МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),
граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл.Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац.апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
плячо́, -а́, мн. пле́чы, Р плячэ́й і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М на пляча́х, н.
1. Частка тулава ад шыі да рукі.
Палажыць руку на чыё-н. плячо.
Вынесці на сваіх плячах што-н. (перан.: справіцца з якой-н. цяжкай задачай, працай, без падтрымкі). П. ў п. (побач, у цесным адзінстве). З плеч далоў што-н. (адпаў клопат, скончыліся турботы пра што-н.; разм.). Мець галаву на плячах (умець разбірацца ў чым-н., быць разумным). Як гара з плячэй звалілася (хто-н. адчуў палёгку, пазбавіўшыся ад якіх-н. клопатаў, перажыванняў; разм.). За плячамі ў каго-н. што-н. (таксама перан.: пра што-н., што было, мелася ў каго-н. у мінулым). Уварвацца куды-н. на плячах адступаючага праціўніка (непасрэдна за адступаючым праціўнікам). З чужога пляча (пра адзенне: якое не падыходзіць па размеры або якое раней насіў хто-н.).
2. У анатоміі: верхняя частка рукі да локцевага сустава.
3.мн. Тыльны бок тулава ад шыі да пояса, спіна.
Узваліць ношу на плечы (абцяжарыць каго-н. справамі, клопатамі). Павярнуцца плячамі да каго-, чаго-н. (таксама перан.: адвярнуцца ад каго-, чаго-н.).
4. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы (спец.).
|| памянш.плячу́к, плечука́, мн. плечукі́і плечуко́ў, м. (да 1 знач.; разм.).
|| прым.плечавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).
Плечавая косць.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
звод1, ‑у, М ‑дзе, м.
Разм. Выміранне, знікненне каго‑, чаго‑н. І была.. [груша] такая магутная і свежая.., што, здавалася, не будзе ёй зводу і не будзе канца.Караткевіч.— На ўсё пайшоў звод, — з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсьці задумаўшыся.Колас.
звод2, ‑у, М ‑дзе, м.
Выпуклае або крывалінейнае перакрыцце, што злучае сцены, апоры якога‑н. збудавання; скляпенне. Звод аркі. □ Жалезны лямант і скрыгат узлятаюць аж пад высокія зводы даху і адтуль ападаюць ужо сцішаным рэхам.Сабаленка.Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон.Пысін.
звод3, ‑у, М ‑дзе, м.
Сукупнасць тэкстаў, дакументаў і пад., сабраных разам і размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Звод законаў. Звод правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. □ Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна.Лужанін.
звод4, ‑у, М ‑дзе, м.
Рэдакцыя рукапіснага тэксту, якая адрозніваецца ад іншых сціскаў гэтага помніка асаблівасцямі мовы. Стараславянскі помнік рускага зводу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скачо́к, ‑чка, м.
1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога‑н. пункта апоры. Зрабіўшы з дзівоснай лёгкасцю некалькі скачкоў, уладар статка апынуўся каля маладога аленя.В. Вольскі.Пад акном мільганула шапка паліцыянта. Скачок цераз плот у густы вішняк, а ззаду крык: — Стой! Стой!С. Александровіч.// Такое перамяшчэнне як від спартыўнага практыкавання. Скачок у даўжыню. Скачок з парашутам. Апорныя скачкі. □ Толькі цяпер Баравік зірнуў на масток, што ўзвышаўся над зямлёй, як сапраўдны трамплін для лыжных скачкоў.Шыцік.
2. Рэзкае змяненне чаго‑н. без паступовага пераходу. Скачок тэмпературы. Скачкі ў настроі.
3. Хуткі пераход з аднаго якаснага стану ў другі. Наша Радзіма пад кіраўніцтвам партыі камуністаў за кароткі гістарычны тэрмін зрабіла гіганцкі скачок ад адсталасці да прагрэсу.«Звязда».Пры ўсёй паступовасці, пераход ад адной формы руху да другой заўсёды застаецца скачком, рашаючым паваротам.Энгельс.
4. Імклівае перамяшчэнне, пераход, што адбываецца ў адзін прыём, без перапынку. За апошнія суткі брыгада зрабіла скачок на поўдзень, і батальёну, у які ўваходзіў танк Раманенкі, была пастаўлена задача: да вечара вызваліць яго роднае сяло.Шамякін.
•••
Зацяжны скачок — скачок з парашутам, пры якім парашут доўга яе раскрываецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,
стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх.ч. базілікі — хор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.
Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.
На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.
А.М.Кулагін.
Да арт.Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.Да арт.Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),
польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац.сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф.Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел.муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССРпаст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.К.Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).
Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.
Літ.:
Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;
Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;
Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;
Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;
Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;
Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стано́к, ‑нка, м.
1. Машына для апрацоўкі якіх‑н. матэрыялаў (металу, драўніны і пад.) і для вырабу чаго‑н. Такарны станок. Свідравальны станок. □ — Тут у нас сабіраюць унікальныя станкі, — нарэшце парушае маўчанне сакратар, — таму канвеера ці яшчэ якіх тэхнічных навінак, як бачыце, няма.Асіпенка.
2. Прыстасаванне для якіх‑н. работ; апора для якіх‑н. прылад, механізмаў. Станок для прамывання золата. □ Гараць над ракою заранкі У сонечных іскрах вясны, Прыйшлі да станкоў віцяблянкі Квяцістыя ткаць дываны.Русак.
3. Металічная аснова, на якой умацоўваюцца гарматы, кулямёты; лафет.
4.Спец. Прыстасаванне для ўмацавання палатна, устаноўкі каркаса, скульптурнага матэрыялу пры рабоце над карцінай, скульптурай.
5.Спец. Прыстасаванне для апоры ў час некаторых заняткаў, трэніроўкі. Станок для прыцэльнай стральбы.
6. Прыстасаванне, у якое ставяць жывёлу (для лячэння і пад.); стойла. Вера зайшла ў станок, пагладзіла карову па цёпламу боку.Асіпенка.Шэмет хацеў быў ступіць у кароўнік, прайсці ўздоўж паміж станкамі, але Клім спыніў яго: — Не трэба, усё там як паложана.Лобан.
•••
Бесчаўнаковы станок — станок, які не мае чаўнака.
Карусельны станок — вертыкальны такарны станок для апрацоўкі вялікіх дэталей.
Рэвальверны станок — такарны станок з рухомай (вакол восі) галоўкай.
Саматкацкі станок — ткацкі станок; кросны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлюб, ‑у, м.
1. Сямейны саюз мужчыны і жанчыны; сумеснае, узаконенае жыццё мужчыны і жанчыны. Зарэгістраваць шлюб. Скасаваць шлюб. □ Жанчына, якая не мае моцнай апоры ў шлюбе, болей зацікаўлена ў працы на вытворчасці, лічыць яе неабходнай.«Маладосць».З прыходам фашыстаў на беларускую зямлю зноў выплылі на паверхню старыя прыватнаўласніцкія адносіны — улада кулака, шлюб без кахання, па прымусу таго, хто валодае багаццем.Бярозкін.
2. Абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз. Было ясна — без шлюбу ў царкве Андрэй не згодзен аддаць Насці.Колас.На суботу дамовіліся ехаць у загс, альбо, як у такіх выпадках гаварылі ў Рубяжы, да шлюбу.Дубоўка.
•••
Грамадзянскі шлюб — а) шлюб, які заключаецца ў органах дзяржаўнай улады без удзелу царквы; б) (разм.уст.) свабоднае сужыццё мужчыны і жанчыны.
Групавы шлюб — старадаўняя форма шлюбу, пры якой кожны мужчына адной групы мог знаходзіцца ў сужыцці з кожнай жанчынай другой групы.
Законны шлюб — шлюб, заключаны згодна з існуючым законам аб шлюбе.
Марганатычны шлюб — шлюб паміж членамі царскага дому і жанчынай не царскага роду, які не дае права наследаваць прастол.
Фіктыўны шлюб — несапраўдны шлюб, які бяруць з карыслівай мэтай, каб абысці пэўныя законы.
Браць (узяць) шлюбгл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,
раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.
Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв.Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт.апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.
Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.
Літ.:
Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;
Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.
В.І.Сініца.
Да арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.