МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-т у прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кватэрніе́ны

(фр. quaternion, ад лац. quaterni = па чатыры)

сістэма лікаў, што мае чатыры адзінкі, для якой справядлівыя ўсе асноўныя законы дзеянняў, акрамя камутатыўнага закона множання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

губерна́тар

(лац. gubernator = правіцель)

начальнік асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, напр. губерні ў Расіі да 1917 г., штата ў ЗША, вобласці ў Расійскай Федэрацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

цэнт

(англ. cent, ад лац. centum = сто)

разменная манета ЗША, Канады, Аўстраліі і некаторых іншых краін, роўная 1/100 грашовай адзінкі (долара, гульдэна).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБЕРНА́ТАР (ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.​В.​Швед.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш. ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,

форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.

Л.​І.​Шмыгава.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУ́НА (франц. commune ад лац. communis агульны),

1) у сярэдневяковай Зах. Еўропе гарадская або сельская абшчына, якая дамаглася правоў самакіравання.

2) У шэрагу сучасных дзяржаў (Францыя, Італія, Бельгія, Сенегал і інш.) назва ніжэйшай адм.-тэр. адзінкі ў гарадах і сельскай мясцовасці. Узначальваецца пераважна выбарным муніцыпальным саветам, яго рашэнні выконвае мэр, якога выбірае савет ці прызначае ўрад. Мэр (адначасова з’яўляецца ўрадавым чыноўнікам і выконвае распараджэнні ўрада) і муніцыпальны савет вырашаюць асн. пытанні мясц. жыцця, але працуюць пад урадавым кантролем.

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЭКАНО́МІКА,

раздзел эканам. навукі, аб’ектам даследавання якога з’яўляюцца адасобленыя эканам. адзінкі (прадпрыемствы, фірмы, аб’яднанні, хатнія гаспадаркі і да т.п.), а таксама асобныя рынкі, канкрэтныя цэны, тавары і паслугі. У адрозненне ад макраэканомікі ў цэнтры ўвагі М. знаходзяцца вытворцы і спажыўцы, рыначныя паводзіны суб’ектаў, аналіз попыту і прапанавання на асобных рынках тавараў і паслуг, рабочай сілы і капіталу. На мікраўзроўні ажыццяўляецца непасрэднае выкарыстанне прац. рэзерваў краіны, іх уклад у эканоміку ў якасці рэсурсу і фактару вытв-сці.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)