ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення 𝑓(x) = 0 будуюць графік функцыі у = 𝑓(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.​У.​Абламейка.

Графічныя вылічэнні: 1 — каранёў ураўнення x​2 + x − 2 = 0; 2 — вызначанага інтэграла ab𝑓(x)dx; 3 — поле напрамкаў дыферэнцыяльнага ўраўнення dx/dt = t​2 + x​2.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),

сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.

Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл. Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл. табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.

Літ.:

Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.

Н.​А.​Ушакова.

Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е Старажытныя даты Сучасныя даты
Авен 21.3—19.4 22.4—21.5
Цялец 20.4—20.5 22.5—21.6
Блізняты 21.5—21.6 22.6—22.7
Рак 22.6—22.7 23.7—23.8
Леў 23.7—22.8 24.8—23.9
Дзева 23.8—22.9 24.9—24.10
Шалі 23.9—22.10 25.10—23.11
Скарпіён 23.10—21.11 24.11—23.12
Стралец 22.11—21.12 24.12—22.1
Казярог 22.12—19.1 23.1—20.2
Вадаліў 20.1—18.2 21.2—18.3
Рыбы 19.2—20.3 19.3—21.4
Да арт. Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРВА́Л (ад лац. intervallum прамежак, адлегласць) у музыцы, суадносіны двух гукаў музычных па вышыні. Ступеневая (колькасная) велічыня І. вымяраецца колькасцю ступеней 7-ступеннага гукарада паміж ніжнім і верхнім гукамі. У абазначэннях І. ўказваецца колькасная велічыня (лац. парадкавыя лічэбнікі або лічбы) і якасная (вызначэнні: чысты, малы, вялікі, паменшаны, павялічаны, двойчы паменшаны, двойчы павялічаны). І. ў межах актавы наз. простымі, шырэйшыя за актаву — састаўнымі.

Простыя І.: чыстая прыма (ч. 1) — 0 тонаў; малая секунда (м. 2) — ​1/2 тону; вялікая секунда (в. 2) — 1 тон; малая тэрцыя (м. 3) — 1 ​1/2 тону; вялікая тэрцыя (в. 3) — 2 тоны; чыстая кварта (ч. 4) — 2 ​1/2 тону; павялічаная кварта (пав. 4) — 3 тоны; паменшаная квінта (пам. 5) — 3 тоны; чыстая квінта (ч. 5) — 3 ​1/2 тону; малая секста (м. 6) — 4 тоны; вялікая секста (в. 6) — 4 ​1/2 тону; малая септыма (м. 7) — 5 тонаў; вялікая септыма (в. 7) — 5 ​1/2 тону; чыстая актава (ч. 8) — 6 тонаў.

Састаўныя І.: нона (м. і в.), дэцыма (м. і в.), ундэцыма (ч. і пав.), дуадэцыма (пам. і ч.), тэрцдэцыма (м. і в.), квартдэцыма (м. і в.), квінтдэцыма (ч.).

Велічыня тонаў і паўтонаў вызначаецца муз. строем. Паслядоўна ўзятыя гукі ўтвараюць меладычныя І. (узыходныя ці зыходныя), адначасова ўзятыя — гарманічныя, якія ўваходзяць у склад акордаў, і падзяляюцца па якасці гучання на кансанансы і дысанансы. Ніжні гук наз. асновай І., верхні — вяршыняй. Перастаноўка гукаў І. на актаву, калі аснова становіцца вяршыняй і наадварот, наз. абарачэннем І., у выніку ўзнікае новы І. У сувязі з ладам І. падзяляюцца на дыятанічныя (гл. Дыятоніка) і храматычныя (гл. Храматызм). І., меншыя за паўтон, былі пашыраны ў стараж.-грэч. музыцы, вядомы ў многіх нееўрап. традыц. муз. культурах, а таксама ў некат. муз. кірунках 20 ст. (гл. Санорыка, Чвэрцьтонавая сістэма).

т. 7, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭЛІ́РАВАННЕ,

метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял. пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.​К.​Максвела, А.​Кекуле, А.​М.​Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.

Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.

М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.

Літ.:

Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.

В.​В.​Філіпава.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДАГРАМАТЫ́ЗМ,

адна з плыняў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства. Склалася ў Еўропе ў 1870-я г. намаганнямі ням. лінгвістаў (К.​Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Паўль, Г.​Гірт, В.​Штрэйтберг, І.​Шміт і інш.). Меў прыхільнікаў у інш. краінах (П.​Ф.​Фартунатаў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Шахматаў у Расіі, М.​Брэаль, А.​Мее ў Францыі, Г.​І.​Аскалі ў Італіі, С.​Буге, К.​Вернер у скандынаўскіх краінах, У.​Уітні ў ЗША, Я.​Развадоўскі, Я.​Лось у Польшчы). Младаграматыкі адмовіліся ад асн. навук. уяўленняў 1-й пал. 19 ст. (ідэя трохэтапнасці глотагенічнага працэсу: аморфны стан прамовы — аглюцінацыя — флексійны лад; вучэнне В.​Гумбальта пра ўнутр. форму мовы, якая служыць адбіткам «духу» народа; падыход А.​Шляйхера да мовы як да прыроднага арганізма). У аснове М. — індуктыўны падыход да жывых моўных з’яў і працэсаў і погляд на мову як на індывідуальна-псіхал. з’яву, якая павінна вывучацца параўнальна-гіст. метадам. Гэты метад быў даведзены младаграматыкамі да высокай ступені навук. дакладнасці. Яны сцвярджалі, што гукавыя законы, на якіх грунтуецца развіццё моў, дзейнічаюць стыхійна і паслядоўна. Адхіленне ад іх дзеяння — або праява дзеяння іншых, яшчэ не пазнаных гукавых законаў, або вынік змяненняў па аналогіі. Такое разуменне сутнасці і ролі гукавых законаў дало младаграматыкам магчымасць абгрунтаваць прынцып гістарызму ў мовазнаўстве як аснову навук. метадалогіі і ў далейшым дазволіла вучоным усвядоміць і размежаваць паняцці дыяхраніі і сінхраніі ў моўнай дынаміцы і прывяло да ідэі сістэмнасці мовы. Для саміх младаграматыкаў быў характэрны пазасістэмны, «атамарны», хоць і вельмі дэталёвы разгляд паасобных моўных з’яў. Пільная ўвага младаграматыкаў да моўных фактаў садзейнічала іх размежаванню як аб’ектаў даследавання і складанню паасобных мовазнаўчых дысцыплін — фанетыкі, этымалогіі, гіст. граматыкі, семасіялогіі, дыялекталогіі. Тэрмін «младаграматыкі» (ням. Junggrammatiker) уведзены Ф.​Царнке.

Літ.:

Томсен В. История языковедения до конца XIX в.: Пер. с дат. М., 1938;

Пауль Г. Принципы истории языка: Пер. с нем. М., 1960.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСАКА́ЛЛЯ (італьян. passacaglia, ісп. pasacalle ад ісп. pasar праходзіць + calle вуліца),

1) песня, з 16 ст. танец ісп. паходжання ў суправаджэнні гітары. Узнікла як музыка для выканання на вуліцы (адсюль назва), а таксама як інстр. ўстаўкі ў песнях і танцах. У 17 ст. ў Францыі — урачысты сольны танец 3-дольнага памеру (у оперу і балет П. ўвёў Ж.​Б.​Люлі), у Італіі спачатку як рытурнела ў сцэн. музыцы — невял. 2—3-тактавыя пабудовы ў вытрыманай акордавай фактуры з раўнамернай рытмікай.

2) Інстр. муз. п’еса.

Характэрныя рысы набыла ў Італіі ў 17 ст.: стрымана-засяроджаны, узнёслы характар музыкі, плаўны рух, умерана-павольны тэмп, 3-дольны памер са зменай гармоніі пры змене такта, прынцып варыяцый на баса астыната, што стварае драм., трагедыйны характар музыкі. Як самаст. інстр. п’еса створана Дж.​Фрэскабальдзі (1637), які ўвёў яе ў сюіту. Сустракалася ў опернай музыцы (К.​Мантэвердзі, Люлі), у інстр. найчасцей уваходзіла ў сюіту (Ф.​Куперэн) або існавала як сольная п’еса. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. — буйная, развітая форма пераважна ў арганнай музыцы ням. кампазітараў (Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах). У 19 ст. амаль знікла. У 20 ст. ў сувязі з тэндэнцыямі неакласіцызму, павышэннем ролі поліфаніі і прынцыпу basso ostinato П. найчасцей уваходзіць у буйныя муз. формы. У рас. музыцы найб. паслядоўна і глыбока П. распрацавана ў творчасці Дз.​І.​Пастаковіча, які пашырыў рамкі жанру, выкарыстоўваў П. ў пераломных, кульмінацыйных момантах цыклічных форм як выразны маст. сродак.

У бел. музыцы жанр П. прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, Г.​Гарэлавай, Л.​Гуціна, У.​Дамарацкага, А.​Залётнева, Э.​Зарыцкага, Дз.​Смольскага, Р.​Суруса і інш.

Літ.:

Бобровский В. Претворение жанра пассакальи в сонатно-симфонических циклах Д.​Шостаковича // Музыка и современность. М., 1962. [Вып. 1];

Цуккерман В.А. Анализ музыкальных произведений: Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кано́н, ‑а, м.

1. Якое‑н. правіла, устаноўленае і ўзаконенае вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Беларускія кніжнікі XVI–XVII стст. перакладалі рэлігійныя творы на «простую» мову, але з аглядкай — не нарабіць бы памылак, не адысці б ад царкоўных канонаў, не ўпасці б у ерась. Шакун.

2. перан. Кніжн. Правіла або сукупнасць правіл якога‑н. напрамку ў мастацтве. Класіцысцкія каноны. □ Паэт выступаў супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску і адкідваў прэч рэакцыйныя, антырэалістычныя «каноны» эстэтыкі сімвалізму. Майхровіч. // Тое, што з’яўляецца традыцыйнай, абавязковай нормай. Тэхнічныя каноны. □ [Мікалай] адкінуў бы прэч усе каноны ветлівасці, дагнаў бы Адама і з усёй сілы ўчапіўся б яму ў горла. Дамашэвіч.

3. Спіс рэлігійных кніг, прызнаных царквою ў якасці свяшчэннага пісання. Біблейскі канон.

4. Царкоўнае песнапенне ў пахвалу святога або свята і пад. Велікодны канон. Памінальны канон.

5. Паўтарэнне адной мелодыі рознымі галасамі, якія ўступаюць у спевы паслядоўна, адзін за другім, дакладна паўтараючы мелодыю першага голасу.

[Грэч. kanon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАЦЬМЕ́ННІ,

астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.

Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.

Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.

Літ.:

Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.

Н.​А.​Ушакова.

Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.
Схема зацьмення Месяца.
Да арт. Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЫ́Я ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы экватарыяльнага, субэкватарыяльных, трапічных, субтрапічных і ўмераных паясоў геаграфічных, у прыродных ландшафтах якіх пераважае лясная расліннасць. Размешчаны пераважна ў Паўн. паўшар’і, звычайна ва ўмовах дастатковага або залішняга ўвільгатнення. У экватарыяльным поясе і набліжаных да яго рэгіёнах субэкватарыяльных паясоў ва ўмовах гарачага клімату з залішнім увільгатненнем і адсутнасцю сезоннай рытмічнасці знаходзяцца зоны гілеяў (вільготных вечназялёных экватарыяльных лясоў) на ападзоленых латэрытах, чырв.-жоўтых латэрытных і балотных трапічных глебах і субэкватарыяльных лясоў на ападзоленых і чырв. латэрытах, чырв.-бурых і чырв.-карычневых глебах. У найб. вільготных (больш за 1000 мм ападкаў за год) раёнах трапічных паясоў, дзе сезонная рытмічнасць больш выяўленая, размешчаны зоны трапічных лясоў на ападзоленых латэрытах і латэрытных глебах. У гэтых зонах адрозніваюць падзоны вечназялёных пастаянна вільготных (гл. Вільготныя трапічныя лясы) і лістападна-вечназялёных сезонна вільготных (з засушлівым перыядам) лясоў. Л.з. субтрапічных паясоў знаходзяцца ў паласе зах. пераносу паветр. мас, з летнім трапічным і зімовым умераным кліматычнымі рэжымамі. У раёнах з залішнім на працягу года ўвільгатненнем пашыраны падзоны гемігілеяў з вечназялёнымі або летнезялёнымі шыракалістымі лясамі на бурых лясных, жаўта- і чырваназёмных глебах; у зах. частках мацерыкоў (пераважна з зімовым увільгатненнем) — невял. па плошчы падзоны цвердалістых міжземнаморскіх летне-сухіх лясоў і хмызнякоў на карычневых, бурых лясных і жаўтазёмных глебах, на У (з летнім увільгатненнем) — мусонных лістападна-вечназялёных мяшаных субтрапічных лясоў на чырвана- і жаўтазёмах. Найб. плошчу займаюць Л.з. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. У іх складзе адрозніваюць 3 падзоны, якія паслядоўна змяняюцца з Пн на Пд у Еўразіі і з ПнУ на ПдЗ у Паўн. Амерыцы і часта разглядаюцца як асобныя зоны: таежная зона, мяшаных лясоў зона, шыракалістых лясоў зона. З-за недахопу цяпла зімой вегетацыя раслін запавольваецца ці спыняецца. Лясы хвойныя і лістападныя, растуць на мярзлотна-таежных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, бурых або шэрых лясных глебах. Ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я ва ўмовах акіянічнага клімату пераважаюць мяшаныя лясы з хвойнымі, лістападнымі і вечназялёнымі відамі раслін на бурых лясных глебах. Беларусь знаходзіцца ў зоне мяшаных лясоў, флора і фауна якіх найб. збераглася ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,

перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10​−5 м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.

Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)