ПЛАСТМА́САВЫХ ВЫ́РАБАЎ, ШКЛОВАЛАКНІ́СТЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ, ШКЛОПЛА́СТЫКАЎ І ВЫ́РАБАЎ З ІХ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

адна з галін хім. прамысловасці. На Беларусі ўключае падгаліны: вытв-сць вырабаў з пластмас (63,4% у 1999); плёнак, труб і лістоў з палімерных матэрыялаў (17,9%); неперарыўнага шкловалакна і вырабаў з яго (8,7%); шклопластыкаў і вырабаў з іх (6,3%); палімернай тары (3,7%). Выпускае больш за 1000 найменняў прадукцыі: поліэтылен, поліэтыленавую плёнку, шкловалакно, пластмасавую тару, разнастайныя вырабы з пластмасы, поліэтыленавыя трубы, тару і інш. Развіццё галіны пачалося пераважна ў 1950-я г. У 1957 першую прадукцыю даў Полацкі завод шкловалакна, у 1968 — Полацкі хім. камбінат (зараз ВА «Палімір»). У 1999 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме хім. прам-сці складала 12,2%, прамыслова-вытв. персаналу — 12,1%, сродкаў вытв-сці — 9,2%. На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 52 прадпрыемствы і вытв-сці галіны. Найб. сярод іх, акрамя названых, — мінскі завод «Тэрмапласт» (вырабы з пластмасы для аўтамабільнай, трактарнай і электратэхн. прам-сці, тавары быт. прызначэння на аснове пластмас), Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў (трубы з поліэтылену для водазабеспячэння і каналізацыі), Барысаўскі з-д «Паліміз» (палімерная тара), Магілёўскі з-д палімерных труб, з-д пластмасавых тарных і ўпаковачных вырабаў у в. Сінкевічы Лунінецкага р-на, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» (пластмасы цеплаправодныя і цяжкагаручыя), акц. т-ва «Лідбудпласт» і інш. Прадпрыемствы галіны дзейнічаюць таксама ў Брэсце, Жлобіне, Рагачове, Ганцавічах, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску, Іўі, Жодзіне, Ашмянах і інш. Створана некалькі сумесных прадпрыемстваў з замежнымі фірмамі — бел.-ізраільскае «Леор-пластык» у Навагрудку (пластмасавыя слоікі, посуд, поліэтыленавыя накрыўкі); бел.-венгерскае «Новіпласт» у Наваполацку (вырабы з пластмасы); бел.-германскае «Beker—System—Belarus» (аконныя блокі з пластмас). Амаль шостая ч. прадукцыі галіны экспартуецца за мяжу. З інш. краін найб. развіта галіна ў ЗША, Японіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітаі, Расіі.

П.​І.​Рогач.

Матэрыялы і вырабы з сінтэтычных смол і пластычных мас у Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 1998
Трубы і дэталі трубаправодаў з тэрмапластаў, тыс. т 6,2 1,4 1,7
тыс. км 18,2 1,9 2,7
Лісты з тэрмапластаў, тыс. т 13,8 10,5 1,0
Шклапластыкі і вырабы з іх, тыс. т 1,0 0,6 1,9
Шкловалакно неперарыўнае і вы­рабы з яго, тыс. т 20,6 11,3 13,7

т. 12, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бадзюлі ’расліна Carduus crispus L., чартапалох кучаравы’ (Кіс.). Бясспрэчна, утварэнне ад *bod‑ ’калоць’ (гл. бада́ць) з суфіксам *‑ulʼa, але ў бел. яшчэ экспрэсіўнае памякчэнне (*bodulʼa > бадзюля). Параўн. іншыя назвы чартапалоху: будзяк, калючка і г. д. Параўн. таксама (з іншым суфіксам) бадзю́ка ’бадлівая скаціна; калючая галоўка ў расліны’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дэба́ты ’дэбаты’ (БРС). Рус. де́баты, укр. деба́ти ’тс’. У рус. мове запазычанне з англ. мовы (англ. debate). Бел. і ўкр. словы, відаць, узяты непасрэдна з рус. Падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 33. Дзеяслоў дэбатава́ць, укр. дебатува́ти < рус. дебати́ровать (< ням. debattieren; магчыма і франц. крыніца; Шанскі, там жа, 32).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАК-МІХАЙЛО́ЎСКІ (Сымон Аляксандравіч) (14.4.1885, в. Максімаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст, педагог. Скончыў пед. ін-т у Феадосіі (1912). У рэвалюцыю 1905—07 прапагандаваў ідэі сац. і нац. вызвалення, быў выбраны сялянамі хадаком у Дзярж. думу. У 1906 за распаўсюджанне с.-д. л-ры арыштаваны на 3 месяцы і зняволены ў Вілейцы. З-за праследаванняў улад вымушаны быў пераехаць у Крым. З 1914 на вайск. службе. У 1917 уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, чл. яе ЦК, нам. старшыні Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, сакратар бел. школьнай падкамісіі пры Мінскай гар. думе. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917. У 1918 старшыня Бел. вучыцельскага хаўрусу (саюза), чл. Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1919 выкладчык Першых бел. пед. курсаў у Мінску. У час польск. акупацыі старшыня Беларускай школьнай рады Міншчыны, пазней Цэнтральнай беларускай школьнай рады, чл. Часовага бел. нац. к-та і Беларускай вайсковай камісіі. У 1920—22 заснавальнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай семінарыі, адзін з арганізатараў Таварыства беларускай школы, выкладчык Гродзенскай і Віленскай бел. гімназій. З 1922 дэпутат сейма Польшчы, заснавальнік Беларускай партыі незалежных сацыялістаў. У 1925 адзін з ініцыятараў стварэння і нам. старшыні Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адначасова з 1926 чл. КПЗБ. У шматлікіх артыкулах, якія друкаваліся ў газ. «Наша ніва», «Беларусь», «Звон», час. «Родны край» і інш. зах.-бел. выданнях, выступаў у абарону бел. школ, за сац. справядлівасць, супраць рабавання польск. ўладамі прыродных багаццяў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны і зняволены польск. ўладамі. з 1930 у БССР, дырэктар Бел. дзярж. сац.-гіст. музея ў Мінску. Чл. ЦВК БССР з 1931. У 1933 арыштаваны органамі АДПУ і асуджаны на 10 гадоў па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр». У ліст. 1938 Асобай тройкай НКУС БССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Бергман А. Сымон Рак-Міхайлоўскі: (Кароткі біягр. нарыс) // Беларускі каляндар. 1980. Беласток, 1980;

Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. Мн., 1996.

У.​В.​Ляхоўскі.

С.А.Рак-Міхайлоўскі.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дронг ’жэрдка’ (Сцяшк.), дронг, дронк ’ручка, рубель, падгерац і да т. п.’ (Сл. паўн.-зах.), ’трайня’ (Шатал.). Запазычанне з польск. drąg ’тс’ (польск. слова вядома з XV ст. і адносіцца да прасл. сямейства слоў *drǫgъ: ст.-чэш. drouh, серб. дру̑г, ст.-сл. дрѫгъ і г. д.; гл. Слаўскі, 1, 162). Параўн. ст.-бел. дронжокъ ’металічны прут, жэрдка’ < польск. drążek (бел. слова з XVII ст., гл. Булыка, Запазыч., 102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 12.10.1936, г. Віцебск),

бел. вучоны-інфекцыяніст. Д мед. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1963 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1980 прарэктар). Навук. працы па клінічнай імуналогіі і прыкладной цытахіміі, дыягностыцы і лячэнні вірусных гепатытаў, інфекц. монануклеозе, менінгакокавай інфекцыі, сальманелёзах, дызентэрыі, трыхінелёзе і інш.

Тв.:

Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.​І.​Комарам, А.​Г.​Майсяёнкам);

Практика инфекциониста. 2 изд. Мн., 1994 (разам з В.​І.​Комарам, У.​М.​Цыркуновым);

Немедикаментозное лечение инфекционных больных. Мн., 1996 (з імі ж).

т. 4, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАФІЯ́ДЗІ (Уладзімір Гаўрылавіч) (10.1.1911, Масква — 17.5.1986),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1966), д фізіка-матэм. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1971). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1932—41). З 1931 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). У 1962—72 у БДУ. Навук. працы па інфрачырвонай тэхніцы і спектраскапіі, фізіцы атмасферы, оптыка-электронных прыладах, мадуляцыі святла і радыяцыйным вымярэнні т-ры. Адзін са стваральнікаў святлолакацыйнага дальнамера.

Тв.:

Фотоэлектрическая автоматика. Мн., 1966;

Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970 (разам з Ю.​В.​Паповым).

У.Г.Вафіядзі.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНІК (Альберт Віктар Іазефавіч) (н. 3.10.1919, г. Ташкент — 24.11.1996),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1956), д тэхн. н. (1953), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1944). З 1956 у Ін-це энергетыкі, з 1958 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. Адначасова ў 1957—69 у БПІ. Навук. працы па цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў. Распрацаваў абагульненую тэрмадынамічную тэорыю, якая аб’ядноўвае класічную тэрмадынаміку, тэрмадынаміку неабарачальных працэсаў, цепла- і масаабмен і інш.

Тв.:

Расчет отливки. М., 1964;

Термодинамика. 3 изд. Мн., 1968;

Термодинамическая пара. Мн., 1973.

М.​У.​Токараў.

А.В.І.Вейнік.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЙС (Ювеналій Аляксандравіч) (5.1.1878, Екацярынбург, Расія — 12.12.1950),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. АН Беларусі (1940). Д тэхн. н. (1937), праф. (1909). Засл. дз. нав. Беларусі (1940). Скончыў Новааляксандраўскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства (1899). У 1920—41 у Горацкай с.-г. акадэміі, узначальваў Аддз. прыродазнаўчых і с.-г. навук АН Беларусі. З 1947 у Ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні і выкарыстанні с.-г. машын і механізмаў. Сканструяваў шэраг с.-г. машын, вымяральных і навуч. прылад.

Тв.:

Почвообрабатывающие и посевные машины травопольной системы земледелия. Мн., 1952.

Ю.А.Вейс.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)