МЁРТВАЕ МО́РА,

бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб. шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас. р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд. т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд. ч. — здабыча мінер. солей.

А.​М.​Матузка.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),

рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс. км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс. км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс. м³/с (макс. да 35 тыс. м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЗЫ (швед. ås літар. хрыбет, гара),

адносна вузкія, валападобныя, слабахвалістыя грады або ланцугі ўзгоркаў і валоў. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да 7—10 км, шыр. каля падэшвы ад 20—30 да 150—200 м, адносныя вышыні ад 5—15 да 35—40 м, зрэдку да 80—90 м, стромкасць схілаў ад 5 да 30—45°. Грабяні пераважна вузкія, роўныя, зрэдку з няроўнай паверхняй, ускладненай купалападобнымі ўзвышшамі, тэрмакарставымі варонкамі і невял. катлавінамі.

Утварыліся ў час плейстацэнавых зледзяненняў ад намнажэння абломкавага матэрыялу ў рэчышчах і дэльтах водных патокаў, што цяклі на паверхні, у шчылінах ледавіка і пад ім. Паходжанне асобных О., складзеных з гліністых парод, звязана з выцісканнем парод знізу ў ледавіковыя поласці. Прымеркаваны да краявых утварэнняў, днішчаў і схілаў лагчын, былых зон «мёртвага» лёду. Арыентаваны прыблізна перпендыкулярна да краявых частак стараж. ледавікоў (радыяльныя О.) або цягнуцца паралельна ім (маргінальныя О.). Нярэдка перасякаюць азёры, утвараючы на іх выцягнутыя ланцугі астравоў і перашыйкаў, часам пераходзяць у камы. Складзены з пясчанага, жвірова-пясчанага матэрыялу з галькай і валунамі. У папярочным сячэнні тыповымі з’яўляюцца косая і перакрыжаваная слаістасці ў выглядзе кароткіх (да 3—8 м) слаёў, пачак і лінзаў магутнасцю да 1,5—3 м, у падоўжным — слаі і лінзы моцна выцягнутыя (да 10—20 м), слаістасць амаль гарызантальная. Адзначаюцца скіды і прасадкі слаістых серый, абумоўленыя нераўнамерным раставаннем пахаванага лёду, саліфлюкцыйнымі працэсамі і апоўзнямі О. могуць перакрывацца чахлом марэны. Пашыраны ў Канадзе, Германіі, Польшчы, на Скандынаўскім п-ве, у Прыбалтыцы, Карэліі (Расія) і інш.

На тэр. Беларусі каля 150 озавых град, найбольш на Беларускім Паазер’і, радзей у межах Беларускай грады. З О. нярэдка звязаны радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу.

В.​І.​Ярцаў.

т. 11, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ ПРАГІ́Н, Прыпяцкая ўпадзіна,

адмоўная тэктанічная структура Усходне-Еўрапейскай платформы. Размешчаны на ПдУ Беларусі, ва ўсх. ч. Беларускага Палесся, паміж Беларускай антэклізай і Жлобінскай седлавінай на Пн і Украінскім шчытом на Пд. Аддзяляецца седлавінамі на З Палескай ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на У Брагінска-Лоеўскай ад Дняпроўска-Данецкай упадзіны. Працягваецца ў зах.-паўн.-зах. напрамку на 280 км, шыр. да 150 км. Уключае Прыпяцкі грабен (палеарыфт) і Паўн.-Прыпяцкае плячо. Прыпяцкі грабен на Пн і Пд абмежаваны Паўн.-Прыпяцкім і Паўд.-Прыпяцкім глыбіннымі мантыйнымі лістрычнымі разломамі, якія складзены з шэрагу скідаў, размешчаных кулісападобна, з агульнай амплітудай зруху да 4 км. Паўн.-Прыпяцкае плячо адмежавана ад Жлобінскай седлавіны Жлобінскім і Малінаўска-Глазаўскім разломамі. Прагін сфарміраваўся ў герцынскі этап тэктагенезу, пераважна ў познім дэвоне. Ён запоўнены магутнай (да 6 км) тоўшчай, пераважна асадкавых парод рыфею, венду, дэвону, карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену, з якіх асн. ч. разрэзу складаюць верхнедэвонскія адклады. Магутныя дэвонскія саляносныя тоўшчы (верхняфранская і фаменская) падзяляюць асадкавы чахол прагіну на комплексы: падсалявы, ніжнесаляносны, міжсалявы, верхнесаляносны і надсалявы. Ніжнія 3 комплексы мантыйнымі і коравымі скідамі субшыротнага распасцірання разбіты на ступені з паўн. нахілам адкладаў на Пн і з паўд. — на Пд і восевую прыўзнятую Петрыкаўска-Хобненскую зону паглыбленых выступаў. Яе зах. працягам з’яўляецца Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ. Разломы затухаюць уверх па разрэзе. У верхнесаляносным і надсалявым комплексах вылучаюцца валы і сінклінальныя зоны. У П.п. выяўлены і эксплуатуюцца радовішчы нафты, калійных і каменнай солей, буд. матэрыялаў, паклады каменнага і бурага вуглёў, гаручых сланцаў, багатыя рэсурсы прэсных, мінералізаваных і тэрмальных вод і інш. Гл. таксама Прыпяцкі саляносны басейн.

Літ.:

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976;

Тектоника Припятского прогиба. Мн., 1979.

В.​С.​Конішчаў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАЗО́НКА (Amazonas),

рака ў Паўд. Амерыцы, пераважна ў Бразіліі, найбольшая ў свеце па памерах басейна і воднасці і другая па даўжыні. Утвараецца ад зліцця рэк Мараньён і Укаялі. Даўж. ад вытоку р. Мараньён 6400 км, ад вытоку Укаялі больш за 7000 км. Пл. бас. 7180 тыс. км². Б. ч. басейна Амазонкі ў межах Амазонскай нізіны. Пачынаецца ў Андах, упадае ў Атлантычны ак., утварае самую вял. ў свеце ўнутраную дэльту (больш за 100 тыс. км²) і лейкападобнае вусце. Больш за 500 прытокаў, род іх каля 20 даўжынёй больш за 1500 км. Найб. справа — Журуа, Пурус, Мадэйра, Тапажос, Шынгу, Такантынс (упадае ва ўсх. рукаў дэльты Амазонкі — Пару), злева — Жапура, Рыу-Негру (прыток Касік’ярэ злучае бас. Амазонкі з р. Арынока — найб. выразны прыклад біфуркацыі рэк). Шыр. Амазонкі ў месцы сутокаў Мараньёна і Укаялі 1,5 км, у сярэднім цячэнні да 5 км, у ніжнім 15—20 км, перад вусцем 80—150 км. Жыўленне пераважна дажджавое. Рака паўнаводная ўвесь год, макс. ўзровень у маі—ліп., мінімальны — у жн.—верасні. Сярэднегадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 тыс. м³/с, макс. — больш за 300 тыс. м³/с. Сярэднегадавы сцёк каля 7000 км³ (каля 15% агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк зямнога шара). Прылівы падымаюцца ўверх па рацэ на 1400 км. Амазонка і яе прытокі багатыя арган. рэчывамі. У водах Амазонкі — кайманы, прэснаводныя дэльфіны, ламанціны. Рыбалоўства. У Амазонцы і яе прытоках 2 тыс. відаў прэснаводных рыб, сярод якіх драпежныя піранья, электрычны вугор. Амазонка мае значны энергет. патэнцыял. Даўжыня ўсіх водных шляхоў у бас. Амазонкі каля 25 тыс. км. Рака суднаходная на 4300 км ад вусця (да Андаў), да г. Манаус (1690 км) падымаюцца акіянскія судны. Гал. парты: Белен (Пара), Сантарэн, Обідус, Манаус (Бразілія), Ікітас (Перу).

Рака Амазонка.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range),

Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.

Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́, Каложская царква,

помнік мураванай стараж.-рус. архітэктуры, адзін з помнікаў Гродзенскай школы дойлідства. Пабудаваны ў 2-й пал. 12 ст. ў Гродне на высокім правым беразе Нёмана, побач з замкавай гарой, на тэр. б. Каложскага пасада. Часткова разбурана ў 1853 у выніку апоўзня, паўд. апсіда абвалілася ў 1889. Праведзены работы па кансервацыі (1910 і 1935) і кансервацыйна-рамонтныя (1970, 1985—87). Захаваліся паўн. і частка зах. Сцяны, 3 апсіды і 2 зах. круглыя (дыяметр каля 1,2 м) падкупальныя слупы.

Цагляны 6-слуповы 3-апсідны крыжова-купальны храм. Даўжыня каля 21,5 м, шыр. 13,5 м. Таўшчыня сцен каля 1,2 м. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. Фасады ўпрыгожаны лапаткамі ступеньчатага профілю, устаўкамі з гранітных і гнейсавых камянёў розных адценняў са шліфаванай вонкавай паверхняй, рознакаляровымі паліванымі керамічнымі пліткамі. У верхняй ч. сцен вузкія аконныя праёмы з арачнымі перамычкамі. У час рэстаўрацыйных работ 1985—86 знойдзены фрагменты фрэсак на ўнутр. сцяне і шматлікія графіці на сценах. У 1894 В.​В.​Гразновым выяўлены ў муроўцы будынка галаснікі, знакі на цэгле, ім выказана думка, што царква мела фрэскавую размалёўку. Падлога храма першапачаткова была выкладзена з паліваных квадратных, трохвугольных і фігурных плітак, у 18 ст. — з мармуровых пліт. Фрагмент падлогі 12 ст. захаваўся ў бакавой апсідзе. Фундамент храма складзены з валуноў сярэдняй велічыні і заглыблены на 1,5 м. Каля царквы выяўлены сляды манастыра 15—18 ст. Царкву даследавалі: у 19 ст. В.​В.​Гразноў, у пач. 20 ст. П.​П.​Пакрышкін, у 1935 Ю.​Ядкоўскі, у 1946 І.​І.​Хозераў, у 1982, 1983—84 А.​А.​Трусаў, П.​А.​Рапапорт.

Літ.:

Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Беларуси. XI—XVII вв. Мн., 1988.

А.​А.​Трусаў.

Гродзенская Барысаглебская царква. З акварэлі Н.​Орды. 19 ст.
Гродзенская Барысаглебская царква. Бакавы фасад. Рэканструкцыя П.​П.​Пакрышкіна.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.

Прызначаны для палівання дажджаваннем с.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).

Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш. Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмы найб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.

Літ.:

Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.

А.​Я.​Вакар.

Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.
Да арт. Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).

т. 6, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГАРО́ДДЗЕ,

узвышаная раўніна на ПдЗ Беларусі ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім, Кобрынскім, Пінскім р-нах Брэсцкай вобл.; фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся. На Пн мяжуе з Прыбугскай раўнінай, на У і Пд — з Прыпяцкім Палессем, на З — з Брэсцкім Палессем. У субшыротным напрамку працягнулася на 85 км, з Пн на Пд — ад 15 да 35 км, пл. каля 2,2 тыс. км². Найвыш. пункт 179 м (каля в. Кротава). Адносныя перавышэнні над прылеглай азёрна-алювіяльнай раўнінай на Пн да 20—30 м.

У тэктанічных адносінах З. знаходзіцца на Палескай седлавіне і ўтворана ледавіковымі і водна-ледавіковымі адкладамі беларускага. бярэзінскага і дняпроўскага ледавікоў. У паўн. ч. З. вылучаюць краявы ледавіковы комплекс, у паўд. ч. — паніжаную, пераважна водна-ледавіковую раўніну. Паверхня паўн. ч. ўзгорыста-градавая, перасечаная, з абс. адзнакамі 140—170 м. Уздоўж правабярэжжа р. Ясельда працягнулася асіметрычная канцова-марэнная града (даўж. 70 км, найб. шыр. да 20 км) напорнага паходжання, з адорвенямі даантрапагенавых парод у ледавіковых адкладах і гляцыядыслакацыямі на паўн. схілах. На Пд ад яе спадзістахвалістая і плоская водна-ледавіковая раўніна (найб. выш. 140—155 м), уздоўж паўд. ускраіны якой пясчаныя дзюны, грады і ўзгоркі. Пашыраны пласкадонныя забалочаныя лагчыны. Карысныя выкапні; керамічная сыравіна, мел, торф, сілікатныя і буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5,2, ліп. 18,6 °C; ападкаў 573 мм; вегетац. перыяд 201 сут. Раўніна З. з’яўляецца ч. Балтыйска-Чарнаморскага водападзелу. Уздоўж паўн. і паўд. мяжы раўніны цякуць рэкі бас. Дняпра — Ясельда і Піна, на З — прытокі Зах. Буга. Па раўніне працякаюць невялікія, пераважна каналізаваныя, рэкі Стрымня, Самароўка, Піліпаўка, Мерачанка і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-аглееныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 25% тэр. Лясы ў асн. шыракаліста-хваёвыя і хваёвыя, засталіся невялікімі ўчасткамі. У зах. ч. З. захаваліся балоты і лугі. 30% тэр. пад ворывам.

Раўніна Загароддзе каля в. Крамно Драгічынскага раёна.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ САЯ́Н,

горная сістэма на Пд Сібіры, Расія. Цягнецца ў паўн.-ўсх. напрамку ад вярхоўяў р. Абакан да стыку з Усх. Саянам (каля вытокаў рэк Казыр і Уда). Даўж. больш за 600 км, шыр. ад 80 да 200 км. Складаецца з вузкіх хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Найб. вяршыня — г. Кызыл-Тайга (3121 м). Складкавая структура З.С. сфарміравалася ў эпоху каледонскай складкавасці, прадстаўлена 2 краявымі антыклінорыямі, якія падзелены сінклінорыем. Антыклінорыі складзены з гліністых і крамяністых сланцаў, кварцытаў і вапнякоў, прарванымі інтрузіямі гранітаў і дыярытаў, сінклінорыі — з магутнай пясчана-сланцавай тоўшчы. Карысныя выкапні: жал. і медна-кобальтавыя руды, нікель, хром, свінец, цынк, малібдэн, азбест.

Сучасны горны рэльеф сфарміраваўся ў выніку падняццяў канца неагену — пач. антрапагену. Высакагорным рэльефам вызначаецца водападзельны хрыбет, масіў Кызыл-Тайга, хр. Ергакі, сярэднягорным — бакавыя хрыбты (выш. да 2000—2500 м). На Пд — міжгорныя катлавіны (Усінская і Турана-Уюкская).

Клімат рэжа кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. на схілах гор ад -20 °C да -25 °C, у катлавінах да -30 °C, ліп. 10—12 °C, у катлавінах да 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў на паўн. схілах 800—1200 мм, на паўд. — да 400 мм. Рэкі належаць да бас. Енісея; галоўныя — Абакан, Кантэгір, Алаш, Ус, Уюк. Большасць азёр прымеркавана да грабянёвай ч. водападзельнага хрыбта і размяшчаецца ў корах. Расліннасць залежыць ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў. На паўн. схілах хваёва-лісцевыя лясы, на выш. 800—1800 м цемнахвойныя лясы, якія пераходзяць у рэдкалессе. Для высакагор’яў характэрны мохава-лішайнікавыя і камяністыя тундры, субальпійскія і альпійскія лугі. На паўд. схілах да выш. 1200—1800 м горны лесастэп з лістоўніцай. У катлавінах палынна-злакавы стэп. У тайзе водзяцца лось, марал, казуля, буры мядзведзь, рысь, собаль, вавёрка, у стэпах — грызуны. З.С. перасякаюць аўтадарогі Абакан—Кызыл (Усінскі тракт) і Абаза—Ак-Давурак.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)