1. Скрыначка ў куфры на бакавой сценцы для захоўвання дробных рэчаў. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі...Броўка.Бывала.. адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, што хаваліся ў прыскрынку, дарагія хусткі.., рознакаляровыя стужкі.Колас.
2.Абл. Бакавая скрынка ў стале. У сваім кабінеце застаў [Шэмет] Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся.Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́нкі, ‑аў; адз.няма.
Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі.Б. Стральцоў.Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня.Кулакоўскі.// Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу.Васілевіч.Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма.Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усыры́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.
Абл.
1. Прыгаварыць да зняволення. [Пятро:] — Асудзілі [жонку] ўсё ж. Два гады ўсырычылі...Марціновіч.// Набіць. — Ой, баяцца цябе буду! — Пабаішся, як штаны здзяру ды трапкача ўсырычу.Паўлаў.
2. Даць з разлікам на пэўную выгаду. Але хлопец усё ж усырычыў.. [Арцёму] залатоўку.Машара.// Усадзіць шмат сродкаў за што‑н. [Вара:] — Клопат вялікі, што ні ў кога [тэлевізара] няма. — Няхай будзе ў нас першых. [Хілімон:] — Ды мо і грошы ўсе ўсырычыла за яе [штуковіну].Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хво́йка1, ‑і, ДМ хвойцы; Рмн. хвоек; ж.
1.Памянш.-ласк.да хвоя: маладая, невялікая хвоя. Раскусціўся пры дарозе ракітнік, падраслі хвойкі на пясчаным узгорку.Грахоўскі.Уязджаем у лес. Спачатку рэдкія хвойкі, голыя бярозы, алешнік.Лынькоў.
2.зб.Абл. Ігліца. Жоўтая хвойка ўсцілала дол.Мурашка.Хоць хвойку жую, але на волі жыву.Прымаўка.
хво́йка2, ‑і, ДМ хвойцы; Рмн. хвоек; ж.
Жук чорнага або бурага колеру, шкоднік хваёвых дрэў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́вар, ‑а і ‑у, м.
1.‑а. Дрэва сямейства кляновых з вялікімі пяцілопасцевымі лістамі; белы клён (у Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўнае дрэва ў парках і садах). Каля сцежкі пахіліўся явар да каліны.Багдановіч./‑у, узнач.зб.Пасадка явару.
2.‑у; толькіадз. Драўніна гэтага дрэва. Паркет з явару.
3.‑у. Абл. Аер. [Рэчка] нешырокая, з нізкімі берагамі, якія густа зараслі яварам, сітнягом і чаротам.Якімовіч.Не шумі, човен, па явару, не пужай качак маладзенькіх.Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БРА́СЛАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Друя на лініі Варапаева—Друя. 10,7 тыс.ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М.Стрыйкоўскага пад 1065. Летапісныя назвы Браславль, Браславль Завельски. З пач. 14 ст. велікакняжацкае ўладанне. У 15 ст. цэнтр Браслаўскага павета Віленскага ваяв. У 1500 атрымаў прывілей на магдэбургскае права, у 1792 — герб: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам. У канцы 18 ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага пав. (цэнтр павета г. Відзы). У 1793 утворана Браслаўскае ваяводства. У 1850-я г. ў Б. 220 ж., 60 двароў, у 1913 — 1550 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 4,9 тыс.ж. З 1940 Браслаў — цэнтр раёна Вілейскай вобл. З 27.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Браславе і раёне 5456 чал. Дзейнічала Браслаўскае патрыятычнае падполле. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. У 1969 — 4,6 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч., лёгкай прамысловасці і сац.-быт. абслугоўвання. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Арх. помнікі 19 ст.: Браслаўская Мікалаеўская царква, Браслаўскі касцёл, калодзежны шацёр; археал. помнік — гарадзішча. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),
раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.
Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.Гарвей, італьян. М.Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.В.Абрамовіч, А.Я.Мітрашэнка, М.Ю.Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.Г.Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.Е.Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.М.Грышын, А.А.Марціновіч).
Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.Дз.Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.У.Шот, І.А.Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.М.Саўчанка, У.П.Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.А.Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.У.Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.М.Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.М.Падгайскі). Гл. таксама ў арт.Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына».
Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн.кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс.км ліній электраперадач усіх напружанняў.
Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц.энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.
Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс.кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.