МАДЭЛІ́РАВАННЕ,

метад даследавання аб’ектаў пазнання на іх мадэлях; пабудова і вывучэнне мадэлей рэальна існуючых прадметаў і з’яў (арган. і неарган. сістэм, фіз., хім., біял., сац. працэсаў) і аб’ектаў канструявання. Выкарыстоўваецца для вызначэння або паляпшэння іх характарыстык, рацыяналізацыі спосабаў пабудовы, кіравання і інш. Як форма адлюстравання рэчаіснасці М. вядома з антычнасці, вял. пашырэнне атрымала ў эпоху Адраджэння. Выключную ролю ў развіцці М. як метаду навук. пазнання адыгралі працы Кельвіна, Дж.​К.​Максвела, А.​Кекуле, А.​М.​Бутлерава. Універсальную значнасць М. набыло з узнікненнем ЭВМ і фармуляваннем асн. прынцыпаў кібернетыкі.

Па ўласцівасцях мадэлі робяць вывады пра ўласцівасці аб’екта, які вывучаецца. Уласцівасці, аналагічныя ў мадэлі і аб’екце і важныя для даследавання, наз. істотнымі. Падобнасць паміж аб’ектам, які мадэліруецца, і мадэллю бывае фізічная (аб’ект і мадэль маюць аднолькавую або падобную фіз. прыроду), структурная (у аб’екта і мадэлі падобныя структуры), функцыянальная (падобнасць функцый, што выконваюць аб’ект і мадэль пры адпаведных уздзеяннях), дынамічная (падобнасць паміж станамі, якія паслядоўна змяняюцца ў аб’екта і мадэлі), імавернасная (падобнасць паміж працэсамі імавернаснага характару) аб’екце і мадэлі), геаметрычная (падобнасць паміж прасторавымі характарыстыкамі аб’екта і мадэлі). Адпаведна адрозніваюць і тыпы мадэлей.

М. бывае прадметнае (даследаванне вядзецца на мадэлі, што ўзнаўляе пэўныя геам., фіз., дынамічныя, функцыян. характарыстыкі арыгінала) і знакавае (мадэлямі служаць схемы, чарцяжы, формулы, сказы ў некаторых алфавітах і інш., напр., матэматычнае мадэліраванне). Пры гэтым пабудова знакавых мадэлей замяняецца мысленна-наглядным уяўленнем знакаў ці аперацый над імі (мысленнае М.). М. цесна звязана з эксперыментам і ўяўляе сабой асобы яго від — мадэльны эксперымент (напр., у ходзе мадэльна-кібернетычнага эксперыменту замест «рэальнага» эксперым. аперыравання з аб’ектам знаходзяць алгарытм (праграму) яго функцыянавання, які выступае ў якасці мадэлі. Гл. таксама Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы, Мадэліраванне сацыяльнае, Мадэліраванне эканоміка матэматычнае.

Літ.:

Ракитов А.И. Философия компьютерной революции. М., 1991;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Степин В.С., Горохов В.Г., Розов М.А. Философия науки и техники. М., 1996.

В.​В.​Філіпава.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЕТРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,

магнітаразведка, адзін з кірункаў разведачнай геафізікі, які заснаваны на вывучэнні анамалій геамагнітнага поля, абумоўленай неаднолькавай намагнічанасцю горных парод. Праводзіцца магн. або аэрамагнітная здымка, апрацоўка вымярэнняў, пабудова магн. профіляў і карт, геал. інтэрпрэтацыя выяўленых анамалій магн. поля. Для атрымання больш поўнай геолага-геафіз. інфармацыі М.м.р. ўваходзяць у комплекс з інш. геафіз. метадамі: сейсма-, граві-, электраразведкай і інш. Выкарыстоўваюць магнітометры. Рознымі іх мадыфікацыямі выконваюцца наземныя, аэрамагнітныя, аўтамабільныя, марскія, свідравінныя і спадарожнікавыя вымярэнні. Па даных вымярэнняў складаюцца карты анамальнага магн. поля (гл. Магнітнае поле Зямлі), якія выкарыстоўваюцца ў геолагаразведачных работах. На Беларусі з дапамогай М.м.р. адкрыты Аколаўскае і Навасёлкаўскае радовішчы жалезных руд, трубкі выбуху, перспектыўныя на радовішчы алмазаў, рудапраяўленні каляровых і рэдкіх металаў, складзена геал. карта парод крышт. фундаменту. Гл. таксама Геафізічная разведка.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спару́дапабудова; гмах будынка’ (Беларусіка, 19, 225). З укр. спору́да ‘будыніна’, ад спору́дити ‘збудаваць, узнесці’, што да прасл. дыял. *vъz‑po‑rǫditi, якое чаргуецца з *vъz‑po‑ręditi, параўн. рус. соорудить ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 381). У сувязі з гэтым, застаюцца сумненні адносна балтыйскага паходжання ўсх.-слав. аруд (гл.), ст.-бел. орудъ ‘засек’, выказаныя Супруном (ЭСБМ, 1, 152), на фоне ст.-рус. орудница ‘кладоўка зброі’, укр. дыял. оруда ‘праца’ і пад., на якім настойвае Анікін, Опыт, 90. Параўн. таксама рад1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пала́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Часовае, звычайна летняе памяшканне з непрамакальнай тканіны або скуры (нацягнутай, як правіла, на каркас). Над Дзвіной былі раскінуты палаткі, у якіх жылі першыя будаўнікі. Хадкевіч.

2. Лёгкая пабудова з прылаўкам для дробнага гандлю. Пасажырам прапануюць ісці ў аэрапорт, дзе, нягледзячы на позні час, да іх паслуг бар і некалькі палатак з сувенірамі. Філімонаў.

3. Тое, што і плашч-палатка. Зрабіўшы перавязку камісару, маёр па-пластупску папоўз, цягнучы на палатцы параненага. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.​Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.​Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельская капліца.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,

помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.

Літ.:

Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;

Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Васіля Блажэннага храм.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ САВЕ́ЦКАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ 1919,

першая Канстытуцыя БССР. Прынята 3.2.1919 на I Усебел. з’ездзе Саветаў. Створана на ўзор Канстытуцыі РСФСР 1918. Складалася з Дэкларацыі правоў прац. і эксплуатуемага народа і 3 раздзелаў. Замацавала афіц. назву дзяржавы — Сацыяліст. Сав. Рэспубліка Беларусі (ССРБ), абвясціла яе рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Вызначыла асн. задачы дзяржавы — устанаўленне дыктатуры пралетарыяту, падаўленне супраціўлення звергнутых класаў, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, пабудова сацыялізму. Адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і інш. сродкі вытв-сці, якія абвяшчаліся нац. здабыткам. Замацоўвала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвяшчала дэмакр. свабоды — сумлення, выказвання поглядаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў, саюзаў. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян. Уводзіўся ўсеагульны воінскі абавязак. Вышэйшым органам дзярж. улады абвяшчаўся з’езд Саветаў Беларусі, у перыяд паміж з’ездамі паўната ўлады належала Цэнтр. Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). Трэці раздзел прысвячаўся дзярж. сімвалам рэспублікі.

Т.​І.​Доўнар.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЛЕ́Т (франц. couplet),

частка песні, якая адпавядае адной страфе паэт. тэксту. З інш. строфамі тэксту муз. пабудова паўтараецца дакладна або з рознымі зменамі і ўтварае т.зв. куплетную форму — структурную аснову большасці нар. песень і прафес. твораў песеннага жанру. Пры наяўнасці паэт. рэфрэна К. падзяляецца на запеў і прыпеў (2-часткавая муз. форма). Уласцівае песеннаму фальклору бел. і інш. народаў вар’іраванне К. вядзе да ўтварэння куплетна-варыяцыйнай формы. У множным ліку куплеты — песенны жанр, адметны лёгкім, жартаўлівым, часам сатыр. зместам і даступнасцю, запамінальнасцю мелодыкі. Найб. пашыраны ў эстр. мастацтве, аперэце, часам і ў оперы, напр., куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна» П.​Чайкоўскага, Мефістофеля з «Фауста» Ш.​Гуно. У бел. музыцы рысы К. маюць песня Дзяніса Давыдава з 3-й дзеі оперы «Надзея Дурава» А.​Багатырова, шэраг зонгаў з оперы «Матухна Кураж» С.​Картэса.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пры́старанак, прыстаро́нак, прысторо́нок ’застаронак; месца ў гумне паабапал току, дзе складваецца збожжа’ (ТСБМ; в.-дзв., Шатал.; лях., ганц., карэліц., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; лях., клец., ЛА, 2), пры́старанак, прыстаро́нак, прысторо́нок, прыстуро́нок ’драўляная загародка, якая аддзяляе бок гумна, дзе кладуць збожжа, ад тока’ (слонім., Арх. Бяльк.; Нар. сл.), ’сценка ў два-тры бервяны, якая разгароджвае гумно’ (баран., ваўк., пруж., Сл. ПЗБ), прысторэ́накпабудова са сценамі для гаспадарчых прылад’ (ДАБМ), серб.-харв. прѝстанак ’скат; месца ў старане’. Да старана́ (гл.); кандэнсацыя выразу пры старане, аформленае суфіксам ‑ак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паралелі́зм, ‑у, м.

1. Роўнае, аднолькавае на ўсім працягу знаходжанне адной ад другой ліній і плоскасцей. Паралелізм ліній.

2. Нязменныя суадносіны і адначасовасць дзвюх з’яў, двух дзеянняў. Пры выкарыстанні паралелізму песня звычайна будуецца на супастаўленні двух вобразаў: аднаго — узятага з прыроды, другога — з чалавечага жыцця. Саламевіч. // Аналогія, падабенства, агульнасць характэрных рыс; паўтарэнне, дубліраванне чаго‑н. Паралелізм у рабоце.

3. У паэтыцы — аднолькавая сінтаксічная і інтанацыйная пабудова некалькіх сказаў, якія ідуць адзін за адным.

4. У музыцы — аднолькавы інтэрвал у руху галасоў пры шматгалосым спеве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)