Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯ́ЗЫ,
клас ферментаў, якія каталізуюць рэакцыі негідралітычнага адшчаплення ад субстратаў груп атамаў з утварэннем двайных сувязей, і рэакцыі далучэння атамаў і груп атамаў па двайных сувязях. Падзяляюць на вуглярод-вуглярод-Л., вуглярод-азот-Л., вуглярод-кісларод-Л. і інш. Пашыраны ў прыродзе, удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗА́ЦЫЯ,
утварэнне дадатна або адмоўна зараджаных часціц (іонаў) і свабодных электронаў з эл. нейтральных атамаў ці малекул. Адбываецца ў рэчыве пад уплывам моцнага эл. поля, высокіх т-р, а таксама ад дзеяння ўдараў хуткіх зараджаных часціц і фатонаў у выніку таго, што атам ці малекула набывае лішкавую энергію, дастатковую для вылучэння электрона.
Пры І. газу з атамаў або малекул узнікаюць дадатны іон і свабодны электрон, якія застаюцца свабоднымі ці далучаюцца да інш. нейтральных атамаў або малекул, утвараючы комплексныя іоны. І. ў цвёрдых целах — пераход электронаў з атамаўасн. рэчыва ці з прымесных цэнтраў у зону праводнасці. Гл. таксама Зонная тэорыя, Электраправоднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖЫ́ВІКА (санскр.),
адно з неартадаксальных стараж.-індыйскіх вучэнняў, якое адмаўляла існаванне душы. Заснавальнікам аджывікі па традыцыі лічаць мудраца Маркалідэка (6—5 ст. да н.э.). Паводле вучэння аджывікі, існуюць 4 разнавіднасці атамаў, з якіх пабудаваны 4 стыхіі прыроды: зямля, вада, агонь і паветра; «жыццё» ёсць тое, што ўспрымае і пазнае спалучэнні атамаў. Разнавіднасці атамаў і жыццё ўтвараюць 5 існасцяў, якімі вычэрпваецца ўсё існуючае. Свядомасць уяўляецца як асобны агрэгат звыштонкіх атамаў, што ўваходзяць у «канфігурацыю жыцця»; атамы вечныя, непадзельныя, нікім не створаныя і незнішчальныя. Аджывіка выступала пераважна як матэрыяліст. вучэнне, якое процістаяла стараж.-інд. рэлігіі і філасофіі брахманізму. У Паўн. Індыі аджывіка злілася з дагматызмам і вішнуізмам, у паўд. Індыі існавала да 14—15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НТНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ажыццяўляецца парай электронаў, агульных для двух атамаў. Абумоўлена наяўнасцю на валентных арбіталях атамаў (групы атамаў) няспараных электронаў.
У залежнасці ад колькасці агульных электронных пар паміж атамамі адрозніваюць простую К.с. (адна электронная пара) і кратную сувязь. К.с. паміж аднолькавымі атамамі (напр., у малекуле вадароду H2, кіслароду O2) з’яўляецца непалярнай, паміж рознымі (напр., у малекуле вады H2O, аміяку NH;) — палярнай. У выпадку непалярнай К.с. электронная шчыльнасць агульнай пары электронаў сіметрычна размеркавана адносна ядраў абодвух атамаў, а ў выпадку палярнай К.с. — зрушана да больш электраадмоўнага атама (гл.Іонная сувязь). Асн. ўласцівасці К.с. — насычанасць (існаванне некат. гранічнай колькасці двухцэнтравых двухэлектронных сувязей, якія ўтварае атам) і накіраванасць у прасторы (вызначае прасторавую будову малекул, іонаў, радыкалаў). Гл. таксама Каардынацыйная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАМАЛЕ́КУЛА (ад макра... + малекула),
малекула палімера. Складаецца з аднолькавых або розных структурных адзінак — састаўных звёнаў (атамаў ці груп атамаў), злучаных паміж сабой кавалентнымі сувязямі ў ланцуг, які характарызуецца колькасцю звёнаў (ступенню полімерызацыі) ці адноснай малекулярнай масай (гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні).
Асн. стэрэахім. характарыстыкай М. з’яўляецца канфігурацыя. Пэўнай канфігурацыі М. адпавядае набор канфармацый, што ўзнікаюць з-за мікраброўнаўскага цеплавога руху ў выніку абмежаванага вярчэння атамаў (груп атамаў) адносна простых валентных сувязей. Ступень свабоды гэтага вярчэння вызначае гібкасць М. — адну з асн. характарыстык, з якой звязаны каўчукападобная эластычнасць, здольнасць палімераў да ўтварэння надмалекулярных структур, многія фіз. і хім. ўласцівасці палімераў. Лінейныя М. складанай будовы здольныя да ўтварэння другасных структур (упарадкаваны стан М., які ўзнікае ў выніку спецыфічных між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў), якія дасягаюць высокай ступені дасканаласці і спецыфічнасці ў М. важнейшых біяпалімераў — бялкоў і нуклеінавых кіслот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫЯ СПЕ́КТРЫ, вібрацыйныя спектры,
спектры электрамагнітнага выпрамянення малекул, абумоўленага ваганнямі іх атамаў; спектры атамаў, іонаў і іх груп у крышталях і вадкасцях. Складаюцца з асобных спектральных палос. Адрозніваюць вагальныя спектры паглынання (гл.Інфрачырвоная спектраскапія) і камбінацыйнага рассейвання святла ў блізкай і сярэдняй інфрачырвоных абласцях спектра. Гл. таксама Спектры крышталёў, Малекулярныя спектры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.