КРЭ́МЕР ((Cremer) Фрыц) (н. 22.10.1906, г. Арнсберг, Германія),
нямецкі скульптар і графік. Правадз.чл.Герм.АМ (з 1950). Ганаровы чл.АМСССР (1967). Скончыў Вышэйшую школу выяўл. і прыкладнога мастацтва (1934) і АМ (1940) у Берліне. З 1946 выкладчык Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Вене, з 1950 кіраўнік майстэрні пры Герм.АМ (Берлін). Зазнаў уплыў Э.Барлаха. Сярод твораў: помнікі ахвярам фашызму ў Бухенвальдзе (1952—58), Равенсбруку (1959—61), Маўтгаўзене (1964—65); партрэты рабочага Ф.Франіка (1954), Б.Брэхта (1956), жывапісца І.Іона (1962); станковыя скульптуры «Ева» (1949), «Аголеная» (1958), «Укрыжаваны» (пач. 1980-х г.); цыклы літаграфій «Венгрыя» (1956), «Бухенвальд» (1955—57). Нац. прэмія ГДР 1953, 1958. Іл.гл. таксама да арт.Бухенвальд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).
Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1942), «Проба агнём» К.Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКІН (Пётр Аляксандравіч) (25.7.1903, г. Саратаў, Расія — 16.8.1958),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Вышэйшыя майстэрнітэатр. мастацтва (Саратаў, 1924). З 1925 акцёр і рэжысёр т-раў Расіі. З 1949 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Акцёр шырокага дыяпазону. Спалучаў эмацыянальнасць і глыбокі псіхалагізм з мяккім лірызмам, камедыйнасцю і яркай пластычнай выразнасцю. Ролі ў Брэсцкім т-ры: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Калібераў («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Каспар («Салаўі пяюць на волі» паводле З.Бядулі), Круціцкі («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Гарнастаеў («Любоў Яравая» К.Транёва) і інш. Паставіў спектаклі: «Зыкавы» М.Горкага, «Навальніца» Астроўскага (абодва 1952), «Блудны сын» Э.Ранета (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Яўхім Сямёнавіч) (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),
бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст. вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ГАРБА́РНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1970 у Мінску на базе галаўнога прадпрыемства Мінскага гарбарнага з-да «Бальшавік» (засн. ў 1895 як гарбарныя майстэрні), Мінскага скурсыравіннага і Смілавіцкага гарбарнага з-даў. У 1927—70 гарбарны з-д «Бальшавік». У 1962 уведзены ў дзеянне клеяварны цэх, у 1963—3-я хромавая вытв-сць, у 1970 рэканструяваны і перааснашчаны. З 1992 арэнднае прадпрыемства, з 1994 адкрытае акц.т-ва «М.в.г.а.». У 1988 прадпрыемства пераведзена ў пас. Гатава Мінскага р-на на новыя вытв. пляцоўкі; складаецца з вытв-сці першаснай апрацоўкі скурсыравіны, цэхаў: зольна-дубільнага, фарбавальна-апрацоўчага, перапрацоўкі адходаў вытв-сці і дапаможных. Асн. прадукцыя (1999): хромавы скуртавар для верху абутку, галантарэі, мэблі і лёгкадрапіравальны (для адзення); з адходаў вытв-сці: клей мяздровы, малярны, мыла гаспадарчае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,
гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каля в. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст.н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Барыс Іванавіч) (26.3.1900, Масква — 23.12.1970),
рускі тэатр. мастак. Нар. мастак СССР (1965). Скончыў Строганаўскае вучылішча (1918) і Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1923) у Маскве. Гал. мастак т-раў імя Массавета (1924—40), Муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі (1941—49), Малога (1951—70) у Маскве. Для бел.т-ра імя Я.Купалы стварыў дэкарацыі да спектакляў «Браняпоезд 14—69» У.Іванава (1928), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду (1957), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961); для т-ра оперы і балета Беларусі — «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946), «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1948). Дзярж. прэмія СССР 1949, 1951, 1952.
Літ.:
Гремиславский И.Я., Сыркина Ф.Я. Б.И.Волков. М., 1958;
Барышаў Г. «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда ў дэкарацыях Б.І.Волкава // Беларускае мастацтва. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДАРЭ́НКА (Леанід Аляксандравіч) (н. 25.10.1930, г. Маладзечна Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1963). Гал. месца ў творчасці, якой уласцівы метафарычная афарбоўка, багатае вобразнае вырашэнне, займаюць канцэптуальныя сюжэтна-тэматычныя карціны: «П’ета» (1968), «Вызваленне» (1975), «Касінеры Каліноўскага» (1978), «У майстэрні» і «Гэта не павінна здарыцца» (абедзве 1986), «Эпілог» і «Людзі і манументы» (абедзве 1988), «Майму народу гэта кніга (Скарына)» (1990), «Баляванне драпежнікаў» (1993), «Усюды жыццё» (1995), «За што, Госпадзі?» (1996). Пейзажы і партрэты вылучаюцца моцнай пластыкай, выразнасцю малюнка: партрэты В.Быкава (1980), М.Багдановіча (1981), «Перад трэніроўкай. Н.Б.Сініцына» (1987), «Мая Наталля» (1997), пейзажы «Браслаў» (1982), «Раўбічы» (1988), «Пінск» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЎМЫВА́КІН (Сяргей Барысавіч) (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).