тэлефо́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тэлефона; служыць, прызначаны для тэлефона. Тэлефонная станцыя. □ Сам старшыня, каржакаваты і рухавы Адам Вухавец, стаяў у пустой яшчэ кватэры, каля тэлефоннага апарата. Брыль. Апошнія словы Перагуда былі заглушаны тэлефонным званком. М. Ткачоў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлефона; перадаецца па тэлефоне. Тэлефонная сувязь. □ У мяне а трэцяй гадзіне тэлефонная размова з сакратаром крайкома. Пальчэўскі. Мы пераглянуліся і скіраваліся сваёй дарогай — да будынка васьмігадовай школы, дзе па тэлефоннай дамоўленасці дэкана з дырэктарам нам абяцалі дах над галавой на гэтыя экспедыцыйныя дні. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыло́, -а́, мн. кры́лы і (з ліч. 2, 3, 4) крылы́, крыл і кры́лаў, н.

1. Орган лятання ў птушак, насякомых, а таксама некаторых млекакормячых.

К. качкі.

К. кажана.

2. Плоская паверхня самалёта, якая падтрымлівае яго ў паветры.

3. Лопасць ветранога млына або параходнага вінта.

4. Покрыўка над колам аўтамабіля, веласіпеда і пад. для засцярогі ад пырскаў вады і гразі.

5. Бакавы корпус або бакавая частка пабудовы.

Левае к. бальніцы.

6. Левая або правая частка строю, баявога парадку войска; фланг.

7. Крайняя (левая або правая) групоўка якой-н. арганізацыі.

Апусціць крылы — страціць энергію, бадзёрасць.

Пад крылом — пад чыёй-н. апекай (жыць, знаходзіцца і пад.).

Падрэзаць крылы — перашкодзіць каму-н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць.

|| памянш. кры́льца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 1 знач.).

|| прым. кры́лавы, -ая, -ае (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пднад далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЫЙ БАЛГА́РЫН (?, Балгарыя — 1472 або 1473),

царкоўны дзеяч ВКЛ, адзін з першых прыхільнікаў уніі з каталіцкай царквой. Вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідара. Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 разам з ім уцёк з Масквы ў Рым, з 1452 у Канстанцінопалі. У 1458 пасвячоны канстанцінопальскім патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам у мітрапаліта 9 зах. епархій Рус. правасл. царквы з тытулам архіепіскапа кіеўскага, літоўскага і Ніжняй (Малой) Русі з рэзідэнцыяй у Навагрудку. Такі тытул сведчыў аб прэтэнзіях мітрапаліта на кананічную ўладу над усёй тэр. б. Кіеўскай Русі. Не згаджаючыся з гэтым, мітраполія ў Маскве ў 1459 стала афіцыйна наз. не кіеўскай, а маскоўскай. Падзел паміж дзвюма цэрквамі стаў канчатковым. Прызнаючы Грыгорыя Балгарына мітрапалітам, духавенства і вернікі ВКЛ саму унію не прынялі. У 1469 Грыгорый Балгарын звярнуўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі з адмовай ад уніі і з просьбай зацвердзіць яго ў сане правасл. архірэя. У 1472 патрыярх Дыянісій зацвердзіў Грыгорыя Балгарына як мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі. Правасл. царква ВКЛ і Галіцыі (у складзе Польскага каралеўства) атрымала поўнае кананічнае прызнанне. Грыгорый Балгарын лічыцца аўтарам шэрагу літ.-царк. твораў. Памёр і пахаваны ў Навагрудку.

В.​В.​Антонаў.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ МАРЫ́І МАГДАЛІ́НЫ,

помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Пабудавана ў 1847 на б. Старажоўскіх могілках. Мураваны аднакупальны сім. па кампазіцыі 3-нефавы аднаапсідны храм. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму далучаны з усх. боку прамавугольная апсіда з 2 рызніцамі, з зах. — прытвор з высокай васьміграннай шатровай вежай-званіцай на 2-м ярусе. У цэнтры асн. аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вял. купал. Сцены фасадаў расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. У канцы 19 ст. перад царквой пабудавана брама з цэглы (захавалася з ч. агароджы), дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкар. атык, завершаны фігурным франтонам з невял. лучковай галоўкай. У 1946—86 у будынку царквы размяшчаўся Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. У сувязі з гэтым перабудавана: знесены купал і званіца, да апсіды прыбудаваны порцік, зменены інтэр’ер. З 1990 царква дзейнічае, адноўлена ў першапачатковым выглядзе. У 1998 скончана паліхромная размалёўка інтэр’ера. У 1992 побач з царквой узведзены невял. мураваны храм — Свята-Прачысценская царква.

Т.​І.​Чарняўская.

Мінская царква Марыі Магдаліны.

т. 10, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́ прастора, у якой дзейнічаюць сілы зямнога магнетызму. На адлегласці ≈3R🜨 (дзе R🜨 — радыус Зямлі) адпавядае прыблізна полю аднародна намагнічанага шара па восі, якая адхіляецца ад восі вярчэння Зямлі на 11,5°, з напружанасцю поля ≈55,7 А/м каля магнітных полюсаў Зямлі і 33,4 А/м на магн. экватары. На адлегласці >3R🜨 М.п.З. мае больш складаную будову (гл. Магнітасфера). Назіраюцца векавыя, сутачныя і нерэгулярныя змены (варыяцыі) М.п.З., у т. л. магнітныя буры.

Характарызуецца магнітнай індукцыяй. З’яўляецца сумай палёў: дыпольнага (створанае аднароднай намагнічанасцю шара), недыпольнага (поле мацерыковых анамалій), анамальнага (абумоўленае намагнічанасцю верхняй ч. зямной кары), поля, звязанага з вонкавымі прычынамі, поля варыяцый. Галоўнае М.п.З. складаецца з дыпольнага і мацерыковага, нармальнае — з гал. і вонкавага, назіраемае — з нармальнага і анамальнага магн. палёў.

На Беларусі модуль нармальнага магн. поля складае каля 50 тыс. нТл, схіленне ўсходняе каля 5°, нахіленне дадатнае на Пн каля 70°. Лакальныя анамаліі 2 тыс.—3 тыс. нТл. Макс. значэнне анамальнага поля 7,5 тыс. нТл назіраецца ў раёне в. Навасёлкі Гродзенскай вобл. над пакладамі ільменіт-магнетытавых руд. Гл. таксама Магнітнае поле.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫТЭ́Н ((Maritain) Жак) (18.11.1882, Парыж — 29.4.1973),

французскі рэліг. філосаф, прадстаўнік неатамізму. Адукацыю атрымаў у ліцэі Генрыха IV і Сарбоне, вучань А.Бергсона. У 1906 прыняў каталіцтва. З 1914 праф. Каталіцкага ін-та ў Парыжы, з 1933 у Ін-це сярэдневяковых даследаванняў у Таронта (Канада). З 1940 праф. Прынстанскага і Калумбійскага ун-таў (ЗША). У 1945—48 пасол Францыі ў Ватыкане. Крытыкаваў Рэфармацыю і філасофію Новага часу, мяркуючы, што іх прадстаўнікі (М.​Лютэр, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант і інш.) нясуць адказнасць за разбурэнне сярэдневяковага светапогляду і ладу жыцця. Сфармуляваў рэліг.-утапічную ідэю інтэгральнага гуманізму, які павінен перабудаваць цывілізацыю, згуртаваць людзей на аснове рэліг. каштоўнасцей. Выступаў з ліберальнай крытыкай капіталізму і сацыялізму, рэзка асуджаў фашызм. Спасылаючыся на вучэнне Фамы Аквінскага, даказваў неабходнасць гармоніі розуму і веры, лічыў плённым вяршэнства тэалогіі і метафізікі над канкрэтнымі галінамі тэарэт. ведаў. Сацыякультурны ідэал М. атрымаў афіц. прызнанне каталіцкай царквы пасля II Ватыканскага сабора. У сваіх працах з пазіцый тамізму асвятляў праблемы псіхалогіі, сацыялогіі, этыкі, эстэтыкі і педагогікі. Асн. творы — «Мастацтва і схаластыка» (1920), «Антымадэрн» (1922), «Інтэгральны гуманізм» (1936).

В.​М.​Пешкаў.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХАЎ (сапр. Няхамкін) Уладзімір Львовіч

(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял. Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.​Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.

І.​У.​Саламевіч.

У.​Мехаў.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1599—1605 на месцы драўлянага касцёла 1587, фундаванага М.​К.​Радзівілам Сіроткам і асвячонага Ю.​Радзівілам. У 1605 новы мураваны касцёл асвячоны Б.​Войнам. Ў 1710 касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вял. звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўн. вайне 1700—21. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь св. Шкаплера (засн. Радзівілам Сіроткам у 1610), мураваная 2-павярховая плябанія (1609—1880). У 1865 касцёл прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная 3-нефавая 3-вежавая базіліка. Цэнтр. неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на гал. фасадзе вял. квадратнай у плане 4-яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся 2 ніжнія ярусы). Бакавыя нефы на гал. фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай ч. — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. На бакавых фасадах высокія аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Пад будынкам крыпта-пахавальня.

Т.​В.​Габрусь.

Мірскі Мікалаеўскі касцёл.

т. 10, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)