настро́й, ‑ю, м.
1. Унутраны, душэўны стан. На кожным твары, у кожнай хаце адчувалася: у людзей узняты перадсвяточны настрой. Васілевіч. Арына адразу заўважыла, што муж не ў гуморы, і, як звычайна ў ў апошні час, пастаралася развеяць яго кепскі настрой. Карпаў. // Разм. Добры гумор. Свайго вясёлага настрою Схаваць не можа наш рыбак. Колас. [Сухадольскі:] Ты ўжо дасягнула свайго — сапсавала мне настрой. Крапіва.
2. Накіраванасць думак, пачуццяў і пад. каго‑н.; настроенасць. Толькі пазней мы даведаліся, што Гурскі прад’явіў некаторыя з нашых работ на педсавеце, абвінавачваючы нас у крамольных настроях. Мядзёлка. Агульны напрамак творчасці маладых паэтаў — правільны. Але бываюць выпадкі, калі ў іх лірыцы пачынаюць гучаць нездаровыя настроі. «Маладосць».
3. Схільнасць, жаданне рабіць што‑н. Вечарам, пасля работы, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды не выходзіць. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пране́сціся, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. пранёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; заг. пранясіся; зак.
1. Вельмі хутка праехаць, праляцець; прамчацца. Жнівеньскім вечарам па вёсцы з грукатам, узнімаючы пыл, пранеслася тачанка. П. Ткачоў. Цэлая эскадрылля цяжкіх бамбавозаў нізка пранеслася над хатай. Кулакоўскі. // Пра ўяўны рух прадметаў, міма якіх рухаецца чалавек. // Хутка прайсці, прабегчы. Пранесціся па двары. // перан. Прамільгнуць (пра думкі, успаміны і пад.). Маланкай пранеслася здагадка: яго [Чыжыка] заваліла. Лупсякоў.
2. Хутка прайсці, мінуць (пра час).
3. Разнесціся, раздацца, прагучаць (пра гукі). Ціхі ўздых пранёсся над палянай і знік, праглынуты імхамі. Лынькоў. — Паўстанцы, стройся! — пранеслася баявая каманда па лясах і балотах... Чарот. // перан. Хутка распаўсюдзіцца, разнесціся (пра чуткі, весткі і пад.). Па батарэі пранеслася чутка, што нас [курсантаў] будуць пасылаць малодшымі камандзірамі ў іншыя батарэі, дывізіёны. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.
1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.
2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.
•••
Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.
Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).
Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скарыста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Выкарыстаць каго‑, што‑н. для якой‑н. справы; знайсці прымяненне каму‑, чаму‑н. [Мірон:] — А колькі часу прайшло, пакуль .. [першабытны чалавек] надумаўся скарыстаць камень? Маўр. Трэба скарыстаць вопыт іншых заводаў, пераняць у іх лепшае. Карпаў. — Старую хату [Алесь] скарыстаў пад варыўню. Скрыпка. Доўга меркавалі, нарэшце вырашылі скарыстаць узрывальнікі ад гранаты Ф–1 ці ад снарадаў — якраз для міны зацяжнога дзеяння. Новікаў. [Максім:] — [Сяргею] з яго фігурай .. вельмі цяжка ўнікаць шпікоў у камандзіроўках. А камандзіроўкі нашы, лічы, нелегальныя. Дык ты лепш скарыстай яго тут на якой-небудзь працы. Машара. // Выкарыстаць каго‑, што‑н. у сваіх інтарэсах, для сябе. Аднойчы вечарам бязносай не было ў хаце, і Казік вырашыў скарыстаць яе адсутнасць. Чарнышэвіч. // Ужыць у сваёй працы. Скарыстаць у сваім артыкуле рукапісныя матэрыялы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.
Разм. Супакоіцца, уціхнуць. Позна вечарам астрог угаманіўся. Колас. Уночы ля высокага зыркага цяпла паляўнічыя доўга не маглі ўгаманіцца. Кірэенка. — Яна ж на сем гадоў за яго старэйшая. Дзе былі яго [Міколы] вочы? — не магла ўгаманіцца Абрамчыха. Прокша. / Пра птушак, жывёл. На Рымаравай ліпе раптам прачнуліся буслы, заляскалі дзюбамі і доўга не маглі ўгаманіцца. Лобан. // Стаць больш спакойным, ураўнаважаным. Угаманіцца з гадамі. □ [Віхура:] І калі вы ўжо ўгамоніцеся? Гора мне з вамі. Гурскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. А думкі, як растрывожаны рой, ніяк не хочуць угаманіцца... Брыль. // Слабеючы, спыніцца. Мяцеліца к вечару ўгаманілася, перастаў ісці снег. Сіняўскі. Уразіў Адама і паўдзённы спакой ракі, такі па-летняму роўны, нібы рака спынілася, заснула... Толькі ў лукавінах ніяк не ўгамоніцца. Вышынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
быва́ць несов.
1. в разн. знач. быва́ть; (постоянно находиться в каком-л. обществе — ещё) враща́ться;
мала́нка быва́е і зімо́ю — мо́лния быва́ет и зимо́й;
раз у ты́дзень я быва́ю ў кіно́ — раз в неде́лю я быва́ю в кино́;
2. безл. быва́ет;
ве́чарам быва́е хо́ладна — ве́чером быва́ет хо́лодно;
◊ быва́й!, быва́йце! — проща́й!, проща́йте!, бу́дьте здоро́вы!, до свида́ния!, всего́ хоро́шего!;
чаго́ не быва́е — чего́ не быва́ет;
не б. таму́! — не быва́ть тому́!
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
нала́дзіцца, ‑ладжуся, ‑ладзішся, ‑ладзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пайсці на лад; прыняць належны кірунак. Справы наладзіліся. □ Работа ў школе наладзілася. Колас. Размова хутка ў нас наладзілася, і дзяўчына ахвотна разгаварылася. Кухараў. // Устанавіцца, усталявацца. Пагода пасля ўчарашняга дажджу ніяк не наладзіцца — то пакажацца, выблісне на хвіліну з-за хмары сонца, то раптам схаваецца зноў — і непрыветны, хмуры цень праплыве, прабяжыць па зямлі. Сачанка. [Люба:] — Наладзіцца жыццё, абы толькі скончылася вайна. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць прыгодным (для работы, карыстання і пад.). Станок наладзіўся. Наладзілася санная дарога.
3. Сабрацца, прыладзіцца рабіць што‑н. На адным з чарцяжоў [Парфірый] спыняецца. Азіраецца на дзверы, вымае з-за пазухі маленькі фотаапарат. Наладзіўся і здымае чарцёж. Краўчанка. Берагава.. [жонка] наладзілася дахаты. Гартны. Вечарам дацэнт настроіў радыё.. і наладзіўся слухаць канцэрт. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сілуэ́т, ‑а, М ‑эце, м.
1. Контурнае аднаколернае адлюстраванне каго‑, чаго‑н., выразанае ці намаляванае на аднатонным фоне. [Валодзя] хутка маляваў сілуэты сваіх таварышаў. Федасеенка. Прыкрыты сэрцы нашыя білетам з ленінскім, світальным сілуэтам. Вялюгін.
2. Ценявы адбітак на светлым фоне або наадварот; абрысы чаго‑н., якія віднеюцца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад. Вечарам, калі запальваецца святло, на, фіранках, як на экране, можна бачыць жаночы сілуэт. Б. Стральцоў. У стэрэатрубу добра было відаць, як на самым гарбяку кургана з’явіліся чорныя сілуэты варожых танкаў. Няхай. Недзе ёсць снягі Кіліманджара — Вострай сопкі белы сілуэт... Лойка.
3. У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя абрысы, знешнія контуры якога‑н. збудавання, будынка, прадмета. Разумеюць [многія] пад хараством горада толькі прыгажосць яго знешніх форм, яго сілуэт... Карпаў. Пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць на сілуэт горада. «Помнікі».
[Фр. silhouette.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.
2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цік 1, ‑у, м.
Спец. Нервовы стан, пры якім назіраецца міжвольнае перасмыкванне мышцаў твару, радзей шыі, рук. [Цывільны] стаяў пасярод пакоя, заклаўшы за спіну рукі, і нервовы цік перасмыкваў раз-поразу яго губы. Чорны. Лявон паволі злез з печы, пачаў гаварыць з жонкай і... падміргваць. Гэта ён учора вечарам .. напалохаўся, і ў яго з’явіўся нервовы цік. Сабалеўскі.
[Фр. tic.]
цік 2, ‑у, м.
Спец. Шчыльная льняная або баваўняная тканіна (звычайна паласатая), якая ўжываецца для абіўкі мэблі, для пашыўкі чахлоў і пад. Набіўны цік.
[Гал. tijk, англ. tick.]
цік 3, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дзікарослае дрэва сямейства вербенавых з моцнай драўнінай, якое расце ў лясной паласе Індыі, Індакітая.
2. ‑у. Драўніна гэтага дрэва, якая выкарыстоўваецца ў караблебудаванні.
[Англ. teak.]
цік 4, цік-ці́к і цік-цік-ці́к, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння слабых адрывістых мерных гукаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)