род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).
Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРЫФО́РМНЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Acariformes),
атрад членістаногіх кл. павукападобных. Больш за 6 тыс.відаў з 200 сямействаў. На Беларусі спецыяльна не вывучаліся; найб. пашыраны акарыформныя кляшчы з 2 падатрадаў: саркаптыформных (акароідныя кляшчы, кароставыя кляшчы, панцырныя кляшчы, пер’евыя кляшчы, валасяныя) і трамбідыформных (галавыя кляшчы, чырванацельцавыя кляшчы, вадзяныя, павуцінныя). Жывуць на глебе, у глебе, вадзе.
Даўж. цела 0,2—0,8 мм. Цела падзелена на галаву і тулава. Ротавы апарат утвораны 2 парамі пярэдніх ног. 4 пары ног, кожная з 5—б членікаў. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы (3) і дарослай асобіны. Кладуць яйцы. Сапрафагі і фітафагі. Многія — шкоднікі раслін і с.-г. прадуктаў, паразіты жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТНІЦЫ, сатыры,
вочкі (Satyridae),
сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс.відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб. пашыраны сенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).
Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.
Аксамітніцы: 1 — чарнушка-Медуза і яе вусень; 2 — калітэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́ВА (Agave),
род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.
Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,
прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш.Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЛІ́ННІК, энатэра,
начная свечка (Oenothera),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.
Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́НЦЫЯ (Astrantia),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, на Каўказе і ў М. Азіі. На Беларусі 1 дзікарослы — астранцыя вялікая (Astrantia major), трапляецца ў Белавежскай пушчы і ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці (занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь) і 4 інтрадукаваныя віды — астранцыя найвялікшая (Astrantia maxima), трохнадрэзаная (Astrantia trifida), Біберштэйна (Astrantia biebersteinii), калхідская (Astrantia colchida), вырошчваюцца ў Цэнтр.бат. садзе АН.
Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце пальчата-раздзельнае (прыкаранёвае доўгачаранковае, сцябловае амаль сядзячае). Кветкі тычынкавыя і двухполыя, у простых парасоніках з буйнымі афарбаванымі звонку лісцікамі абгорткі. Плод — падоўжана-цыліндрычны віслаплоднік. Дакар., лек. і меданосныя расліны; некаторыя ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛБЫТТЭХПРАЕ́КТ», Дзяржаўнае праектна-канструктарскае вытворча-тэхналагічнае прадпрыемства «Белбыттэхпраект». Засн. ў 1967 у Мінску на базе часткі Бел. праектна-тэхнал. ін-та мясц. прам-сці як Бел. праектна-тэхнал.ін-т «Белбыттэхпраект»; у 1987 — маі 1995 галаўная арг-цыянавук.-вытв. аб’яднання «Белбытгэхніка». Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка дакументацыі на рэканструкцыю дзейных і буд-ва новых прадпрыемстваў службы быту; распрацоўка новых і ўдасканаленне дзейных тэхнал. працэсаў, мерапрыемстваў па спецыялізацыі, комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці на прадпрыемствах службы быту, дакументацыі на выраб доследных узораў новых відаў вырабаў, укараненне на прадпрыемствах службы быту дасягненняў навукі і тэхнікі; вытв-сць прыбораў па рамонце складанай бытавой тэхнікі (халадзільнікі, пральныя машыны) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛЕМНІ́ТЫ (Belemnitida),
атрад вымерлых беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. Каля 70 родаў, больш за 50 відаў. Жылі з карбону да палеагену, найб. у мезазоі (юра-мел). На Беларусі рэшткі Б. трапляюцца ў верхняюрскіх і мелавых адкладах. Выкапнёвыя рэшткі служаць для вызначэння ўзросту юрскіх і мелавых адкладаў.
Марскія жывёлы, драпежнікі, вонкава падобныя на сучасных васьміногаў і кальмараў. Мелі ўнутр. ракавіну, якая складалася з 3 частак: вапнавай ракавіны канічнай формы, падзеленай на камеры (фрагмакона), цераз якія праходзіў выраст мяккага цела — сіфон; рэдукаванай часткі жылой камеры пласціністай формы (праастракума); цыгара- або ланцэтападобнага цела даўж. да 40 см (ростра). Акамянелыя ростры захаваліся ў адкладах (наз. «чортавы пальцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РМАНСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў (тыбецка-бірманская група). Афіц. мова М’янмы (б. Бірма) і мова міжнац. зносін большасці народаў М’янмы. Традыцыйна вылучаюць дыялекты: араканскі, тавойскі, інта, дану, таунйоў, йо (некаторыя даследчыкі лічаць іх самаст. мовамі). У фанетыцы 11 галосных, 33 зычныя фанемы; з’яўляецца тонавай мовай (мае 4 тоны) з аднаскладовай будовай кораня. Асн. спосабы словаўтварэння — словаскладанне і афіксацыя аглюцінатыўнага тыпу. У марфалогіі вылучаюцца іменныя і дзеяслоўныя класы слоў, а таксама службовыя словы, што разам з парадкам слоў перадаюць сінтаксічныя адносіны. Пісьменства бірманскай мовы складовае, пабудаванае на аснове аднаго з відаўпаўд.-інд. пісьма. Стараж. пісьмовыя помнікі датуюцца 11 ст.