Татарстан. Куйбышаўскае вадасховішча.
Да арт. Татарстан. Панарама г. Казань.
Да арт. Татарстан. Ніжнякамскі нафтахімічны камбінат.
Да арт. Татарстан. Панарама Казанскага крамля.
Да арт. Татарстан. Будынак Татарскага тэатра оперы і балета.
Да арт. Татарстан. Будынак Казанскага універсітэта.
Да арт. Татарстан. Кафедральны сабор у Казані. 1723—26.
Да арт. Татарстан. Старонка Карана. 19 ст.
Да арт. Татарстан. Н.Бікулаў. На жніве.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo), Рэспубліка Конга (République du Congo),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, на Пн і Пд ад экватара. Выцягнута з Пн на Пд уздоўж правых берагоў рэк Конга і Убангі. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Камерунам, на У і Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Анголай (паўанклаў Кабінда), на З з Габонам, на ПдЗ абмываецца Атлантычным ак. Пл. 342 тыс. км². Нас. 2,7 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Сталіца — г. Бразавіль. Краіна падзяляецца на 9 абласцей і аўт. акругу Бразавіль. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 жн.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, зацверджаная на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту (Палата прадстаўнікоў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. прызначаным прэзідэнтам ад партыі, што атрымала большасць галасоў на парламенцкіх выбарах.

Прырода. У рэльефе дамінуюць плато і невысокія (да 1040 м) горы на Пд, плоскія алювіяльныя раўніны на Пн. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, калійная соль, свінцовыя, цынкавыя, медныя руды, невял. радовішчы фасфарытаў, золата, алмазаў, жалезных, алавяных, вальфрамавых руд. Клімат гарачы, на Пн экватарыяльны, пастаянна вільготны з 2 максімумамі ападкаў (сак.—май, верасень—лістапад), на Пд субэкватарыяльны з сухім сезонам (чэрв.—верасень). Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (крас., радзей сак.) 24—27 °C, самага халоднага (ліп., радзей жн.) 20—25 °C. Ападкаў 1500—2000 мм за год, па крайнім Пд 1200—1300 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Рака Конга і яе гап. правыя прытокі Убангі, Санга, Ліквала, Аліма суднаходныя; на Пд бас. р. Квілу. Значныя запасы гідраэнергіі. У расліннасці пераважаюць вільготныя экватарыяльныя і лістападна-вечназялёныя субэкватарыяльныя лясы (каля 50% тэр.). Пераважна на Пд — другасныя высакатраўныя саванны (каля 40% тэр.). Жывёльны свет: малпы, леапарды, пантэры, на Пн сланы, у рэках бегемоты і кракадзілы. Нац. парк Адзала, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Амаль усё належыць да моўнай групы банту. На Пд жывуць народы падгрупы конга (баконга, басунды, бакуньі, бавілі, байомбе і інш.; каля 50% насельніцтва краіны). У сярэдняй ч. народ тэке (17%) і блізкія да яго народы. На Пн найб. шматлікі народ мбошы (12%). У трапічных лясах плямёны пігмеяў (каля 25 тыс. чал.). У гарадах невял. групы еўрапейцаў, пераважна французаў. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (50%, гал. ч. католікі) і прыхільнікі мясц. культаў (48%). Сярэднегадавы прырост 2,8% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 8 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 50 чал. на 1 км²) заселены Пд краіны. У гарадах 59% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Бразавіль — 1004, Пуэнт-Нуар — каля 300. У сельскай гаспадарцы занята 49% працаздольных, у прам-сці — 15%, у сферы абслугоўвання — 36%.

Гаспадарка. У валавым унутр. прадукце (2,6 млрд. дол., 1996) характэрны адносна высокая доля прам-сці (44%) і сферы абслугоўвання (46%) і нізкая доля сельскай гаспадаркі (10%). Штогадовы даход на 1 чал. каля 1000 дол. ЗША. Аснова эканомікі — нафтаздабыўная і лясная прам-сць, значныя паступленні ад транзітнага гандлю і перавозак. Сельская гаспадарка малапрадукцыйная. Апрацаваныя землі і шматгадовыя насаджэнні займаюць каля 610 тыс. га. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі (0,5—2 га), ёсць дзярж. фермы. Пашырана лядна-агнявая сістэма земляробства. Асн. харч. культуры: маніёк (штогадовы збор 600—1000 тыс. т), батат, ямс, тара, бананы, проса, рыс, кукуруза; тэхнічныя: цукр. трыснёг, арахіс, алейная пальма, тытунь. Плантацыі гевеі. На экспарт вырошчваюць невял. колькасць какавы, кавы, бананаў, цытрусавых, ананасаў. Жывёлагадоўля развіта слаба, пераважна на Пд, дзе ёсць раёны рэдкастойных лясоў і саваннаў, свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (тыс. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 300, свіней — каля 50. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (35 тыс. т, 1993). Паляўніцтва і збіральніцтва, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. У прамысловасці гал. роля належыць здабычы нафты (15,7 млн. т, 1997); у асн. распрацоўваюцца радовішчы на шэльфе. Здабываюць таксама калійную соль (на Пн ад г. Пуэнт-Нуар), прыродны газ, жалезныя, свінцова-цынкавыя, алавяныя і медныя руды, золата, алмазы. Вытв-сць электраэнергіі 440 млн. кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС. Развіта лясная прам-сць і дрэваапрацоўка, асабліва вытв-сць піламатэрыялаў і фанеры, больш за 20 лесапільных і фанерных з-даў. Нарыхтоўка драўніны — больш за 600 тыс. м³ (1996), гал. чынам дрэвы акуме, лімба, чырвонае і інш. Лесараспрацоўкі вядуцца пераважна каля чыгунак і суднаходных рэк на Пд краіны. Харчасмакавая прам-сць: вытв-сць цукру (Нкайі), піва і прахаладжальных напіткаў (Бразавіль, Пуэнт-Нуар), пальмавага і арахісавага алеяў, тытунёвых вырабаў (Бразавіль), рыбных кансерваў (Пуэнт-Нуар), мукі, хлебапрадуктаў, кавы і інш. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэментны з-д у Лутэтэ), нафтаперапрацоўчы з-д (Пуэнт-Нуар). Хім. прам-сць прадстаўлена вытв-сцю фарбаў, мыла, інсектыцыдаў, пластмасавых, парфумерных і касметычных вырабаў. У Бразавілі і Пуэнт-Нуары вытв-сць невял. суднаў, металаканструкцый, шкла, прадпрыемствы тэкстыльнай, швейнай, гарбарна-абутковай, запалкавай прам-сці. Развіты саматужныя промыслы, у т. л. разьба па дрэве, маст. кераміка. Транспарт пераважна чыгуначны і ўнутр. водны. Даўж. чыгунак 806 км. Гал. лінія Бразавіль—Пуэнт-Нуар (517 км). Суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс. км. Гал. рачны порт Бразавіль. Агульная працягласць аўтадарог 15 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. порт Пуэнт-Нуар, праз яго ідзе транзітны гандаль Цэнтр.афр. Рэспублікі, Чада, паўн.-ўсх. раёнаў Габона. У К. больш за 50 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорты ў Бразавілі і Пуэнт-Нуары. У 1995 экспарт склаў 670 млн. дол., імпарт — 559 млн. дол. У экспарце пераважае нафта (каля 90% па кошце), меншае значэнне маюць піламатэрыялы, фанера, кава, какава, цукар, у імпарце — металы, машыны і абсталяванне, угнаенні, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры: Францыя (25% экспарту і 50% імпарту), ЗША (адпаведна 40 і 7%), Італія, Германія. Грашовая адзінка — афрыканскі франк.

Гісторыя. Найб. старажытным насельніцтвам на тэр. К. былі плямёны пігмеяў. У пач. н. э. тут пасяліліся плямёны банту, якія займаліся земляробствам і рамёствамі. У 16—19 ст. на тэр. К. існавала дзярж. ўтварэнне Лаанга (на ўзбярэжжы). Першыя еўрапейцы з’явіліся ў К. ў 1482, пазней К. стала адным з гал. раёнаў гандлю рабамі. У 1880 кіраўнік франц. экспедыцыі П. дэ Браза навязаў правадыру народнасці батэке дагавор аб франц. пратэктараце, заснаваў умацаваны пост Нкуна (цяпер г. Бразавіль). Берлінская канферэнцыя 1884—85 вызначыла межы франц. уладанняў у бас. р. Конга і была створана калонія Франц. К. (у 1903 перайменавана ў Сярэдняе К.). З 1910 у складзе федэрацыі Франц. Экватарыяльная Афрыка. У жн. 1940 К. адна з першых сярод франц. калоній падтрымала рух «Свабодная Францыя». З 1946 К. — заморская тэр. Францыі, з 28.11. 1958 — аўт. рэспубліка К. ў складзе Франц. супольнасці.

15.8.1960 абвешчана незалежнасць К. Першым яе прэзідэнтам у снеж. 1959 выбраны кіраўнік Дэмакр. саюза абароны афр. інтарэсаў Ф.​Юлу, які аб’яднаў пераважна прадстаўнікоў народа баконга. Празаходні курс рэжыму, карупцыя, цяжкае эканам. становішча сталі прычынай масавых пратэстаў у 1963, пад націскам якіх Юлу падаў у адстаўку. Прэзідэнтам стаў палк. А.​Масамба-Дэба, пад кіраўніцтвам якога быў створаны Нац. Рэв. рух (НРР з 1974 адзіная легальная партыя краіны). У 1966 абвешчаны курс на пабудову ў К. сацыяліст. грамадства. Намаганні Масамба-Дэба ўсталяваць рэжым асабістай улады прывялі да выступлення арміі ў ліп. — жн. 1968, у выніку чаго ўлада перайшла да Нац. савета рэвалюцыі на чале з М.Нгуабі (з 1969 прэзідэнт). У снеж. 1969 адбыўся 1-ы з’езд Кангалезскай партыі працы (КПП, пераемніца НРР), а краіна перайменавана ў Нар. Рэспубліку К. Былі ўсталяваны цесныя сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пасля забойства Нгуабі (1977) прыпынена дзейнасць канстытуцыі, створаны ваен. к-т КПП на чале з Ж.​Іомбі-Апанга. У крас. 1979 прынята новая канстытуцыя, прэзідэнтам выбраны Д.​Сасу-Нгеса, які захаваў сувязі з сацыяліст. краінамі і палепшыў адносіны з краінамі Захаду, што паспрыяла хуткаму эканам. росту К. З сярэдзіны 1980-х г. эканам. цяжкасці паглыбіліся. Пачалася паступовая лібералізацыя ўнутр. палітыкі. У 1990 КПП адышла ад марксісцкай ідэалогіі і прыняла с.-д. праграму, у студз. 1991 уведзена шматпартыйнасць. На першых шматпартыйных выбарах у Нац. Асамблею ў маі 1992 перамог Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, кіраўнік якога П.​Лісуба ў жн. 1992 выбраны прэзідэнтам К. Адначасова Сасу-Нгеса захаваў узбр. атрады, спроба раззброіць якія прывяла да грамадз. вайны ў маі—жн. 1997. Пры падтрымцы Анголы прэзідэнтам краіны зноў стаў Сасу-Нгеса. К. — член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Панафр. саюз за сац. дэмакратыю, Аб’яднанне за дэмакратыю і развіццё, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац. прагрэс, Кангалезскі рух за дэмакратыю і інтэгральнае развіццё, Кангалезская партыя працы, Кангалезская прафс. канфедэрацыя і інш.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (іх сетка развіта слаба), пач., сярэднія і прафес.-тэхн. школы, -ВНУ. Усе навуч. ўстановы дзяржаўныя, школа аддзелена ад царквы. Пач. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту, тэрмін навучання 6 гадоў. Сярэдняя школа 7-гадовая, мае 2 цыклы; 1-ы (4-гадовы) — няпоўная абавязковая сярэдняя школа, 2-і — поўная сярэдняя (ліцэй, 3 гады навучання). У ліцэі вучні размяркоўваюцца па аддзяленнях (8 профіляў). Па выніках экзаменаў выпускнікам ліцэя прысвойваецца званне бакалаўра, якое дае права працаваць у пач. школе. Прафес.-тэхн. падрыхтоўка вядзецца на базе пач. школы ў 2-гадовых цэнтрах пач. прафес. падрыхтоўкі і ў 4-гадовых калежах тэхн. адукацыі, паспяховае заканчэнне якіх дае магчымасць працягваць навучанне ў тэхн. ліцэі з 3-гадовым курсам павучання. Пасля заканчэння яго і здачы экзаменаў на званне бакалаўра па тэхн. спецыяльнасці выпускнікі могуць паступаць у ВНУ адпаведнага профілю. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць Бразавільскі ун-т (засн. ў 1961 як цэнтр вышэйшай адукацыі, з 1971 ун-т), ін-ты і вышэйшыя школы. Навук. даследаванні праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты, у т. л. Нац. цэнтр пед. даследаванняў і дакументацыі. У 1965 у Бразавілі адкрыты Нац. музей, пры якім працуюць архіў і б-ка.

Літ.:

Думнов Д.И. Народная Республика Конго. М., 1977;

Орлова А.С. История государства Конго (XVI—XVII вв.). М., 1968;

Елисеев В.И. По джунглям Конго 2 изд. М., 1992.

Герб і сцяг Конга (Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (РК). Рака Конга каля г. Бразавіль.
Да арт. Конга (РК). Здабыча калійных солей.

т. 8, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́ (ЯКУ́ЦІЯ), Рэспубліка Саха (Якуція),

Якуція, у складзе Расійскай Федэрацыі. Размешчана на Пн Усх. Сібіры. Абмываецца морамі Лапцевых і Усх.-Сібірскім. Уключае Новасібірскія астравы. Пл. 3102,2 тыс. км². Нас. 989 тыс. чал. (2000), гарадскога 64,6%. Сярэдняя шчыльн. 0,3 чал. на 1 км². Больш густа заселены паўд. улусы (адм. раёны) рэспублікі. Жывуць якуты (33,4%), рускія (50,3%), украінцы (7,1%), народнасці Поўначы (2,3%), у т. л. эвенкі, эвены, юкагіры. Сталіца — г. Якуцк. Найб. гарады: Нерунгры, Мірны, Ленск, Алдан, Удачны.

Прырода. Берагавая лінія моцна парэзаная (бухта Нордвік, зал. Анабарскі, Алянёцкі, Янскі, Калымскі, губа Буор-Хая з бухтай Тыксі). Большая ч. тэр. занята горнымі сістэмамі і пласкагор’ямі. На З Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), якое на Пн абмежавана Паўн.-Сібірскай нізінай, на У — Цэнтральнаякуцкай раўнінай. У паўд. ч. Алданскае нагор’е (выш. 650—1000 м), на Пн ад яго Прыленскае плато, на Пд — Станавы хрыбет. На правабярэжжы р. Лена хрыбты Верхаянскі (выш. да 2389 м) і Чэрскага (выш. да 3147 м, г. Перамога), паміж імі Яна-Аймяконскае нагор’е. На Пн Яна-Індыгірская і Калымская нізіны, на ПнУ Юкагірскае пласкагор’е. Больш за 40% тэр. за Палярным кругам. Карысныя выкапні: алмазы, золата, волава, сурма, вальфрам, слюда, поліметал. і жал. руды, каменны і буры вугаль (Паўднёва-Якуцкі вугальны басейн, Ленскі вугальны басейн), прыродны газ і інш. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Сярэдняя т-ра студз. ад -28 °C на ўзбярэжжы да -50 °C на астатняй тэр. (у раёне Верхаянск—Аймякон — адзін з полюсаў холаду Паўн. паўшар’я з абс. мінімумам т-ры -72,2 °C), ліп. ад 2 °C на ўзбярэжжы да 19 °C у цэнтр раёнах. Ападкаў 200—700 мм за год. Гал. рэкі: Лена (з прытокамі Алёкма, Алдан, Вілюй), Алянёк, Яна, Індыгірка, Калыма і інш. Больш за 700 значных азёр, пераважна мелкаводных. Вілюйскае вадасховішча. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата. Глебы мярзлотна-таежныя, дзярнова-лясныя, алювіяльна-лугавыя, горна-лясныя і тундрава-глеевыя. Пад лесам (даўрская лістоўніца, хвоя, кедравы сланік, елка, піхта, бяроза) каля 80% тэрыторыі. У далінах рэк і на аласах пашыраны лугі. На Пн і ў гарах тундра. У складзе жывёльнага свету пясец, собаль, заяц-бяляк, ліс, гарнастай, паўн. алень, лось; трапляюцца кабарга, ізюбр, снежны баран. У морах — омуль, муксун, нельма, чыр, рапушка, у рэках — акунь, сіг, шчупак, асетр, мянтуз, таймень. Алёкмінскі і Усць-Ленскі запаведнікі.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. (Я.) з часоў палеаліту. У 6—10 ст. н.э. з Прыбайкалля на Сярэднюю Лену прыйшлі цюркамоўныя плямёны, якія асіміляваліся з мясц. насельніцтвам і ўтварылі ядро якуцкага (саха) народа. У першабытнаабшчынным ладзе якутаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, у 17 ст. зараджаюцца элементы феад. адносін. Якуцкія плямёны на чале з таёнамі (князямі) насялялі сярэдняе цячэнне Лены, нізоўе Вілюя і вярхоўе Яны; у 2-й пал. 17 ст. яны рассяліліся па нізоўях Лены, Яны, на Алянёку, Індыгірцы, Алазеі і Калыме. З прыходам у 1620—30-я г. рус. казакоў якуты ў 1632 прызналі ўладу рас. цара. Рус. казакі засн. ў 1632 г. Якуцк. У 1638 утворана Якуцкае ваяводства. У 17—18 ст. якуты плацілі натуральны падатак — ясак. Частка іх перайшла да земляробства. З 1708 якуцкія землі ў складзе Сібірскай, з 1764 — Іркуцкай губ. У 1760-я г. забаронены купля і продаж зямлі, за валасцямі замацаваны зямельныя ўчасткі, склалася т. зв. класная абшчынная сістэма землекарыстання (існавала да 1920). У 1805 утворана Якуцкая вобл., якой кіраваў начальнік, падпарадкаваны іркуцкаму губернатару; з 1851 вобласцю (у складзе Іркуцкага ген.-губернатарства) кіраваў асобны губернатар. Паводле «Статута аб кіраванні іншародцаў» 1822 якуты прылічаны да «качавых іншародцаў». У сярэдзіне 19 ст. ў бас. рэк Алёкма і Віцім знойдзена золата. Буд-ва Сібірскай чыг., узнікненне золатаздабыўной прам-сці і суднаходства па Лене спрыялі развіццю ў С. (Я.) з канца 19 ст. элементаў капіталіст. адносін, фарміраванню нац. буржуазіі. З 19 ст. рас. царызм выкарыстоўваў тэр. С. (Я.) як месца ссылкі. Сярод сасланых па паліт. матывах былі беларусы Р.​А.​Васільеў, А.​А.​Касцюшка-Валюжаніч і інш. Тут праводзіў свае даследаванні і памёр (1892) у час падарожжа па р. Калыма І.​Дз.​Чэрскі. У рэвалюцыю 1905—07 у С. (Я.) узніклі дэмакр. саюзы і с.-д. арг-цыі, вясной 1917 — К-т РСДРП, Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, прафсаюзы. З восені 1917 улада ў Якуцку знаходзілася ў руках антыбальшавіцкага Якуцкага абл. савета. З дапамогай атрадаў Чырв. Арміі 1.7.1918 устаноўлена Сав. ўлада. У жн. 1918 тэр. С. (Я.) занята белагвардзейцамі. Сав. ўлада адноўлена ў снеж. 1919 — сак. 1920. 27.4.1922 утворана Якуцкая Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліка ў складзе РСФСР. У Вял. Айч. вайну больш за 50 тыс. ураджэнцаў С. (Я.) змагаліся на франтах, 13 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза. За гады Сав. улады якуцкі (саха) народ кансалідаваўся ў нацыю, створаны сучасныя галіны прам-сці, у т. л. алмазаздабыўная. У вер. 1990 абвешчаны дзярж. суверэнітэт рэспублікі. У кастр. 1991 уведзена пасада прэзідэнта (у 1991—2002 М.​Я.​Нікалаеў, з 2002 — В.​А.​Штыроў). У снеж. 1991 прынята сучасная назва — С. (Я.). 31.3.1992 С. (Я.) разам з інш. суб’ектамі Рас. Федэрацыі падпісала Федэратыўны дагавор.

Гаспадарка. Аснову эканомікі С. (Я.) складае горназдабыўная прам-сць (77,4% кошту прамысл. прадукцыі, 1999). Здабыча алмазаў (Мірны, Удачны, Айхал), золата (бас. рэк Алдан і Індыгірка), волава (Дэпутацкі, Эсэ-Хая), сурмы (Усць-Нера), слюды (Алдан, Тамот, Канкунскі). Паліўна-энергет. комплекс (17,7%) грунтуецца на мясц. вугалі, прыродным газе, гідраэнергарэсурсах і прывазных нафтапрадуктах. Здабыча каменнага і бурага вугалю 10 млн. т (1999, Нерунгры, Сангар, Кангаласы), прыроднага газу (Вілюйск, Сангар), вытв-сць электраэнергіі 7,4 млрд. кВт∙гадз (1999), Вілюйская ГЭС, Нерунгрынская, Чульманская, Якуцкая ДРЭС Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, маш.-буд., лёгкай, харч., у т. л. рыбнай, прам-сці. Лясная і дрэваапр. прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў — 106,5 тыс. м³, мэблі) у Якуцку, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, маш.-буд. — у Нерунгры (рамонтна-мех.) і Якуцку (суднарамонт), металаапр. — у Алдане. Вытв-сць буд. матэрыялаў (у т. л. цэменту — 104 тыс. т) у Якуцку, Нерунгры, Мірным, Алдане, Сангары, Ленску, Тамоце. Лёгкая прам-сць (швейная, гарбарна-абутковая) у Якуцку, харч. — у Якуцку, Нерунгры, Ленску і інш. Вытв-сць сувеніраў у Якуцку. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (мяса-малочная, мяса-табуновая конегадоўля); на Пн — аленегадоўля. Свіна- і птушкагадоўля. Развіта зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка), паляўнічы (вавёрка, белы пясец, гарнастай, ліс, собаль, андатра) і рыбны промыслы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999) буйн. раг. жывёлы 273,5, свіней 20,4. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) 59,9, з іх пад збожжавымі (пшаніца, ячмень, авёс) 23,7, бульбай і агароднінай 11,4, кармавымі 24,8. Пасевы збожжавых у цэнтр. і паўд. раёнах, бульбу і агародніну вырошчваюць у цэнтр. ч., на Пд і З. Асн. віды транспарту паветраны і водны. Аэрапорты ў Якуцку, Нерунгры, Мірным, Вілюйску, Алёкмінску, Ленску, Тыксі, Верхаянску, Чэрскім. Суднаходства па Паўночным марскім шляху, рэках Лена, Алдан, Вілюй, Анабар і інш. Марскія парты: Тыксі, Зялёны мыс (Чэрскі). Даўж. чыгункі 165 км (Бамаўская чыг. лінія — Тында—Беркакіт—Нерунгры). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7071 км, гал. Амура-Якуцкая аўтамагістраль (Беркакіт—Тамот—Якуцк) і Якуцк—Хандыга—Магадан. С. (Я.) пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу алмазы, золата, волава, піламатэрыялы, пушніну; завозіць нафтапрадукты, прадукцыю машынабудавання, тавары лёгкай, харч. прам-сці і інш.

Літаратура. Развіваецца на якуцкай мове. Вытокі ў багатым і разнастайным фальклоры; асабліва пашыраны гераічны эпас аланхо. Пісьмовая л-ра зарадзілася з узнікненнем перыяд. друку ў перыяд рэвалюцыі 1905—07. У творах А.​Кулакоўскага, А.​Сафронава побыт якутаў, іх цяжкае жыццё. Заснавальнік як. сав. л-ры — П.​Айунскі. У 1920—30-я г. выступілі паэты С.​Эляй, А.​Абагінскі (Кудрын), А.​Кюндэ (Іваноў), Кюнюк Урастыраў (У.​Новікаў), празаікі Ама Ачыгыя (М.​Мордзінаў), Эрылік Эрысцін (С.​Якаўлеў), драматург Суарун Амалон (Дз.​Сіўцаў) з творамі пра грамадз. вайну, змены ў жыцці народа. У Вял. Айч. вайну патрыят. творы стваралі С.​Васільеў-Барагонскі, Эрылік Эрысцін, Ама Ачыгыя, Кюнюк Урастыраў, Эляй і інш. У пасляваен. гады распрацоўваліся тэмы Вял. Айч. вайны (І.​Нікіфараў, Л.​Папоў), стваральнай працы (Сямён Данілаў, Сафрон Данілаў, М.​Яфімаў, І.​Гогалеў). У 1960—90-я г. л-ра папоўнілася творамі П.​Табурокава, М.​Якуцкага, М.​Габышава, С.​Руфава, С.​Тарасава, А.​Сырамятнікавай і інш. На бел. мову асобныя творы Абагінскага, Айунскага, Сафрона Данілава, Сямёна Данілава, Кюндэ, Сафронава, Яфімава перакладалі А.​Вольскі, С.​Міхальчук, У.​Правасуд, Я.​Семяжон. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці В.​Гаўрыльевай «Краіна Уот-Джулустана» (1981), казка «Жураўлінае пяро» (1988).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. С. (Я.) знойдзены арнаментаваная кераміка, маст. вырабы з металу, наскальныя выявы (жывёлы, сцэны палявання) часоў неаліту і бронзы. Стараж. жыллё якутаў — прамавугольная ў плане юрта, з 19 ст. пашыраны драўляныя хаты. Традыц. віды нар. мастацтва: разьба па дрэве і косці, чаканка і гравіроўка па метале, дробная пластыка, выраб футравага адзення, аздобленага мазаікай і аплікацыяй. У 20 ст. пааднаўляліся старыя і ўзнікалі новыя гарады (Алдан, Ленск, Мірны) і гар. пасёлкі (Чарнышэўскі і інш.). Ва ўмовах вечнай мерзлаты будынкі (шматпавярховыя, цагляныя ці каменныя) узводзілі пераважна на слупкаватых ці палевых фундаментах. Сярод найб. значных архітэктараў-праекціроўшчыкаў С.​Данілаў, В.​Пятроў, І.​Смалькоў і інш. У 1964 створаны Саюз архітэктараў С. (Я.). Выяўл. мастацтва пач. 20 ст. прадстаўлена творчасцю М.​Носава і І.​Папова. У 1920—30-я г. працавалі першыя мастакі-якуты — П.​Раманаў, Г.​Туралысаў, П.​Дабрынін. Сярод мастакоў 2-й пал. 20 ст. жывапісцы А.​Осіпаў, М.​Лукін, В.​Пятроў, Л.​Габышаў, графікі Э.​Сіўцаў, В.​Васільеў, разьбяры па косці Дз.​Нікіфараў, І.​Мамаеў і інш.

Музыка. Аснову муз.-паэт. фальклору якутаў складае гераічны эпас аланхо. Асн. жанры як. нар. музыкі — працяжныя і мерныя песні. Працяжным уласцівы свабодная форма, пераменныя метр і лад. Мелодыі мерных песень рытмічна выразныя і ладава акрэсленыя (лірычныя, танц., а таксама т.зв. паднябенныя, якія выконваюцца з характэрным прыцмокваннем). З танцаў вядомы асуахай, з інструментаў — хамуз (варган), кюпсюр (барабан), дзюнгюр (шаманскі бубен), самаробная скрыпка і запазычаныя ад рускіх балалайка і баян. У 1843 упершыню як. нар. песні запісаў А.​Мідэндорф. У 1927 выдадзены першы зб. як. песень (у ім змешчаны апрацоўкі М.​Аладава). Найб. вядомыя музыканты: Ф.​Карнілаў, А.​Скрабін, М.​Жыркоў, З.​Вінакураў. На як. муз. мастацтва паўплывалі Г.​Ліцінскі (першыя нац. оперы і балеты разам з М.​Жырковым), М.​Пяйко, Г.​Грыгаран, С.​Кандрацьеў і інш. Сярод як. выканаўцаў спевакі М.​Лабанаў, А.​Лыткіна, Н.​Шапялёва, А.​Ільіна, хар. дырыжор Ф.​Баішава, балерына А.​Сцяпанава. Працуюць Муз.-драм. т-р імя П.​Айунскага, муз. т-р, філармонія, ансамбль танца, сімф. аркестр, хор радыё і тэлебачання, муз. вучылішча, муз. школа. Саюз кампазітараў С. (Я.) з 1979.

Літ.:

Иванов В.Н. Социально-экономические отношения у якутов, XVII в. Якутск, 1966;

Гоголев А.И. Историческая этнография якутов. Якутск, 1986;

Зыков Ф.М. Поселения, жилища и хозяйственные постройки якутов XIX—нач. XX в. Новосибирск, 1986.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, гаспадарка), М.​Г.​Нікіцін (гісторыя).

Да арт. Саха (Якуція). Здабыча золата.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

у́хо в разн. знач. ву́ха, -ха ср.; мн. ву́шы, -шэ́й;

нару́жное у́хо знадво́рнае ву́ха;

сре́днее у́хо сярэ́дняе ву́ха;

воспале́ние у́ха мед. запале́нне ву́ха;

заткну́ть у́ши заткну́ць ву́шы;

отодра́ть за́ уши накруці́ць ву́шы;

медве́жье у́хо бот. дзіва́нна;

◊

дать (съе́здить) в у́хо даць (зае́хаць) па ву́ху;

и у́хом не повести́ і ву́хам не ве́сці;

как свои́х уше́й не вида́ть як сваі́х вушэ́й не ба́чыць;

ми́мо уше́й пропусти́ть мі́ма вушэ́й прапусці́ць;

навостри́ть (насторожи́ть) у́ши натапы́рыць ву́шы;

туго́й на́ ухо тугі́ на ву́ха;

прожужжа́ть (прокрича́ть, протреща́ть, протруби́ть) у́ши пратрубі́ць ву́шы;

слу́шать во все у́ши слу́хаць на ўсе ву́шы;

в одно́ у́хо вошло́, а в друго́е вы́шло у адно́ ву́ха ўвайшло́, а ў друго́е вы́йшла;

слу́шать кра́ем у́ха слу́хаць кра́ем ву́ха;

держа́ть у́хо востро́ трыма́ць ву́ха во́стра;

одни́м у́хом слы́шать адны́м ву́хам чуць;

покрасне́ть до уше́й пачырване́ць да вушэ́й;

(говори́ть) на́ ухо (гавары́ць) на ву́ха;

дуть, петь (наду́ть, напе́ть) в у́ши пець (напе́ць) у ву́шы;

за уша́ми трещи́т за вуша́мі трашчы́ць;

не ве́рить свои́м уша́м не ве́рыць сваі́м вуша́м;

у стен у́ши есть сце́ны ву́шы ма́юць;

у́хо (у́ши) дерёт (ре́жет) ву́ха (ву́шы) дзярэ́ (рэ́жа);

у́ши вя́нут ву́шы вя́нуць;

по́ уши па ву́шы;

влюби́ться по́ уши закаха́цца па ву́шы;

слы́шать со́бственными уша́ми чуць на ўла́сныя ву́шы;

дойти́ до уше́й дайсці́ да вушэ́й;

разве́сить у́ши разве́сіць ву́шы;

медве́дь на́ ухо наступи́л мядзве́дзь на ву́ха наступі́ў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ЧУВА́ШЫЯ, Чувашская Рэспубліка. Размешчана на У еўрап. ч. Рас. Федэрацыі, у сярэднім цячэнні р. Волга. Пл. 18,3 тыс. км². Нас. 1353, 4 тыс. чал. (2001), гарадскога 61%. Сярэдняя шчыльнасць 74 чал. на 1 км². Жывуць чувашы (67,8%), рускія (26,7%), татары (2,7%), мардва (1,4%) і інш. Сталіца — г. Чэбаксары. Найб. гарады: Новачэбаксарск, Канаш, Алатыр, Шумерля.

Прырода. Тэр. Ч. пераважна раўнінная. Правабярэжжа Волгі — паўн. ч. Прыволжскага ўзв. з Чувашскім плато (выш. да 266 м); левабярэжжа (Заволжа) — нізінная раўніна. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, фасфарыты, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Сура, Цывіль. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, на Пд — вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля ​1/3 тэр. (хвоя, елка, бяроза, вольха, дуб, ліпа), на Пд — лесастэп. З жывёл у лясах пашыраны воўк, ліс, зайцы русак і бяляк, лось, барсук, куніца, бабёр, выдра, дзік, мядзведзь; з птушак — цецярук. курапатка, глушэц, качкі, слонка, каршун. Нац. парк Чаваш Вармане, Прысурскі запаведнік.

Гісторыя. Тэр. Ч. заселена ў палеаліце. У 1 тыс. н.э. тут жылі угра-фін. плямёны. Цюркамоўныя продкі чувашоў — качавыя булгара-суварскія плямёны разам з гунамі прыйшлі з Цэнтр. Азіі і ў 7 ст. ўтварылі на тэр. ад Прыаралля да Паўн. Каўказа ваен.-плем. аб’яднанне «Вял. Булгарыя». Пад націскам хазараў ч. булгара-сувараў (племянны цэнтр — Сувар) перасялілася ў Сярэдняе Паволжа, дзе ў працэсе асіміляцыі насельніцтва угра-фін. земляробчых абшчын паступова пераходзіла да аселага жыцця. У 10 ст. яны стварылі дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, дзе пануючай рэлігіяй стаў іслам. Частка булгара-сувараў адмовілася яго прыняць і на чале са сваім правадыром Вырогам перасялілася на тэр. сучаснай Ч., дзе ў выніку асіміляцыі з угра-фінамі ў канцы 15 ст. ў асн. сфарміравалася чув. народнасць. З канца 1230-х г. тэр. Ч. пад уладай Залатой Арды, з 1438 — Казанскага ханства. Чувашы мелі сваіх плем. князёў, спавядалі этн. язычніцкую рэлігію з элементамі зараастрызму, іудаізму і ісламу. У 1551 яны добраахвотна далучыліся да Рас. дзяржавы, якой у 16 — пач. 18 ст. плацілі ясак, потым пераведзены ў казённых сялян. Былі засн. гарады Алатыр (1552), Чэбаксары (1555), Цывільск (1584), Ядрын (1590). З 1708 Ч. (Алатырскі, Чэбаксарскі, Курмышскі, Цывільскі, Ядрынскі пав.) у складзе Казанскай і Ніжагародскай, з 1775—96 — Казанскай і Сімбірскай губ. У 18—19 ст. б.ч. чувашоў прымусова хрысціянізавана, частка этнаграф. групы чувашоў — анатры — хрысціянства не прыняла і захавала традыцыйныя вераванні. У сярэдзіне 19 ст. зарадзілася нац. л-ра, чув. пісьменнасць з 1870-х г. развівалася на аснове рус. алфавіта. У 1913 налічваліся 463 чув. школы і вучылішчы. Сав. ўлада ўстаноўлена ў ліст. 1917 — маі 1918.

24.6.1920 у складзе РСФСР утворана Чув. аўт. вобл., 21.4.1925 — Чув. АССР са сталіцай у Чэбаксарах. У Вял. Айч. вайну 75 воінам з Ч. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 14 чал. за вызваленне Беларусі, у лясах якой змагаліся сотні партызан-чувашоў. На тэр. Ч. з Беларусі было эвакуіравана каля 70 тыс. чал. У пасляваен. час у Ч. створана развітая прам-сць, развівалася нац. культура. У вер. 1990 Вярх. Савет Чув. АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце рэспублікі і ўвёў яе сучасную назву. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта (са студз. 1994 М.​В.​Фёдараў).

Гаспадарка Ч. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 38,5%, сельская гаспадарка — 18,5%, сфера паслуг — 43%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): машынабудаванне і металаапрацоўка (43,4%), электраэнергетыка (12,6%), хім. (10,2%), харч. (14,5%), лёгкая (7,6%), вытв-сць буд. матэрыялаў (4,7%), лясная і дрэваапр. (2,4%). У 2000 дзейнічала 1126 прадпрыемстваў, у т. л. 410 буйных і сярэдніх. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць магутныя трактары (260 шт., 2000), бульдозеры (250 шт.), трубаўкладчыкі, дызелі для суднаў, аўтафургоны, буравыя ўстаноўкі, электрастанцыі для пасёлкаў, ткацкія станкі, хмелеўборачныя машыны, бульбакапалкі, электроніку для авіяцыі, быт. тэхніку. Асн. цэнтры: Чэбаксары, Алатыр, Шумерля, Канаш, Марыінскі Пасад. Выпрацоўка электраэнергіі 4,3 млрд. кВт∙гадз (2000) пераважна на ЦЭЦ (Чэбаксарская 1 і 2, Новачэбаксарская і інш.) і Чэбаксарская ГЭС (на р. Волга). Каля 1 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі экспартуецца ў суседнія рэгіёны Расіі. Хім. прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці больш як 200 відаў прадукцыі — хімікаты для здабычы нафты, ядахімікаты, лакі, фарбы і інш. (Канаш, Чэбаксары). Развіта харч. (мясная, малочная, кандытарская, кансервавая, лікёра-гарэлачная, піваварная) прам-сць. Вытв-сць мяса — 9,2 тыс. т, малака — 63,5 тыс. т, кандытарскіх вырабаў — 14 тыс. т, лікёра-гарэлачных вырабаў — 1,1 млн. дэкалітраў, піва — 3 млн. дэкалітраў, крухмалу — 723 т штогод. Лёгкая (баваўняная, трыкат., швейная, абутковая, дывановая, вытв-сць маст. вырабаў), лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і вытв-сці збожжа. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1 млн. га. Пасяўная пл. 693,1 тыс. га (2000), у т. л. пад збожжавымі культурамі 43,2%, тэхн. 0,7%, бульбай і агароднінай 11,2%, кармавымі 44,9%. Асн. збожжавыя культуры: пшаніца, жыта, ячмень, авёс, грэчка; вырошчваюць хмель (80% вытв-сці Расіі, 10-е месца ў свеце), цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва. Збор (тыс. т, 2000) збожжа 508,8, бульбы 596,5, агародніны 197,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлы 328, свіней 215,8. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Даўж. чыгунак 396 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4474 км (2000). Буйны чыг. вузел Канаш. Суднаходства па рэках Волга і Сура. Парты: Чэбаксары і Новачэбаксарск. Аэрапорты ў гарадах Чэбаксары, Новачэбаксарск, Алатыр. Нафта- і газаправоды з Зах. Сібіры і Сярэдняга Паволжа ў Цэнтр. і Паўн.-Зах. раёны.

Культура. Да 10—12 ст. адносяцца паселішчы волжскіх балгар (замак у в. Цігашава). У 2-й пал. 16—17 ст. былыя рус. крэпасці (Алатыр, Чэбаксары і інш.) ператварыліся ў гарады з каменнымі жылымі будынкамі, саборамі (5-купальны Увядзенскі сабор у Чэбаксарах), драўлянымі цэрквамі (Казанская царква ў с. Белаволжскае, усе 17 ст.). Для нар. жылля характэрна глухая, рэльефная, накладная, ажурная разьба, што аздабляла карнізы, аканіцы і ліштвы, слупы варот. У 18 ст. архітэктура развівалася пад уплывам барока: жылыя дамы, Успенская царква ў Чэбаксарах, дом ігуменні манастыра ў г. Цывільск. З рысамі класіцызму пабудаваны цэрквы Узнясенская ў с. Сямёнаўскае, Троіцкая ў г. Ядрын, Крыжаўзвіжанская ў Алатыры і інш. З чувашоў паходзіць рас. архітэктар і жывапісец 18 ст. П.​Ягораў. Сярод будынкаў 20 ст.: у Чэбаксарах — Дом Саветаў (1940), палацы культуры «Электрык» (1964) і з-да прамысл. трактароў (1992), музеі В.​І.​Чапаева (1974) і маст. (1985). Сярод пачынальнікаў выяўл. мастацтва жывапісцы М.​Спірыдонаў, М.​Свярчкоў, Ю.​Зайцаў, А.​Кокель, скульпт. Р.​Спірыдонаў і інш. У пасляваен. гады вядучае месца належала жывапісу (М.​Аўчыннікаў, Ф.​Осіпаў, П.​Грыгор’еў-Савушкін, А.​Спірыдонава); з’явіліся творы манум. скульптуры (І.​Кудраўцаў). З 1970-х г. пашыраны манум. і манум.-дэкар. (Р.​Фёдараў, В.​Пятроў, М.​Вядзернікаў), тэатр.-дэкарацыйнае (К.​Васільеў, П.​Дзмітрыеў, Я.​Бургулаў) мастацтва, станковы жывапіс (А.​Мяснікоў, У.​Мазанаў, В.​Гунько, В.​Макараў), графіка (Ф.​Быкаў, Осіпаў, П.​Сізоў, П.​Харламп’еў, А.​Мітоў), скульптура (Г.​Спірыдонаў, Кудраўцаў, В.​Бажынаў). Для пар. мастацтва характэрны ўзорыстае ткацтва, вышыўка, шыццё бісерам і серабром, трохгранна-выемчатая разьба на прадметах хатняга ўжытку і мэблі (К.​Яфрэмава, А.​Ільбекава, М.​Сімакова). У 1933 утвораны Саюз мастакоў Ч. У 1918 у Казані пастаўлены першы спектакль на чув. мове («Не жыві так, як хочацца» А.​М.​Астроўскага). Працуюць т-ры: Чув. акад. драм. імя К.​В.​Іванова, рус. драм., эксперым. т-р драмы, юнага гледача, лялечны.

Літаратура развіваецца на чувашскай мове. Першыя запісы чув. фальклору (сказанні, гіст. і быт. песні і паданні, казкі) адносяцца да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. выступіў першы чув. пісьменнік С.​Міхайлаў. У 1870-я г. на аснове створанай І.​Якаўлевым новай пісьменнасці зарадзілася арыгінальная нац. л-ра (І.​Іваноў, М.​Фёдараў, І.​Юркін). Пачынальнік нац. л-ры — К.Іваноў. У пач. 20 ст. выступілі паэты М.​Акімаў, Ц.​Тайр, Я.​Турхан, М.​Шэлебі. Рэфарматарам верша быў М.Сеспель. У 1920—30-я г. развівалася паэзія (І.​Ахах, М.​Шубасіні, С.​Эльгер), проза (Д.​Ісаеў, М.​Трубіна, С.​Фам ш), драматургія (І.​Максімаў-Кашкінскі, П.​Осіпаў). Асн. тэмы — мірнае будаўніцтва, індустрыялізацыя і калектывізацыя, праблемы псіхалогіі людзей (творы П.Хузангая, І.​Іўніка, В.​Краснова-Аслі, В.​Міты, А.​Талвіра, І.​Тукташа). У пасляваен. гады ў л-ры вяліся пошукі новых жанравых форм і стыляў. Распрацоўваліся тэмы вайны, пасляваен. жыцця, духоўныя праблемы грамадства (Максімаў-Кашкінскі, Осіпаў, Я.Ухсай, Ф.​Уяр, П.​Хузангай, М.​Цярэнцьеў). Вылучыліся творы на гіст. тэматыку С.​Аслана, М.​Ільбекава, К.​Турхана, Уяра і інш. У 1970—90-я г. л-ру Ч. прадстаўлялі празаікі Ф.​Агівер, А.​Арцем’еў, Дз.​Гардзееў, А.​Емяльянаў, М.​Максімаў, Ю.​Скварцоў, М.​Юхма; паэты Ю.​Айдаш, П.​Афанасьеў, В.​Ахун, Ю.​Семендэр, М.​Сеніэль, М.​Тэветкель, В.​Цімакоў, П.​Эйзін, В.​Эндып, Г.​Юмарт, Г.​Яфімаў; драматургі М.​Сідараў, Б.​Чындыкоў, Цярэнцьеў; літаратуразнаўцы і крытыкі Ю.​Арцем’еў, М.​Сіроткін, Г.​Фёдараў, Г.​Хлебнікаў, А.​Хузангай і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Ч. На бел. мове выдадзены «Чувашскія апавяданні» (1966), «Песні волжскага краю» (1988), творы Талвіра («У нас на Буле», 1961), Л.​Агакава («Салдацкія дзеці», 1977), Г.​Арлова («Расказы дзядзькі Трывіма», 1988). Сярод перакладчыкаў на бел. мову В.​Зуёнак, К.​Камейша, Х.​Лялько, П.​Макаль, У.​Паўлаў, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі, Я.​Янішчыц і інш.

Ладавая аснова чув. нар. музыкі — пентатоніка. У фальклоры пераважае аднагалоссе. Паводле тыпу мелодыкі песні падзяляюцца на працяжныя (вясельныя, рэкруцкія, пахавальныя), паўпрацяжныя (прац., калыханкі, лірычныя, карагодныя), хуткія (дзіцячыя, жартоўныя, гульнявыя). З нар. інструментаў: кесле (гуслі), скрыпка, сарнай (валынка), шахліч (род флейты). Прафес. муз. культура пачала складвацца ў 1920-я г.: В.​Вараб’ёў, Р.​Ліскоў, С.​Максімаў, Ф.​Паўлаў (аўтар першага сімф. твора). Першая чув. муз. камедыя «Радасць» У.​Крываносава (паст. 1935). На станаўленне прафес. муз. творчасці ў песенна-хар. жанры паўплывалі С.​Габер, М.​Каваль, А.​Леман, І.​Люблін, М.​Мяскоўскі і інш. З 2-й пал. 20 ст. найб. пашыраны жанры шматгалосай хар. музыкі; сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары Р.​Аляксандраў, М.​Аляксееў, А.​Арлоў-Шузьм, А.​Асламас, А.​Васільеў, Ф.​Васільеў, П.​Лукін, Максімаў, А.​Пятроў, А.​Токараў, Ц.​Фандзееў, В.​Хадзяшаў, Р.​Хірбю; спевакі І.​Васільеў, М.​Дзянісаў, П.​Заломнаў, Т.​Чумакова; салістка балета Н.​Паўлава (пачала свой творчы шлях у Чэбаксарах). Працуюць: Чув. т-р оперы і балета (з 1969, да 1993 Чув. муз. г-р), сімф. арк. (1932), філармонія (1936), ансамбль песні і танца (з 1924), хор радыё і тэлебачання; муз. вучылішча (1929), муз.-пед. ф-т пры Чув. пед. ін-це (1964), муз. школы. Штогод праводзяцца фестывалі: міжнар. оперны імя М.​Д.​Міхайлава (з 1991), усерас. нар. творчасці «Крыніцы Паволжа» (з 1993) і інш. У 1940 засн. Саюз кампазітараў Ч.

Літ.:

Чувашская АССР: Очерки о природе. Чебоксары, 1952;

Кураков Л.П., Федоров Н.В. Состояние и перспективы развития экономики Чувашской Республики. М., 1997;

Краткая чувашская энциклопедия. Чебоксары, 2001;

Ковалевский А.​П.​Чуваши и булгары по данным Ахмеда ибн-Фадлана. Чебоксары, 1954;

История Чувашской АССР. Т. 1—2. Чебоксары, 1966—67;

История Чувашской АССР. Т. 1. Чебоксары, 1983;

Дмитриев В.Д. Чувашские исторические предания. Чебоксары, 1983;

Яго ж. Чувашия в эпоху феодализма. Чебоксары, 1986;

История Чувашской Республики, 1775—1990: Библиогр. указ. Чебоксары, 1996;

Каховский В.Ф. Происхождение чувашского народа. Чебоксары, 1965;

Археология и этнография Чувашской ЛССР: Библиогр. указ. Чебоксары, 1986;

Этническая история и культура чувашей Поволжья и Приуралья. Чебоксары, 1993;

Иванов В.П. Чувашия: история и культура. Чебоксары, 2000;

Яго ж. Чувашский этнос. Чебоксары, 1998;

Чуваши: этнич. история и традиционная культура. М., 2000;

Сироткин М.Я. Очерки дореволюционной чувашской литературы. 2 изд. Чебоксары, 1967;

Хлебников Г.Я. Современная чувашская литература. Чебоксары, 1971;

Юрьев М.И., Романова З.В. Писатели Советской Чувашии: Биобиблиогр. справ. Чебоксары, 1988;

Чувашское литературоведение и критика: Библиогр. указ. Чебоксары, 1993;

Федоров Г.И. Художественный мир чувашской литературы. Чебоксары, 1996;

Дмитриев А. Литературный Слакбаш. Чебоксары, 1996;

Никитин Г.А., Крюкова Т.А. Чувашское народное изобразительное искусство. Чебоксары, 1960;

Меджитова Э.Д., Трофимов А.А. Чувашское народное искусство: Альбом. Чебоксары, 1981;

Можаров Г.Г., Никитин А.С. Памятные места и достопримечательности города Чебоксары и Чувашской АССР. Чебоксары, 1987;

Ургалкина Н.А. Художники Чувашии: Биобиблиогр. указ. Чебоксары, 1989;

Илюхин Ю.А. Музыкальная культура Чувашии. Чебоксары, 1961;

Яго ж. Композиторы Советской Чувашии. Чебоксары, 1978;

Эррэ Т.А. Чувашская опера. Чебоксары, 1979;

Сергеев Т.С. Культура Советской Чувашии: (к 70-летию автономии республики). Чебоксары, 1989;

Скворцов М.И. Культура Чувашского края. М., 1995.

К.​Ф.​Быкаў (прырода, гаспадарка), Ю.​В.​Бажэнаў, Дз.​Н.​Міхлееў (гісторыя), Дз.​Н.​Міхлееў (культура).

Да арт. Чувашыя. Будынак сельскагаспадарчага інстытута ў Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. Увядзенскі сабор у Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. Троіцкі сабор у г. Цывільск.
Да арт. Чувашыя. Будынак мастацкага музея ў Чэбаксарах.
Да арт. Чувашыя. П.​Сізоў. Нарспі. 1969.
Да арт. Чувашыя. М.​Свярчкоў. А.​С.​Пушкін у чувашскай вёсцы. 1950.

т. 17, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКІ І КАНАЛЫ

Агульная характарыстыка рачной сеткі. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (Дняпро з Прыпяццю, Бярэзінай і Сажом; збіраюць ваду з 56% тэр. Беларусі) і Балтыйскага мораў (Нёман, Зах. Дзвіна, Нараў, Зах. Буг, Ловаць; дрэніруюць 44% тэр. краіны). Водападзел праходзіць праз паўн.-зах. ўскраіну Палесся, па Капыльскіх градах, Мінскім і Аршанскім узвышшах.

Рэкі. На Беларусі 20,8 тыс. рэк, іх агульная даўжыня 90,6 тыс. км. Малых рэк і ручаёў (даўжыня да 10 км) 19,3 тыс. (або 93% усіх рэк), іх агульная даўжыня 48,8 тыс. км (53% агульнай даўжыні рэк). Сярэдніх рэк (101—500 км) — 42 (0,2% усіх рэк), іх даўжыня 6,7 тыс. км (8% агульнай даўжыні). 9 рэк маюць даўжыню больш за 500 км: Бярэзіна (цячэ цалкам па тэр. Беларусі), Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Зах. Дзвіна, Дняпро, Сож, Прыпяць, Гарынь і Зах. Буг (транзітныя). Звесткі пра 20 найбуйнейшых рэк Беларусі гл. ў табліцы. Сярэдняя густата рачной сеткі Беларусі 0,44 км/км², у басейне Дняпра — 0,39 км/км², Нёмана — 0,47 км/км², Зах. Буга — 0,36 км/км², у басейне Прыпяці 0,42 км/км², у асобных вадазборах — 0,1—0,2 км/км².

Найбольш распаўсюджаны на Беларусі раўнінныя малыя рэкі, якія працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. Яны маюць складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў звілістыя рэчышчы з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы воднай паверхні, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны рэк больш выразныя, іх цячэнне больш хуткае; месцамі, асабліва ў вярхоўях, такія рэкі цякуць у ярах; іх берагі стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, але затым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат рэк, якія цякуць праз балоты або маюць значныя забалочаныя ўчасткі ў складзе сваіх вадазбораў. На Пн Беларусі значную частку складаюць рэкі, якія выцякаюць з азёр або цякуць праз іх. За вытокі рэк звычайна прымаюць месцы, з якіх паяўляецца пастаяннае рэчышча патоку; на Беларусі гэта найчасцей крыніцы, балоты, радзей азёры.

У рачной сістэме з вялікай колькасцю вытокаў галоўным лічыцца найбольш аддалены ад вусця ці найбольш мнагаводны. Калі вярхоўе ракі, што выцякае з балота, каналізавана, за выток прымаюць пачатак асноўнага асушальнага канала, які з’яўляецца працягам ракі ўверх па цячэнні; у рэках, якія часова перасыхаюць, — месца на дне лагчыны ці яра, дзе назіраюцца сляды рэчышча, распрацаванага снегавымі ці дажджавымі водамі.

Рэчышчы характэрных для Беларусі раўнінных і нізінных рэк звычайна звілістыя, месцамі падзелены на рукавы. Ва ўзвышаных раёнах рэчышчы больш выразныя, без рукавоў і праток. З наносаў у іх фарміруюцца рэчышчавыя ўтварэнні — перакаты, косы, астравы, мелі, асяродкі і пляжы. На Пн рэчышчы звілістыя, неразгалінаваныя, у асноўным устойлівыя. Шырыня іх пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Пераважныя глыбіні рэк 0,5—1 м, на плёсах 2—4 м, месцамі да 8 м. Дно часцей пясчанае і пясчана-ілістае, на ПнЗ месцамі камяністае і парожыстае. На Пд Беларусі рэчышчы неканалізаваных рэк звілістыя, разгалінаваныя, часта сустракаюцца старыцы, пратокі, меліярацыйныя канавы. Шырыня рэчышча ад 5—10 м у вярхоўях да 20—40 м у ніжніх цячэннях, месцамі да 60—80 м. Глыбіня ад 0,1—0,3 м да 7 м у асобных ямах. Часта трапляюцца пясчаныя нізкія астравы. Правыя берагі на рэках мерыдыянальнага напрамку часцей больш высокія, абразійныя, левыя — нізінныя акумуляцыйныя. Пераважаюць пясчаныя берагі, на Пд часта сугліністыя. Вышыня іх абумоўлена марфалогіяй і геалогіяй рэльефу, што ўплывае на ваганні ўзроўню вады ў рэках (да 12 м на асобных участках Дняпра і Зах. Дзвіны). Даліны рэк займаюць амаль 10% усёй тэр. Беларусі. На Пд ад мяжы апошняга (паазерскага) зледзянення сучасныя даліны шырокія, адносна мелкія, звычайна асіметрычныя ў папярочным сячэнні, іх правыя схілы больш высокія і стромкія, чым левыя. Самыя маладыя даліны на Беларускім Паазер’і (пачатак іх утварэння 16—14 тыс. гадоў назад, калі вобласць апошняга зледзянення хутка вызвалялася ад ледавіковага покрыва). Даліны тут звычайна глыбокія (20—30 м) і адносна вузкія, месцамі каньёнападобныя, са стромкімі схіламі, поймы вельмі вузкія або адсутнічаюць. У развітых поймавых далінах вылучаецца шырокае і плоскае дно, якое перыядычна затапляецца ў разводдзе, межаннае рэчышча ракі і схілы з тэрасамі. Вышыня поймаў над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, цэнтральных і паўночных частках краіны ад 1,5—4 да 6 м.

Нахілы рэк Беларусі вагаюцца ад 0,1 да 2—3‰. Сярэднія скорасці цячэння вялікіх і сярэдніх рэк 0,5—0,7 м/с, на перакатах да 0,8—1,5 м/с, на плёсах да 0,1—0,3 м/с, на парожыстых участках малых рэк больш за 1,5 м/с. Максімальныя скорасці назіраюцца ў час разводдзя і паводак, мінімальныя — у межань.

Каналы. На Беларусі створана густая сетка каналаў агульнай працягласцю каля 200 тыс. км (2001). Пераважаюць асушальныя меліярацыйныя каналы. Абсалютная большасць з іх мае невялікую працягласць, якая рэдка перавышае 10—20 км. Найбольшае значэнне сярод меліярацыйных каналаў маюць магістральныя. З іх самыя вялікія: Слаўкавіцка-Ямінскі, Дубайскі, Заазерскі, Асавецкі, Шчэлбінскі, Ненач; іх даўжыня ад 38 да 52 км. Нахілы магістральных меліярацыйных каналаў 0,3—0,4‰, скорасць цячэння ў іх вагаецца ад 0,3 да 1,4 м/с. На Пд шмат каналізаваных рэк (Арэса, Ведрыч, Іпа, Сведзь, Віць, Ненач і інш.); сетка меліярацыйных каналаў на балотных масівах павышае густату гідраграфічнай сеткі ў 2,5—4 разы. Некаторыя каналы створаны з мэтай злучэння суднаходных рэк: Дняпроўска-Бугскі (196 км) і Мікашэвіцкі (7 км). Захаваліся Агінскі, Аўгустоўскі, Бярэзінскі (у складзе Бярэзінскай воднай сістэмы) каналы, якія ў наш час страцілі сваё першапачатковае значэнне, але маюць значную каштоўнасць як гістарычныя аб’екты для турызму. Сярод каналаў трэба вылучыць водападвадныя, па якіх вада падаецца для арашальных сістэм, жыўлення рыбаводных сажалак, для цеплавых электрастанцый, пітнога водагаспадарчага забеспячэння, абвадняльных сістэм (напр., Сляпянская водная сістэма ў Мінску). Найдаўжэйшы з такіх каналаў — канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (62 км).

Рэжым па сезонах. Паводле гідралагічнага рэжыму вылучана 6 гідралагічных раёнаў: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі (усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны). Асноўная крыніца жыўлення рэк — атмасферныя ападкі, якія ў цёплы перыяд года сцякаюць непасрэдна пасля выпадзення, у халодны — намнажаюцца на паверхні вадазбораў і сцякаюць пасля раставання снегу. Для рэжыму рэк Беларусі характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асенняя і зімовая межані, якія часам парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Сярэдняе перавышэнне разводдзя над самым нізкім летнім узроўнем на вял. рэках складае ад 1,5 да 7 м (у залежнасці ад водных умоў года), на сярэдніх і малых рэках — прыкладна ўдвая ніжэйшае. Самае кароткае разводдзе ў басейне Нёмана (30—50 сут), самае працяглае — у басейне Прыпяці (да 120 сутак). Яно найчасцей суправаджаецца затапленнем поймаў рэк, а ў асобныя гады — і населеных пунктаў. Шырыня разліваў ад 1,5 да 15 км (Прыпяць), глыбіня затаплення ад 0,3—0,8 м на шырокіх поймах рэк да 2 м на вузкіх. Летне-асенняя межань, калі найбольш нізкія ўзроўні вады, доўжыцца ў басейне Зах. Дзвіны 160—180 сут, у басейне Прыпяці 135—165 сут, на астатніх рэках 190—205 сутак. У сухую летнюю межань малыя рэкі, а на Палессі ў асабліва засушлівыя гады таксама асобныя вадацёкі з пл. вадазбору 1200—1300 км², часам перасыхаюць. Летне-асенняя межань амаль штогод парушаецца дажджавымі паводкамі. У час найбольш высокіх з іх падняцце ўзроўню вады дасягае вышыні веснавога разводдзя, шматлікія сельскія населеныя пункты і с.-г. ўгоддзі аказваюцца падтопленымі. Працяг зімовай межані ў сярэднім 85—110 сутак. На рэках Беларусі пераважная большасць рачнога сцёку прыпадае на вясну пры раставанні снегу (да 77% гадавога сцёку). Агульнае памяншэнне веснавога сцёку назіраецца з Пн на Пд, гадавога сцёку — за ПнУ на ПдЗ. Веснавы сцёк (у % ад гадавога) па раёнах: Заходнедзвінскі — 50, Верхнедняпроўскі — 67, Вілейскі — 46 (Пн) і 40 (Пд), Нёманскі — 44, Цэнтральнабярэзінскі — 53 (ПнУ) і 59 (Перадпалессе), Прыпяцкі — 65 (Пн), 56 (Пд) і 46 (3). На перыяд летне-асенняй межані прыпадае 18—43% гадавога сцёку, зімовай 4—25%. У перыяд зімовых адліг на рэках нярэдка назіраюцца паводкі, што асабліва характэрна для заходняй і паўднёвай частак Беларусі. Азёрныя рэкі маюць працяглае разводдзе і павышаны сцёк у межань, Балотныя рэкі характарызуюцца працяглым разводдзем і паводкамі, а таксама паніжаным сцёкам у межань. На асобных участках рэк натуральны водны рэжым парушаецца дзеяннем гідратэхнічных збудаванняў — плацінамі, гідравузламі і інш. Для гідралаг. рэжыму каналаў характэрна значная ступень зарэгуляванасці сцёку.

Аб’ём сярэдняга шматгадовага мясцовага сцёку рэк, што фарміруецца на Беларусі, складае 34 км³, а з улікам транзітнага — 57,9 км³. З іх на Дняпро прыпадае 31%, Прыпяць — 22%, Зах. Дзвіну — 18%, Нёман — 25%, Зах. Буг — 4%. З сумежных з Беларуссю тэрыторый па рэках паступае каля 22 км³ вады (каля 70% з Расіі, 30% з Украіны). Адток вады ў суседнія краіны: 56% — на Украіну, 25% — у Латвію, 17% — у Літву, 2% — у Расію і Польшчу.

Зімой рэкі замярзаюць на 80—140 сут. Пачынаюць замярзаць пры т-ры паветра ніжэй за 0 °C у 2-й дэкадзе лістапада з Пн на Пд і ПдЗ. Таўшчыня лёду на іх на Пн і ПнУ 29—64 см, на З і ПдЗ 22—57 см, на Пд 17—45 см. Амаль усюды бывае веснавы крыгаход. У асобныя суровыя зімы некаторыя рэкі могуць прамярзаць да дна, але гэта нехарактэрная з’ява для рэк краіны. У мяккія зімы ледаставу часам не бывае. Сярэднемесячная тэмпература вады ў рэках у ліпені складае 19—22 °C (у асобныя дні да 27 °C) з максімумам у 16—18 гадзін і мінімумам у 6—8 гадзін. Тэрмічны рэжым каналаў у безлядовы перыяд амаль не адрозніваецца ад рэжыму суседніх рэк.

Рэкі нясуць, асабліва вясной, завіслыя часцінкі (каламуць). Вылучаюцца зоны павышанай каламутнасці (25—50 г/м³) — вярхоўі Зах. Дзвіны (да г. Бешанковічы), Дняпра (да Магілёва), вярхоўі Проні і Віхры (прытокі Сажа) і Нёмана — і зоны малой каламутнасці (да 25 г/м³) — Зах. Дзвіна (ніжэй Бешанковіч), Дняпро (ніжэй Магілёва), Вілія, Бярэзіна, Сож і Прыпяць. Рэкі штогод выносяць за межы Беларусі каля 1,2 млн. т завіслых наносаў і каля 6,5 млн. т (31,4 т/км² за год) раствораных рэчываў у выглядзе іоннага сцёку, паказчык якога (т/км² за год) вагаецца ад 64,6 (басейн Ашмянкі) да 16—24 (басейн Прыпяці).

Гаспадарчае выкарыстанне. Рэкі і каналы выкарыстоўваюць як крыніцы пітнога і тэхнічнага водазабеспячэння. На патрэбы нар. гаспадаркі з паверхневых крыніц штогод адбіраюць каля 750 млн. м³ вады (2001; з улікам вады, якая падаецца з Вілейскага вадасховішча па Вілейска-Мінскай воднай сістэме для абваднення р. Свіслач). Патэнцыяльныя гідраэнергарэсурсы рэк складаюць каля 900 тыс. кВт, працуе некалькі невялікіх ГЭС (найбольшая — Асіповіцкая на р. Свіслач). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў Беларусі 3,9 тыс. км. Найбольш развіта суднаходства на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Мікашэвіцкім каналах. Па некаторых рэках (Зах. Дзвіне, Нёмане, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Дняпры, Гарыні) у асобныя гады праводзяць лесасплаў. Даўж. лесасплаўных рэк 15 тыс. км. Прамысловае рыбалоўства вядуць на працягу амаль 4,6 тыс. км вялікіх і сярэдніх рэк, вылоўліваюць каля 200 т рыбы (2001). Многія рэкі з’яўляюцца водапрыёмнікамі меліярацыйных сістэм, крыніцамі вады на арашэнне і абвадненне. З мэтамі рэкрэацыі на рэках ствараюць зоны адпачынку (Беразіно, Гарадок, Дняпро, Масты, Стоўбцы і інш.), курорты (Рагачоў, Ушачы і інш.).

Рэкі выкарыстоўваюць як водапрыёмнікі сцёкавых вод: штогод у рэкі паступае каля 1200 млн. м³ сцёкаў (2001). Паводле якаснага складу вады рэкі ў пераважнай большасці адносяцца да катэгорыі ўмерана забруджаных. Найбольш забруджанымі з’яўляюцца вялікія і сярэднія рэкі ніжэй прамысловых цэнтраў (самая забруджаная — р. Свіслач ніжэй Мінска), малыя рэкі каля жывёлагадоўчых комплексаў. На ПдУ, у зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, некаторыя рэкі забруджаны радыёнуклідамі, каля Салігорска — солямі з адвалаў калійных камбінатаў. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем на рэках ствараюць гідратэхнічныя збудаванні. Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні рэк і каналаў прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Государственный водный кадастр. Многолетние данные о режиме и ресурсах поверхностных вод суши. Т. 3. Белорусская ССР. Л., 1985;

Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл. Мн., 1994. Государственный водный кадастр. Водные ресурсы, их использование и качество вод. Мн., 1994—2002.

А.​А.​Макарэвіч.


Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк Беларусі
Назва Даўжыня, км Плошча басейна, тыс. км² Сярэднегадавы расход вады, м³/с
Дняпро, увесь 2145 504 000 1670
у межах Беларусі 689 66 380 583
Нёман, увесь 937 98 200 685
у межах Беларусі 459 34 600 214
Заходняя Дзвіна, уся 1020 87 900 666
у межах Беларусі 328 33 100 441
Прыпяць, уся 761 121 000 450
у межах Беларусі 500 51 370 450
Сож, увесь 648 42 100 219
у межах Беларусі 485 21 700 219
Бярэзіна 613 24 500 142
Заходні Буг, увесь 772 39 400 145
у межах Беларусі 154 10 360 100
Вілія, уся 498 25 100 186
у межах Беларусі 64 10 920 80
Гарынь, уся 659 27 700 110
у межах Беларусі 82 560 110
Іпуць, уся 437 10 900 55,6
у межах Беларусі 64 1 270 55,6
Свіслач 285 5 200 50,0
Пціч 421 9 470 49,7
Стыр, уся 494 12 900 49,5
у межах Беларусі 70 570 49,5
Шчара 325 6 990 37,7
Ясельда 250 7 790 35,8
Друць 295 5 020 31,6
Бярэзіна (прыток Нёмана) 226 4 000 30,0
Беседзь, уся 261 5 460 28,4
у межах Беларусі 185 3 880 28,4
Убарць, уся 292 5 800 24,4
у межах Беларусі 126 1 910 24,4
Асцёр, увесь 274 3 370 21,6
у межах Беларусі 50 430 21,6
Рака Нёман каля г. Гродна.
Рака Дняпро каля Магілёва.
Дняпроўска-Бугскі канал каля Кобрына.

т. 18, кн. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).

Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.​Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.​Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.​Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.​Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.​Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект. зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.

Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.​Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.​Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.​В.​Руцкі, І.​Кунцэвіч, М.​Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.​Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.​Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.

Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.​Стрыйкоўскага і М.​Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасля ваен. падзей, паўстання Б.​Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.​Будзілы, Я.​П.​Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.​К.​Абуховіча складаецца ўяўленне пра індывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.​С.​Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.​Каменскага-Длужыка, Т.​Білевіча і інш.

Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.​Даманеўскі, С.​Косаў, І.​Палоўка, М.​Сматрыцкі, С.​Собаль, І.​Труцэвіч, Ф.​Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.​Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.​Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.​Даманеўскі, Л.​Зізаній, Л.​Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.​Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.​К.​Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.​Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.

Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.​Будны, Д.​Набароўскі, С.​Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.​Кміціц, С.​Лаўксмін, М.​К.​Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.​К.​Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.​Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.​Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.​Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.

У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.

У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.

«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.​У.​Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.​Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.

Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.​А.​Храпавіцкага, С.​Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.​Сурты і Ю.​Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.​Цадроўскага, Т.​Г.​Абуховіча, К.​Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст. літ. апісанні вандраванняў складалі Я.​Комар, Я.​К.​Сапега, Л.​Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст. аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.​Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.​Р.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.

На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.​А.​Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц. дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.​Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст. бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.​У.​Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.​Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт. нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.

С.​Л.​Гаранін, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 18, кн. 2, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́КА (італьян. barocco літар. вычварны, дзіўны),

вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст. маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.

Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.

Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн. маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.​Караваджа, збудаваннях Дж.​Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.​Берніні, арх. Ф.​Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.​П.​Рубенс, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б. дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.​Сурбарана, скульптуры Х.​Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах і І.​Л.​Гільдэбрант, мастак Ф.​А.​Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.​М.​Фішэр, І.​Б.​Нейман, А.​Шлютэр, М.​Д.​Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.​Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл. «Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац. рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.​Веласкес у Іспаніі, Ф.​Халс, Я.​Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.​Растрэлі, Дз.​Ухтамскі, С.​Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.​К.​Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.

На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл. Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.​К.​Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).

У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.​Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд. Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.​Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.​Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст. бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш. Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл. Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.

Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.

Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.​Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.​Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.​Таса і Дж.​Марына, «Пентаметр» Дж.​Базіле; у Германіі — трагедыі А.​Грыфіуса і Д.​Лоэнштайна, лірыка П.​Флемінга, раман Г.​Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.​Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.​Боманта, Дж.​Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.​А.​Морштына, В.​Патоцкага; у Расіі — М.​В.​Ламаносава, В.​К.​Традзякоўскага.

У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст. Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.​Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.​Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.

Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш. еўрап. краін, асабліва Германіі: ням. нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.​Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.​Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.​Шутца ў Германіі і Г.​Пёрсела ў Англіі).

На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц. нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак».

Тэатр. У еўрап. тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.

У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст. англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац. літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян. камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц. т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;

Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;

Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура), Б.​А.​Лазука (выяўленчае мастацтва), А.​В.​Мальдзіс (літаратура), В.​М.​Арэшка (тэатр).

Да арт. Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.​М.​Фішэр. 1748.
Да арт. Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.
Да арт. Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.
Да арт. Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.
Да арт. Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.
Да арт. Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Манстранц. 1783.
Да арт. Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.​Орды. 1877
Да арт. Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.
Да арт. Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)