раздзел імуналогіі, навука аб прычынах узнікнення, механізмах развіцця, выяўленні, дыягностыцы і лячэнні алергічных рэакцый і алергічных хвароб. Падзяляецца на клінічную і эксперыментальную алергалогію. Асн. задачы алергалогіі — вывучэнне тыпаў алергічных рэакцый, аўтаалергій і распаўсюджвання розных алергенаў (пылавых, хім., бактэрыяльных і інш.) у навакольным асяроддзі і г.д.
Як навука ўзнікла ў рамках тэарэт. (паталаг. фізіялогія, мікрабіялогія) і клінічных (тэрапія, інфекцыйныя хваробы і інш.) дысцыплін. Першыя працы па алергалогіі з’явіліся на пач. 20 ст. Змену рэактыўнасці арганізма вывучалі франц. фізіёлагі Ш.Рышэ (увёў паняцце анафілаксія; 1902), М.Арцюс (упершыню атрымаў мясцовую анафілактычную рэакцыю; 1903), рус. вучоны Г.П.Сахараў (прапанаваў класічную мадэль вывучэння анафілаксіі; 1905), аўстр. ўрач К.Пірке (увёў паняцце алергія, 1906). У Расіі праблему даследавалі В.І.Малчанаў, П.С.Мядоўнікаў, А.М.Бязрэдка і інш.
На Беларусі ў галіне алергалогіі ў 1920—60-я г. працавалі А.Я.Пракапчук, І.І.Багдановіч, А.П.Комаў і інш. (механізмы парушэнняў аўтаімунных працэсаў у арганізме), Я.Х.Кацман, А.С.Левін (алергічныя змены пры рэўматызме, гельмінтозах), Г.А.Калюжын (алергічныя рэакцыі ў дзяцей). Даследаванні па алергалогіі вядуцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, сан.-гігіенічным ін-це, мед. ін-тах. Распрацаваны некаторыя пытанні прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку, анафілаксіі і дэсенсібілізацыі (В.В.Касмачэўскі), алергічныя дыягнастычныя рэакцыі для вызначэння цыстыцэркозу галаўнога мозга (І.П.Антонаў). У 1970—90-я г. вывучаюцца праблемы алергозаў прыроднага паходжання, бранхіяльнай астмы (Т.М.Сукаватых), медыкаментознай алергіі (Ю.Ф.Каралёў, С.А.Федаровіч), поствакцынальных алергічных энцэфалітаў і полірадыкуланеўрытаў (Д.А.Маркаў, А.Л.Леановіч), прафес. алергозаў хім. этыялогіі (асабліва звязаных з вытворчасцю шкловалакна, ільновалакна і калійных угнаенняў). Распрацоўваюцца метады алергадыягностыкі і экспертызы алергеннай актыўнасці гаптэнаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБЮСІ́ ((Debussy) Клод Ашыль) (22.8.1862, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 25.3.1918),
французскі кампазітар, піяніст, дырыжор, муз. крытык; пачынальнік муз.імпрэсіянізму. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класах фп. і кампазіцыі (1884). За кантату «Блудны сын» атрымаў Рымскую прэмію. Выступаў як дырыжор, піяніст (пераважна з выкананнем уласных твораў) і муз. крытык. Наведваў Расію (1880, 1881, 1913). У сваёй творчасці апіраўся на франц.муз. традыцыі (Ф.Куперэна, Ф.Рамо, Ш.Гуно, Ж.Маснэ), зазнаў уплыў рус. музыкі (асабліва М.Мусаргскага). Блізкасць да мастакоў-імпрэсіяністаў і да гуртка паэта-сімваліста С.Малармэ, (канец 1880-х г.) паскорыла фарміраванне яго эстэт. прынцыпаў. Маніфестам муз. імпрэсіянізму стала аркестравая «Прэлюдыя да «Пасляпаўдзённага адпачынку фаўна» (1894), у якой выявіліся характэрныя для музыкі Д. хісткасць настрояў, вытанчанасць, капрызнасць мелодыкі, каларыстычнасць гармоніі. Адно з найб. значных тварэнняў Д. — опера «Пелеас і Мелізанда» (паводле М.Метэрлінка; 1902), дзе дасягнута поўнае зліццё музыкі з дзеяннем. Бляскам і празрыстасцю аркестравай палітры адзначаны найб. буйны яго твор — 3 сімф. эскізы «Мора» (1905). Імкнучыся да пастаяннага мігцення фарбаў, ён выкарыстоўваў натуральныя лады, пентатоніку, цэлатонавасць; ускладняючы гарманічныя сродкі, дасягаў разнастайных сумяшчэнняў гармоній, элементаў політанальнасці. У некат. творах («Бергамаская сюіта» для фп., 1910; музыка да містэрыі Г.Д’Анунцыо «Пакуты св. Себасцьяна», 1911; балет «Гульні», 1912, і інш.) выявіліся рысы, пазней уласцівыя неакласіцызму. Д. стварыў новы піяністычны стыль. Яго 24 прэлюдыі для фп. (1910—13) малююць вобразы мяккіх, часам нерэальных пейзажаў, імітуюць пластыку танц. рухаў, навяваюць паэт. прывіды, жанравыя карціны. Наватарская творчасць Д. істотна паўплывала на сусв. музыку 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖЫЯ (Georgia),
штат на ПдУ ЗША. Пл. 150 тыс.км². Нас. 6917 тыс.чал. (1993), больш як 1/4 — негры. Гар. насельніцтва каля 70%. Адм. ц. і буйнейшы горад Атланта. Большая ч.тэр. занята нізіннай прыморскай раўнінай. На Пн і ПнЗ адгор’і Апалачаў. Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэдняя т-растудз. 6—12 °C, ліп. 24—28 °C. Ападкаў 1300—1600 мм за год. Рэкі мнагаводныя, у нізоўях суднаходныя, найб. — Савана Шыракалістыя (дуб, бук) і хваёвыя лясы займаюць 67% тэр. Індустрыяльна-агр. штат. Прам-сць: тэкст., харч., лесанарыхтоўчая, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, маш.-буд., хім., швейная; буйныя авіяц. і аўтазборачныя прадпрыемствы. Гал. цэнтры Атланта, Агаста, Калумбус, Савана. Здабыча кааліну і буд. матэрыялаў. ГЭС на горных рэках. Марское рыбалоўства. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля, асабліва птушкагадоўля і вырошчванне куранят-бройлераў. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу і свіней. Гал.с.-г. культуры: арахіс, бавоўна, кукуруза, тытунь, сеяныя травы, соя. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Гал. порт Савана. Каля Атланты міжнар. аэрапорт. Турызм.
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. У 1733 з’явіліся першыя перасяленцы з Англіі; з 1754 яе калонія (наз. па імю караля Георга II). У выніку вайны за незалежнасць ў Паўночнай Амерыцы 1775—83 Дж. стала адным з першых штатаў-заснавальнікаў ЗША У 18—19 ст. існавала плантацыйная гаспадарка, заснаваная на працы рабоў-неграў (вырошчвалі бавоўнік). У 1832—36 індзейцы выселены на 3. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65эканам. цэнтр (разам з Атлантай) мяцежных паўд. штатаў. У 1866—68 мясц.тэрарыст. арг-цыі ку-клукс-клана сарвалі Рэканструкцыю Поўдня 1865—77 у штаце. У 1870 паўторна прынята ў склад ЗША У канцы 19 ст. актывізавалася індустрыялізацыя. У 1950—60-я г. скасаваны закон аб паліт. дыскрымінацыі і расавай сегрэгацыі неграў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦККП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКККП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.
Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦККП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр.рэвіз. камісію з 7 чал.
Літ.:
Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦКТ. 2. 1928—1932. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБА́ЛЬНЫЯ ПРАБЛЕ́МЫсучаснасці,
праблемы, якія закранаюць інтарэсы чалавецтва ў цэлым і для свайго вырашэння патрабуюць агульных намаганняў без уліку падзелу чалавечага грамадства па розных прыкметах. Умоўна вылучаюць тэарэтычныя і практычныя, вострыя і адкладзеныя, агульныя і прыватныя. Тэарэтычныя глабальныя праблемы ахопліваюць пераважна праблемы грамадскіх і прыродазнаўчых навук: філасофіі, біялогіі, пазнання Зямлі і Космасу, прыроды чалавека, грамадазнаўства і інш. (гл.Навука, Чалавек, Экалогія сацыяльная, Касмалогія і да т.п.). Іх вырашэнне не можа мець завершанага характару, колькі б не доўжыўся перыяд існавання чалавецтва. Практычныя глабальныя праблемы вынікаюць з сённяшняга стану грамадства і абумоўлены яго недасканаласцю (розныя ступені і ўзроўні развіцця асобных яго частак, парушэнне раўнавагі ў адносінах з прыродай і інш.), але пры пэўных умовах яны могуць быць вырашаны ў перспектыве. Асн. з такіх праблем здольны істотна паўплываць на ўмовы існавання чалавецтва, а ў асобных выпадках нават ствараць пагрозу для яго захавання: праблемы вайны і міру, голаду і харчавання, ядзернай бяспекі, антрапагеннага ўздзеяння на прыроду, забруджвання навакольнага асяроддзя, дэмаграфіі, энергет. забеспячэння, вычарпальнасці многіх відаў прыродных рэсурсаў і інш. Глабальнае значэнне пры пэўных умовах сусв. грамадскасць можа надаваць рэгіянальным праблемам, асабліва калі яны ствараюць патэнцыяльную пагрозу для ўсяго насельніцтва ці яго частак у іншых рэгіёнах (напр., праблемы пашырэння небяспечных хвароб, гандлю наркотыкамі, зброяй, забруджвання сусв. акіяна, трансгранічнага пераносу забруджвальнікаў). Наяўнасць агульных для міжнар. супольнасці праблем спараджае дзейнасць міжнар. арганізацый (ААН, ЮНЕСКА, ЮНЕП, Міжнар. Саюз аховы прыроды, МАГАТЭ і інш.), грамадскіх рухаў і формаў супрацоўніцтва («зялёныя», «Грынпіс», грамадскія фонды ў абарону міру, прыроды, гуманітарныя арганізацыі і інш.), узнікненне новых навук або іх раздзелаў (напр., Глабальная экалогія).
Літ.:
Гудожник Г.С., Елисеева В.С. Глобальные проблемы в истории человечества. М., 1989;
Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с англ. и фр.М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.
Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Літ.:
Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́НЫ,
фізічныя заканамернасці, якія ўстанаўліваюць пастаянства ў часе пэўных велічынь, што характарызуюць фіз. сістэму ў працэсе змены яе стану; найб. фундаментальныя заканамернасці прыроды, якія вылучаюць самыя істотныя характарыстыкі фіз. сістэм і працэсаў. Асаблівае значэнне З.з. звязана з тым, што дакладныя дынамічныя законы, якія поўнасцю апісваюць фіз. сістэмы, часта вельмі складаныя ці невядомыя. У гэтых выпадках З.з. даюць магчымасць зрабіць істотныя вывады пра паводзіны і ўласцівасці сістэмы без рашэння ўраўненняў руху.
З.з. для энергіі, імпульсу, моманту імпульсу і эл. зараду выконваюцца ў кожнай ізаляванай сістэме (універсальныя законы прыроды). Пасля стварэння адноснасці тэорыі страціў сваё абсалютнае значэнне З.з. масы (гл.Дэфект мас)\ З.з. энергіі і імпульсу аб’яднаны ў агульны З.з. энергіі—імпульсу; удакладнена фармулёўка З.з. поўнага моманту імпульсу (з улікам спіна). Асабліва важная роля З.з. у тэорыі элементарных часціц, дзе ёсць шэраг абсалютных (для электрычнага, барыённага і лептоннага зарадаў) і прыблізных (для ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.) З.з., якія выконваюць толькі пры некат. умовах. Напр., дзіўнасць захоўваецца ў моцных, але парушаецца ў слабых узаемадзеяннях (гл.Адроны, Барыёны, Лептоны, Узаемадзеянні элементарных часціц). З.з. ў тэорыі элементарных часціц — асн. сродак вызначэння магчымых рэакцый паміж часціцамі. Існуе глыбокая сувязь паміж З.з. і сіметрыяй фіз. сістэм (гл.Сіметрыя, Нётэр тэарэма). Наяўнасць характэрнай для кожнага тыпу фундаментальных узаемадзеянняў дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі прыводзіць да З.з. сілавых (дынамічных) зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да адпаведнага ўзаемадзеяння. З.з. эл. зараду, слабых ізатапічнага спіна і гіперзараду, каляровых (моцных) зарадаў выкарыстоўваюцца пры пабудове палявых (калібровачных) тэорый электрамагнітнага, электраслабага і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна. У квантавай тэорыі поля ўведзены спецыфічныя З.з. прасторавай, часавай і зарадавай цотнасцей, што вызначаюць уласцівасці тэорыі адносна пераўтварэнняў адпаведнай дыскрэтнай сіметрыі (гл.Людэрса—Паўлі тэарэма).
Літ.:
Фейнман Р. Характер физических законов: Пер. с англ.М., 1968;
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУЁНАК (Васіль Васілевіч) (н. 3.6.1935, в. Мачулішча Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Канд.філал.н. (1973). Скончыў БДУ (1959). У 1966—72 нам., у 1978—82 гал. рэдактар час. «Маладосць», у 1972—78 гал. рэдактар час. «Бярозка», у 1982—89 сакратар, у 1990—98 старшыня СП Беларусі. Друкуецца з 1952. Выдаў зб-кі: «Крэсіва» (1966), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1982), «Час вяртання» (1981), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Жніўны дзень» (1985), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995) і інш. Прадстаўнік пакалення, на фарміраванне якога асабліва паўплывалі Вял. Айч. вайна, перыяд развянчання культу асобы. У яго лірыцы адбіліся перажыванні сучасніка нашага складанага веку, суровая памяць вайны, узаемасувязь асобы, прыроды і грамадства, працоўная мараль і этыка сённяшняга чалавека, інтымная сфера яго жыцця. Значны ўклад З. ў развіццё бел.паэт. эпасу, які прадстаўлены цыклам паэм пра жыццё свайго краю і гіст. лёс народа: «Сяліба» (1971), «Маўчанне травы», «Прыцягненне» (абедзве 1979), «Лукам’е» (1983) і «Падарожжа вакол двара» (1992). Аўтар аб’яднаў іх у «кнігу паэм» «Пяцірэчча». У яго творах відавочная схільнасць да маштабнага, асацыятыўна-ўзбуйненага вобраза, яркіх фарбаў і колераў. Аўтар кн. гумару «Качан на п’едэстале» (1973), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Піша для дзяцей (зб-кі вершаў «Вясёлы калаўрот», 1965, «Жылі-былі пад вадой», 1969, «Сонечны клубочак», 1972, «Будзем сілы набірацца», 1974, і інш.).
Тв.:
Выбраныя творы. Т. 1—2. Мн., 1996—98.
Літ.:
Гніламёдаў У. Праўда зерня: Творчы партрэт В.Зуёнка. Мн., 1992;
Караткевіч У. Крэсіва. Іскры. Агонь // Зб.тв.Мн., 1991. Т. 8, кн. 2;
нябачнае электрамагнітнае выпрамяненне аптычнага дыяпазону з даўжынёй хваль ад 0,74 мкм да 1—2 мм (ад чырв. канца бачнага спектра да найб. кароткіх радыёхваль). Выпрамяняецца ўсякім целам, асабліва нагрэтым. Складае значную ч. выпрамянення Сонца, большую ч. выпрамянення лямпаў напальвання, розных газаразрадных крыніц святла. Шырока выкарыстоўваюцца спец. крыніцы І.в. — стрыжні на аснове вокіслаў рэдказямельных элементаў і карбіду крэмнію, перспектыўныя лазерныя крыніцы І.в. Адкрыта ў 1800 У.Гершэлем.
І.в. вылучаюць таксама касм. целы: халодныя чырв. карлікі (зоркі з т-рай паверхні 1000—1500 К), шэраг планетарных туманнасцей, пылавыя воблакі, ядры галактык (у т. л. нашай), квазары. Спектр І.в. (як і бачнага, ультрафіялетавага) можа складацца з асобных ліній, палос або быць неперарыўным у залежнасці ад прыроды крыніцы. Аптычныя ўласцівасці рэчываў (празрыстасць, каэф. адбіцця і пераламлення) у інфрачырв. вобласці спектра звычайна адрозніваюцца ад уласцівасцей у бачнай і ультрафіялетавай абласцях. Многія рэчывы, празрыстыя ў бачнай вобласці, непразрыстыя ў некаторых абласцях І.в. і наадварот У большасці металаў адбівальная здольнасць для І.в. значна большая, чым для бачнага. Вылучыць І.в. з агульнага патоку выпрамянення можна з дапамогай прызмаў, дыфракцыйных рашотак, дысперсійных фільтраў і інш. Для выяўлення і вымярэння І.в. выкарыстоўваюцца цеплавыя і фотаэлектрычныя прыёмнікі (балометры, тэрмаэлементы), оптыка-акустычныя і піраэлектрычныя прыёмнікі, фотаэлементы і фотапамнажальнікі, электронна-аптычныя пераўтваральнікі і фотарэзістары, спец. фотаматэрыялы. І.в. выкарыстоўваецца ў навук даследаваннях, прам-сці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ваен. справе — для ідэнтыфікацыі і вывучэння будовы хім злучэнняў, якаснага і колькаснага спектральнага аналізу (гл.Інфрачырвоная спектраскапія), сушкі і нагрэву, дэфектаскапіі вырабаў (гл.Інфрачырвоная дэфектаскапія), фатаграфавання ў цемнаце, у начнога бачання прыладах і цеплапеленгацыі, саманавядзення снарадаў і ракет, наземнай і касм. сувязі, у лакатарах, дальнамерах і інш. (гл. таксама Інфрачырвоная тэхніка).
Літ.:
Леконт Ж. Инфракрасное излучение: Пер. с фр.М., 1958;
Марков М.Н. Приемники инфракрасного излучения. М., 1968;
Хадсон Р.Д. Инфракрасные системы: Пер. с англ.М., 1972;
Левитин И.Б. Применение инфракрасной техники в народном хозяйстве. Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕТКАВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства, якая займаецца вырошчваннем кветкава-дэкаратыўных раслін для ўпрыгожвання садоў, паркаў, вуліц, плошчаў, сквераў, азелянення памяшканняў, забеспячэння насельніцтва кветкамі; частка зялёнага будаўніцтва. Бывае адкрытага і ахаванага грунту, а таксама пакаёвае.
К. вядома з глыбокай старажытнасці (Стараж. Егіпет, Месапатамія, Грэцыя, Рым). Захапленне прыгожымі іншаземнымі раслінамі спрыяла іх пашырэнню за межы прыродных арэалаў: з Амерыкі ў Еўропу трапілі вяргіні і флёксы, з Азіі — бэз, з Кітая і Японіі — азалеі і інш. У выніку селекцыйнай работы ў сусв, асартымент кветкава-дэкар. раслін увайшло мноства сартоў, у т. л. больш за 100 тыс. гладыёлусаў, 40 тыс. руж, 30 тыс. касачоў, 12 тыс. вяргінь, 3 тыс. цюльпанаў і інш. К. шырока прадстаўлена ва ўсіх краінах свету, асабліва ў Нідэрландах, Францыі, Італіі, Германіі, Расіі, Даніі, Балгарыі, Польшчы, Японіі, Ізраілі, Індыі; развіта ў ЗША, Канадзе, Калумбіі, Аўстраліі, Паўд. Афрыцы. К. базіруецца на высокім узроўні інтэнсіфікацыі і з’яўляецца вельмі прыбытковай таварнай галіной. У большасці краін перавага аддаецца вырошчванню культур на зразанне: руж, рэмантантных гваздзікоў, хрызантэм, фрэзій, цюльпанаў, нарцысаў, лілей, гіяцынтаў, гербер, архідэй, анемон і інш. У краінах Еўропы вял. попыт на вазонныя кветкавыя расліны: бегоніі, азалеі, фуксіі, пеларгоніі, хрызантэмы, сенполіі, з дэкаратыўных — на фікусы, драцэны, плюшчы, кактусы, юкі.
На Беларусі кветкі здаўна выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання жылых памяшканняў. З пач. 18 ст. К. пашырылася ў аранжарэях магнацкіх уладанняў. Прамысл. К. у рэспубліцы займаюцца 15 спецыялізаваных гаспадарак, якія вырошчваюць кветкі на зразанне і пасадачны матэрыял. Гэта пераважна гаспадаркі па азеляненні, размешчаныя вакол буйных гарадоў. Вял. ўклад у развіццё галіны робіць Цэнтральны батанічны садНац.АН Беларусі, які займаецца інтрадукцыяй, акліматызацыяй і развядзеннем кветкавых, дэкаратыўных і лекавых раслін, таксама Беларускі НДІ садоўніцтва, агародніцтва і бульбы, доследная гаспадарка Лошыца 1-я. Шмат аматараў-кветкаводаў вырошчваюць кветкі для сябе і на продаж. Некат. прамысл. прадпрыемствы вырошчваюць кветкі для ўнутрызаводскага азелянення.