све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ствол, ствала, м.

1. Надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны, якая трымае на сабе галіны і лісты. Люблю сівых дубоў калоны, І соснаў стромкія ствалы. Грахоўскі. Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў.

2. У архітэктуры — асноўная частка калоны паміж базай і капітэллю.

3. Частка агнястрэльнай зброі ў выглядзе трубы, праз якую праходзіць, атрымаўшы напрамак палёту, куля або снарад. Намерыўся [Бычок] ціскануць на спуск, ды ўсё ж успомніў, што карабін выпадаў з рук, глянуў у ствол: канал і нават мушка былі залеплены зямлёю. Кулакоўскі. На сценах вісяць старажытныя арабскія стрэльбы з даўжэзнымі стваламі і перламутравымі інкрустацыямі на прыкладах. В. Вольскі. // Спец. Гармата (ужываецца як адзінка падліку).

4. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія маюць форму трубы. Ствол пажарнага рукава.

5. Назва некаторых органаў або тканкавых утварэнняў у арганізме, якія маюць выгляд трубкі. Ствол соннай артэрыі.

•••

Пайсці ў ствол — вырасці ў кветканоснае сцябло (пра караняплоды).

Шахтавы ствол — вертыкальная або нахіленая горная выпрацоўка, якая мае выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экземпля́р, ‑а, м.

Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Шамякін. Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі. Мяжэвіч. // Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля. Сіняўскі. — Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар. Маўр. // Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Караткевіч. // Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі. Карпаў.

•••

Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.

[Ад лац. exemplar — узор.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ячэ́йка, ‑і, ДМ ячэйцы; Р мн. ячэек; ж.

1. Паглыбленне, адтуліна (у цэлай сістэме падобных), кожнае асобнае звяно ў чым‑н. Ячэйкі сотаў. Зубныя ячэйкі. □ — У кожнай культурнай канюшні.. павінны быць.. ячэйкі на кожнага каня. Мележ.

2. Невялікая арганізацыйная група; адзінка, якая ўваходзіць у склад якога‑н. буйнога аб’яднання. [Лютынскі:] Я хачу да якой-небудзь вытворчай ячэйкі прымацавацца. Крапіва. Аднойчы да члена падпольнай ячэйкі Ільі Паша звярнуліся з прапановай паставіць у яго хаце друкарскі станок. Карпюк. Успомнім хоць бы гады Вялікай Айчыннай вайны, калі савецкая сям’я, як маленькая ячэйка вялікай Савецкай Радзімы, была падвергнута суроваму выпрабаванню. «Беларусь». // Уст. Пярвічная арганізацыя якога‑н. таварыства, саюза. У школе ўсё жыццё пачало кружыцца наўкола ячэйкі. Галавач. Увечары ў хаце адной дзяўчыны, што жыла са старой маці, сабралася ўпотай восем чалавек: пяць хлопцаў і трое дзяўчат — вясковая ячэйка. Хадкевіч.

3. Адзіночны стралковы акоп. Былі таксама ячэйкі для стралкоў. Кулакоўскі. Пад дрэвамі, пад кустамі былі ячэйкі-акопчыкі. Ермаловіч.

•••

Камсамольская ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВЛКСМ да 1934 г.

Партыйная ячэйка — назва пярвічнай арганізацыі ВКП (б) да 1934 г.

Ячэйка памяці — састаўная частка збіральніка запамінальнага блока; элемент памяці вылічальнай машыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ключ ​2

1. Старажытная (XVI ст.) адміністрацыйная адзінка, роўная частцы графства або староства, плошчай 250000 кв. дзесяцін. Пазней ключом называлі панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі. Некаторыя ключы мелі самакіраванне на чале з выбарным ключвойтам або ключнікам (Збор мінскіх грамат, № 117, Крыч. Меер, 1786, 3, Піч.).

2. Двор (Архангельскі летапіс, 43).

3. Месца (цэнтр) кіравання акругай, якая складалася з некалькіх вёсак скарбовага маёнтка, дзе знаходзіўся каралеўскі (1511) складачны свіран (Нас. АУ).

□ пас. Ключ у в. Барбароў Глуск. (Янк. II), в. Ключ Мошкі або Ключмошкі (К. 1778) каля в. Чыкаўка Слаўг. (Публ. бібл. імя С.-Шчадрына. Аддзел рук., ф. 342, № 231).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Лы́нда 1 ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), ’пасялуха’, ’дарослая, але не сур’ёзная дзяўчына’ (касцюк., Мат. Маг.), ’гультай’ (смарг. Сцяшк. Сл.), ’валацуга, абібок’ (пін., Нар. лекс.; ігн., шчуч., Сл. ПЗБ), лынду́ля, лынду́лька, лынду́ліна, лынду́лішча ’гультай’ (Юрч. Вытв.), а таксама лы́нда ’дзяўчына-падлетак на высокіх нагах’ (КЭС, лаг.), лы́нды, в.-дзв. лы́нты, шальч. ’лыткі’, шальч., воран., даўг. ’калені’ (Сл. ПЗБ), навагр., слонім., брасл. ’ногі’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тоўстыя ногі’ (гродз., Мат. АС) у выразе: лынды біць ’гультаяваць, бадзяцца без справы, займацца непатрэбнай работай’ (Некр., Янк. БП і БФ, ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; бялын., Янк. Мат.), лынды збіваць ’тс’ (Гарэц., Дразд., Сл. ПЗБ) — да лы́ндаць (гл.).

Лы́нда 2 ’страва з бульбы і льнянога семя’ (петрык., Мат. Гом.). Рус. белам., арханг., кольск. ли́нда ’мучная поліўка з рыбы або аленіны’, алан. ли́ндушка ’вадкая каша з проса і грэчкі’. З карэльск. linda ’поліўка’, фін. linta ’тс’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 498).

Лы́нда 3 ’вузкая палоска зямлі, загон’ (шчуч., З нар. сл.; воран. Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, з ле́нта ’стружка’, параўн. рус. валаг. ле́нда, ле́нта ’палоска хваёвага лубу’ — так, як шнур ’адзінка вымярэння даўжыні’ стаў абазначаць плошчу. Пра лыка як мерку гл. Скурат (Меры, 21–22). Аднак не выключана, што лында 3 звязана з лында 1 ’нага’ — у якасці меры ўжываліся і іншыя назвы цела чалавека: галоўка, лантух, пядзь, лыткай (гл.). Пасля, калі носьбітамі мовы забылася ўнутраная форма слова, мера перайшла на прадмет, паняцце, для вымярэння якога яна служыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэз 1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зка ’пілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз 2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз 3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз 4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз 2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

валю́та​1

(іт. valuta = кошт)

1) асноўная грашовая адзінка якой-н. краіны (напр. долар у ЗША);

цвёрдая в. — валюта, устойлівая ў адносінах да ўласнага наміналу, а таксама да курсаў іншых валют, забяспечаная золатам і іншымі каштоўнасцямі;

абарачальная (канвертаваная) в. — валюта, якая бесперашкодна абменьваецца на іншыя валюты;

2) тып грашовай сістэмы (напр. залатая в.);

3) замежныя грошы, якія маюць хаджэнне на міжнародным рынку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тып

(фр. type, ад гр. typos = адбітак, вобраз)

1) узор, мадэль, форма чаго-н. (напр. т. самалёта, т. машыны);

2) біял. адзінка ў сістэматызацыі раслін і жывёл, якая аб’ядноўвае роднасныя класы (напр. т. кветкавых раслін, т. членістаногіх);

3) разрад, катэгорыя людзей з характэрнымі агульнымі знешнімі або ўнутранымі рысамі (напр. славянскі т.);

4) літ. абагулены мастацкі вобраз якой-н. групы людзей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),

навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.

Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.​Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.​Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.

Літ.:

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.

В.​І.​Бернік.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)