ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),

прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс. чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс. чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.

Літ.:

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;

Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;

Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2.

А.​Ф.​Хацкевіч.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́ГІН (Іван Андрэевіч) (9.2.1907, в. Радушкава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.4.1984),

бел. фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956). Д біял. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1931). З 1938 у н.-д. ін-тах Расіі, з 1953 дырэктар Ін-та фізіялогіі, адначасова ў 1969—79 акад.-сакратар Аддз. біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па механізмах і заканамернасцях інтэрацэптыўных рэакцый арганізма, прынцыпах структурна-функцыян. арганізацыі, узаемасувязях дывергенцыі і канвергенцыі ў дзейнасці перыферычнай і цэнтр. нервовай сістэмы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Нервные регуляторы вегетативных процессов. Мн., 1978;

Новые принципы структурно-функциональной организации симпатических ганглиев. Мн., 1979;

Взаимосвязь явлений дивергенции и конвергенции как общий принцип деятельности нервной системы. Мн., 1981;

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з В.​М.​Рэпрынцавай).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР И.​А.​Булыгина. Мн., 1977.

І.А.Булыгін.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПАТО́ (Георгій Паўлавіч) (н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1995), чл.-кар. Рас. АН (1979). Д тэхн. н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІ ЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец. выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.

Тв.:

Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.

М.​П.​Савік.

Г.П.Лапато.

т. 9, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛЬСК-ПАДЛЯ́СКІ (Bielsk Podlaski),

горад на ПнУ Польшчы, у Беластоцкім ваяв. 27 тыс. ж. (1992). Прадпрыемствы льноапрацоўчай, трыкат. прам-сці, па абслугоўванні сельскай гаспадаркі. Вытв-сць радыётэхн. зборачных вузлоў, камунальнага абсталявання, буд. метал. вырабаў. Бел. ліцэй. 11 сярэдніх і 6 пач. школ. Музей Мартыралогіі. Помнікі архітэктуры: барочны касцёл і кляштар кармелітаў (17 ст.), неакласіцыстычны касцёл канца 17 ст., драўляныя цэрквы 17—19 ст., ратуша (пасля 1779). Дзейнічае Бел. гіст. т-ва, Брацтва правасл. моладзі, Звяз бел. моладзі, Бел. саюз.

Упершыню згадваецца ў летапісе пад 1253 як месца збору войскаў галіцкага кн. Данілы Раманавіча супраць Міндоўга. Пасля 1320 у ВКЛ, у 1391—1413 у Мазовіі. У 1430 Бельск-Падляскі атрымаў ад Вітаўта гар. правы. З 1507 уладанне вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1562 у Бельск-Падляску праходзіў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблінскай уніі 1569. З 1569 у Польскім каралеўстве. З 1720 уладанне Браніцкіх. З 1795 у Прусіі, з 1807 у Рас. імперыі, павятовы цэнтр Беластоцкай вобл., з 1842 у Гродзенскай губ. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскамі, у 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна Беластоцкай вобл. У 1941—44 акупіраваны ням. фашыстамі. З 1944 у Польшчы.

Д.​Фіёнік (гісторыя).

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́КЕР (Соф’я Юр’еўна) (7.1.1907, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),

бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.​Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.​Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.​Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.​Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.​Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.

Літ.:

Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.​М.​Жураўлёў.

С.Ю.Друкер.
С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.​Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.​Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.

Тв.:

Дыялог: П’есы. Мн., 1987.

Літ.:

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;

Сямёнава А. Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;

Ганчароў А. Культ сонца // Беларусь. 1986. № 8.

В.​С.​Вайткевіч.

А.А.Дудараў.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́ПІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.4.1833, г. Саратаў, Расія —9.12.1904),

рускі літаратуразнавец, этнограф, фалькларыст; прадстаўнік культурна-гістарычнай школы. Акад. (1898, з 1891 чл. кар.) Пецярбургскай АМ. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1853). Друкаваўся з 1852. Супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», «Современник», «Вестник Европы». У маладосці быў пад ідэйным уплывам М.​Г.​Чарнышэўскага (свайго стрыечнага брата), потым прыхільнік памяркоўна-ліберальных, асветніцкіх поглядаў. Сярод яго прац: «Гісторыя славянскіх літаратур» (з У.​Д.​Спасовічам, 2-е выд., т. 1—2, 1879—81), «Гісторыя рускай літаратуры» (4-е выд., т. 1—4, 1911—13). У «Гісторыі рускай этнаграфіі» (т. 1—4, 1890—92) у 7 раздзелах 4-га т. ўпершыню ахарактарызаваў і абагульніў найважнейшыя працы па бел. этнаграфіі і фальклоры. Агляд гісторыі бел. этнаграфіі зрабіў у цеснай сувязі з гіст. і культ. развіццём Беларусі; этнагр. навуку і л-ру разглядаў як форму выражэння самасвядомасці народа, сцвярджаў нац. самабытнасць бел. народа, аналізаваў дзейнасць даследчыкаў бел. нар. творчасці, этнографаў П.​В.​Баброўскага, І.​І.​Насовіча, Ю.​Ф.​Крачкоўскага, Е.​Р.​Раманава, П.​В.​Шэйна і інш. Працы П. вызначаюцца глыбінёй даследавання праблем, перакананасцю думкі, багаццем фактычнага, у многіх выпадках арыгінальнага матэрыялу.

Літ.:

Сакулин П.Н. А.​Н.​Пыпин: Его науч. заслуги и обществ. взгляды. М., 1905;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964.

Г.​А.​Пятроўская.

т. 13, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Баліна ’саланчак’ (ст.-бел., Нас. гіст.). Бясспрэчна, да бел. ба́лка ’роў; гразкая яма на дарозе; гразкая дарога’ (Яшкін), рус. ба́лка, укр. ба́лка, ба́вка ’стэпавы яр’, ба́лище ’тс’ і ’вузкая, доўгая даліна’. Польск. bałka ’маленькае возера; яр’ (мабыць, з укр.). Словы вельмі цёмнага паходжання. Думаюць аб: 1) роднаснасці з слав. bolto ’багна’, літ. balà ’тс’, ст.-в.-ням. pfuol ’лужына, багнішча’ і г. д. Бернекер, 40; Мюлейбах–Эндзелін, 1, 253; 2) роднаснасці з тапанімічнай назвай Балка́н (Сабалеўскі, РФВ, 71, 439); 3) запазычанні з цюрк. моў (тур. bulak ’крыніца’ і г. д.; Развадоўскі, RS, 2, 103; кірг. balkaš ’багністае месца’, Фасмер, RS, 3, 255 і наст.). Параўн. яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 103; Фасмер, 1, 115–116. Шпэхт (Ursprung, 318, 116, 120) выстаўляе і.-е корань *bhel‑, *bher‑ ’шэры’. Няпэўна. Цікавай з’яўляецца думка пра сувязь з такімі словамі, як обвал, провал і г. д. (так ужо Нас. гіст.). Адносна гэтай магчымасці параўн. і серб.-харв. о̏бала ’бераг’ (< *обвала; упершыню Брандт, РФВ, 18, 7).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РАГО́ЙША (Вячаслаў Пятровіч) (н. 5.6.1942, в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец, крытык. Акад. Міжнар. АН Еўразіі (з 1994), д філал. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БДУ (1963); у 1967—88 і з 1994 выкладае ў ім (заг. кафедры). З 1988 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 нам. дырэктара Нац. навук.-асв. цэнтра імя Ф.​Скарыны. Даследуе гісторыю бел. л-ры, бел.-ўкр., бел.-рус. і інш. літ. ўзаемасувязі, паэтыку верша, пытанні тэорыі маст. перакладу, праблемы літ. працэсу. Аўтар манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка» (1968), кніг «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «Гутаркі пра верш» (1979), «Напісана рукой Купалы» (1981), «Слядамі знічкі» (пра С.​Палуяна, 1990; з Т.​Кабржыцкай), «Там, дзе бруіцца Іслач...» (1991) і інш. Складальнік вучэбнага дапаможніка для ВНУ «Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя» (1971; у сааўт.; 2-е выд. 1988), зб. Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету» (1983, з Я.​Раманоўскай) і інш. Перакладае з укр., польск., сербскай і інш. моў. Міжнар. літ. прэмія імя І.​Франко 2000.

Тв.:

Карані дружбы: Бел.-ўкр. літ. ўзаемасувязі пачатку XX ст. Мн., 1976 (разам з Т.​В.​Кабржыцкай);

І нясе яна дар..: Бел. паэзія на рус. і ўкр. мовах. Мн., 1977;

Паэтычны слоўнік. Мн., 1979;

Проблемы перевода с близкородственных языков. Мн., 1980;

Кантакты: Літ.-крытыч. арт., эсэ. Мн., 1982;

Вяршыні: З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

І адгукнецца слова ў слове..: Літ.-крытыч. арт., эсэ, дыялогі. Мн., 1992;

Слоўнік-мінімум па літаратуразнаўству. Мн., 2000;

Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Мн., 2001.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Даліка́тнасць ’далікатнасць’ (БРС). Кюнэ (Poln., 50) лічыць, што гэта запазычанне з польск. delikatność ’тс’ (польск. слова зыходзіць да лац.). Таксама можна лічыць, што польск. паходжання і бел. даліка́тны ’далікатны’ (БРС) польск. delikatny. У ст.-бел. мове засведчана толькі деликатъ ’пястун’ (< франц. délicat < лац. delicatus; гл. Булыка, Запазыч., 90). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 496. Гл. таксама падрабязна аб сітуацыі з словам делика́тный у рус. мове ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 60 (што мае значэнне і для ўдакладнення этымалогіі бел. слова і яго гісторыі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)