СІ́ЎЧЫКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 3.5.1958, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977), БДУ (1986). Настаўнічаў, працаваў мастаком-афарміцелем. У 1986—90 у час. «Бярозка». З 1994 дырэктар выд-ва «Радыёла-плюс». Друкуецца з 1982. Аўтар кн. апавяданняў і п’ес «Гульня ў тэстамент» (1992), зб. прозы «Лісты да брата» (1998), у якіх філас. роздум над праблемамі сучаснасці. Пераклаў з груз. на бел. мову раман Н.Думбадзе «Закон вечнасці» (1989), некат. вершы груз. паэтаў. На груз. мову пераклаў зб. версэтаў А.Разанава «Горад-вандроўнік» (1991). Аўтар п’ес-казак. У яго пераказе ў Віцебскім т-ры «Лялька» паст. (1995) п’еса-казка паводле О.Уайльда «Хлопчык-зорка». У 1987—89 па сваіх сцэнарыях вёў тэлеперадачы «У сям’і адзінай», «Дыялогі маладых перакладчыкаў».
І.У.Саламевіч.
т. 14, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)