непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.
Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл.Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.
Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.
Літ.:
Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;
Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ.М., 1981;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБ (Quercus),
род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр.нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).
Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),
адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2-й пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.Джэксан і М.Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.Н.Полк), 1853—61 (Ф.Пірс і Дж.Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.Г.Кліўленд), 1913—21 (Т.В.Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац.к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.
Літ.:
Романова Н.Х. Реформы Э.Джексона, 1829—1837. М., 1988;
Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр.М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),
1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,
найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл.«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш.раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Мя́тлік2 ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (Шат., Мат. Гом., Ян.), ’свербігуз усходні, Bunias orientalis L.’ (маг., Кіс.). Відаць, праз мятлю́к (гл.) пры ад’ідэацыі мя́тлік ’матыль’ узыходзіць да мятла́1 (паводле падабенства кветкі, коласа да мяцёлкі). Аналагічна метлюжок у рус. гаворках: метлига (табол.), метлик (перм., цвяр.), чэш.metlice.
Мя́тлік3 ’чыстае, мяккае палатно з разрэзам для галавы, якое кума надзявае або накрывае дзіця пры хрышчэнні’ (бых., Рам. 8; лельч., Арх. ГУ; Мат. Гом.), ’сарочка, якую надзявалі дзіцяці першы раз пасля хрышчэння’ (ТС), ’канверт для немаўляці’ (свісл., Шатал.), ’карункавае пакрывала’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Няясна.