СВІСТКІ́,

механічныя прыстасаванні для пераўтварэння кінетычнай энергіі струменя ў энергію акустычных ваганняў. У адрозненне ад сірэн не маюць вярчальных або рухомых частак. Аўтавагальны рэжым цячэння высокаскараснога струменя ствараюць тармажэннем полым рэзанатарам або клінам, які мае рэзанансную поласць. Акустычная магутнасць С. значна ніжэйшая, чым у газаструменных выпрамяняльніках (не перавышае некалькіх дзесяткаў ват).

Паводле рабочага цела С. бываюць газавыя (паветраныя, пераважна віхравыя, С. Гальтана, т. зв. губныя) і вадкасныя (з пласціністымі ці стрыжнёвымі вібратарамі). Газавыя С. выкарыстоўваюць пераважна для бясшумнай сігналізацыі, вадкасныя — для інтэнсіфікацыі цепламасаабменных працэсаў.

Схемы свісткоў: а — віхравога (1 — трубка для падачы газу, 2 — цыліндрычная камера, 3 — выхадная трубка); б — губнога (1 — шчылінападобнае сапло, 2 — востры край рэзанатара, 3 — рэзанансная камера).

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыяфра́гма, ‑ы, ж.

1. Мышачная перагародка, якая аддзяляе грудную поласць ад брушной (у млекакормячых жывёл і чалавека).

2. Прыстасаванне для змянення дыяметра дзеючай адтуліны ў фота- ці кінааб’ектыве.

3. Вертыкальная сценка з бетону, металу і пад. у целе земляных ці камененакідных плацін для забеспячэння іх воданепранікальнасці.

4. Кальцавая перагародка ў трубаправодзе для стварэння перападу ціску, каб вызначыць расход вадкасці, газу і пад.

[Ад грэч. diáphragma — перагародка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавіта́цыя

(ад лац. cavitas, -atis = поласць, яма)

утварэнне пузыркоў у вадкасці ў выніку змяншэння ціску пры яе хуткім руху або пад дзеяннем ультрагуку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВУ́ХА,

орган слыху і раўнавагі ў чалавека і пазваночных жывёл; частка слыхавога апарата. У чалавека і большасці сучасных відаў пазваночных падзяляецца на вонкавае, сярэдняе і ўнутранае вуха (у кітападобных, ластаногіх, у рыючых жывёл, якія жывуць у тоўшчы глебы, у дарослых птушак, некаторых земнаводных і рэптылій адзначаецца рэдукцыя вонкавага, а ў шэрагу відаў і сярэдняга вуха). Вонкавае вуха (вушная ракавіна і вонкавы слыхавы праход) перадае ваганні паветра на барабанную перапонку.

Зачаткі яго ёсць у кракадзілаў, найб. складаную форму яно набыло ў млекакормячых. Сярэдняе вуха знаходзіцца ў скроневай косці за барабаннай перапонкай, уключае барабанную поласць, комплекс слыхавых костачак (малаточак, кавадлачка, стрэмечка ў млекакормячых, слупок — у амфібій, рэптылій і птушак), злучана з вонкавым асяроддзем (праз глотку) еўстахіевай трубой. Перадае гукавыя ваганні з барабаннай перапонкі на авальнае акенца ўнутранага вуха і ахоўвае яго ад перагрузак, узмацняе гукавыя частоты на аснове з’яў рэзанансу. Унутранае вуха размешчана ў тоўшчы скроневай косці, складаецца з перапончатага (сістэма злучаных паміж сабой і запоўненых эндалімфай танкасценных поласцей — мяшочкаў і праток) і касцявога (пераддзвер’е, паўкружныя каналы, улітка, запоўненыя перылімфай) лабірынтаў. Унутранае вуха ўключае т.зв. кортыеў орган, да слыхавых клетак якога падыходзяць канцы слыхавых нерваў, слыхавую частку (улітка) і вестыбулярны апарат. Вушная ракавіна, вонкавы слыхавы праход, барабанная перапонка, слыхавыя костачкі і лабірынтавая вадкасць складаюць гукаправодны апарат вуха, кортыеў орган, слыхавыя клеткі і нервы — гукаўспрымальную частку, вестыбулярны апарат — орган раўнавагі. Аналіз інфармацыі, якую атрымала вуха, адбываецца ў нерв. цэнтрах стваловай і коркавай частак мозга.

А.​С.​Леанцюк.

Вуха чалавека: 1 — барабанная перапонка; 2 — скроневая косць; 3 — барабанная поласць; 4 — паўкружны канал; 5 — улітка; 6 — слыхавая (еўстахіева) труба; 7 — слыхавыя костачкі; 8 — вонкавы слыхавы праход; 9 — вушная ракавіна.

т. 4, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

жыво́т м. Bauch m -(e)s, Bäuche; Leib m -es, -er; Únterleib m (брушная поласць);

то́ўсты жыво́т Schmérbauch m;

у мяне́ жыво́т падцягну́ла разм. ich hábe Húnger, mir knurrt der Mágen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

АНЦЫ́ЛУС, чашачка,

шароўка (Ancylus),

род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.

Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЛЬ (франц. modèle узор ад лац. modulus мера, узор, норма),

1) узор (эталон) якога-н. вырабу для серыйнай ці масавай вытв-сці.

2) Тып, марка, узор канструкцыі.

3) Прадмет маст. адлюстравання (натура); чалавек, які пазіруе мастаку (натуршчык).

4) Узнаўленне, імітацыя якога-н. прадмета, часцей у зменшаным выглядзе (напр., М. самалёта). Гл. таксама Макет.

5) Узор прадмета (звычайна з матэрыялу, што лёгка апрацоўваецца), з якога робіцца форма для ўзнаўлення ў інш. матэрыяле. Напр., ліцейная мадэль, з дапамогай якой робіцца рабочая поласць у ліцейнай форме.

6) Схема, апісанне якой-н. з’явы ці працэсаў у прыродзе і грамадстве.

7) Канструкцыя, якая перадае, імітуе (звычайна ў зменшаным маштабе) будову і дзеянне якога-н. інш. («сапраўднага») аб’екта ў навук., вытв. (гл. Мадэліраванне) ці спарт. мэтах (гл. Мадэлізм спартыўны).

т. 9, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ша́хта, ‑ы, М ‑хце, ж.

1. Сістэма падземных збудаванняў, дзе здабываюцца падземныя выкапні, або месца правядзення якіх‑н. падземных работ. Шахта будаўніцтва метро. □ Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі. З горада Салігорска У шахты ідуць гарнякі. Звонак. // Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў. На заводы, шахты, гуты Прыйшла фабрычная вясна. Таўбін.

2. Спец. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях. Ліфтавыя шахты. Вентыляцыйная шахта.

[Ням. Schacht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАСЬМІПРАМЯНЁВЫЯ КАРА́ЛЫ (Octocorallia),

падклас беспазваночных жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Тры сучасныя атр.: альцыянарыі, або мяккія каралы (Alcyonacea); гарганарыі, або рагавыя каралы (Gorgonacea); марскія пёры (Pennatulacea). 2800 відаў. Пашыраны пераважна ў марскіх водах трапічнага пояса. Вядомы з пач. мезазою. Жывуць калоніямі. На Беларусі выяўлены ў адкладах юры і мелу як рэдкія выкапнёвыя жывёлы. Найб. вядомыя: чырвоны, або высакародны карал (Corallium rubrum), арганчык (Tubipora musica), гарганарыя (Subergorgia mollis) і інш.

Маюць 8 перыстых шчупальцаў вакол ротавай адтуліны. Шкілет вапняковы або рагавы, складаецца з асобных элементаў — спікул рознай формы. Гастральная поласць падзелена радыяльнымі перагародкамі на камеры; ад рота ў яе апускаецца эктадэрмальная глотка. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Кормяцца прасцейшымі, бактэрыямі, часцінкамі дэтрыту і інш. Многія свецяцца. Калоніі прыгожыя, рознакаляровыя. Утвараюць каралавыя рыфы. З многіх вырабляюць упрыгожанні, сувеніры.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАТРА́ТЫ, злучэнні ўключэння,

злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».

Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C​+24HSO​−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)