БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,

адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл. Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.

т. 2, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАТЭ́СК

(франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),

1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл. Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.

У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар. карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.

У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел. нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.

Г.Я.Адамовіч (гратэск у літаратуры).

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́КА

(італьян. barocco літар. вычварны, дзіўны),

вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст. маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.

Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.

Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн. маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.Караваджа, збудаваннях Дж.Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.Берніні, арх. Ф.Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Я.Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б.дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.Сурбарана, скульптуры Х.Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах і І.Л.Гільдэбрант, мастак Ф.А.Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.М.Фішэр, І.Б.Нейман, А.Шлютэр, М.Д.Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у тым ліку на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл. «Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац. рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.Веласкес у Іспаніі, Ф.Халс, Я.Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.Растрэлі, Дз.Ухтамскі, С.Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.К.Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.

На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл. Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.К.Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).

У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд. Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.Вашчанкі, Ф.Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст. бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш. Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл. Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.

Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.

Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.Таса і Дж.Марына, «Пентаметр» Дж.Базіле; у Германіі — трагедыі А.Грыфіуса і Д.Лоэнштайна, лірыка П.Флемінга, раман Г.Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.Боманта, Дж.Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.А.Морштына, В.Патоцкага; у Расіі — М.В.Ламаносава, В.К.Традзякоўскага.

У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст. Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.

Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш. еўрап. краін, асабліва Германіі: ням. нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.Шутца ў Германіі і Г.Пёрсела ў Англіі).

На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц. нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак».

Тэатр. У еўрап. тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.

У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст. англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац. літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян. камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц. т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;

Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;

Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Т.В.Габрусь (архітэктура), Б.А.Лазука (выяўленчае мастацтва), А.В.Мальдзіс (літаратура), В.М.Арэшка (тэатр).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІПЕ́НКА Алесь

(Аляксандр Харытонавіч; 7.9.1919, в. Пушкары Віцебскага р-на — 6.8.1994),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры БССР (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У Айч. вайну партызан. З 1966 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1972 гал. рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», у 1976—80 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Першы зб. апавяданняў «Лёд растае» (1958). Асн. тэмы твораў — гераізм народа ў барацьбе з фашызмам, партыз. рух, пасляваен. аднаўленне (раман «Вогненны азімут», 1965; аповесці «Жыта», 1966; «Два дні і дзве ночы», 1976; апавяданні), жыццё вёскі і горада, сац. і маральна-этычныя праблемы (раманы «Непрыкаяны маладзік», 1971—80, Літ. прэмія імя І.Мележа 1981; «Лабірынты страху», 1992; аповесці «Дысертацыя», «Няроўнай дарогай», абедзве 1957; «Паплавы», 1958; «Абжыты кут», 1963; апавяданні). Па сцэнарыях Асіпенкі пастаўлены маст. фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, з Н.Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, з С.Паляковым), дакумент. фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1979;

Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1989—90.

Літ.:

Быкаў В. Таленавітая аповесць // Полымя. 1964. №7;

Кухараў С. Акрыленасць душы // Полымя. 1979. № 9;

Савік Л. Падзеі, час, людзі // Полымя. 1981. № 1;

Грамадчанка Т. З увагай да звычайнага // Полымя. 1983. № 6.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСО́ФІЯ

(ад антрапа... + грэч. sophia мудрасць),

акультна-містычнае вучэнне пра чалавека як носьбіта таямнічых духоўных сіл; разнавіднасць тэасофіі. Заснавальнік антрапасофіі ням. філосаф-містык Р.Штайнер стварыў у 1913 антрапасофскую школу з мэтай выхаваць у юнацтва ўменне «духоўнага сузірання», якое ў стане самыя таямнічыя з’явы рабіць даступнымі для ўспрымання. Паводле гэтага вучэння, чалавек — трыадзінства цела, душы і духу, духам кіруе закон пераўвасаблення (рэінкарнацыя). У асобным жыцці чалавечы дух паўтарае сам сябе з улікам ранейшых уражанняў і перажыванняў. Чалавечае цела кіруецца законам наследавання, душа — створаным ёю самой лёсам (карма). Пасля смерці сувязь духу і душы захоўваецца, пакуль душа не вызваліцца ад цела. У сац.-паліт. жыцці антрапасофія зыходзіць з раздраблення сац. арганізма на самастойныя сферы: дзяржаву, правасуддзе, эканоміку. У 1-й трэці 20 ст. вучэнне антрапасофіі стала пашыраным у шэрагу краін Еўропы. Пэўны ўплыў яно зрабіла на дзеячаў культуры і мастацтва (А.Белы, В.Кандзінскі, М.Валошын, Б.Вальтэр і інш.). Цікавасць да антрапасофіі ажывілася і ў апошняй трэці 20 ст., асабліва ў ЗША, еўрап. краінах. У апошнія гады распаўсюдзілася на Беларусі, гал. чынам гэтаму садзейнічалі аднаўленне цікавасці да тэасофскіх ідэй А.Блавацкай і ўзнікненне суполак крышнаітаў.

Літ.:

Белый А. Рудольф Штейнер и Гете в мировоззрении современности. М., 1917;

Abendroth W.R. Steiner und die heutige Welt. München, 1969.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,

помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтварыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел. царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУ́НДАЎ Мірза Фаталі

(12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),

азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас. арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.

Тв.:

Избранные философские произведения. Баку, 1982;

Рус. пер — Избранное. Баку, 1988.

Н.Р.Гуранаў.

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,

масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у тым ліку Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час. «Спадчына».

Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.

Г.А.Саўчанка.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,

добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз. Бел. т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш. Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.

А.М.Ваніцкі.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.Булез, П.Шэфер, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен, Л.Нона, Л.Берыо, Дж.Кейдж, Дз.Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.Картэс, Дз.Смольскі, С.Бельцюкоў, В.Войцік, В.Кузняцоў, В.Капыцько, А.Літвіноўскі, А.Сонін, Л.Шлег, Я.Паплаўскі і інш.

А.У.Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)