Татарыя. Размешчана на Уеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Пл. 67,8 тыс.км²Нас. 3782 тыс.чал. (2000), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 56 чал. на 1 км². Жывуць татары (48,5%), рускія (43,3%), чувашы (3,7%), мардва, марыйцы, удмурты, башкіры, беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г.Казань.
Прырода. Рака Волга падзяляе Т. на правабярэжжа і левабярэжжа. Большая ч.тэр. на левабярэжжы (Заволжа) — слабахвалістая раўніна (выш. 120—150 м). На ПдУ Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 364 м). Правабярэжжа занята паўн. адгалінаваннямі Прыволжскага ўзв. (выш. да 266 м). Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (частка Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна), торф, буры вугаль, гаручыя сланцы, прыродныя бітумы, буд. матэрыялы (вапнякі, даламіты, гіпс, гліны і інш.), фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -13 °C на З да -14,8 °C на У, ліп. ад 18,7 °C на Пн да 19,6 °C на Пд. Ападкаў на правабярэжжы больш за 500 мм, на левабярэжжы 360—400 мм за год. Гал. рэкі: Волга, Кама, Белая, Вятка. Куйбышаўскае і Ніжнякамскае вадасховішчы. Глебы чарназёмныя (32%), дзярнова-падзолістыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк алювіяльныя. Лясы пераважна лісцевыя (дуб, ліпа, клён), займаюць каля 19% тэр. У складзе жывёльнага свету воўк, ліс, лось, вавёрка, бурундук, зайцы і інш.; з птушак глушэц, рабчык, драфа і інш. У вадаёмах 52 віды рыб. Нац. парк Ніжняя Кама, Волжска-Камскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Т. вядомы з палеаліту. Да 8—7 ст. да н.э. ў Волга-Кам’і склалася ананьінская, у пачатку н.э. ў Ніжнім Прыкам’і — п’янаборская культуры. У час Вял. перасялення народаў у Сярэдняе Паволжа праніклі цюрка-угорскія плямёны. У 6—8 ст. павялічылася колькасць цюркамоўнага насельніцтва, культура якога звязана з Цюркскім каганатам, Хазарскім каганатам і Вял. Балгарыяй. У 9—10 ст. цюркамоўныя балгары стварылі ў Сярэднім Паволжы дзяржаву Балгарыя Волжска-Камская, якая ў 922 прыняла іслам. У 1236—37 яна заваявана войскамі Батыя і ўключана ў склад Залатой Арды. У час яе існавання адбыліся асн. працэсы кансалідацыі цюрк. народаў у адзіную супольнасць. У 1-й пал. 15 ст. на тэр. Т. ўтварылася Казанскае ханства, у якім склалася народнасць паволжска-прыуральскіх татар. Працяглая барацьба паміж Рус. дзяржавай і Казанскім ханствам скончылася падзеннем апошняга ў 1552 і далучэннем яго зямель да Расіі. Пачалося інтэнсіўнае пранікненне рускіх на тэр. краю, рабіліся захады па яго прымусовай хрысціянізацыі, для чаго ў 1555 створана Казанская епархія. Карэннае насельніцтва ператворана ў ясачных людзей. Захоп зямель, рост павіннасцей, канфесіянальны прыгнёт сталі прычынай нар. паўстанняў (Еналееўскае паўстанне 1605—16, удзел татар у Сялянскай вайне 1670—71 і Сялянскай вайне 1773—75). Гэта прымусіла царскі ўрад пайсці на некат. ўступкі: у 1773 абвешчана аб рэліг. цярпімасці, у 1784 тат. мурзы ўраўнаваныя ў правах з рус. дваранамі. У 1708 створана Казанская губ., якая ўключала ўсё Сярэдняе Паволжа і Зах. Прыуралле. У 1-й пал. 19 ст. тут склаўся шэраг прамысл. прадпрыемстваў, фарміравалася тат. купецтва і клас прадпрымальнікаў. У канцы 19 ст. склалася тат. нацыя, узмацніліся пазіцыі нац. буржуазіі. Рэвалюцыя 1905—07 дала магутны штуршок развіццю нац. культуры і самасвядомасці тат. народа, руху за нац. роўнасць і дэмакр. свабоды. З’явіўся тат.перыяд. друк. Створана першая агульнамусульм. паліт. партыя «Іттыфак аль-муслімін». Тат.нац.-вызв. рух актывізаваўся ў ходзе Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. Створаны нац. парламент — Мілет мэджлісі і органы нац. самакіравання.
27.5.1920 СНК РСФСР прыняў дэкрэт аб утварэнні Татарскай АССР. За гады сав. улады Т. ператварыўся ў край з развітымі сельскай гаспадаркай, шматгаліновай прамысловасцю, сучаснымі навукай і культурай. Татары і інш. народы краю зрабілі буйны крок у развіцці сваіх нац. культур. Разам з тым з 1930-х г. назіраліся захады кіраўніцтва СССР да абмежавання нац. развіцця нярус. народаў, выцяснення іх моў з афіц. ўжытку. У Вял.Айч. вайну больш за 170 ураджэнцаў Т. сталі Героямі Сав. Саюза (у т. л. адзін з абаронцаў Брэсцкай крэпасці П.Гаўрылаў). Нямала воінаў з Т. ўдзельнічала ў партыз. руху на Беларусі (у т. л. З.Нуры, Т.Муратаў). У Т. працавалі эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы (абутковая ф-ка, кандытарскі камбінат «Спартак» і воскавашчынны з-д з Гомеля, цагельны з-д з Віцебска). У ліст. 1942 — чэрв. 1943 У ліст. 1941 — чэрв. 1942 у Т. жыў Я.Купала. З сярэдзіны 1980-х г. пачаўся новы ўздым нац. самасвядомасці тат. народа. 30.8.1990 Вярх. СаветТат. АССР змяніў статус рэспублікі і прыняў дэкларацыю аб яе дзярж. суверэнітэце. 12.6.1991 выбраны 1-ы прэзідэнт Рэспублікі Татарстан М.Шайміеў (у 1996 і 2001 пераабраны). 21.3.1992 рэсп. рэферэндум вызначыў дзярж. статус Т., у ліст. 1992 прынята яго канстытуцыя.
Гаспадарка. Т. — адна з найб. развітых у эканам. адносінах рэспублік Рас. Федэрацыі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 51,7%, сельская гаспадарка — 3,7%, сфера паслуг — 44,6%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прамысл. прадукцыі, 1999): паліўная (33,8%), хім. і нафтахім. (22,5%), маш.-буд. і металаапрацоўка (19,6%), электраэнергетыка (7,1%). Здабыча нафты і газавага кандэнсату (26,3 млн.т, 1999, Рамашкінскае, Новаелхоўскае, Первамайскае, Бандзюжскае і інш. радовішчы). Вытв-сць электраэнергіі 22,1 млрд.кВт∙гадз пераважна на ДРЭС (Заінская, Урусінская); Ніжнякамская ГЭС. Выраб шын (8,3 млн.шт., 1-е месца ў Расіі) у Ніжнякамску, пластмасы і сінт. смалы (365 тыс.т, 2-е месца), газаправодных поліэтыленавых труб, сінт. каўчуку (190 тыс.т), кінафотаплёнкі і магнітных стужак, мыйных сродкаў, лакафарбавых матэрыялаў, хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў у Казані, мінер. угнаенняў у Мендзялееўску. Маш.-буд. і металаапр. прадпрыемствы вырабляюць велікагрузныя (14,8 тыс.шт., Набярэжныя Чаўны) і легкавыя (28,4 тыс.шт., Елабуга) аўтамабілі, самалёты, верталёты, авіяматоры, газавую апаратуру, вакуумную тэхніку, кампрэсары, ЭВМ, радыёпрыёмнікі (Казань), судны, халадзільнікі і маразільнікі (26,9 тыс.шт., Зеленадольск), машыны і абсталяванне для нафтаздабыўной прам-сці, электралямпы, трубы (100 тыс.т., Альмецьеўск), электратэхн. і нафтавае абсталяванне (Бугульма), гадзіннікі, аўтаспецабсталяванне (Чыстапаль). Харч. і харчасмакавая прам-сць дае 9,5% валавой прадукцыі Т. Развіты вытв-сць мяса (52 тыс.т), масла (17,1 тыс.т, 1-е месца ў Расіі), гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў (8,7 млн. дэкалітраў, 2-е месца), піва, алею, цукру (160 тыс.т), малочнай прадукцыі, тытуню. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Казані (футравы к-т, абутковая і швейная ф-кі), Чыстапалі (абутковая ф-ка), Елабузе, Зеленадольску (швейная ф-ка), Альмецьеўску (панчошна-шкарпэткавая ф-ка) і інш. Лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць (вытв-сць дзелавой драўніны, піламатэрыялаў, фанеры, мэблі, паперы, кардону). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Фарфора-фаянсавая прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі і збожжа. С.-г. ўгоддзі займаюць 4,1 млн.га, у т. л. ворныя землі 3,6 млн.га, сенажаці і пашы 0,5 млн.га. Гадуюць (тыс. галоў, 2000) буйн. раг. жывёлу (1190), свіней (752), авечак і коз (513). Развіты птушкагадоўля, футравая зверагадоўля, трусагадоўля, спарт. і племянная конегадоўля, пчалярства (1253 т мёду, 2000), рыбаводства. Пасяўныя пл. 3 млн.га (1999), пад збожжавымі культурамі 54%, тэхн. 3,5%, бульбай і агароднінай 3,7%, кармавымі культурамі 39%. Сярод пасеваў збожжавых пераважаюць пшаніца, жыта, ячмень, авёс, гарох, з тэхн. — цукр. буракі, сланечнік. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1999): збожжа 2584, цукр. буракоў 891, сланечніку 5,1, бульбы 1143 (1-е месца ў Расіі), агародніны 303, пладоў і ягад 39. Т. мае развітую трансп. сетку. Даўж. чыгункі 879 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 12,4 тыс.км (2000). Асн. чыгунка Масква—Казань—Екацярынбург.
Суднаходства па рэках Волга, Кама, Вятка, Белая ў межах Т. на 976 км. Рачныя парты: Казань, Ніжнякамск, Набярэжныя Чаўны. Аэрапорты ў Казані, Бугульме, Набярэжных Чаўнах. Даўж. магістральных трубаправодаў (нафта- і нафтапрадуктаправоды) 6,5 тыс.км. Альмецьеўск — пач. пункт нафтаправодаў «Дружба», у Ніжні Ноўгарад, Перм, Самару. Рэспубліка пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу паліва, хім. і нафтахім. прадукцыю, аўтамабілі, дзелавую драўніну, харч. прадукты; завозіць машыны і абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, харч. прадукты. Курорты: Бакірава, Васільеўскі, Іжэўскія Мінер. Воды.
Літаратура. Развіваецца на татарскай мове. Вытокі ў фальклоры і помніках сярэдневяковай цюркскай культуры. Вядомы помнікі культуры Балгарыі Волжска-Камскай, у т. л. паэма Кул Галі «Кыса-і-Юсуф» (13 ст.). У развіцці маст. л-ры важнае месца належыць золатаардынскаму перыяду (гуманіст. творы Кутба, М.Булгары, С.Сараі і інш.). З распадам Залатой Арды асн. цэнтрам культ. жыцця стаў г. Казань. Перыяд Казанскага ханства звязаны з творчасцю Мухамедзьяра, Умі Камала, Кул Шарыфа. Новы перыяд у развіцці тат. культуры і л-ры пачаўся пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі (1552). У л-ры пераважалі рэлігійна-суфійскія матывы, аднак значнае месца належала свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Маўля Кулы, Утыза Імяні, Ш.Закі, Г.Чакрыя і інш. складваецца вобраз ідэальнага ў маральных адносінах чалавека, усхваляюцца розум, гуманізм, асуджаюцца заганы ўладатрымальнікаў. Дамінуючым маст. метадам заставаўся традыц.ўсх. рамантызм. З 2-й пал. 19 ст.л-ра засвойвае еўрап. рэалізм (паэзія Г.Кандалыя, М.Акмулы, Я.Емяльянава, проза М.Ак’егетава, З.Бігеева, драматургія Г.Ільясі, Ф.Халідзі). Пач. 20 ст. — перыяд узнікнення і фарміравання новых кірункаў і маст. метадаў. Пераўтвараліся традыц. жанры, узніклі новыя, пашыралася тэматыка твораў, фарміравалася літ. крытыка, актыўна выкарыстоўваліся вопыт і дасягненні ўсх., рус. і ўсх.-еўрап. л-ры (Г.Тукай, Ф.Амірхан, М.Гафуры, Дэрдменд, Г.Ібрагімаў, Г.Камал, Ш.Камал, С.Раміеў, Ш.Бабіч, М.Файзі і інш.). У 1920—40-я г. развівалася творчасць Ф.Бурнаша, К.Наджмі, Х.Такташа, К.Тынчурына, М.Галяў, А.Шамава, Х.Туфана, А.Кутуя, М.Джаліля, А.Аліша, Ф.Карыма, Н.Ісанбета і інш. У 1950-я г. іх традыцыі працягвалі І.Башыраў, І.Газі, А.Файзі, Ф.Хусні, М.Амір, С.Батал, А.Енікі, С.Хакім, А.Абсалямаў, Х.Вахіт, А.Расіх. З 1960-х г. пашырыліся магчымасці для маст. аналізу з’яў мінулага і сучаснасці, у абнаўленні л-ры значную ролю адыграла плеяда «шасцідзесятнікаў» (Р.Тухватулін, А.Плязаў, Г.Ахунаў, Н.Фатах, Ш.Галіеў, І.Юзееў, Ш.Хусаінаў), якія прынеслі ў яе надзённыя сац.-маральныя праблемы. У 1970—80-я г. праявілі сябе М.Магдзееў, Т.Мінулін, Р.Мухамадзіеў, М.Хабібулін, Ш.Бікчурын, М.Хасанаў, В.Нурулін, Р.Файзулін, Р.Харысаў, Р.Батула, Р.Гатаулін, Зульфат, М.Аглямаў і інш. У 1990-я г. ўзмацнілася ўвага да адраджэння шматвяковай гісторыка-культ. спадчыны. Вызваленае ад ідэалагізаваных прынцыпаў літаратуразнаўства імкнецца да рознабаковага асвятлення літ. працэсу, навукова-аб’ектыўнай ацэнкі маст. з’яў і тэндэнцый. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў Т. На бел. мове выдадзены зб-кі вершаў «Радасць сустрэч» З.Нуры (1973), «Маабіцкі сшытак» (1975, пер. А.Пысін і С.Гаўрусёў) і «Я гляджу на зоры» (1985, пер. Э.Агняцвет) Джаліля, аповесці «Адкуль ты, Жан?» Ш.Ракіпава (1976, пер. У.Мехаў), «Зялёная мая калыска» Башырава (1981, пер. А.Васілевіч). Паэзію і прозу перакладалі і перакладаюць М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, І.Калеснік, В.Коўтун, П.Прыходзька, Ю.Свірка, Н.Тулупава і інш.
Архітэктура. Ад 10—14 ст. захаваліся рэшткі пабудоў на тэр. гарадзішчаў Сувара, Біляра, Болгара, драўляных абарончых сцен, зрубных жылых дамоў з 2-схільным дахам і глінабітных дамоў з плоскім дахам, руіны дамангольскіх каменных пабудоў. У перыяд Залатой Арды (з сярэдзіны 13 ст.) з каменю і цэглы будавалі крэпасці, палацы, мячэці (саборная мячэць, т. зв. Чорная палата ў Болгары і інш.), маўзалеі, лазні (т. зв. Чырвоная палата ў Болгары), стылістычна звязаныя з дойлідствам Сярэдняй Азіі. Будынкі ўпрыгожвалі фрэскавай размалёўкай, каляровай керамікай, арнаментальнай разьбой па камені і тынкоўцы. Пасля далучэння Казанскага ханства да Расіі архітэктура Т. развівалася ў рэчышчы рас. дойлідства: крэмль (16 ст.), кафедральны сабор (1723—26), ун-т (1825—30-я г., арх. П.Пятніцкі, М.Карынфскі) у Казані. Архітэктуры 19 — пач. 20 ст. ўласцівы эклектызм. Для нар. дойлідства характэрны драўляныя дамы (6- або 5-сценныя) з размалёўкай дэкар. дэталямі. Гасп. пабудовы падзелены на асобныя групы, ізаляваныя ад жылога дома. У 1910-я г. пашырылася грамадз. і прамысл. будаўніцтва, рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя гарады (Набярэжныя Чаўны, Ніжнякамск і інш.). У 1920—30-я г. з’явіліся рысы канструктывізму (Дом друку ў Казані, арх. С.Пэн), пазней пачаўся зварот да традыц. форм нар. дойлідства (Тат.т-р оперы і балета імя М.Джаліля, 1953—46, арх. Н.Скварцоў, І.Гайнутдзінаў), да больш рацыянальных аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (рачны вакзал, арх. Гайнутдзінаў; канцэртная зала кансерваторыі, арх. М.Агішаў; цырк, арх. Г.Пічуеў і інш., усе ў Казані). З 1990-х г. у архітэктуры адраджаюцца традыц. планіровачныя прыёмы, нац. асаблівасці ў будынках жыллёвага, культавага і грамадскага прызначэння. У 1938 засн. Саюз архітэктараў Т.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Т. — неалітычныя крамянёвыя зааморфныя фігуркі, кераміка з геам. арнаментам, пасудзіны і ўпрыгожанні эпохі бронзы. Да 19 ст.выяўл. мастацтва не развівалася (іслам забараняе выявы жывых істот). Сярод вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва пераважалі сярэбраныя ўпрыгожанні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, залатое шыццё гладдзю, шматколерная вышыўка тамбурам, аплікацыя па тканіне, скуры, лямцы, разьба па камені і дрэве, бязворсавыя дываны, узорыстыя вырабы са скуры. З выразанымі на камені выслоўямі з Карана (т. зв. шамаілі) і першымі друкаванымі кнігамі (канец 18 — пач. 19 ст.) звязана мастацтва каліграфіі (буйнейшы майстар Алі Махмудаў). У 19 ст. жывапіс і графіка развіваліся ў творчасці рас. мастакоў, што жылі ў Казані (Л.Крукаў, В.Турын і інш.). У 1895 адкрыта Казанская маст. школа. У 1900-я г. з’явіліся тат. графікі-ілюстратары (М.Галееў, Г.Гумераў). Пасля стварэння ў Казані ў 1923 філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі пачалі рыхтавацца нац. кадры мастакоў (Б.Урманчэ, С.Ахун, Н.Валіулін, Ф.Тагіраў і інш.). У гады Вял.Айч. вайны працавалі М.Васільева, Г.Жыткоў, К.Максімаў, Г.Рахманкулава, Н.Сакольскі, В.Цімафееў; пашырыўся агітплакат (І.Бабравіцкі, Э.Гельмс). У 1950—80-я г. ў гіст. і быт. жанрах працавалі І.Зарыпаў, І.Рафікаў, Рахманкулава, Л.Фатахаў, І.Халілулаў, Х.Якупаў і інш.; у жанры партрэта — В.Кудзелькін, С.Ратніцкі; пейзажа — М.Кузняцоў, С.Лывін, Максімаў, М.Усманаў; у скульптуры — Урманчэ, В.Малікаў, Н.Адылаў, Г.Зябліцаў, Р.Нігматуліна; у станковай і кніжнай графіцы — Л.Кісялёва, І.Калмагорцава, Л.Пацягунін і інш. Мастацтва 1990-х г. адметнае пашырэннем жанравага і стылявога дыяпазонаў, з’яўленнем новых творчых кірункаў, адраджэннем тат. і мусульм.традыц. вобразнай сістэмы. У 1939 засн. Саюз мастакоў Т.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Т. ў нар. гульнях і відовішчах. Першыя публічныя тэатр. пастаноўкі вядомы з 1728 (Казань). У 1791 створаны пастаянны публічны т-р. З 1802 дзейнічала антрэпрыза П.Есіпава. З пач. 19 ст. ў Казані пачалі будаваць спец.тэатр. будынкі. З 1830-х г. тут пастаянна працавалі трупы прыватных антрэпрэнёраў. Існавалі і гурткі аматараў тэатр. мастацтва. Антрэпрэнёрская дзейнасць П.Мядзведзева і М.Барадая вывела казанскі т-р на значны ўзровень выканаўчага майстэрства (ставіліся п’есы А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Астроўскага, А.Пісемскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Казані дзейнічалі оперныя і драм. трупы, т-ры аперэты і мініяцюр, гастраліравалі рус. акцёры (Г.Фядотава, В.Андрэеў-Бурлак і інш.). На казанскай сцэне пачыналі сваю творчую дзейнасць дзеячы рус. тэатра У.Давыдаў, П.Стрэпетава, М.Пісараў, В.Качалаў і інш. З сярэдзіны 19 ст. развіваўся тат. аматарскі т-р. У 1906 спектаклі аматараў з асяроддзя тат. інтэлігенцыі паклалі пачатак тат.прафес. т-ру (тэатр. трупы «Саяр», «Нур», «Шыркат», «Яшлек»). Сярод акцёраў і рэжысёраў Г.Балгарская, Б.Балгарскі, Ф.Ільская, Камал Першы, Г.Карыеў, Ш.Кудашаў-Іманскі, М.Муцін, З.Султанаў і інш. Творы для сцэны пісалі Ф.Амірхан, Г.Ільясы, Г.Ісхакі, Г.Камал, Ш.Камал, Г.Кулахметаў, С.Раміеў, М.Файзі, К.Тынчурын і інш. У 1920 арганізаваны Першы паказальны тат.т-р (Тат.т-р імя Г.Камала). Былі пашыраны т-ры рабочай моладзі, эксперым. трупы, дзе вяліся пошукі новых выразных сродкаў тэатр. мастацтва. Ствараліся тэатр. студыі, у 1923 у Казані адкрыўся тэатр. тэхнікум. У 1930-я г. склалася шырокая сетка перасоўных т-раў, якія пазней атрымалі статус дзярж. (Альмецьеўскі тат.драм.т-р, Мензелінскі тат.драм.т-р, Тат.рэсп. перасоўны т-р і Казанскі т-р лялек). У 1950—60-я г. пашырылася аматарскае тэатр. мастацтва. Рэпертуар тат.т-ра папоўніўся п’есамі А.Аміра, Ф.Бурнаша, Х.Вахіта, А.Гілязава, Т.Гізата, Н.Ісанбета, Р.Ішмурата, Т.Мінуліна, З.Хакіма, Р.Хаміда, І.Юзеева і інш. З імёнамі акцёраў Х.Абжалілава, Н.Арапавай, Ш.Біктэмірава, Ф.Ільскай, Г.Камскай, Х.Салімжанава, З.Султанава, Р.Тазетдзінава, Х.Уразікава, Ф.Халітава, Н.Шагідарава, Ш.Шамільскага, К.Шаміля, Г.Шамукава, Р.Шарафіева і інш. звязана фарміраванне школы самабытнага акцёрскага майстэрства; Г.Дэвішаў, Г.Ісмагілаў, М.Салімжанаў, Ш.Сарымсакаў, Р.Тумашаў, Г.Юсупаў і інш. склалі школу нац. рэжысуры. У канцы 1990-х г. у Т. дзейнічалі 13 дзярж. і муніцыпальных т-раў. Праводзяцца тэатр. фестывалі, найбуйнейшы з якіх імя Ф.Тынчурына. У т-рах пастаўлены бел. п’есы: «У ціхім завулку» А.Маўзона, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара (1956, 1963, Чыстапальскі рус. вандроўны т-р), «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» А.Макаёнка (1972, 1973, Вял.драм.т-р імя Качалава).
Музыка. Традыц.тат.нар. музыка аднагалосая. Ладавая аснова — пентатоніка. Сярод характэрных песенных жанраў: озын кюй (працяжныя), кыска кюй (кароткія хуткія і танц. прыпеўкі — такмакі), аўыл кюе (сялянскія напевы), баіт (стараж. рэчытатыўна-апавядальныя песні-сказы). Сярод нар. інструментаў: курай (род флейты), кубыз (варган), з 19 ст. скрыпка і гармонік. Запісы тат. песень пачаліся ў 19 ст. У пач. 20 ст. закладзены асновы прафес.муз. мастацтва (Ф.Латыпаў, З.Ярулін, С.Габашы). Значную ролю ў яго станаўленні адыгралі муз.-драм. пастаноўкі тат.драм. труп. У ліку заснавальнікаў кампазітарскай школы Т. — С.Сайдашаў. Сярод першых тат. опер «Санія» (1925), «Рабочы» (1930) Г.Альмухамедава, В.Вінаградава, Габашы. У 1930-я г. створаны філармонія імя Г.Тукая, Дзярж. ансамбль песні і танца, Дом нар. творчасці (1937), Тат.т-р оперы і балета і Саюз кампазітараў Т. (1939). Значны ўклад у развіццё опернага жанру Н.Жыганава («Уцякач», 1939; «Золатавалосая», 1941; «Намус», 1950; «Джаліль», 1956, і інш.); лірыка-псіхал. оперу «Самат» (1956) на сучасную тэму стварыў Х.Валіулін. Аўтар першага нац. балета Ф.Ярулін («Шурале», 1941), муз. камедыі — Д.Файзі («Чаравічкі», 1942). Развіваецца сімф. і камерна-інстр. музыка, харавыя і песенныя жанры. Уклад у развіццё муз. мастацтва 20 ст. зрабілі кампазітары Ф.Ахметаў, Э.Бакіраў, Р.Бялялаў, А.Валіулін, Р.Губайдулін, Р.Енікееў, Жыганаў, А.Ключароў, А.Леман, А.Манасыпаў, М.Музафараў, Б.Мулюкоў, Файзі, З.Хабібулін, Л.Хайрутдзінава, Ш.Шарыфулін, Р.Яхін, Ярулін і інш., спевакі А.Абасаў, А.Асадулін, З.Байрашава, М.Булатава, Р.Ібрагімаў, А.Ізмайлава, Г.Кайбіцкая, Ф.Насрэтдзінаў, М.Рахманкулава; выканаўцы нар. песень Р.Вагапаў, Г.Сулейманава, І.Шакіраў і інш. Працуюць (2002): кансерваторыя (з 1945), муз.ф-т у пед. ін-це (з 1960), Ін-т культуры (з 1969, усе ў Казані), муз. вучылішча і школы. Праводзяцца фестывалі: сучаснай музыкі Еўропа—Азія, оперны імя Ф.Шаляпіна, класічнага балета імя Р.Нурыева (усе ў Казані). У 1997 муз. калектывы Т. прынялі ўдзел у святочных мерапрыемствах Беларусі з нагоды 600-годдзя пасялення тут абшчыны татар.
Літ.:
История Татарской АССР (с древнейших времен до наших дней). Казань, 1968;
Каримуллин А. Татары: этнос и этноним. Казань, 1989;
Исхаки Г. Идель-Урал. Казань, 1991;
Халиков А.Х. Происхождение татар Поволжья и Приуралья. Казань, 1978;
Валеев Ф.Х. Архитектурно-декоративное искусство казанских татар... Йошкар-Ола, 1975;
Изобразительное искусство Советской Татарии: Альбом. М., 1983;
Файнберг А.Б. Художники Татарии. Л., 1983;
Червонная С.М. Искусство Татарии. М., 1987;
История советского драматического театра. Т 1—6. М., 1966—71;
Исхакова-Вамба Р.А. Народные песни казанских татар. Казань, 1976;
Сайдашева З.Н. Татарская советская песня. Казань, 1984;
Композиторы и музыковеды Советского Татарстана. Казань, 1986.
Я.А.Якубоўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.Б.Канапацкі (гісторыя, літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, тэатр).
Да арт.Татарстан. Куйбышаўскае вадасховішча.Да арт.Татарстан. Панарама г. Казань.Да арт.Татарстан. Ніжнякамскі нафтахімічны камбінат.Да арт.Татарстан. Панарама Казанскага крамля.Да арт.Татарстан. Будынак Татарскага тэатра оперы і балета.Да арт.Татарстан. Будынак Казанскага універсітэта.Да арт.Татарстан. Кафедральны сабор у Казані. 1723—26.Да арт.Татарстан. Старонка Карана. 19 ст.Да арт.Татарстан. Н.Бікулаў. На жніве.