КУЛІСЕ́ВІЧ ((Kulisiewicz) Тадэвуш) (13.11.1899, г. Каліш, Польшча 18.8.1988),
польскі графік. Вучыўся ў школах дэкар. і выяўл. мастацтва ў Познані (1922) і прыгожых мастацтваў у Варшаве (1923—27). З 1933 выкладаў у АМ у Варшаве (з 1946 праф.). Да 1940-х г. рабіў дрэварыты на тэмы жыцця польскіх горцаў; творы вызначаліся драм. выразнасцю абагульненага лінейнага рытму, экспрэсіяністычнымі святлоценявымі кантрастамі: цыклы «Шлембарк» (1931), «Бацувка» (1932), «Метады», «Вёска ў гарах» (абодва 1936) і інш. У трактоўцы нар. персанажаў выкарыстоўваў традыцыі гатычнай разьбы і нар. дрэварыту. З 1945 працаваў пераважна ў тэхніцы малюнка тушшу, праз фармальныя эксперыменты шукаў новыя выяўл. і вобразныя сродкі графічнай выразнасці. Сярод твораў: цыклы «Варшава. 1945» (1945—46), «Францыя і Галандыя» (1949), «Чэхаславакія» (1951), «Кітай» (1953), «Індыя» (1956), «Мексіка» (1957—60), «Мая гісторыя мастацтва» (1975) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬ-АБА́,
курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г. Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творыгрэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАЧЫ́ЦКАЯ (Тамара Мікалаеўна) (н. 28.3.1949, г.п. Калінава Папаснянскага р-на Луганскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. У 1993—96 выкладала ў маст. школе-ліцэі ў Мінску. Працуе ў галіне керамікі. Творы вызначаюцца абагульненасцю і стылізаванасцю пластычных форм, спалучэннем натуральнай фактуры матэрыялу з ангобнай размалёўкай. Аформіла інтэр’еры праф.-тэхн. вучылішча мантажных і спец. работ № 31 у Мінску (1979—80), дзіцячых садкоў № 31 у Барысаве (1981) і № 401 у Мінску (1983), загс у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. (1990—91) і інш. Сярод станковых твораў: дэкар. пластыка «Сны зімовага лесу» (1987), вазы «Нектар» (1980), «Палессе» (1987), дробная пластыка.
Т.Курачыцкая. Керамічнае пано «Юнацтва» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы мантажных і спецыяльных работ № 31 у Мінску. 1979—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУФКО́ (Эдуард Станіслававіч) (4.3.1921, с. Славоціна Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія —17.10.1998),
бел. жывапісец. Вучыўся ў Яраслаўскім маст. вучылішчы (1938—39). У 1946—53 рэпрэсіраваны і зняволены. Працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Творчай манеры ўласцівы экспрэсіўнасць, выразнасць каларыту, арыгінальнасць кампазіцыйнай пабудовы, шырокае выкарыстанне сімволікі. Героіка-трагедыйным гучаннем вызначаюцца творы антыфаш. цыкла: «Праклён фашызму» (1960), «Уцёкі» (1961), «Правда» (1963), «Няскораны» (1969), «Асвенцім» (1974), «Памяці вязняў Ламсдорфа» (1977) і інш. Аўтар партрэтаў («Маці партызана», 1957; Ф.Дастаеўскага, 1972; партызана М.А.Хлебнікава, 1979; пісьменніка У.А.Калесніка, 1980; ганаровага грамадзяніна Брэста В.П.Ласковіча, 1988), шэрагу краявідаў Прыбалтыкі і Каўказа, нацюрмортаў, карцін на сучасныя тэмы. Сталінскім лагерам прысвяціў карціны «Іван Дзянісавіч» (1984), «У памяці маёй» (1987), «Аўтапартрэт» (1989) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НАЎ (Lenau) Нікалаўс [сапр.Німбш Эдлер фон Штрэленаў
(Niembsch Edler von Strehlenau) Франц; 13.8.1802, г. Ленаўхейм, Румынія — 22.8.1850], аўстрыйскі паэт-рамантык. Вучыўся ў Венскім і Гайдэльбергскім ун-тах. Паводле сац.-філас. накіраванасці яго паэзія сугучная матывам «сусветнага жалю» Дж.Байрана і Г.Гейнэ. Паэт.зб-кі «Вершы» (1832),
«Новыя вершы» (1838) і інш. адметныя яркай метафарычнасцю, рамант. сімволікай, блізкасцю да ням. і венг.нар. паэзіі. Аўтар паэм «Фауст» (1836), «Саванарола» (1837), «Дон Жуан» (выд. 1851). У паэмах «Ян Жыжка» (1837—42), «Альбігойцы» (1842) прадчуванне непазбежнасці рэв. змен. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Бел.пер. — Зірні ў паток: Вершы, паэмы. Мн., 1991;
Рус.пер. — Стихотворения. Ян Жижка: Поэма. М., 1956;
У кн.: Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКАЯ (Наталля Сяргееўна) (н. 7.11.1958, в. Забараўе Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Віцебскі тэхнал.ін-т лёгкай прам-сці (1983). З 1983 мастак на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін, з 1988 выкладае ў Віцебскім тэхнал. ун-це. Працуе ў галіне габелена ў тэхніцы ручнога ткацтва. Творы вызначаюцца тонкімі суадносінамі пастэльных колераў, разнастайнасцю кампазіцыйных і фактурных вырашэнняў, спалучэннем традыц. матэрыялаў (лён, воўна) з нетрадыцыйнымі (сінт. валокны, дрот, метал, шкло, сізаль), зваротам да спадчыны нар. мастацтва. Сярод работ: «Два жыцці» (1982), «Забытая вёска» (1989), «Вечар», «Дажджлівае акно», «Вясна» (усе 1991), «Мае вербы» (1993), «Маркотныя кветкі», «У лесе кладуцца цені» (абедзве 1994), «Старажытныя рукапісы», «Зямля квітнее» (абедзве 1996), «Гарадскія рытмы» (1997), «Сярод бяроз, слядоў і цішыні» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),
старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксандр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ СЯДЗІ́БА «ПІ́ПЕНБЕРГ».
Існавала ў канцы 18—19 ст. на ўскраіне Магілёва. Належала ген.-губернатару Пасеку, потым куплена Янчыным, які падараваў сядзібу гал. штаб-кватэры рус. арміі. У канцы 19 ст. належала жаночаму пансіянату. Ансамбль сядзібы размяшчаўся на 2 тэрасах правага берага р. Дняпро. На верхняй тэрасе па-над прамавугольным ставам стаяў сядзібны дом (1780-я г.) у стылі класіцызму з элементамі несапраўднай готыкі, на ніжняй — натуральныя і штучныя пасадкі, творы архітэктуры малых форм (альтанкі, капліцы, статуі, амфітэатры і інш.). Цэнтр ансамбля — мураваны прамавугольны ў плане сядзібны дом сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (захаваліся падмуркі). Гал. фасад арыентаваны на раку, у цэнтры вылучаны плоскім рызалітам, 8-калонным порцікам і завяршаўся паўфрантонам. Часткова захаваўся парк.
В.Ф.Марозаў.
Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Чарцёж галоўнага фасада сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЗО́НІ ((Manzoni) Алесандра) (7.3. 1785, г. Мілан, Італія — 22.5.1873),
італьянскі пісьменнік; тэарэтык рамантызму. Першыя творы напісаны ў духу класіцызму (паэма «Трыумф свабоды», 1801; ода «На смерць Карла Імбанаці», 1806). Уплыў каталіцызму выявіўся ў цыкле «Свяшчэнныя гімны» (1812—22, апубл. ў 1815 і 1823). У 1820-я г. перайшоў на пазіцыі рамантызму (эстэт. праца «Пра рамантызм», 1823, і інш.). Оды «Сакавік 1821 г.», «Пятага мая» (абедзве 1821), гіст. трагедыі «Адэльгіз» (паст. 1822) і «Граф Карманьёла» (паст. 1828) прасякнуты патрыят. матывамі, ідэямі Рысарджымента. У гіст. рамане «Заручаныя» (ч. 1—3, 1821—23) спалучэнне рамантызму з рэаліст. адлюстраваннем жыцця італьян. правінцыі 17 ст. Аўтар эстэт., філас., тэарэтыка-літ. прац.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. М., 1978;
Обрученные. М., 1984;
У кн.: Романтизм глазами итальянских писателей. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш.Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.