ПАЎЛУ́ЦКІ, Паўлоцкі Зміцер Іванавіч (?, г. Табольск Цюменскай вобл., Расія — сак. 1747), расійскі падарожнік бел. паходжання, даследчык Чукоткі. Яго бацька з ліцвінаў, што перайшлі ў рас. падданства. Служыў у войску, капітан. У 1727 узначаліў экспедыцыю (400 казакаў, 10 матросаў) на Камчатку і інш. землі Д. Усходу. Паводле загаду П. судна «Св. Гаўрыіл» пад камандаваннем І.Фёдарава выйшла з Анадыра (на Чукотцы) і 31.8.1732 дасягнула «Вялікай Зямлі» (узбярэжжа сучаснага амер. штата Аляска ў раёне м. Прынца Уэльскага), якую геадэзіст М.С.Гвоздзеў упершыню нанёс на карту. Т.ч. была адкрыта паўн.-зах. ўскраіна Паўн. Амерыкі. П. на чале экспедыцыі (215 казакаў і 220 абарыгенаў) даследаваў Чукотку; прайшоў чукоцкім узбярэжжам Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў ад Чаўнскай губы да Анадыра (2000 вёрст), некалькі разоў перасек увесь край па розных маршрутах. Даў першыя звесткі па геаграфіі, араграфіі, гідраграфіі і этнаграфіі Чукоткі. Загінуў у сутычцы з чукчамі.
Літ.:
Ермоленко В.А. Д.И.Павлуцкий (? — 1747) // Вест. Бел. гос. ун-та. Сер. 2. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,
змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл.Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.
Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл.Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл.Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш.Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ДНАСЦЬ,
эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮРАЛІ́ЗМ (ад лац. pluralis множны),
1) філасофскае вучэнне, паводле якога існуе некалькі (мноства) незалежных пачаткаў быцця або асноў ведаў. Процілеглае манізму.
Тэрмін «П.» увёў у філасофію К.Вольф. У залежнасці ад вырашэння асноўнага пытання філасофіі П. можа быць матэрыялістычны (Эмпедокл у анталогіі, Спіноза ў гнасеалогіі) і ідэалістычны (Г.Лейбніц). Асобная форма філас. П. — дуалізм, які адстойвае незалежнае існаванне матэрыяльнага і ідэальнага (Р.Дэкарт, картэзіянцы) Філас. сістэмы мінулага, якія імкнуліся выявіць унутр. ўзаемасувязь з’яў, звесці іх разнастайнасць да адзінай асновы, мелі маністычную накіраванасць. З канца 19 ст. назіраецца ўзмацненне тэндэнцый да плюралістычнай. трактоўкі быцця і пазнання.
2) Характарыстыка дэмакр.паліт. сістэмы грамадства, пры якой сцвярджаецца неабходнасць разнастайнасці суб’ектаў эканам., паліт. і культ. жыцця; арганізацыя ўлады, якая абапіраецца на ўзаемадзеянне асн. партый, паліт. рухаў і прадухіляе манапалізацыю ўлады ў адных руках. Паліт. П. мае на мэце паслядоўнае правядзенне прынцыпу раздзялення ўлады (заканадаўчай, выканаўчай, судовай) і ажыццяўляецца ў форме прававой дзяржавы.
3) Разнастайнасць чаго-н., напр., форм уласнасці, думак, поглядаў, партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ,
інфармацыя пра будучыя падзеі, з’явы або працэсы, магчымасці іх праяўлення, шляхі дасягнення. Грунтуецца на жыццёвым вопыце, навук. даных, рэліг. веры і астралогіі. Падзяляецца на прадбачанне навуковае і ненавуковае, якое можна падзяліць на інтуітыўнае (звязанае з падсвядомасцю), звычайнае (на аснове жыццёвага вопыту) і мантычнае (у выглядзе прароцтваў, прадказанняў і інш. вераванняў у звышнатуральныя сілы). Мае некалькі форм канкрэтызацыі: прадчуванне, уласцівае любому жывому арганізму, прадугадванне — разважанні на аснове жыццёвага вопыту, прагназіраванне — спец.навук. даследаванне перспектыў змянення якой-н. падзеі або з’явы, прадказанне — лакальнае ў часе і прасторы канкрэтнае П. Існуе таксама спецыфічнае квазіпрадбачанне невядомых з’яў мінулага і сучаснага: рэканструяванне П. (па асобных фрагментах), рэверсіўнае П. (ад сучаснага да мінулага або ад мінулага да больш аддаленага мінулага), прэзентыўнае, імітацыйнае і інш. П. звязана са здольнасцю чалавечай свядомасці да «апераджальнага адлюстравання» рэчаіснасці і дэтэрмінуецца дынамічнымі і статычнымі законамі аб’ектыўнай рэальнасці. У П. ў найбольшай ступені выяўляецца апасродкаваны характар лагічных форм пазнання, магчымасці чалавечага мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭ́І (Proteidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 2 роды, 2—6 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. Еўрапейскі П., або ольм (Proteus anguineus, або P. anguinus) жыве ў падземных (пячорных) вадаёмах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Амерыканскі П. (Necturus maculosus) утварае 5 падвідаў (часта лічаць асобнымі відамі), жыве ў чыстых азёрах з пясчаным дном і багатай расліннасцю. Мяркуецца, што П. — неатэнічныя лічынкі невядомых саламандраў (гл.Неатэнія).
Цела выцягнутае, хвост доўгі, вёслападобны, з плаўніковай складкай. Вонкавых шчэлепаў 3 пары. Кормяцца беспазваночнымі. Апладненне ўнутранае. Даўж. П. еўрап да 30 см, афарбоўка цела бледна-ружовая. Канечнасці слабыя, на пярэдніх па 3 пальцы, на задніх па 2. Вочы пад скурай, рэдукаваныя. Адкладвае да 80 яец або нараджае 2 дзіцяняці. Даўж. П. амер. да 43 см, афарбоўка зменлівая, ад карычнева-чырв. да шэрай з блакітна-чорнымі плямамі. На канечнасцях па 4 пальцы. Вочы прыкметныя. Адкладвае некалькі дзесяткаў яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
аператыўнае аб’яднанне баявых суднаў у ліп. — вер. 1919 на стыку 16-й арміі Зах. фронту з 12-й арміяй Паўд.Зах. фронту. Створана на р. Прыпяць і яе прытоках на базе Прыпяцкага атрада рачных суднаў, папоўнена атрадам ваенных маракоў з Чудской, Латвійскай флатылій і Заходнядзвінскай ваеннай флатыліі і караблямі Дняпроўскай ваеннай флатыліі. Гал. базы — г.Мазыр і ст. Калінкавічы, тылавая — Нароўля, аператыўная — Багрымавічы. У склад флатыліі ўвайшлі 7 узбр. параходаў, 7 мотакатэраў, паравы баркас, некалькі баржаў, Нараўлянская суднарамонтная майстэрня, майстэрні на прыстані Пхоў. У ліп. маракі флатыліі разам з часцямі Чырв. Арміі вызвалілі ад польскіх войск Тураў, у жн. ўдзельнічалі ў стварэнні Мазырскага ўмацаванага раёна. У вер. 1919 вызвалілі Петрыкаў і прадухілілі захоп праціўнікам Мазыра. Пастановай РВССав. Расіі ад 27.8.1919 Прыпяцкая флатылія ўключана ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (да 26.9.1919 выконвала самастойныя задачы). Камандуючыя: М.А.Іокіш, П.І.Пашкін (з 10.8.1919), камісар А.М.Кульберг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Васіль Львовіч) (8.5.1766, Масква — 1.9.1830),
рускі паэт. Дзядзька А.С.Пушкіна. Друкаваўся з 1793. Паслядоўнік М.Карамзіна і І.Дзмітрыева. Стараста літ. гуртка «Арзамас». Сцвярджаў новы паэт. стыль. Выступаў супраць архаічных форм літ. мовы. Пісаў элегіі, рамансы, песні, альбомныя вершы, вершаваныя казкі, байкі, эпіграмы. Аўтар іроікамічнай эратычнай паэмы «Небяспечны сусед» (1811, пашыралася ў спісах, апубл. за мяжой 1815, у Расіі 1913), парадыйнай аповесці ў вершах «Капітан Храброў» (1829—30) і інш. Перакладаў на рус. мову творы Лафантэна, Асіяна, Катула і інш., на франц. мову некалькінар. песень, верш А.Пушкіна «Чорная шаль». Апошні верш П. — пасланне «А.С.Пушкіну». Адным з першых заўважыў талент А.Пушкіна. П. прысвечаны вершы А.Пушкіна «Хрыстос уваскрэс, выхаванец Феба», «Дзядзьку, які назваў пісьменніка братам», «Што больш чароўна, больш жыва».
Тв.:
Стихи. Проза. Письма. М., 1989.
Літ.:
Михайлова Н.И. «Парнасский мой отец». М., 1983;
Кунин В.В. В.Л.Пушкин // Друзья Пушкина. М., 1984. Т. 1.
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькіпадп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
расійскі артыст эстрады. Нар.арт.СССР (1968). Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Ленінградскі ін-тсцэн. мастацтваў (1935). Працаваў у ленінградскім Т-ры працоўнай моладзі, маскоўскім Т-ры імя Ленінскага камсамола, адначасова выступаў на эстрадзе (канферанс, інтэрмедыі). З 1939 артыст, з 1942 маст. кіраўнік Ленінградскага т-ра эстрады і мініяцюр (з 1948 Т-р мініяцюр); у 1983 на аснове трупы гэтага т-ра створаны Т-р мініяцюр пад кіраўніцтвам Р. ў Маскве (з 1987 т-р «Сатырыкон»). Выступаў з маналогамі, куплетамі, лірычнымі эпізодамі. Высокім майстэрствам вызначаліся створаныя Р. пластычныя, мімічныя, інтанацыйныя мініяцюры, у якіх ён у кожнай сцэне іграў некалькі роляў і дасягаў віртуознага майстэрства пераўвасаблення, трансфармацыі. Натуральную прастату выканання спалучаў з лірыкай, патэтыкай, гратэскам. Творчасці Р. прысвечаны тэлефільмы «Аркадзь Райкін» і «Людзі і манекены», у якія ўвайшлі інтэрмедыі і маналогі з розных яго праграм. Ленінская прэмія 1980.