кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т. л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.Хокет (1947).
Літ.:
Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ.М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял.кн.ВКЛ Вітаўтам і вял.кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛпасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т. л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́НКІ,
абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш.слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасляпахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.
На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст.тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. ПасляКастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГАмеханічнай сістэмы,
стан механічнай сістэмы (цвёрдага цела), што знаходзіцца пад дзеяннем сіл, пры якім усе яе пункты з’яўляюцца нерухомымі адносна выбранай сістэмы адліку. Р. мае месца, калі ўсе сілы, што дзейнічаюць на сістэму, ураўнаважаны — раўнадзейная сістэмы сіл і сума момантаў сіл, што дзейнічаюць на цела, раўняюцца нулю.
Бывае ўстойлівая, няўстойлівая і нейтральная. Устойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма зноў вяртаецца ў яго, дакладней пачынае рабіць малыя ваганні адносна стану Р. Няўстойлівая Р., калі пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану сістэма ўсё больш і больш ад яго аддаляецца. Пры н е й тральнай Р. цела пасля малога адхілення ад раўнаважнага стану працягвае заставацца ў Р. ў новым становішчы (напр., шар на гарыз. плоскасці або цвёрдае цела, замацаванае на восі вярчэння, што праходзіць праз цэнтр цяжару). Р. вадкасцей і газаў вывучаецца ў гідрастатыцы і аэрастатыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,
наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКІ КРЫ́ЗІС 1917,
трэці пасляЛютаўскай рэвалюцыі 1917паліт. крызіс у Расіі (пасля красавіцкага і чэрвеньскага), у выніку якога ліквідавана двоеўладдзе. Узнік пасля правалу Чэрвеньскага наступлення 1917 і захадаў Часовага ўрада па ўмацаванні дысцыпліны ў арміі. 2(15) ліп. з урада выйшлі кадэты, узнік урадавы крызіс. 3(16) ліп. ў Петраградзе пад уплывам анархістаў пачалася антыўрадавая дэманстрацыя салдат і рабочых з заклікамі да адстаўкі «10 міністраў-капіталістаў» і перадачы ўлады Саветам. Бальшавікі вырашылі ўзначаліць рух і шляхам масавай мірнай дэманстрацыі дамагчыся пераходу ўсёй улады у рукі Саветаў. 4(17) ліп., нягледзячы на забарону ВЦВК Саветаў, на дэманстрацыю з заклікам «Уся ўлада Саветам!» выйшла каля 500 тыс. рабочых, салдат і матросаў. У выніку сутыкненняў з вернымі ўраду войскамі загінула 56 чал., паранена 650. Бальшавікоў абвінавацілі ў спробе дзярж. перавароту. Часовы ўрад пачаў расфарміроўваць або адпраўляць на фронт вайск. часці, якія знаходзіліся пад уплывам бальшавікоў, раззбройваць і арыштоўваць рабочых, забараніў газ. «Правда», разграміў памяшканне ЦКРСДРП(б), аддаў загад аб арышце У.І.Леніна. Пасля Л.к. ўлада ў Расіі цалкам перайшла да Часовага ўрада, якому ВЦВК Саветаў, дзе пераважалі меншавікі і эсэры, надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. 7(20) ліп. з урада выйшаў міністр-старшыня Г.Я.Львоў, яго месца заняў А.Ф.Керанскі. Адносна мірны перыяд развіцця рэвалюцыі ў Расіі скончыўся, партыя бальшавікоў узяла курс на прыход да ўлады ўзбр. шляхам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,
ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл.Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛВітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.
Літ.:
Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,
комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б.ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б.ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.