МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),

лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.

М.​І.​Федзюкоеіч.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фарва́тэр

(гал. vaarwater, ад varen = плаваць + water = вада)

1) водны шлях для бяспечнага праходу суднаў, звычайна вызначаны сігнальнымі знакамі (бакенамі, вехамі, буямі);

2) перан. сфера якога-н. уплыву, асноўная лінія, кірунак дзейнасці, творчасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лі́нія, -і, мн. -і, -ній, ж.

1. Рыса на плоскасці, паверхні або ў прасторы.

Прамая л.

Ломаная л.

2. Рыса, якая вызначае кірунак, мяжу, узровень чаго-н.

Берагавая л.

Л. гарызонту.

3. Размяшчэнне чаго-н. у адзін рад.

Л. ўмацавання.

4. Шлях (чыгуначны, водны і інш.) зносін, напрамак якіх-н. перадач.

Паветраная л.

Трамвайная л.

Тэлеграфная л.

5. Паслядоўны рад продкаў, нашчадкаў, аб’яднаных кроўнымі сувязямі.

Л. роду.

6. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў.

Л. паводзін.

7. перан. Галіна якой-н. дзейнасці.

Працаваць па грамадскай лініі.

8. Старая руская мера даўжыні, роўная 1/10 цалі.

◊

Весці (гнуць) сваю лінію (разм.) — дамагацца свайго.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення — выбіраць найбольш лёгкі спосаб дзеянняў, ухіляючыся ад цяжкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хім. элементы пераважна ў форме арган. злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання. Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт, таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні, сцёкавыя воды і інш. адходы прам-сці і камунальнай гаспадаркі. Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фіз. і фіз.-хім. ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый. Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75%) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56%) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,

у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК, патамалогія,

раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНЫ ЭЛЕМЕ́НТ,

узорны гальванічны элемент, які служыць мерай эрс і напружання пастаяннага току. Выкарыстоўваецца ў вымяральнай апаратуры (напр., у патэнцыёметрах), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні з мерай.

У якасці Н.э. найб. пашыраны ртутна-кадміевыя элементы Вестана з вадкім электралітам (насычаныя і ненасычаныя) і насычаныя без вадкага электраліту (малагабарытныя). Патрабаванні да Н.э. стандартызаваныя. Насычаны Н.э. з вадкім электралітам узнаўляе эрс з дакладнасцю да 0,0005%, змены эрс да 5 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 1 мкА. У пераноснай апаратуры выкарыстоўваюцца пераважна ненасычныя Н.э., якія маюць дакладнасць да 0,002%, змены эрс да 20 мкВ за год, найб. дапушчальны ток да 10 мкА, менш адчувальныя да мех. уздзеянняў і змен т-ры.

Схема будовы насычанага нармальнага элемента: 1 — ртутны электрод; 2 — дэпалярызатар; 3 — электрод з амальгамы кадмію; 4 — крышталі сульфату кадмію; 5 — электраліт — насычаны водны раствор сульфату кадмію.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вермікулі́т

(фр. vermiculite, ад лац. vermiculus = чарвячок)

мінерал класа сілікатаў, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза з групы гідраслюд пераважна бурага і жоўтага колераў; выкарыстоўваецца як вогнетрывалы, цепла- і гукаізаляцыйны матэрыял у многіх галінах прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНГАРА́,

рака на ПдЗ Усх. Сібіры, правы, самы мнагаводны прыток Енісея, у Іркуцкай вобл. і Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1779 км, пл. бас. 1040 тыс. км². Выцякае з воз. Байкал, цячэ па паўд. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я. Ад вытоку большая ч. ракі ператворана ў каскад вадасховішчаў. У ніжнім цячэнні ў рэчышчы парогі Мурскі, Стралкоўскі (каля вусця), шматлікія шыверы, шмат астравоў. Асн. прытокі: Іркут, Ака з Іяй, Кова, Тасеева (злева), Ілім, Чадабец (справа). Водны рэжым Ангары зарэгуляваны воз. Байкал і вадасховішчамі. Жыўленне (акрамя азёрнага) снегавое і дажджавое. Ледастаў на вадасховішчах з ліст., ніжэй — з канца вер. да мая. Сярэднегадавы расход вады ў вярхоўі 1730 м³/с, у вусці 5100 м³/с. Суднаходная ад вытоку (з перарывамі каля плацін ГЭС). На Ангары Іркуцкая, Брацкая, Усць-Ілімская ГЭС з вадасховішчамі, будуецца (1989) Багучанская ГЭС. Гал. гарады: Іркуцк, Ангарск, Усолье-Сібірскае, Свірск, Брацк, Усць-Ілімск.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)