праграмны дакумент паўстання 1863—64. Выдадзены 1.2.1863 у выглядзе друкаванага лістка на польск. мове з пячаткай Літ. правінцыяльнага к-та (ЛПК), які абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і салідарызаваўся з маніфестам варшаўскага Цэнтр.нац.к-та (ЦНК) ад 22.1.1863. Складаўся з 6 пунктаў, абвяшчаў усіх жыхароў Літвы і Беларусі «свабоднымі, як старапольская шляхта», панскім і дзярж. сялянам абяцаў «на вечныя часы ў поўнае ўладанне, без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу» (п. 2). «За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з’яўляюцца з сённяшняга дня» (п. 3). Беззямельным за ўдзел у паўстанні абяцаліся надзелы не менш як 3 маргі. Мелася і папярэджанне аб суровым пакаранні тых, хто будзе процідзейнічаць маніфесту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМЕ́Т,
у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.Берклі, Э.Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУДО́Н ((Proudhon) П’ер Жазеф) (15.1.1809, г. Безансон, Францыя — 19.1.1865),
французскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, тэарэтык анархізму, заснавальнік пруданізму. У сваёй сінт. філасофіі спалучаў антытэізм (засн. на тэзісе «Бог — гэта зло») і прызнанне трансцэндэнтнага пачатку ў прыродзе і грамадстве, валюнтарызм і тэалагічны правідэнцыялізм. Гісторыю грамадства разглядаў як барацьбу ідэй. У кн. «Што такое ўласнасць?» (1840) абвяшчаў буйную ўласнасць крадзяжом, адстойваў уласнасць, не звязаную з эксплуатацыяй чужой працы. У працы «Сістэма эканамічных супярэчнасцей, ці Філасофія жабрацтва» (т. 1—2, 1846) прапаноўваў мірную перабудову грамадства шляхам рэформ у галіне абарачэння (безграшовы абмен таварамі, беспрацэнтны крэдыт і інш.); крытыкаваў камунізм як «абсурдную ідэалогію», «згуртаванне зла і тыраніі», «рэлігію жабрацтва». Дзяржаву лічыў гал. сродкам расколу грамадства, паразітызму і прыгнёту, прапанаваў праекты яе ліквідацыі ці федэратыўнай перабудовы, накіраванай на раздрабленне цэнтралізаваных дзяржаў на дробныя аўтаномныя вобласці.