ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).

Вікторыя Круса.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя канструкцыі, асн. нясучыя элементы якіх (тросы, канаты, кабелі, ланцугі, сеткі, стрыжні, мембраны) успрымаюць толькі расцягвальныя намаганні. Бываюць: плоскія (выкарыстоўваюцца ў вісячых мастах, канатных дарогах) і прасторавыя (у пакрыццях грамадскіх і прамысл. будынкаў); аднапаясныя (паралельныя тросы, сеткі ці мембраны ўтвараюць цыліндрычныя або парабалоідныя паверхні з насцілам), двухпаясныя (папярэдне напружаныя, з крывалінейных паясоў, павернутых выпукласцямі ў процілеглыя бакі), седлападобныя (з тросаў, якія перасякаюцца і ўтвараюць сетку, або з адпаведных абалонак), вантавыя (гл. Вантавыя канструкцыі) і камбінаваныя.

Вісячыя канструкцыі лёгкія, эканамічныя, архітэктурна выразныя, мала адчувальныя да сейсмічных уздзеянняў, асядання апор. Будуюцца хутка, з дапамогай лёгкіх пад’ёмных механізмаў, пераважна без рыштаванняў. Асн. недахоп — дэфармавальнасць ад мясц. нагрузкі (памяншаецца адцяжкамі, раскосамі, бэлькамі жорсткасці, дадатковымі паясамі, папярэднім напружаннем элементаў). Выкарыстанне ў вісячых канструкцыях сучасных высокатрывалых матэрыялаў дазваляе перакрываць збудаванні з вял. пралётамі.

М.​К.​Балыкін.

Вісячыя канструкцыі: 1 — спартыўны будынак з вантава-бэлечным пакрыццём; 2 — падвеснае пакрыццё фабрыкі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ,

стараж. прадметы, збудаванні, пахаванні, што захаваліся на зямной паверхні, пад зямлёй або пад вадой і з’яўляюцца аб’ектам археал. даследаванняў. Да археалагічных помнікаў адносяцца: выкапнёвыя прылады працы, зброя, упрыгожанні, паселішчы (стаянкі, селішчы, гарадзішчы), рэшткі жытлаў, гідратэхн. збудаванняў, майстэрні, горныя выпрацоўкі, пячоры, стараж. ўмацаваныя лініі (абарончыя валы, равы), дарогі, пабудовы на па́лях, малюнкі і надпісы, высечаныя на асобных камянях і скалах, стараж. арх. помнікі, пахаванні, надмагільныя і культавыя збудаванні (каменныя бабы, следавікі, ідалы, свяцілішчы і інш.). Археалагічныя помнікі — рэчавыя гіст. крыніцы, па якіх можна аднавіць мінулае чалавечага грамадства. На Беларусі выяўлена каля 900 стаянак каменнага і бронзавага вякоў, каля 1500 гарадзішчаў і селішчаў ранняга жал. веку і інш.

Да арт. Археалагічныя помнікі. Умацаванае паселішча бронзавага веку Дун Энгус. Астравы Аран, графства Голуэй, Ірландыя.
Да арт. Археалагічныя помнікі. Гарадзішча Індура ў Гродзенскім р-не.
Да арт. Археалагічныя помнікі. Курганы каля в. Высачаны Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАЛО́ГІЯ (ад вулкан + ...логія),

навука аб вулканах, прычынах іх утварэння, будове, развіцці, прадуктах вывяржэння, заканамернасцях размяшчэння на паверхні Зямлі і інш. планет, характары іх дзейнасці ў розныя часы, ролі ў фарміраванні зямной кары.

Вулканалогія ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. (Геракліт і Арыстоцель у Грэцыі, Страбон і Пліній Малодшы ў Рыме). Першая спец. навук. ўстанова — вулканалагічная абсерваторыя на Везувіі створана ў 1842. У 1911 такая абсерваторыя створана на вулкане Кілаўэа на Гавайскіх а-вах, потым вывучэнне вулканаў было наладжана ў Інданезіі, Японіі, ЗША. У 1935 створана вулканалагічная станцыя на Камчатцы ў СССР, пазней вулканалагічныя даследаванні пачаліся ў Арменіі і Грузіі. Каардынацыю сучасных даследаванняў праводзіць Міжнар. асацыяцыя вулканалогіі і хіміі нетраў Зямлі.

Практычныя задачы вулканалогіі — распрацоўка метадаў прагназавання вывяржэння вулканаў, выкарыстання вулканічнага цяпла гарачых вод і пары (гл. Гейзер) у гаспадарцы, выяўленне заканамернасцей утварэння вулканічных горных парод і карысных выкапняў.

Г.​В.​Зінавенка.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.

Т.​А.​Раманава.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНІКІ,

прыродныя (натуральныя) і антрапагенныя агенты (фіз. фактары, хім. рэчывы, біял. віды — пераважна мікраарганізмы і інш.), якія трапілі ў навакольнае асяроддзе або ўзніклі ў ім у колькасцях, што перавышаюць звычайныя, гранічныя ваганні ці сярэдні прыродны фон за вызначаны час (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Існуюць З. атмасферы, вод, глеб (гл. ў арт. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Адрозніваюць першасныя З., што непасрэдна ўтвараюцца ў натуральных, прыродна-антрапагенных і антрапагенных працэсах, і другасныя, якія выяўляюцца ў працэсе мадыфікацыі, распаду або пад уздзеяннем першасных. Асобныя агенты, што атрымліваюцца пры ўтварэнні небяспечных З. у фіз.-хім. працэсах, якія адбываюцца непасрэдна ў асяроддзі, могуць быць у месцах вытв-сці і выкарыстання няшкоднымі, але становяцца небяспечнымі пры іх міграцыі ў інш. геасферы (напр., фрэоны, хімічныя інертныя каля паверхні Зямлі, у стратасферы ўдзельнічаюць у фотахім. рэакцыях з утварэннем іона хлору, які з’яўляецца каталізатарам пры разбурэнні азонавага слоя планеты).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРО́КУ О́РГАНЫ,

органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч. цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл. Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт. Зрок.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)