галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст.гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст.). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.Ф.Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.В.Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.В.Базілевіча, І.А.Галубцова і М.А.Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.Р.Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец.гіст. навук Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».
Літ.:
Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;
Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́ШКА Андрэй Тадэвуш Банавентура (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),
палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв.паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.
Літ.:
Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;
Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎНАС (Kaunas),
горад у Літве, на р. Нямунас (Нёман), пры ўпадзенні р. Нярыс (Вілія). 420 тыс.ж. (1997). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. металаапр. (станкі, электраматоры, тэлевізары і інш.), лёгкая (тэкстыль, трыкатаж і інш.), харч., паліграф., хім. (штучнае валакно і інш.), дрэваапр. і інш., вытв-сцьбуд. матэрыялаў. ГЭС. 5 ВНУ (у т. л.політэхн., медыцынскі). Традыцыйны цэнтр маст. рамёстваў.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1030. У 14 ст. крэпасць ВКЛ, на якую нападалі ням. крыжакі (1362, 1385, 1391, 1400). З 15 ст.гандл. і рамесніцкі цэнтр, карыстаўся магдэбургскім правам (з 1408). Паводле Люблінскай уніі 1569 адышоў да Рэчы Паспалітай; неаднойчы быў разбураны, асабліва ў час вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй 1654—67, вайны 1700—21, паводак 1625 і 1715, пажару 1800 (згарэла трэцяя ч. горада). З 1795 у складзе Рас. імперыі (наз. Коўна), з 1843 цэнтр Ковенскай губ. У 1812 акупіраваны і зруйнаваны франц. войскамі Напалеона I Банапарта. Адзін з цэнтраў вызв. паўстанняў 1830—31, 1863—64. У 1919—40 сталіца Літвы. Пасля абвяшчэння 21.9.1940 сав. улады ў складзе Літ. ССР (з 1991 Літ. Рэспубліка). У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (24.6.1941—1.8.1944). У 1950—53 абл. цэнтр Літ. ССР.
Большасць помнікаў архітэктуры ў Старым горадзе (Сянамесцісе): руіны замка (13—16 ст.), касцёл Вітаўта (закладзены ў 14 ст.), кафедральны сабор Пятра і Паўла (1413, дабудаваны ў 17 ст.), т. зв. Дом Пяркуна (канец 15 — пач. 16 ст., рэканструяваны ў 18 ст.) — усе готыка, б. палац Масальскіх (пач. 17 ст.; рэнесанс), ратуша (16—19 ст., арх. Б.Хайноўскі, прыбудова вежы і рэканструкцыя фасадаў 1771, арх. І.Мацекерас; готыка, рэнесанс, барока), манастыр камальдалійцаў у Пажайслісе (1667—1712, арх. Л.Фрэда, К. і П.Пуціні; барока), сядзібны дом у Аўкштаі-Фрэда (канец 18 ст.; класіцызм). Паводле генпланаў 1847 і 1871 на У ад Старога горада ўзнікла новая частка К. з рэгулярнай планіроўкай (сабор, 1891—95, арх. К.Лімарэнка; цяпер Галерэя вітража і скульптуры; псеўдавізант. стыль). У 1920—40 К. інтэнсіўна развіваўся: будынкі банка (1924—29, арх. М.Сангайла; неакласіцызм), вет. акадэміі (1930—31, інж. Й.Ясюкайціс; мадэрн), паштамта (1931—32, інж. Ф.Візбарас), Музея Вітаўта Вялікага (1933—36, арх. І.Дубянецкі; цяпер музеі гістарычны і імя М.К.Чурлёніса), гандл.-прамысл. палаты (1937—38, арх. В.Ландсбергіс-Жамкальніс; цяпер б-ка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖ,
сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.
У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАВАРАДА́ Рыгор Савіч (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),
украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г.). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав.рэліг. філасофіі і л-ры.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;
Соч.Т. 1—2. М., 1973;
Соч.Мн., 1999.
Літ.:
Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;
Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;
Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;
Эрн В. Г.Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКІ ДАБРАВЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны мужчынскі манастыр у г. Супрасль (Польшча). Засн. ў 1498 навагрудскім ваяводам і маршалкам ВКЛ А.І.Хадкевічам пры ўдзеле архіепіскапа смаленскага Іосіфа ў родавай сядзібе Хадкевічаў у Гарадкуна-Супраслі, у 1500 перанесены ва ўрочышча Сухі Груд. У 1501 пабудавана царква Іаана Багаслова (згарэла ў 1650). У 1503 архіепіскап Іосіф перадаў манастыру Супрасльскі абраз Маці Божай і ахвяраваў яму ў 1506 зямельную маёмасць у Бельскім пав. У 1510 пабудавана Супрасльская царква-крэпасць у імя Дабравешчання Прасвятое Багародзіцы, у 1511 асвячона. Манастыру дадзены статут, і ён стаў адным з буйнейшых цэнтраў бел.правасл. культуры, у ім фарміраваліся багаслоўска-філасофская, іконаграфічная і арх. школы, склаўся своеасаблівы стыль царк. спеваў (супрасльскі распеў). Тут напісаны «Пасланне каталіцкаму іерарху пра ерась каталіцызму» (1511), Супрасльскі летапіс, «Валынскі летапіс», «Кіева-Пячэрскі пацярык» (усе 1519), дзейнічалі залатарская, пераплётная і інш. майстэрні. У 1537 пабудавана царква Уваскрэсення Хрыстова. У Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэцы захоўваліся сотні каштоўных рукапісных і старадрукаваных кніг. Манахі на чале з архімандрытам Іларыёнам (кн. Масальскі) змагаліся супраць Брэсцкай уніі 1596. Аднак пры архімандрыце Герасіме Веліконцію (1609—35) манастыр стаў уніяцкім і падпарадкаваны ордэну базыльян (з 1722 у манастыры знаходзілася гал. рэзідэнцыя гэтага ордэна). У 1645—1853 (з перапынкамі) пры манастыры дзейнічала духоўнае вучылішча. у 1695—1803 — Супрасльская друкарня, у 1710—1834 — паперня. У 1645—52 пабудаваны палац архімандрытаў, у 1695—97 — мураваная званіца. Астатнія надворныя будынкі (манаскія келлі, гасп. пабудовы) узведзены ў 2-й пал. 18 ст.
У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) манастыр знаходзіўся на тэрыторыі, якая адышла да Прусіі, пасля Тыльзіцкага міру (1807) — да Расіі. Уніяцкія манахі фінансава падтрымалі паўстанне 1794, удзельнічалі ў паўстанні 1830—31. У 1-й трэці 19 ст. манастыр заняпаў. У 1842 маёмасць манастыра канфіскавана. У 1875 на старых манастырскіх могілках пабудавана царква св. Панцеляймона, у 1890 — цёплая царква Іаана Багаслова, у 1901 — царква Георгія Пераможцы на новых могілках. У 1925 значная частка маёмасці манастыра аддадзена ў арэнду каталіцкаму ордэну салезіянаў. У 1944 ням. фашысты ўзарвалі Дабравешчанскую царкву і спалілі манастырскія будынкі разам з б-кай. У 1958 вернікі адбудавалі царкву Іаана Багаслова. У 1984 дзяржава вярнула вернікам руіны Дабравешчанскай царквы. У 1996 польскі ўрад замацаваў за правасл. царквой увесь манастырскі комплекс. У 1999 завершана праца па адбудове Дабравешчанскай царквы, вядуцца работы па аднаўленні інтэр’ера.
М.Ю.ГайдукМ.Р.Гайдук.
Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр. Палац архімандрытаў. 17 ст.Комплекс Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ШНІКІ,
горад, цэнтр Чашніцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ула. Аўтадарогі на Лепель, Новалукомль, Сянно. За 95 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. 10 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы цэлюлознапапяровай (Чашніцкая папяровая фабрыка), пач. апрацоўкі лёну, харч., лесанарыхтоўчай прам-сці. Чашніцкі гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква (1843—45).
У 16 ст. Ч. ўваходзілі ў Полацкае ваяв.ВКЛ, належалі кн. Лукомскім, з канца 16 ст. Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. У Лівонскую вайну 1558—83 каля Ч. войскі ВКЛ разграмілі ў Ульскай бітве 1564 і ў 1567 маскоўскае войска; паводле загаду Івана IV Грознага на правым беразе Улы пабудаваны ўмацаваны замак (у 1708 спалены). У 17 ст. Ч. — гандл. мястэчка, у 1633 тут 109 дамоў і 16 крам. Каля 1674 харунжы А.Служка заснаваў Чашніцкі кляштар дамініканцаў, на месцы якога ў 1786 пабудаваны мураваны касцёл у стылі позняга барока. У 18 ст. ў Ч. існавалі прыстань, больш за 40 складоў, майстэрні па вырабе гандл. суднаў — стругаў. У 2-й пал. 18 ст. Ч. мелі гандл. прывілеі, у 1791—93 лічыліся цэнтрам Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ч. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Лепельскага пав. Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У вайну 1812 каля Ч. 31.10.1812 адбылася бітва рас. войск з корпусам маршала Удзіно (гл.Чашніцкія баі 1812). У 1843—45 пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. У час паўстання 1863—64 у касцёле размяшчаўся апорны пункт супраціўлення ўрадавым войскам, пасля чаго касцёл быў ператвораны ў Мікалаеўскую царкву. У 1886 засн. папяровая ф-ка. У 1897 у Ч. 4590 ж., 703 будынкі, лячэбніца, аптэка, 2 нар. вучылішчы. У 1909 адкрыта гар. вучылішча, якое ў 1913 пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. У 1919—24 у складзе РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Чашніцкага раёна ў Віцебскай, потым Лепельскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 3610 чал. У раёне дзейнічала Чашніцкае патрыятычнае падполле. У час Лепельскай аперацыі 1943 байцы Смаленскага партыз. палка вялі жорсткія баі супраць гарнізона гітлераўцаў (гл.Чашніцкія баі 1943). Вызвалены 27.6.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава» ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Бешанковіцкім р-не. З 7.2.1966 горад. У 1970—6,6 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧУ́ЧЫН,
горад, цэнтр Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. За 68 км на У ад Гродна, за 7 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Ваўкавыск—Ліда. 16,3 тыс.ж. (2002). Шчучынскі завод «Аўтапровад», прадпрыемствы с.-г. і трактарнага машынабудавання, харч. (Шчучынскі масласырзавод) прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Шчучынскі касцёл Святой Тэрэзы, Свята-Міхайлаўская царква, Шчучынскі палац.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1-й пал. 15 ст. ў сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П.Лелюшам касцёла. У 2-й пал. 15—17 ст. Ш. належаў Кучукам, Кішкам, Радзівілам, Давойнам, Лімонтам; уваходзіў у склад Лідскага пав. Віленскага ваяв. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ш. моцна пацярпеў ад войск кн. Хаванскага і атрадаў В.Залатарэнкі, у пач. Паўночнай вайны 1700—21 — ад войск Карла XII. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. мястэчкам Ш. валодалі Юзафовічы-Глябіцкія (Хлябіцкія), потым — Сцыпіёны. У 18 — пач. 20 ст. называўся Шчучын-Літоўскі. У 1718 тут засн.Шчучынскі піярскі калегіум. 23.5.1761 Ш. атрымаў герб — у блакітным полі пад залатой каронай сярэбраная манаграма IS [I (gnatus) S(cipion)]. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. Гродзенскай (з 1802) і Віленскай (з 1842) губ. З 1807 Ш. належаў Друцкім-Любецкім. У 1866 у мястэчку 1088 ж., 123 дамы, парафіяльная школа, аптэка, паштовая станцыя, царква, касцёл. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Шчучынскі палац, у 1888 — дрэваапр.з-д. У 1897—1742 ж., лячэбніца. У 1905 цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ., 1799 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, вінакурны, цагельны, вапнавы з-ды, 29 крам, 5 корчмаў. У 1914 бібліятэка і архіў Сцыпіёнаў і Друцкіх-Любецкіх перададзены ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. У 1923 — 1539 ж., 239 будынкаў. У 1929 Ш. — цэнтр Шчучынскага павета Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 4.12.1939 цэнтр Шчучынскага р-на Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 гар. пасёлак, 3500 ж. У Вял.Айч. вайну з 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 2749 чал. У 1948 у Ш. 7 тыс.ж., у 1959 — 6,5 тыс., у 1970—10,3 тыс.ж. З 31.8.1962 — горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Рмн. ‑рак; ж.
1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.
2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.
3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка.// Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас.Бялевіч.// Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі.Колас.//Разм.Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу.Брыль.
4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звяза́цца, звяжуся, звяжашся, звяжацца; зак.
1. Змацавацца, злучыцца адзін з адным (вяроўкай, канатам і пад.). Паднімаючыся на вяршыню, альпіністы звязаліся вяроўкай.
2. Устанавіць зносіны з кім‑, чым‑н. пры дапамозе пэўных сродкаў сувязі. Звязацца па тэлефоне з таварышам.
3. Устанавіць непасрэдныя адносіны, цесныя кантакты з кім‑, чым‑н. І цесна ў працы звязаліся горад з вёскай.Чорны.Немцы разлічвалі на тое, каб не даць атрадам аднаго раёна звязацца з атрадамі другога раёна.Казлоў.
4. Зблізіцца, завесці агульныя справы (звычайна нядобрыя). [Завішнюку] стала горка на душы, адчуў, што хочацца хутчэй выйсці з хаты, каб і не глядзець на гэтага п’янчугу Акцызніка, з якім звязаўся.Пташнікаў.//Разм. Уступіць у любоўную сувязь. «Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацела. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б...».М. Стральцоў.// Узяцца за якую‑н. справу (звычайна непасільную, непрыемную і пад.). — Звязацца з механікай.. Хіба ж гэта жаночая справа?Ус.
5. Злажыць, упакаваць свае рэчы ў звязкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)