трал

(англ. trawl)

1) вялікая конусападобная сетка для лоўлі рыбы з суднаў (траўлераў);

2) прыстасаванне для вылоўлівання і знішчэння падводных і наземных мін;

3) гідраграфічная прылада для даследавання паверхні марскога дна, яго флоры і фауны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Іржа́1 ’чырвона-буры налёт на паверхні жалеза; прымесь вокіслаў жалеза ў балотнай вадзе; жоўта-аранжавыя плямы на паверхні раслін’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.), іржаве́ц, іржа́віньня ’тс’ (Бяльк.), іржаві́нне ’балота з іржавай вадой’ (ТСБМ, Нас.), іржаве́ць. Рус. ржа, ржа́вчина, дыял. иржа́ ’ржа’, иржа́вец ’топкае месца, якое змяшчае многа жалезнай руды’, ’балота з жоўта-бурай вадой’, укр. ржа, іржа́, польск. rdza, в.-луж. zerz, zerzawc, н.-луж. rza, ст.-чэш. rzě, чэш. rez, славац. hrdza, славен. rja, серб.-харв. р̀ђа, балг. ръжда́, макед. ʼрѓа. Ст.-слав. ръжда, ст.-рус. ръжа. Пачатковае і‑ пратэтычнае. Прасл. *rъdja роднаснае літ. rùdas ’буры’, rūdìs ’іржа’, лат. ruds ’чырванаваты’, ст.-інд. rudhirās ’чырвоны, крывавы’, грэч. ερυθρός ’чырвоны’, ἐρυθρός ’іржа (на хлебе)’, лац. ruber ’чырвоны’, гоц. rauþs ’тс’, с.-в.-ням. rot ’іржа’; узыходзяць да і.-е. *reudh/*roudh‑ ’чырвоны’. Гл. Покарны, 1, 872–873; Махэк₂, 513; Фасмер, 3, 480, дзе іншая літ-ра. На іншай ступені чаргавання гл. ірдзець, руда, руды.

Іржа́2 ’жыта’ адзначана толькі ў слоўніку Бялькевіча (агульнабел. жыта), аднак прыметнік іржаны́, аржаны́ (гл.) пашыраны па усёй беларускай тэрыторыі. Вытворнае іржа́ніца ’жытняк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. рожь, укр. рож, польск. reż, в.-луж. rož, rožka, н.-луж. rež, палаб. råz, чэш. rež, славац. raž, славен. , серб.-харв. ра̑ж, балг. ръж, макед. ʼрж. Беларуская форма з пратэзай і‑. Прасл. *rъžь мае дакладныя адпаведнікі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. rugỹs, лат. rudzis, ст.-прус. rugis, ст.-ісл. rugr, ст.-сакс. roggo. Гл. Фасмер, 3, 493–494; Праабражэнскі, 1, 210–211; Махэк₂, 513. Версія пра запазычанне з цюркскіх ці фінскіх моў (Шрадар–Нерынг, 2, 266) непераканаўчая. Агляд іншых прапаноў гл. Фасмер, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фот

(гр. phos, -otos = святло)

адзінка вымярэння шчыльнасці светлавога патоку або ступені асветленасці якой-н. паверхні ў СГС сістэме адзінак, роўная асветленасці, якую стварае светлавы паток у 1 люмен, раўнамерна размеркаваны па плошчы 1 см​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУЛА́Т, булатная сталь (ад перс. пулад сталь),

вугляродзістая сталь, якая вызначаецца высокай цвёрдасцю, пругкасцю, вязкасцю, зносастойкасцю, своеасаблівай структурай і ўзорыстасцю паверхні. Асн. асаблівасць мікраструктуры булату — аптымальнае па дысперснасці і канфігурацыі спалучэнне высокавугляродзістых (дробнаігольчасты мартэнсіт) і нізкавугляродзістых (ферыт) мікрааб’ёмаў. Адрозніваюць булат літы (т.зв. вутц) і зварачны (больш нізкай якасці).

Вытв-сць булату была вядома ў Індыі, Іране, Сірыі («дамаская сталь»), у краінах Сярэдняй Азіі. Выкарыстоўваўся на выраб халоднай зброі выключнай трываласці і вастрыні. Клінок з булату не ламаецца, не мае астаткавай дэфармацыі. У 14 ст. сакрэт вырабу булат быў страчаны. Навук. асновы вытв-сці булату распрацаваў рус. металург П.П.Аносаў (у 1833 вырабіў булатны клінок). Атрыманне булатнай структуры забяспечваецца асаблівасцямі саставу, тэхналогіі выплаўкі, коўкі, тэрмічнай і мех. апрацоўкі. Узорыстасць бывае паласавая і струменістая (ніжэйшыя сарты булату), хвалістая (сярэдні, сорт), сеткаватая і каленчатая (вышэйшыя сарты).

Літ.:

Гуревич Ю.Г. Загадка булатного узора. М., 1985;

Мезенин Н.А. Занимательно о железе. 2 изд. М., 1977.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙН тарфяны,

самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.

Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.

Б.​А.​Багатаў.

Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.
Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ АРЭ́Х, рагульнік,

чылім (Trapa),

манатыпны род кветкавых раслін сям. вадзянаарэхавых. Больш за 10 відаў. Пашыраны пераважна ў прэсных вадаёмах Еўропы, Азіі і Афрыкі. На Беларусі рэдка (у далінах Дняпра, Прыпяці, іх прытокаў і ў некат. азёрах Паазер’я) трапляецца вадзяны арэх плывучы (T. natans). Расце ў стаячых водах азёр, старыц, рачных заток, утварае зараснікі. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Асобныя месцазнаходжанні ахоўваюцца як помнікі прыроды.

Аднагадовыя травяністыя расліны з плаваючай на паверхні вады разеткай лісця і апушчаным у ваду сцяблом даўж. 60—120 см з відазмененым лінейным перыстарассечаным падводным лісцем. Надводнае лісце скурыстае, з рамбічнай няроўназубчастай пласцінкай. Кветкі дробныя, адзіночныя, у пазухах лісця, белыя. Плод — бурая арэхападобная касцянка з 2—4 рогападобнымі выступамі. Лек. і дэкар. (прыдатныя для аквакультуры), у некат. краінах (Кітаі, Японіі, Індыі і інш.) культывуюцца як каштоўныя харч. (плады ядомыя, багатыя крухмалам, бялком, цукрам, алеем) і кармавыя (у лісці шмат бялку і інш.) расліны.

Зараснікі вадзянога арэха плаваючага.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Менорка — і архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.

Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел. політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.

А.​У.​Белы.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)