падво́дны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца пад вадой, ніжэй паверхні вады. Падводныя скалы. □ Бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей. В. Вольскі. // Які жыве, расце пад вадой. Падводная расліннасць.
2. Які прызначаны для дзеяння пад вадой. Падводнай лодкі перыскоп На ўсходзе з-пад хваляў вынырнуў і знік назад. Аўрамчык. // Які праводзіцца, адбываецца пад вадой. Падводныя работы. Падводныя здымкі. Падводнае плаванне. // Які што‑н. робіць пад вадой. Падводны плывец.
•••
Падводная плынь гл. плынь.
Падводныя камяні гл. камень.
падво́дны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да падводы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́сінь, ‑і, ж.
Сіні адліў, сіні прасвет у афарбоўцы чаго‑н. А вочы шэрыя, з просінню, і вельмі ўважлівыя. Арочка. Алесь ляжаў цяпер у лагернай нестаптанай траве, задумана глядзеў у высачэзную просіць, на ляную плынь недасяжных, пяшчотных аблокаў... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напра́мак, -мку, мн. -мкі, -мкаў, м.
1. Лінія руху, бок, у які накіраваны рух, дзеянне.
Ісці ў паўночным напрамку.
Змяніць н.
2. перан. Шлях развіцця чаго-н.
Н. развіцця краіны.
3. Участак фронту.
Баі на заходнім напрамку.
4. Грамадская, навуковая і інш. плынь.
Рэалістычны н. у літаратуры.
5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго-н.
Пайсці напрамкам да лесу.
◊
Браць (узяць) напрамак — пачынаць рухацца, ісці ў якім-н. напрамку.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
хва́ля, -і, мн. -і, хваль, ж.
1. Вадзяны вал, які ўтвараецца ад гайдання паверхні вады.
Хвалі залівалі бераг мора.
2. Хістальны рух у фізічным асяроддзі ці электрамагнітным полі (спец.).
Электрамагнітныя хвалі.
Гукавая х.
3. перан., чаго. Пра масу, плынь чаго-н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі.
4. перан., чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго-н.
Х. дэманстрацый.
Х. мітынгаў.
|| прым. хва́левы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
токI м.
1. (действие) плынь, род. плы́ні ж.; (течение) цячэ́нне, -ння ср.;
2. (поток, струя) струме́нь, -ня м.;
3. (электрический) ток, род. то́ку м., мн. то́кі, -каў.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АБСУ́РДУ ДРА́МА,
плынь зах.-еўрап. авангардысцкай драматургіі і тэатра 1950—60-х г., дзе паняцце «абсурд» з’яўляецца асн. атрыбутам рэчаіснасці, якая ў выніку агульнага крызісу ідэалогіі постіндустрыяльнага грамадства часам траціць унутр. сэнс і становіцца ірацыянальнай. Тэрмін «абсурду драма» ўзнік пасля парыжскіх прэм’ер п’ес Э.Іанеска «Лысая спявачка» (1950) і С.Бекета «У чаканні Гадо» (1952). У іх выявіліся асн. рысы абсурду драмы: гратэскна-камічная дэманстрацыя бессэнсоўнасці формаў (у т. л. моўных), у якіх праходзіць паўсядзённае жыццё «сярэдняга» чалавека, а таксама метафарычная перадача яго шокавага стану, калі ён разумее, што вырвацца з гэтых жорсткіх ціскоў немагчыма.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГА́РНЫ МАТЭРЫЯЛІ́ЗМ,
філасофская плынь сярэдзіны 19 ст., якая спрашчала і агрубляла асн. прынцыпы матэрыялізму. Яе прадстаўнікі К.Фогт, Л.Бюхнер, Я.Молешот адмаўлялі сац. прыроду свядомасці, лічылі, што яе змест абумоўлены гал. чынам хім. саставам прадуктаў харчавання, атаясамлівалі мысленне з матэрыяльнымі фізіял. працэсамі, што адбываюцца ў чалавечым мозгу (мозг выдзяляе думку накшталт таго, як печань жоўць). Вульгарны матэрыялізм — у многім рэакцыя на ідэаліст. (асабліва ням.) дыялектыку, якую яго прадстаўнікі характарызавалі як філас. шарлатанства і з свайго боку спадзяваліся вырашыць усе філас. праблемы праз канкрэтныя прыродазнаўчыя даследаванні. У тлумачэнні сац. з’яў вульгарны матэрыялізм прымыкае да сацыял-дарвінізму.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ (Юлія Міхайлаўна) (н. 21.8.1931, Масква),
бел. крытык, літ.-знавец. Дачка М.Ю.Канэ. Скончыла БДУ (1954). Працавала ў рэдакцыях газет Літвы (1954—55), у газ. «Піянер Беларусі» (1959). Даследаванні па сучасным літ. працэсе (артыкулы пра творчасць А.Адамовіча, В.Быкава, Р.Барадуліна, А.Васілевіч, Н.Гілевіча, А.Жука, А.Кулакоўскага, І.Навуменкі, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, М.Танка, І.Чыгрынава і інш.). Аўтар кніг «Дзень сённяшні» (1962), «Янка Брыль» (1964), «Плынь» (1983), «Як паветра і хлеб: Жыццёвы і творчы шлях Янкі Брыля» (1988). На бел. мову пераклала асобныя творы арм. празаікаў. З 1991 жыве ў Ізраілі.
Л.С.Савік.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ККІ СТЫЛЬ,
плынь ў зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі 14—15 ст. Узнік пад уздзеяннем містычных вучэнняў, у перыяд хуткага распаду сярэдневяковых асноў, культуры і маст. канонаў, ва ўмовах нараджэння новага светаўспрымання і маст. індывідуальнасці. Найб. пашыраны ў 1380—1430-я г. пераважна ў Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. Сярод лепшых твораў М.с. — «Прыгожыя мадонны» (скульптуры Маці Божай у поўны рост з дзіцем на руках; пашыраны ў Чэхіі, Германіі, Польшчы), чэш. алтарныя карціны для сабора св. Ільі ў Тршэбані (каля 1380), творы ням. мастакоў кёльнскай школы Конрада з Зёста, верхнярэйнскага майстра («Райскі сад», каля 1410), Франке.
т. 11, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСТАРЫЯ́НСТВА,
плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.
т. 11, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)