БА́ЗІС, база (ад грэч. basis аснова),
1) у матэматыцы — найменшае падмноства некаторага мноства, з якога пэўнымі аперацыямі можна атрымаць любы элемент гэтага мноства. Напрыклад, 1 аперацыямі складання і множання можна атрымаць любы натуральны лік. У вектарнай прасторы такі набор вектараў, што адвольны вектар адназначна выяўляецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі вектараў гэтага набору. Колькасць элементаў базісу наз. размернасцю прасторы. Гл. таксама Артаганальная сістэма, Артаганальнае пераўтварэнне.
2) У фізіцы базіс крышталічнай структуры — поўная сукупнасць каардынатаў цэнтраў атамаў у сіметрычна незалежнай вобласці крышт. структуры. Эксперыментальнае вызначэнне праводзіцца метадамі рэнтгенаўскага структурнага аналізу, электронаграфіі, нейтронаграфіі.
т. 2, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл. Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да T=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн. элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР ((Bohr) Оге Нільс) (н. 19.6.1922, Капенгаген),
дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Дацкай АН (1995). Сын Н.Бора: Скончыў Капенгагенскі ун-т (1946). З 1946 у Ін-це тэарэт. фізікі (Ін-т Нільса Бора), у 1962—70 яго дырэктар. З 1975 дырэктар Ін-т тэарэт. ядз. фізікі. Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль атамнага ядра, выказаў думку аб магчымасці існавання звышцякучасці адронаў у ядрах атамаў. Нобелеўская прэмія 1975.
Тв.:
Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з Б.Мотэльсанам).
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,
умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).
т. 1, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАСЕРАПРАТЭІ́ДЫ, жалезасерныя бялкі, Fе—S-бялкі,
клас бялкоў, прастэтычныя групы якіх складаюцца з негімінавага жалеза, комплексна звязанага з неарган. або арган. (у складзе цыстэіну) серай з утварэннем аднаго ці некалькіх Fe—S-кластэраў. Кластэры здольныя аддаваць ці прымаць электроны (але не вадарод) з абарачальнай зменай валентнасці атамаў жалеза (Fe3+ ⇄ Fe2+). Дзякуючы гэтаму Ж. ў жывых арганізмах выконваюць функцыю акісляльна-аднаўленчых кампанентаў у тэрмінальных ланцугах пераносу электронаў паміж флавапратэідамі і цытахромамі (гл. Дыханне). Малекулярная маса Ж. ад 6000 (ферыдаксіны бактэрый) да 12 000 (ферыдаксіны хларапластаў) і больш (ксантынаксідаза).
т. 6, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ ХІМІ́ЧНЫЯ, сімвалы хімічныя,
скарочаныя літ. абазначэнні элементаў хімічных і іх атамаў. Абазначаюцца першай ці першай і адной з наступных літар лац. назвы хім. элемента. Увёў шведскі хімік Ё.Берцэліус (1814). Напр., S — cepa (Sulfur), Ca — кальцый (Calcium), Cd — кадмій (Cadmium). Для абазначэння ізатопаў да З.х. злева прыпісваюць зверху масавы лік, а знізу — атамны нумар (напр., , , ;); для іонаў уверсе справа ад З.х. паказваюць зарад (напр., Ca2+, S2-). З.х. карыстаюцца пры запісе формул хімічных.
т. 7, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K+Cl−, фтарыд цэзію Cs+F−) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.
т. 7, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФЕРМЕ́НТЫ [ад лац. co (cum) разам + ферменты],
каэнзімы, арганічныя злучэнні небялковай прыроды, якія ўваходзяць у склад ферментаў. Неабходныя для многіх складаных ферментатыўных рэакцый (сувязное звяно паміж 2 рознымі ферментамі). Пры злучэнні з апаферментам К. ўтвараюць каталітычна актыўны комплекс (холафермент). Могуць аддзяляцца ад бялковай часткі ферменту і пераносіць атамы ці групы атамаў, што адшчэпліваюцца ферментам ад субстрату. Трывала звязаныя з бялком К. наз. прастэтычнай групай. Большасць К. — вытворныя вітамінаў, адсутнасць якіх у ежы чалавека і жывёл прыводзіць да недастатковай актыўнасці некат. ферментаў і выклікае парушэнні абмену рэчываў.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ ЛІ́КІ,
цэлыя або паўцэлыя лікі, якія характарызуюць пэўныя станы квантавых аб’ектаў (атамаў, малекул, ядраў, элементарных часціц). Вызначаюцца ўласнымі значэннямі аператараў, якія атрымліваюцца пры квантаванні адпаведных фіз. велічынь.
Напр., у квантавай механіцы стан асобнага электрона ў атаме вызначаецца 4 фіз. велічынямі (энергіяй, арбітальным момантам імпульсу, праекцыяй спінавага і магнітнага момантаў) і залежыць ад 4 К.л. адпаведна: галоўнага, арбітальнага (азімутальнага), магнітнага (цэлы) і праекцыі спіну (паўцэлы). У фізіцы элементарных часціц К.л. класіфікуюцца мікрачасціцы па тыпах і групах (напр., барыёны, мезоны, дзіўныя часціцы) і вызначаюць імавернасці розных рэакцый паміж імі.
Л.М.Тамільчык.
т. 8, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
размяшчэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. размяшчаць — размясціць і стан паводле знач. дзеясл. размяшчацца — размясціцца.
2. Спец. Месца, якое займае пэўнае вайсковае злучэнне. Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ.
3. Парадак, сістэма месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Размяшчэнне атамаў у малекулах. □ Разам з настаўнікамі аглядаем старэнькі школьны будынак, сцены якога нямала пабачылі на сваім вяку. Тут захавалася ранейшае размяшчэнне: доўгі калідор, паабапал якога два пакоі. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)