паці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Пасунуцца, даючы месца каму‑н.; пацясніцца. Хлопцы паціснуліся, далі месца. Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Асіпенка. Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай. Шамякін. // Пасунуцца, наблізіцца да каго‑н. або адзін да аднаго. Дзяўчынкі пераглянуліся і паціснуліся боязна адна да аднае. Дуброўскі. // Пажыць у цеснаце, пацясніцца.

2. Пайсці куды‑н., да чаго‑н., ціснучыся, пераадольваючы перашкоды. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас. Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Чорны.

3. Разм. Пабыць некаторы час у цеснаце. [Дзямід Сыч:] — Мы тут вырашылі клуба ў новым годзе не ставіць.. Паціснемся яшчэ год-два ў хаце-чытальні. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для пераходу куды‑н. Пераходны тунель. Пераходны люк.

2. Які з’яўляецца пераходам ад аднаго стану да другога; прамежкавы. Пераходны перыяд. Пераходныя гаворкі. □ Гэта была пераходная пара года: яшчэ не дыхаў зазімак, але і сівец, што кусціўся пад дубам, не паспеў пацямнець ад дажджоў. Даніленка. [Раіса] была ў тым пераходным узросце, калі забываюцца дзіцячыя гульні, калі дзяўчына лічыць сябе ўжо дарослай і баіцца, што цікавасць да малодшых будзе вытлумачана як уласная нясталасць. Шамякін.

3. Які перадаецца, пераходзіць ад аднаго да другога. Пераходны чырвоны сцяг. Пераходны вымпел.

4. Які пераходзіць, пераносіцца на наступны год. Пераходныя сумы. Пераходныя фонды. Пераходная тэма.

5. У граматыцы — якому ўласціва пераходнасць і які патрабуе пасля сябе дапаўнення ў вінавальным склоне без прыназоўніка (пра дзеяслоў). Пераходныя і непераходныя дзеясловы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр. неділя ’нядзеля’, рус. неделя ’тыдзень’, польск. niedziela ’нядзеля’, чэш. neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац. nedeľa ’тс’, палаб. nidelʼɛ ’тс’, в.-луж. njedźela ’тс’, н.-луж. njeźela ’тс’, славен. nedélja ’тс’, серб.-харв. нѐдеља ’тс’, макед. недела ’тс’, балг. неделя ’тс’, ст.-слав. недѣлꙗ ’тс’. Прасл. *nedělja, лічыцца калькай з лац. feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч. ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав. недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус. арх. ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муж ’жанаты мужчына ў адносінах да сваёй жонкі’, ’дзеяч у якой-небудзь галіне’ (ТСБМ, Маш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Яруш., Пан. дыс.), му́жні, му́жны, му́зькі ’ўласцівы мужу’, ’мужчынскі’, ’храбры, рашучы, вытрыманы, статны’, мужне́ць ’рабіцца дарослым, больш мужным, развівацца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп.). Укр., рус. муж; ст.-рус. мужъ, мужь ’мужчына’, ’знакаміты, важны, вольны чалавек’, польск. mąż, н.-, в.-луж. muž, чэш., славац. muž, славен. mǫ̑z, серб.-харв. му̑ж, макед. маж, балг. мъжъ́т, ст.-слав. mѫż. Прасл. mǫžь лічыцца роднасным са ст.-інд. mánuṣ (mánu‑, mánuṣ) ’мужчына, чалавек’, авест. manuš‑, гоц. manna, ст.-ісл. maðr, лац.-герм. Mannus — імя прабацькі германцаў, фрыгійск. Μάνης — роданачальнік фрыгійцаў < і.-е. *manu‑/*monu‑ (Траўтман, 169; Мее, 209, 354; Фрыск, 1, 83; Фасмер, 2, 670–671; Покарны, 1, 700; Бязлай (М. Сной), 2, 198–199). Мартынаў (Язык, 56) мяркуе, што прасл. mǫžь з’яўляецца іран. інгрэдыентам у прасл. мове (з іран. manuš, якое аформілася пад уплывам прасл. мадэлі, параўн. vǫžь, gǫžь). Жураўлёў (Тезисы докл. Междунар. симп. по пробл. этимол., историч. лекс. и лексикограф. M., 1984, 12) аспрэчвае гэта, спасылаючыся на тое, што слав.-скіфск. пранікненні мелі месца за 1500 год да падзення рэдукаваных. Гл. таксама Шаўр (Etymologie, 17–18).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́РАЦКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 27,7 тыс. чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.

Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пн вял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс. га, з іх асушаных 18,8 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».

т. 5, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),

унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс. км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб. глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.

У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м. Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.

т. 2, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г. Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас. імперыі).

М.​А.​Ткачоў.

Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),

штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал. эканам. цэнтр — г. Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля ​2/3 разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАВІ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на З Украіны. Мяжуе на Пд з Румыніяй, на ПдУ з Малдовай. Утворана 7.8.1940. Пл. 8,1 тыс. км². Нас. 932 тыс. чал. (2001), гарадскога 42%. Цэнтр — г. Чарнаўцы. Найб. гарады: Старажынец, Хацін, Сакіраны.

Паверхня паўн. ч. вобласці раўнінная (міжрэчча Днястра і Прута), выш. да 515 м. У цэнтр. частцы перадгор’і Карпат, на ПдЗ — Усх. Карпаты (выш. да 1565 м, г. Яровіца). Карысныя выкапні: вапнякі, гліны, гіпс, фасфарыты, кварцавыя і глаўканітавыя пяскі, буры вугаль, крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C на раўніне да -6 °C у гарах, ліп. адпаведна 20 °C і 15 °C. Ападкаў 500—1200 мм за год. Гал. рэкі: Днестр, Прут з Чарамошам, Сірэт. Глебы на раўніне чарназёмныя, у перадгор’ях — дзярнова-падзолістыя, у гарах — бурыя лясныя. Пад лесам (бук, елка, граб, явар) і хмызнякамі каля 30% тэр., пашыраны ў перадгорнай і горнай частках.

Гал. галіны прам-сці: харч. (цукр., мясная, масласыраробная, вінаробная, плодаагароднінакансервавая, алейная і інш.), камбікормавая, лёгкая (тэкст., трыкат., швейная), машынабудаванне і металаапрацоўка (нафтаапаратура, выліч. тэхніка, машыны для жывёлагадоўлі, абсталяванне для лёгкай прам-сці), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, драўнянастружкавыя пліты, мэбля), хім. (фарбы, лакі, гумавы абутак, быт. хімія). Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, апрацоўка металу, вышыўка, вытв-сць дываноў).

Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, садоўніцтве і малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 470 тыс. га, у т. л. каля 100 тыс. га меліяравана. Пасяўная пл. ў 2000 склала 314 тыс. га. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, зернебабовыя, цукр. буракі, лён-даўгунец, кармавыя караняплоды, травы, бульбу, агародніну. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, чарэшні, грэцкія арэхі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (у горных раёнах). Птушкагадоўля. Сажалкавае рыбаводства. Пчалярства. Даўж. чыгунак 464 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 3 тыс. км. Асн. чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск—Чарнаўцы—Сірэт (Румынія), Чарнаўцы—Кішынёў—Адэса, аўтадарогі Брэст—Луцк—Цярнопаль—Чарнаўцы, Чарнаўцы—Адэса. Турызм.

т. 17, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЦЗЫ́, Янцзыцзян (Блакітная рака), Чанцзян (Доўгая рака),

самая доўгая рака Кітая і Еўразіі. Даўж. 5800 км, пл. бас. 1808,5 тыс. км². Пачынаецца на У Тыбецкага нагор’я, дзе наз. Муруй-Ус, цячэ ў шырокай забалочанай даліне. Спускаецца з нагор’я, пераразае Сіна-Тыбецкія горы (пад назвай Цзіньшацзян), утварае глыбокія цясніны з парогамі і вадаскатамі (падзенне ракі ў верхнім цячэнні каля 5 тыс. м). У сярэднім цячэнні перасякае паўд. ч. Сычуаньскай катлавіны, ніжэй якой утварае 3 стромкасценныя цясніны. Ніжняе цячэнне (пад назвай Чанцзян) у межах Цзянханьскай і Вял. Кітайскай раўнін, дзе шыр. асн. рэчышча да 2 км, шмат рукавоў, праток. Упадае ва Усх.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. каля 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Ялунцзян, Міньцзян, Цзялінцзян, Ханьшуй (злева). На правым беразе — буйныя азёры Дунтынху, Паянху, Тайху, якія рэгулююць сцёк ракі. Асн. жыўленне ад мусонных дажджоў, у верхнім цячэнні — ад раставання горных снягоў і ледавікоў. Летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады на раўнінах да 10—15 м, у цяснінах да 30—40 м. Сярэдні расход вады ў вусці 34 тыс. м³/с, макс. — да 70—100 тыс. м³/с. У мінулым на Я. былі катастрафічныя паводкі, для аховы ад якіх уздоўж рэчышча пабудаваны дамбы (даўж. 2,7 тыс. км). Уплыў марскіх прыліваў на 700 км ад вусця. Цвёрды сцёк 280—300 млн. т за год. На большай ч. рэчышча воды ракі маюць жоўтае адценне (назва «Блакітная рака», якую далі еўрапейцы, не адпавядае рэчаіснасці). Значныя гідрарэсурсы. Шырока выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). Гэчжоўбаскі гідравузел. Суднаходная на 2850 км (ад падножжа Сіна-Тыбецкіх гор), для марскіх суднаў — ад г. Ухань. Агульная даўж. водных шляхоў у яе бас. каля 70 тыс. км. Рыбалоўства; прамысл. значэнне маюць карп, лешч, кітайскі акунь, таўсталобік і інш. У бас. Я. жыве больш за ​1/3 насельніцтва Кітая. Буйныя гарады: Ібінь, Чунцын, Ухань, Нанкін, у дэльце — г. Шанхай.

т. 18, кн. 1, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)