КІРАВА́ННЕ,

спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.​Макіявелі, Г.​Гегеля, К.​Маркса, У.​І.​Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.​Бёрнхем, Д.​Бел, Дж.​Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.

К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.

Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.

К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.​Фаёль, Г.​Эмерсан, Ф.​Тэйлар, Г.​Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.

Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДА́ЛЬ (франц. médaille ад італьян. medaglia ад лац. metallum метал),

1) круглы ці авальны знак з двухбаковай ці аднабаковай выявай, зроблены ў гонар асобы або падзеі, памерамі 20—80 мм. З’явіўся ў 2-й пал. 14 — пач. 15 ст. ў Італіі. Выраблялі тэхнікай ліцця. На мяжы 15—16 ст. з’явіўся біты М., на якім зрэдку выкарыстоўвалася гравіроўка ці чаканка. Звычайна на аверсе М. змешчана партрэтная выява, на рэверсе — фігурная сюжэтная, алегарычная ці геральдычная кампазіцыя. Традыцыйныя матэрыялы, з якіх выраблялі М., — бронза, медзь, серабро, золата, волава. Звычайна на М. пазначана імя медальера або яго манаграма. У 20 ст. пашырыліся набор тэхн. прыёмаў вырабу М. (чаканка, гальванапластыка, ліццё пад ціскам, парашковая металургія, гравіроўка) і матэрыялаў (фарфор, чыгун, шкло, кераміка). Паводле рашэння Міжнар. федэрацыі медальераў памеры М. не павінны перавышаць 180 мм.

2) Узнагародны металічны знак, звычайна круглы, зрэдку авальны ці многавугольны з вушкам для нашэння на стужцы (ланцугу), на грудзях, у пятліцы або на шыі. Упершыню М. як узнагарода ўведзены ў 17 ст. швед. каралём Густавам Адольфам для ўзнагароджання афіцэраў. У Рас. імперыі масавыя ўзнагароджанні М. («партрэтамі», «манетамі») практыкаваліся пры Пятру I у час Паўн. вайны 1700—21. Першы ўзнагародны М. звязаны з гісторыяй Беларусі — «За Левенгаўпцкую баталію» (1708, за перамогу пад Лясной). У еўрап. краінах узнагародныя М. ўвайшлі ў шырокі ўжытак у 19 ст. Гісторыі Беларусі тычацца М. Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Польскай рэспублікі, СССР і Рэспублікі Беларусь. У Рэчы Паспалітай налічвалася 11 узнагародных М., якія насілі на шыі на стужцы. Выраблялі іх з золата, серабра і медзі, што адпавядала ступеням. У Рас. імперыі 19—20 ст. існавала больш за 130 М.: акалічнасныя (напр., за канкрэтны паход), памятныя (з нагоды падзеі, якая адбылася раней) і ўласна ўзнагародныя. З пач. 19 ст. да 1917 выдадзена каля 9 млн. узнагародных М. Большасць рас. М. мела 2 ступені і выраблялася з серабра (ніжэйшая) і золата (вышэйшая ступень). Проба М. звычайна 916, 875, 750. З 1917 узнагароды выраблялі толькі з невысакародных металаў. У Польскай Рэспубліцы было 8 М. Асаблівасцю было ўручэнне разам з М. і фрачнага М. (паменшанай копіі звычайнага); існавалі таксама планкі са стужкамі адпаведных колераў. Парадак размяшчэння М. быў рэгламентаваны: усе яны насіліся злева на грудзях і мелі стужкі сваіх колераў. У СССР было 55 узнагародных М. і 2 асобныя знакі ў выглядзе зоркі: М. «Залатая Зорка» і Залаты Медаль «Серп і Молат». М. СССР функцыянальна падзяляліся на знакі асобага адрознення, за баявыя заслугі, баявыя аказіянальныя, партызанскія, працоўныя аказіянальныя. за асаблівыя заслугі, за мнагадзетнасць, юбілейныя, за выслугу гадоў. Большасць М. мае дыяметр 32 мм, таўшчыню каля 3 мм. Усяго з 1938 па 1991 было выдадзена ўзнагароджаным каля 200 млн. М. СССР.

У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона аб дзярж. узнагародах (13.4.1995) і дапаўненняў да яго (2.7.1997) існуе 7 М.: Францыска Скарыны (з 1989), «За адвагу», «За бездакорную службу» (3 ступені), «За працоўныя заслугі» (усе з 1995), «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы» (усе з 1997). У 1995 зацверджаны М. «50 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1945—1995 гг.».

М. мае і аддзеленая ад дзяржавы царква: Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені, 1979), Благавернага князя Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988).

Узнагарода за дасягненні ў навуцы, культуры, эканоміцы і інш. (напр., лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь). М. ўручаюцца, напрыклад, лаўрэатам міжнар. конкурсаў выканаўцаў, лаўрэатам Нобелеўскіх прэмій, пераможцам міжнар. і нац. спартыўных спаборніцтваў.

Літ.:

Смирнов В.П. Описание русских медалей. СПб., 1908;

Памятныя медалі Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Процкий А.Е. Беларусь героическая: Рассказывают памятные медали и значки. Мн., 1985;

Петерс Д.И. Наградные медали России XIX — начала XX вв.: Кат. М., 1989;

Володин А.Н., Мерлай Н.М. Медали СССР. СПб., 1997;

Gumowski M. Medale polskie. Warszawa, 1925.

І.​Л.​Сінчук.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ПРА́ЦЫ,

сістэма арганізацыйна-прававых, эканам., тэхн. і сан.-гігіенічных мер, якія садзейнічаюць нейтралізацыі шкоднага ўздзеяння на арганізм работніка, прафілактыцы траўматызму і прафес. захворванняў і абавязковыя для выканання ўсімі прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі і службовымі асобамі. Права на ахову працы замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і рэгламентавана Кодэксам законаў аб працы. Спец. нормы права рэгламентуюць ахову працы жанчын, моладзі, інвалідаў. Абавязкі па ахове працы заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Для аховы працы выдзяляюць сродкі і матэрыялы, парадак выкарыстання якіх вызначаецца ў калектыўных дагаворах або пагадненнях.

Нагляд і кантроль за выкананнем правілаў і нормаў аховы працы ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, іх выканаўчыя і распарадчыя органы, мін-вы і ведамствы, пракуратура. За парушэнне заканадаўства па ахове працы ўстаноўлена дысцыплінарная, адм. і крымін. адказнасць.

В.​І.​Семянкоў.

т. 2, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЗАГРАНІ́ЧНЫ АРХІ́Ў у Празе.

Створаны ў 1928 (ці 1929) бел. эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі бел. нац.-вызв. руху. Заснавальнік і першы загадчык М.​Вяршынін, у 1934—38 заг. архіва Т.​Грыб. Падпарадкоўваўся Мін-ву замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 налічваў 15 тыс. назваў — матэрыялы Рады і дыпламат. місій БНР, архівы бел. замежных арг-цый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска бел. дзеячаў і інш.); б-ка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на бел. і інш. мовах); перыяд. выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў бел. газет); бел. бібліяграфіі (12 тыс. пазіцый — гіст. бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У 2-ю сусв. вайну архіў падпарадкоўваўся ням. акупац. уладам. Далейшы лёс архіва невядомы.

Г.​І.​Сурмач.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЁХ (Іван Станіслававіч) (24.7.1836—25.12.1901),

вучоны-эканаміст, статыстык, фінансіст. Сын польскага фабрыканта. Варшаўскі банкір, заснавальнік і старшыня праўлення акц. т-ваў Кіева-Брэсцкай, Лібаўскай, Лодзінскай чыгунак. Працамі «Рускія чыгункі...» (1875) і «Уплыў рускіх чыгунак на эканамічны стан Расіі» (т. 1—5, 1878) паклаў пачатак развіццю чыг. статыстыкі. Аўтар прац па эканам. гісторыі, эканоміцы прам-сці і сельскай гаспадаркі Расіі: «Фабрычная прамысловасць Царства Польскага 1871—1880» (Варшава, 1881—84); «Фінансы Расіі XIX стагоддзя» (т. 1—4, СПб., 1882); «Меліярацыйны крэдыт і стан сельскай гаспадаркі ў Расіі і замежных краінах» (СПб., 1890), «Зямля і яе запазычанасць у Царстве Польскім» (Варшава, 1892), «Эканоміка-статыстычныя працы 1875—1900 гг.» (Парыж, 1900); «Параўнанне матэрыяльнага і духоўнага дабрабыту губерняў заходніх, вялікарасійскіх і ўсходніх» (т. 1—5, з атласам, СПб., 1901). У яго працах шмат звестак пра Беларусь.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАБАТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА, акрабатыка,

жанр цыркавога і эстраднага мастацтва; дэманстраванне нумароў, заснаваных на майстэрскім валоданні целам і высокім развіцці мускулатуры.

Са старажытнасці вядома ў Егіпце, Грэцыі, Рыме, Візантыі, Кітаі, Японіі. У сярэднія вякі элементы акрабатыкі ўключалі ў свае выступленні вандроўныя акцёры: шпільманы (Германія), жанглёры (Францыя), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь і Расія) і інш. Як род цыркавога відовішча акрабатычнае мастацтва вылучылася ў канцы 18—19 ст. (конная, партэрная акрабатыка).

У сучасным цырку акрабатычнае мастацтва падзяляецца на скачковае (на зямлі), плечавое, сілавое, пластычнае, коннае, ікарыйскія гульні, вальтыжыроўку, камічнае. Элементы акрабатычнага мастацтва выкарыстоўваюць амаль ва ўсіх інш. жанрах — паветранай гімнастыцы, эквілібрыстыцы, гімнастыцы на снарадах, жангліраванні, клаунадзе, дрэсіроўцы, а таксама ў харэагр. мастацтве, тэатр. і эстрадных паказах, у т. л. ў пантаміме і поп-групах.

Да арт. Акрабатычнае мастацтва. Партэрны палёт.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),

від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́РСКІ (Самуіл Хаімавіч) (29.4.1884, Гродна — 19.8.1947),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН БССР (1936). Удзельнік рэв. руху ў 1905—07, чл. Бунда. З 1906 у эміграцыі. Пасля Лют. рэв. 1917 вярнуўся на Беларусь, у 1918 уступіў у КП(б)Б, быў ваен. камісарам у Віцебску. У 1924—33 на кіруючых пасадах у парт.-навук. установах Мінска і Масквы, з 1934 нам. дырэктара Ін-та нац. меншасцяў АН Беларусі. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху на Беларусі. Лічыў праявай нацыяналізму святкаванне ў 1926 юбілею бел. газет «Наша доля» і «Наша ніва»; паўстанне 1863—64 характарызаваў як рэакц. памешчыцка-клерыкальнае; абвінавачваў У.​Ігнатоўскага і З.​Жылуновіча ў нацыяналізме. Бел. нац. рух пасля Лют. рэв. 1917 характарызаваў як шавіністычны. У 1938 арыштаваны, у 1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 3.4.1937, в. Дамашы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1960). У 1959—60 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, Бел. Энцыклапедыі. Быў супрацоўнікам Сакратарыята ААН, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. У 1977—87 на парт. рабоце, з 1987 прарэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, у 1990—91 сакратар ЦК Кампартыі РСФСР. У 1993—95 дырэктар Бел. ін-та навук.-тэхн. інфармацыі і прагнозу. З 1995 нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы гісторыі сац. філасофіі, сацыялогіі, тэорыі палітыкі. Аўтар прац «Сучасная «філасофская антрапалогія» (1970), «Сацыяльнае развіццё і праблема прагрэсу» (1977), «Буржуазная сацыялагічная тэорыя» (ч. 1—2, 1980—81), «Сучасны капіталізм: Сацыядынаміка ўлады» (1990), «Сацыядынаміка ідэалогій» (1995) і інш.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЙ (Bryum),

род лістасцябловых імхоў сям. брыевых. Больш за 800 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 24 віды. Найб. часта трапляюцца брый валасканосны (B. capillare), дзірваністы (B. caespiticium), няправільнатрохгранны (B. pseudotriquertrum) і серабрысты (B. argenteum); вельмі рэдкі від — брый Клінгрэфа (B. klingraeffii) занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць на глебах, асакова-гіпнавых балотах, берагах рэк і ручаёў, збудаваннях, камянях і інш. субстратах, многія — піянеры глебавых агаленняў, ёсць віды-касмапаліты.

Дзярнінкі зялёныя, жоўтыя, бурыя, чырванаватыя, радзей серабрыстыя. Сцябло даўж. 0,5—25 см, прамастойнае, простае або галінастае, з рызоідамі. Лісце ад круглавата-яйцападобнага і тупога да ланцэтнага і завостранага. Каробачка са спорамі ад шарападобнай да цыліндрычнай, на чырванаватай ножцы. Вечка пукатае, з бародаўкай. Вегетатыўнае размнажэнне вывадкавымі пупышкамі, ніткамі і інш.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Брый: 1 — Клінгрэфа; 2 — дзірваністы.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)