Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн.кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.С.Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВІ́ДАЎ (Аляксандр Іванавіч) (1864 — пасля 1933),
гісторык, археограф, бібліёграф. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію. Супрацоўнік Віленскай публічнай б-кі, дырэктар музея М.М.Мураўёва. Даследаваў помнікі кірылічнага пісьменства, гісторыю правасл. царквы, паўстання 1863—1864, рэліг. сектаў, архіўнай справы. Стаяў на пазіцыях заходнерусізму. Падрыхтаваў да выдання «Архіўныя матэрыялы Мураўёўскага музея, якія датычацца польскага паўстання 1863—1864 гг. у межах Паўночна-Заходняга краю» (ч. 1—2, Вільня, 1913—15; рукапіс 3-га т. ў Гіст. архіве Літвы). Выдаваў каталогі апісанняў старадрукаваных кніг са збораў Вільні. З 1918 на архіўнай рабоце ў Петраградзе.
Тв.:
Описание славяно-русских старопечатных книг Виленской публичной библиотеки (1491—1800 гг.). Вильна, 1908;
Старопечатные славяно-русские издания, вышедшие из западно-русских типографий XVI—XVII вв. Вильна, 1908;
Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки. Его история и состав. Вильна, 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯ́ТЭР (Броэль-Плятэр) Адам Антоні Ануфры
(15.6.1790, г. Краслава, Латвія — 13.1.1862),
краязнавец, археолаг, калекцыянер. З роду Плятэраў. Скончыў Віленскі ун-т (1817). Куратар школ Дынабургскага пав. Віцебскай губ., з 1836 маршалак Дынабургскага пав.Чл.Віленскай археалагічнай камісіі (1856). У выніку падарожжаў па Зах. Дзвіне апісаў помнікі архітэктуры, археалогіі, гіст. мясціны, Барысавы камяні. Вывучаў пахаванні на балцка-славянскім сумежжы. Друкаваўся ў час.«Атэнэум», «Рубон», «Przyjaciel ludu» («Сябар народу») і інш. Пісаў пра самабытнасць краю, мясц. абрады, вераванні. Цікавіўся бел. фальклорам.У сваім доме ў Краславе стварыў музей, б-ку, архіў. Сабраў шмат матэрыялаў з Падзвіння, частку якіх перадаў у Віленскі музей старажытнасцей. Рукапісы П. захоўваюцца ў б-цы Вільнюскага ун-та.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Юльян) (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),
польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.Віленскайархеал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і пра стараж.бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМАТО́ВІЧ (Казімір) (1808, в. Дабраўляны, Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. — 1837),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. Працаваў настаўнікам малявання ў дабраўлянскім маёнтку графа А.Гюнтэра. Выканаў насценную размалёўку інтэр’ера капліцы Дабраўлянскага палаца (1828), літаграфіі «Інтэр’ер капліцы Дабраўлянскага палаца» (1829), «Бытавыя сцэны» (літаграфія па малюнках Я.Рустэма, 1830-я г.), «Дабраўлянскі сувенір» (1835), партрэт Рустэма, «Успаміны аб Вільні» (1837) і інш.; графічныя лісты, выкананыя ў мяшанай тэхніцы («Мужчынскі партрэт», «У спальні» і інш.). Яго рэаліст. бытавыя замалёўкі маюць этнагр. каштоўнасць. Найб. цікавыя з іх змешчаны ў альбоме «Збор нацыянальных і ваенных касцюмаў, што намаляваў Казімір Бахматовіч, вучань Віленскай акадэміі на Літве» (1831). Вядомыя яго жывапісныя творы: «Дзяўчынка з немаўляткам», «Літоўская вяснянка».
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ, Віленская Святадухаўская друкарня. Існавала ў 16—18 ст. у Вільні пры манастыры Святога Духа. З’яўлялася выдавецкім прадпрыемствам правасл. царквы ВКЛ. Выдавецкая дзейнасць дазволена прывілеямі Жыгімонта III Вазы ад 1589 і 1592 на друкаванне розных кніг «па грэцку, славянску, руску і польску». Першае вядомае выданне выйшла ў 1595. У 1610 друкарня закрыта. Брацтва ажыццяўляла сваю выдавецкую дзейнасць у Еўінскай друкарні. Дзейнасць Віленскай брацкай друкарні аднавілася ў 1615 і працягвалася да 1749, калі пажар знішчыў манастыр Святога Духа. Выдавала тэксты Святога пісання, школьныя падручнікі, богаслужэбныя кнігі, палемічную л-ру. У 1589—1610 выдадзены творы М.Сматрыцкага, С. і Л.Зізаніяў. Для аздобы кніг выкарыстоўваліся арнаментальныя гравюры і застаўкі, рамкі з расліннымі і геам. матывамі, геральдычныя гравюры (гербы Астрожскіх, Валовічаў, Агінскіх і інш.). У польскамоўных выданнях пераважаюць гатычныя ініцыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Альгерд Рышардавіч) (псеўд.Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, В.Гюго, Дж.Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскайгаз. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.
Тв.:
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫДЗЮ́ШКА (Яўген Міхайлавіч) (н. 6.8.1958, г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл.),
бел. гітарыст, педагог, адзін з пачынальнікаў бел. гітарнай школы. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984), з 1987 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У 1989—91 саліст Бел. філармоніі. У 1984—88 выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы. У рэпертуары арыгінальныя творы для гітары бел. кампазітараў (Г.Гарэлавай, В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, Я.Паплаўскага, Дз.Яўтуховіча), класічнай і сучаснай замежнай музыкі (І.Альбеніс, Л.Браўэр, Х.Радрыга, Ф.Тарэга), пералажэнні муз. класікі (у т. л. твораў І.С.Баха). Аўтар шматлікіх апрацовак і пералажэнняў для гітары, у т. л.бел. старадаўняй музыкі 16—17 ст. (п’есы «Полацкага сшытка», «Віленскай табулатуры» і інш.). Лаўрэат 1-га Рэсп. конкурсу імя І.Жыновіча (1987). Сярод яго вучняў лаўрэаты міжнар. конкурсаў У.Захараў, Дз.Асімовіч, Э.Чэкан. Зрабіў шмат запісаў на радыё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАВА,
вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).
Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав.Віленскайгуб. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).