шматвяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які існуе, дзейнічае на працягу многіх вякоў. Шматвяковыя традыцыі. □ Сапраўды ля вёскі Варонча, што пад Навагрудкам, існуе шматвяковы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́у, нескл., н.

Пышнае сцэнічнае відовішча з удзелам майстроў эстрады, цырка, джаз-аркестраў, балета на лёдзе і пад. / у перан. ужыв. Для амерыканцаў футбол — гэта шоу. «Звязда».

[Англ. show.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаву́к, ‑у, м.

Абл. Дзікае шчаўе. Пад самай страхой рос на кучы сухога гною высокі, у пахі, шчавук, цёмны, з жоўтым дробным насеннем на голых дудках. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́цік, ‑а, м.

Спец.

1. Насякомае з атрада хобатных, драўнінны або лясны клоп.

2. Рухомая частка кулямётнага і пад. прыцэла, што служыць для ўстаноўкі прыцэла на дыстанцыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гель, ‑ю, м.

Кусцісты шэры лішайнік, які служыць асноўным кормам для паўночных аленяў зімой; аленевы мох. Адкопваюць [алені] з-пад снегу капытамі мох-ягель і ядуць яго. Бяганская.

[Саамск. jiegel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЕ́ЧА (ад стараслав. вет — рада, стараж.-рус. вещать — гаварыць),

народны сход у стараж. і сярэдневяковай Русі, Украіне і Беларусі; орган дзярж. улады. Узнікла з племянных сходак славян. На вечы вырашаліся пытанні вайны і міру, заканадаўства, заключэння дагавораў, веча магло запрашаць ці выганяць князёў, судзіць за паліт. і інш. значныя злачынствы. Упершыню веча згадваецца ў Белгарадзе ў летапісах пад 997, у Ноўгарадзе Вялікім пад 1016, Кіеве пад 1068. На Беларусі існавала ў стараж. Полацку, Друцку, верагодна, у Мінску, Віцебску і інш. З канца 11 ст. роля веча павялічылася. Яго збіралі па меры неабходнасці, склікалі па ініцыятыве князя, пасаднікаў (службовых асоб) ці гар. насельніцтва. Правам удзелу ў вечы карысталіся ўсе паўнапраўныя вольныя мужчыны, вядучая роля належала заможным гараджанам і баярам. Паступова страціла сваё значэнне і ў 14—15 ст. у ВКЛ заменена сеймам.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІІ́ЎШЧЫНА,

сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.​Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.​Нежывога, А.​Журбы, І.​Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп. рас. войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.​Р.​Шаўчэнкі «Гайдамакі».

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАГА ПІЯНЕ́РНАГА БАТАЛЬЁНА ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1825.

Адбылося 24.12.1825 у мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (зараз на тэр. Польшчы) пад кіраўніцтвам тайнай арг-цыі «Ваенныя сябры» з мэтай сарваць прысягу батальёна цару Мікалаю I. У 8 гадз раніцы батальён (1020 чал. з 1109 па спісе) быў пастроены на зборным месцы. Пасля зачытання маніфеста аб уступленні на прастол Мікалая I салдаты пад кіраўніцтвам ротных камандзіраў адмовіліся ад прысягі. Камандзір батальёна Обручаў намагаўся пераканаць салдат прыняць прысягу, пагражаў адправіць салдат у Сібір. Потым загадаў ротам адправіцца на свае кватэры па вёсках і паслаў у штаб корпуса данясенне. 25 снеж. ў Бранск прыбыў нач. штаба Літоўскага асобнага корпуса Н.​А.​Вельямінаў, пад уздзеяннем якога 26 снеж. батальён і яго каманды прынеслі прысягу. Кіраўнікі выступлення былі арыштаваны і пакараны ўладамі.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

во́цатны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да воцату, уласцівы воцату. Воцатны пах. // Прызначаны для воцату, з-пад воцату. Воцатная бутля.

•••

Воцатнае дрэва — воцатнік.

Воцатная кіслата — арганічнае бясколернае рэчыва з рэзкім пахам.

Воцатная эсенцыя — назва моцнага раствору воцатнай кіслаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азяро́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Прыстасаванне з слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, травы і пад.; пярэплат. Збажына была пажата і звезена з поля. Яна дасыхала ў азяродах або ў рэдка расстаўленых на гумнішчах бабках і крыжыках. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)