САЛІФЛЮ́КЦЫЯ (ад лац. solum глеба + fluctio выцяканне),

павольнае спаўзанне глеб і рыхлых грунтоў па схілах у працэсе іх прамярзання і адтавання і пад уплывам сілы цяжару. Адзначаецца на схілах 2—5° і больш, пераважна ў абласцях развіцця шматгадовай мерзлаты і сезоннага прамярзання грунтоў. С. садзейнічаюць актыўнае раставанне снегу і моцныя ліўні. Скорасці спаўзання звычайна складаюць некалькі сантыметраў за год, пры хуткіх зрушэннях на больш стромкіх схілах дасягаюць соцень метраў за гадзіну. С. прыводзіць да ўтварэння спецыфічных форм мярзлотнага рэльефу — саліфлюкцыйных тэрас, валоў, град і інш. На тэр. Беларусі С. была пашырана ў перыяд адступання ледавікоў у антрапагенавы перыяд. У сучасных умовах развіта слаба, дробныя формы С. трапляюцца на схілах Мінскага, Навагрудскага ўзвышшаў, Мазырскай грады, у далінах рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць і некат. малых рэк.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХЕ́ЛЬ (араб. — бераг, ускраіна),

прыродная вобласць у Афрыцы, пераходная зона (шыр. да 400 км) ад пустынь Сахары да саваннаў прыэкватарыяльных абласцей Афрыкі. Працягваецца з 3 на У ад Маўрытаніі і Сенегала праз Малі, Буркіна-Фасо, Нігер і Чад да Судана і Эфіопіі. Пераважаюць паўпустыні і апустыненыя саванны. Ападкаў 200—600 мм за год (пераважна летам, ад 2—3 тыдняў да 3 месяцаў), 80—90% вільгаці выпараецца. У час перыядычных катастрафічных засух (у сярэднім праз 30 гадоў) С. ператвараецца ў нежылую пустыню. У паўн. С. пераважае разрэджаная паўпустынная расліннасць (дзернавінныя злакі, хмызнякі і нізкарослыя дрэвы, гал. чынам акацыі). На Пд — калючыя рэдкалессі, пальмавыя гаі (дум, ранье), баабабы. Прычына прагрэсіруючага апустыньвання ў многіх раёнах — звядзенне дрэвавай і хмызняковай расліннасці. Качавая жывёлагадоўля, на Пд пасевы проса і арахісу.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп. чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш. нац. тэатра.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЯРО́ТНАСЦЬ,

змяншэнне насельніцтва ў выніку смерці. Залежыць ад матэрыяльнага і культ. ўзроўню насельніцтва, ладу жыцця, харчавання і інш. С. сярод мужчын усіх узростаў больш высокая, чым сярод жанчын. Ацэньваецца па агульным паказчыку (колькасць памерлых за 1 год на 1 тыс. сярэднегадавой колькасці насельніцтва) і спец. каэфіцыентах (С. дзіцячая, мацярынская, у залежнасці ад сямейнага становішча і інш.). Паводле крытэрыяў Сусв. арг-цыі аховы здароўя узровень агульнай С. да 9‰ (9 выпадкаў на 1 тыс. нас.) — нізкі, 9—15‰ — сярэдні, больш за 15‰ — высокі. Найб. частыя прычыны агульнай С. — хваробы кровазвароту (каля 50‰), злаякасныя новаўтварэнні (15—18‰), старасць, няшчасныя выпадкі, атручэнні, хваробы органаў дыхання і інш. На Беларусі агульная С. складала 25,5‰. У 1913, 6,6‰ у 1960-я г., 13,5‰ у 1998, 11,3‰ у 1998.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЕЙМЕ́НАЎ Алжас Амаравіч (н. 18.5.1936, г. Алматы, Казахстан),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1959) і Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1961). Друкуецца з 1959. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў вершаў «Аргамакі» (1961), «Сонечныя ночы» (1962), «Ноч-парыжанка» (1963), «Добры час усходу» (1964), «Год малпы» (1967), «Гліняная кніга» (1969), «Кожны дзень — раніца», «Паўтараючы ў поўдзень» (абодва 1973), «Круглая зорка» (1975), «Вызначэнне берага» (1976), зб. вершаў і прозы «Над белымі рэкамі» (1970), кн. нарысаў «Аз і я» (1975), даследаванняў «Мова пісьма» (2000), «Усмешка Бога» (2001). Творчасць вызначаецца складанасцю паэт. асацыяцый, філасафічнасцю, публіцыстычнасцю. Паводле сцэнарыяў С. зняты фільмы «Зямля бацькоў» (1966), «Сіні маршрут» (1968). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Р.​Барадулін.

Літ.:

Каратаев М. Дым отечества // Каратаев М. Мировоззрение и мастерство. Алма-Ата, 1965.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУНЛЯ́О, Сунляопін’юань,

Маньчжурская раўніна. Размешчана на ПнУ Кітая, у бас. р. Сунгары і Ляахэ. Пл. каля 300 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м, на ПдЗ менш за 100 м. Складзена пераважна з рачных і азёрных адкладаў, плоская, слабарасчлянёная. Уздоўж водападзела р. Сунгары і Ляахэ — узгоркі з гранітаў, гнейсаў і базальтаў, перакрытых лёсам. На З і ПдЗ трапляюцца эолавыя формы рэльефу. Клімат умераны, мусонны, з халоднай зімой і дажджлівым летам. Т-ра студз. на Пн да -22 °C, на Пд да -8 °C, ліп. 20—25 °C. Ападкаў 400—700 мм за год. Стэп на чарназёмах і каштанавых глебах (месцамі саланчакі і пяскі, на Пн участкі шматгадовай мерзлаты). На паўн. і ўсх. ускраіне лесастэп. На Пд і У раўніна густа населена, разарана, на З пашы. Буйныя гарады — Харбін, Чанчунь, Цыцыкар, Шэньян.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУС дзікі еўрапейскі (Oryctolagus cuniculus),

млекакормячая жывёла сям. зайцавых атр. зайцападобных. Адзіны від роду. Паходзіць з Цэнтр. і Паўд. Еўропы, Паўн.-Зах. Афрыкі. У сярэдневякоўі завезены ў шэраг краін Еўропы, пазней у Аўстралію. Новую Зеландыю, Амерыку. Жыве вял. калоніямі ў хмызняковых зарасніках, у норах. Родапачынальнік парод свойскіх Т. (гл. Трусагадоўля). Т. называюць таксама 3 інш. роды сям.: амерыканскіх Т. — Sylvilagus (14 відаў); бясхвостых Т. — Romerolagus (1 від); паўднёваамерыканскіх Т. — Pronolagus (3 віды).

Даўж. да 55 см, маса да 2,5 кг. Афарбоўка шэрая з бураватымі ці вохрыстымі адценнямі, брушка белае. Вушы адносна кароткія (даўж. да 7 см). закругленыя. Пераважна расліннаедны. Палігам. Нараджае да 9 (макс. 12) дзіцянят 3—7 разоў за год. Аб’ект палявання. Лабараторная жывёла.

А.​М.​Петрыкаў.

Трусы: 1 — дзікі еўрапейскі; 2 — амерыканскі балотны; 3 — амерыканскі трус-пігмей.

т. 15, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ МЕ́СА (Mesa Central),

горная вобласць на Пд Мексіканскага нагор’я, у Мексіцы. Пераважныя выш. 2000—3000 м. Спадзістыя базальтавыя плато, азёрныя катлавіны спалучаюцца з ізаляванымі гарамі і вулканічнымі масівамі. Найб. магутныя вулканы, у т. л. дзеючыя, у горным ланцугу Папярочнай Вулканічнай Сьеры (Арысаба — 5700 м, Каліма, Папакатэпетль і інш.).

Клімат горны трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 10—17 °C. Ападкаў ад 250 на ПнЗ да 500—900 мм за год на ПдУ, месцамі да 1500 мм. Глебы шэра-карычневыя. У расл. покрыве пераважаюць антрапагенныя саванны. Лясы б.ч. высечаны. На схілах гор разрэджаныя дубова-хваёвыя лясы; на вільготных участках — вечназялёныя (дуб, мірт, магнолія, дрэвападобная папараць). Верхні пояс утвараюць хваёва-піхтавыя лясы, якія змяняюцца субальпійскімі і альпійскімі лугамі Ц.М. густа населена. Развіта сельская гаспадарка (збожжавыя, плантацыі агаў).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСТО́ЎСКІ Кім Фёдаравіч (н. 2.10.1935, в. Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). У 1966—89 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Аўтар тэматычных карцін: «На вытворчасці. Кавалі» (1967), «Развітанне» (1973), «Трывожная зіма. Пагранічнікі», «Размова» (абедзве 1977), «Я.​Купала ў Ляўках» (1982), «1944 год. Пад Оршай» (1984), «На жніве» (1986), «Арышт I настаўніцкага з’езда. Я.​Колас» (1989), «Праводзіны зімы» (1990); партрэтаў «Хлопчыкі каля акна» (1975), А.​Пісаравай (1983), М.​Зяленкіна (1985), «Косця» (1986) і інш.; лірычных пейзажаў «Над Дняпром» (1966), «Восеньскі матыў» (1973), «Восень» (1976), «Снежань. Зімовыя ўзоры» (1982), «Браслаўскія далі» (1984), «Бераг мора» (1995), «Падніколле. Паводка ў Магілёве» (2001), «Сенажаць у Заслаўі» (2002) і інш.; графічных работ. Творы вылучаюцца вобразнасцю, выразнасцю малюнка і колеравага вырашэння, кампазіцыйнай раўнавагай.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Не́радзь ’неўраджай, неўрадлівы год, недарод’ (Сцяшк.; любан., Жыв. сл.; слаўг., Нар. сл.), нёродзь ’тс’ (ТС). Сюды ж нерадзь (nieradź) ’дробныя ягады; заморкі, няўдалая гародніна’ (Жд. 1; в.-дзв., Шатал., Арх. Фед., ТС), ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ (Сл. ПЗБ), ’машкара’ (свісл., карэл., Сл. ПЗБ), нэрадзь (нэраць) ’тс’ (зэльв., Сл. ПЗБ). З не і радзіць (гл.). Меркаванні пра запазычанне часткі пералічаных слоў са значэннем ’машкара’, ’што-небудзь дробнае, невялікага памеру, росту’ з літ. пегёсіа ’нікчэмнасць, нечысць (пра мух), ненасытны чалавек, пераборлівае ў ядзе парася’ (гл. Сл. ПЗБ) не пераконвае, паколькі значэнне ’машкара’ добра выводзіцца са значэння, ’нешта дробнае, малое, дрэннае’, што ў сваю чаргу з ’якое не ўрадзілася’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)