Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мла́кі ’балота з іржавай вадой’ (лельч., ЛАПП), укр. паўн.-жытом. мла́ка ’тс’, зах., адэск. млако́вина ’трава, якая расце на багне’, польск. młoka, młaka, чэш. mláka, паўд. mlačina, славац. mláka, славен. mláka, mlakúža, серб.-харв. мла̏ка, макед. млака, балг. млака́. Прасл. melka і molka (Скок, 2, 440; Бязлай, 2, 187), калі ўзяць ад увагу ст.-рус. молокитадрыгва’, рус. чарапавецк. ’балотная расліна’, роднасныя да лат. plācis ’балота’ (мена пачатковых губных, як у прасл. mъrky ’морква’). Аўтары ЕСУМ (3, 489) мяркуюць, аднак, што ўкр. і польск. лексемы запазычаны з усх.-раманскіх моў (малд. мла́кэ, рус. mlácǎ), а апошнія з паўд.-слав. моў. Голамб (JP, 32 (5), 1952, 207–208 і МЈ, 10 (1–2), 1959, 26) лічыць, што польск. і ўкр. лексемы прыйшлі са славац. (чэш.) мовы, а туды — з паўд.-слав. тэрыторыі. Гэтак жа Талстой (Геогр., 153). Голуб-Копечны (226) і Махэк₂ (367) выводзяць прасл. форму ў выглядзе mlaka, што, паводле аўтараў ЕСУМ, з’яўляецца недастаткова абгрунтаванай рэканструкцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лог

1. Звычайна сухадольны луг паблізу вёсак, паміж палёў, каля рэчак, у неглыбокіх раўках (БРС).

2. Шырокая нізіна, даліна (БРС).

3. Балота, дрыгва, мокрае месца на лузе (Зах. Бел. Др.-Падб., Рэч., Стаўбц.).

ур. Лог (поле) Стаўбц. (Прышч.), ур. Процкі лог (сенажаць) каля в. Шаламы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

спод, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Ніз, ніжняя частка чаго‑н. У сподзе кожнага аркуша стаіць лічба 3, а тады — «Якуб Колас. Дрыгва». Брыль.

2. Бок прадмета, процілеглы яго верху. Спод тоўстага кругляка, нібы ступа, быў заліты воскам. Паўлаў.

3. Дно чаго‑н. Але не абышлося без няшчасця, у чоўне Тайдо прапароўся спод аб востры камень, а лішняй кары не было, каб залатаць. Маўр. Стаіць адным бокам, з паднятым на паветра другім бокам і з пагнутым і парваным сподам нямецкі танк. Чорны. Свіст неўпрыцям паклаў на спод кацялка вынутае з торбы Пшанічнага сала. Быкаў. // перан. Глыб, нутро. [Тодару] здавалася, што ён забыўся пра .. [Доню]. Не, сподам душы і думкі адчуваў яе ціхую прысутнасць усе тыя студэнцкія гады. Вышынскі. І ажылі, замітусіліся думкі, што ад раніцы ляжалі пакутліва-цяжкім клубком недзе на сподзе душы. Сачанка.

4. Адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.). І ложкі былі, і на ложках не рыззё, не коўдры дамашнія, а пярыны з чырвоным сподам. Мележ. Набягае ветрык — і лісце трапеча, звініць, паблісквае матава-с[е]рабрыстым сподам. Ракітны.

•••

Пад спод; пад сподам — пад ніз, пад нізам. Старыя, жоўтыя [грыбы] кладзём пад спод, а белыя, ядраныя .. наверх. Сачанка. Там .. чарназём з глеем пад сподам, і калі быў мокры год — усё вымакала. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлю́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць характэрныя гукі, падобныя на хлюпат (пра ваду, вадкасць). З узгоркаў па дарозе беглі ручайкі, а пад нагамі хлюпала вадкая гразь, і толькі на высокіх пясчаных узгорках зямля падсыхала: там ісці было лёгка і прыемна. Колас. Выцягнеш кій з багны, адтуль падымаюцца над вадой мутныя чорныя бурбалкі, пад нагамі пакрэктваюць кладкі, ды чаўкае, хлюпае дрыгва. Дзенісевіч. // З плёскатам стукацца аб што‑н. (пра хвалі). За бартом лайбы меладычна хлюпалі хвалі. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.

2. Рухацца па чым‑н. вязкім, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Па выбоістай гразкай дарозе хлюпалі колы. Шушкевіч. З вуліцы Ваця пачуў нейкую гаману. Па мокрым снезе хлюпалі чобаты і гумавыя бахілы, маленькія боцікі і чаравічкі. Грахоўскі.

3. Плакаць, усхліпваць. [Марына:] Ды годзе хлюпаць! Не будзьце вы бабамі! Хадзем лепш раненых з-пад руін выцягваць, бінты шукаць! Губарэвіч. // Утвараць носам гукі, падобныя на хлюпат. Кудзін выціраў.. [слёзы] тыльным бокам рукавіц, хлюпаў носам, смаркаўся сабе пад ногі. Радкевіч.

4. Слаба гарэць. У дыме хлюпае, вось-вось патухне, невялічкая цёмная лямпа. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калу́жа ’лужына’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.; Сцяц., Словаўтв.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), ’балоціна’ (гродз., Сл. паўн.-зах., 2, 381, параўн. ілюстрацыю: «Жабы па калужах водзяцца»), ’калдобіна’ (хойн., Шатал.), калужына ’лужына пасля дажджу на дарозе’ (кліч., Жыв. сл.; Касп., Мат. Гом.; слаўг., Яшк., вусн. паведамл.), бых., ветк., рэч., Яшк.), ’азярына са светлай вадой на лузе’ (рэч., Яшк.), калужка ’лужына’ (жытк., Яшк.), калужынка (віц., Шн.), калужэнька (брэсц., КЭС), далей адзначаюцца формы калюжа ’лужына’ (Мат. Гом.), ’мокрае месца, лужына, балоціна’ (жытк., Яшк.), калюжына ’тс’ (БРС, ТСБМ, Мат. Гом.), ’выбоіна, яма на дарозе ад кола, яміна’ (Гарэц., Нас.). Укр. калюжа ’лужына’, зах. калюжа ’тс’, ’гразь’, ’гразь, прынесеная вадой’, бук. ’брудная вада’; рус. калужа ’стаячая вада, ціна, гразь’ (паўдн.), вельмі пашыраны дэрыват калужина ’лужына і пад.’ (цвяр., ярасл., кастр., кур., вяп., уладз., ніжнегар., перм. і да т. п.), ’бруднае, мокрае месца; дрыгва’, ’выбоіна на дарозе’ і інш., кур., зах.-бран., тульск. і інш. калюжа ’лужына’, кур. ’вада ў выбоінах’, паўдн., тульск. і інш. ’балоцістае месца, дрыгва, гразь’, кур., данск. калюжына ’лужына’ смал., пск., маск. ’невялікая, але глыбокая выбоіна, дзе ў час дажджу збіраецца вада’, пск., смал. ’балоцістае месца, твань’, калюжка і інш., польск. kałuża ’невялікае паглыбленне са стаячай балоцістай вадой’ (ст.-польск. з XV ст., таго ж часу і дыял. kałuż ’твань, дрыгва’), ст.-польск. ’лагчына, канава з бруднай вадой і да т. п.’, ’невялікая сажалка’, дыял. форма яшчэ kałuża, чэш. kaluž, kaluže ’лужына’, слова адзначаецца і ў гаворках, славац. kaluża ’брудная вада, лужына’, славен. kalúža ’лужына’, серб.-харв. уст., дыял. kàluža ’гразь, лужына’, серб. ка̀љужа ’тс’. Слав. прыклады дазваляюць рэканструкцыю праслав. kaluža, kalʼuža, якое, відаць, з’яўляецца навацыяй да формы kaluga (параўн. калюжа, гл.). Лічыцца вытворным ад kalъ (фармант ‑ug‑ja), гл. Слаўскі, 2, 35–36, з падрабязным аглядам літаратуры, варыянт з мяккім зычным у аснове, відавочна, таксама стары. Махэк (2, 237) падтрымлівае сувязь з kalъ, аднак падкрэслівае, што тут хутчэй за ўсё гаплалогія з *kalo‑luža, аб чым пісалі яшчэ Лось, Фасмер і інш. Трубачоў (Эт. сл., 9, 127) звяртае ўвагу на фармальныя цяжкасці пры такім тлумачэнні (‑lʼuža ў параўнанні з luža, таксама і на несупадзенне арэалаў kaluža і luža). Шэраг аўтараў спрабавалі вытлумачыць слова як злажэнне пачатковага фарманта ka і luža (так Маліноўскі, PF, 5, 117; Фасмер, 2, 170; яшчэ Міклашыч, 153). Цікава адносна сувязі з kalъ або luža прывесці інфармацыю, якую падае Шымкевіч, Корнеслов, 133, з уключэннем назвы расліны калужніцы ў артыкул «Лугъ». Аўтар адзначае: «Въ Рейфовомъ Лексиконѣ слово лужа занимает мѣсто особаго корня». Прыведзеная аргументацыя супроць версіі *kalo‑luža датычыць таксама і спробы разглядаць лексему як прэфіксальную. Апрача гэтага, неабходна адзначыць, што як магчымае прэфіксальнае слова kałuža Шымкевіч прыводзіць шэраг ненадзейных прыкладаў, для якіх такі спосаб утварэння не з’яўляецца натуральным. Неабходна заўважыць, многія дэрываты ад kalъ > пацвярджаюць прынятую намі версію, параўн. укр. калюка ’вялікая гразь’, польск. дыял. kaleń ’лужына’. З вытворных звяртаюць на сябе ўвагу, магчыма, усх.-слав. калужына і далей славен. kalužati se, серб.-харв. калу́жати се ’пэцкацца, вазіцца ў гразі’ ў параўнанні з серб.-харв. калу̀гати се і бел. тураў. калюжыцца ’пэцкацца ў гразь у калюзе’; апошнія прыклады, магчыма, неабходна разумець як старажытныя ўтварэнні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

не́тра

1. Глыбокая яма, бяздонне (Нясв., Слаўг.).

2. Глыбокае месца на балоце (Стол.); вялікае непраходнае балота, дрыгва (Палессе Талст., Слаўг.). Тое ж не́тры (Рэч.).

3. Зараснік густога маладога лесу (Жытк., Палессе Талст.), непраходны лес, гушчар, пушча (Палессе Талст., Слаўг.). Тое ж не́тры (БРС).

4. Поле, якое ніколі не апрацоўвалася (Іў.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаў

1. Забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота, дрыгва; гразкае месца (Жытк., Палессе Талст., Слаўг., Стол.). Тое ж паду́шка (Жытк.), пла́ўлі (Усх. Палессе Талст.).

2. Заліўны луг каля ракі або возера (Стол.).

3. Нізіна, месца, дзе рака працякае цераз балота (Касп.).

3. Дзірвановы пласт, кусты, смецце — усё, што падымае вада ў час разводдзя (Ветк., Люб. Талст.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

стыхі́я, ‑і, ж.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адзін з асноўных элементаў прыроды (вада, зямля, паветра, агонь), якія ляжаць у аснове ўсіх рэчаў. // перан.; чаго або якая. Кніжн. Зыходны элемент, пачатак. Стыхія народнасці часта прарываецца ў стылістыцы твора, каб неспадзявана зазіхацець «сялянскім» слоўцам у паэме, насычанай усімі фарбамі рамантычнага стылю. Бярозкін.

2. Магутныя сілы прыроды, якія не падпарадкуюцца чалавеку. Марская стыхія. □ Стыхія лютавала. Хвалі ўжо захл[і]ствалі сумныя адзінокія постаці робатаў. Шыцік. У барацьбе са стыхіяй прыроды, з рознымі іншымі цяжкасцямі рос і загартоўваўся калектыў шахцёраў. Кулакоўскі. Кіну Справы свае І прыеду ў тую ж хвіліну Дапамагчы ваяваць З непакорнай стыхіяй. Танк. // Моцныя падсвядомыя пачуцці. Пры маляванні вобразаў сялян праяўляецца ў Коласа стыхія гумару. Клімковіч.

3. чаго або якая. З’явы сацыяльнага жыцця, якія не могуць рэгулявацца людзьмі, грамадствам. Стыхія інфляцыі. Стыхія капіталістычнага рынку. Стыхія канкурэнцыі. // Сляпая дзейнасць грамадскага асяроддзя, якое не падпарадкоўваецца арганізацыі і кіраўніцтву. Беразняк пакруціў галавою: — Дробнабуржуазная стыхія засмоктвае, як дрыгва. Сабаленка.

4. перан.; каго-чаго або якая. Прывычнае акружэнне, асяроддзе, кола любімых заняткаў, асноўных інтарэсаў і пад. Арганізоўваць, камандаваць, кіраваць — гэта яго [Сцёпкі] прызванне, яго стыхія. Жычка. Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых «чапаеўцаў», яны скажуць больш. Шамякін. — Мая стыхія — гандаль, — катэгарычна адрэзаў Свідраль і зноў, але ўжо ямчэй, усеўся на канапе. Дуброўскі.

[Ад грэч. stoicheion — элемент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)