Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».
Тв.:
Рус.пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ (Станіслаў Іванавіч) (3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),
бел.вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус.пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.
С.І.Богуш-Сестранцэвіч. З карціны невядомага мастака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра...грэч. bios жыццё),
жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц.вучоны Л.Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ (Алег Канстанцінавіч) (7.2.1906, с. Троіцкае Падольскага р-на Маскоўскай вобл. — 4.4.1984),
савецкі авіяканструктар і вучоны ў галіне самалётабудавання. Акад.АНСССР (1981), АН Украіны (1968). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1930). Працаваў на Маскоўскім планёрным з-дзе, з 1938 у КБ А.С.Якаўлева, у 1946 узначаліў самалётабуд. КБ. Стварыў каля 40 канструкцый планёраў і самалётаў, у т. л. Ан-2 (1947), Ан-8 (1955), самалёты з турбавінтавымі рухавікамі: пасажырскія Ан-10, Ан-24, трансп. Ан-12, Ан-14 і інш. У 1964 створаны шырокафюзеляжны Ан-22 («Антэй»), у 1980-я г. — пасажырскі Ан-28, трансп. скарочанага ўзлёту і насадкі Ан-72, трансп. Ан-124 («Руслан»), Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
На крыльях из дерева и полотна. М., 1962;
Десять раз сначала: Рассказы. Киев, 1981.
Літ.:
Казаков В. Сотвори себя. Саратов, 1986;
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.
Англ.вучоны О.Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.
Літ.:
Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.6.1922, г. Краснадар, Расія — 17.8.1994),
бел.вучоны ў галіне механікі металапалімерных сістэм.Акад.АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-ртэхн.н., праф. (1971). Засл. вынаходнік Беларусі, засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Ін-т інжынераў чыг. транспарту ў Растове-на-Доне (1945). З 1953 у Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту, з 1969 дырэктар Ін-та механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі і адначасова да 1973 рэктар Гомельскага ун-та. У 1973—87 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1978—83 рэктар БДУ. Навук. працы па даследаванні ўзаемасувязі малекулярных і надмалекулярных структур палімераў з іх фіз.-мех. ўласцівасцямі, стварэнні новага класа кампазіцыйных матэрыялаў, адгезійнай і кагезійнай трываласці металапалімераў. Прапанаваў асновы разліку і канструявання металапалімерных вырабаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979 (у сааўт.);
Трибология: исслед. и приложения: Опыт США и стран СНГ. М., 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДКЕ́ВІЧ (Барбара Эдмундаўна) (2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АНБССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМІ́ (Абдурахман Нураддзін ібн Ахмад) (7.11.1414, с. Джам, каля г. Нішапур, Іран — 9.11.1492),
персідскі і таджыкскі пісьменнік і вучоны. Настаўнік і сябар Алішэра Наваі. Вучыўся ў Самаркандзе і Гераце, дзе пражыў усё жыццё. Кананізаваны. Завяршыў перыяд развіцця паэзіі ўсх. краін на мове фарсі. Майстар віртуознай паэт. формы. Выступаў у шматлікіх паэт. жанрах (газель, рубаі, касыды, месняві і інш.). Раннія творы Дж. — празаічныя суфійскія і свецкія трактаты, дапаможнік па складанні рэбусаў, шарад. Аўтар прац па філасофіі, тэалогіі, л-ры, гісторыі, рыторыцы, музыцы, цыкла з 7 паэм (семярыца) «Сем карон», або «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1480—87), зб-каў газелей «Пачатак юнацтва» (1479), «Сярэдзіна жыццёвай ніці» (1479), «Завяршэнне жыцця» (1491), зб. прытчаў «Бахірыстан» (1487) і інш. Ад ідэй рэліг. нецярпімасці і абскурантызму Дж. ўзняўся да пратэсту супраць дэспатызму і сац. несправядлівасці, ад містычнай абмежаванасці да філас. абагульненняў і пропаведзі гуманіст. ідэй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎСКІ (сапр.Чарняўскі) Ігнат Цімафеевіч
(н. 4.9.1906, в. Дуброва Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік і вучоны. Канд.с.-г.н. (1937). Засл. работнік культ. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1931). У 1937—41 навук. супрацоўнік, у 1945—76 заг. сектара аграрных праблем Ін-та эканомікі Нац.АН Беларусі. Пер шыя вершы апубл. у 1927. Аўтар зб-каў апавяданняў «Радня» (1954), «Паўз самыя вокны» (1961), аповесцей «Зямля маладзее» (1952), «Зямныя вузлы» (1965), кніг нарысаў. Пачынальнік аналітычнага нарыса ў бел. л-ры. Пісьменніка хвалююць актуальныя тэмы сучаснасці: вытворчыя, сацыялагічныя, культурныя праблемы вёскі і горада, меліярацыя, ахова прыроды і інш. Як даследчык вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі Беларусі.
Тв.:
Светлы шлях. Мн., 1959;
Да долі чалавечай. Мн., 1970;
Гамоніць Палессе. Мн., №7;
На новыя кругі. Мн., 1980;
Час сеяць і «с жаць Мн., 1982;
Красна хата не толькі пірагамі. Мн., 1988;
Нялёгкі хлеб. Мн., 1990.
Літ.:
Лысенка А.Ф. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Беларуская літаратура: Дзень сённяшні. Мн., 1980. С. 289—297.