ПРЫМЕКСІКА́НСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПдУ Паўн. Амерыкі, у ЗША і Мексіцы. Акаймоўвае ўзбярэжжа Мексіканскага зал., на ПнУ зліваецца з Прыатлантычнай нізінай. Шыр. 350 км. П.н. ўяўляе сабой рухомую вобласць прагіну Мексіканскага зал. Складзена з тоўшчы марскіх асадкавых парод магутнасцю да 6—10 тыс. м. Характэрны саляныя купалы, якія змяшчаюць радовішчы солі і нафты. Паверхня паступова павышаецца на Пн да 150 м, перарэзана далінамі рэк. Плоская алювіяльная нізіна на ўзбярэжжы акружана лагунамі, пясчанымі косамі, прыбярэжнымі астравамі. Для ўнутр. раёнаў характэрны куэставы рэльеф. Клімат субтрапічны, на ПдЗ трапічны. Сярэдняя т-ра студз. на Пн 4 °C — 8 °C, на ўзбярэжжы 12 °C — 18 °C, ліп. 26 °C — 28 °C. Ападкаў на З 600—800 мм, на У 1200—1500 мм за год. У жн. — вер. частыя трапічныя цыклоны, здараюцца тарнада. Больш за ​1/3 тэр. ўкрыта лясамі. Характэрны хваёвыя лясы, якія ў раёне куэст змяняюцца мяшанымі (хвоя, шыракалістыя лістападныя і вечназялёныя віды). На З — саванны, па рачных далінах — лясы з цісу, горнага кіпарысу, тапалёў таполяў; на ўзбярэжжы — маршы. Субтрапічнае пладаводства. Вырошчваюцца бавоўнік, цукр. трыснёг; плантацыі тытуню. Здабыча нафты і газу. Найб. гарады: Новы Арлеан, Х’юстан (ЗША), Тампіка, Веракрус (Мексіка).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎСКІ Ян (н. 20.1.1905, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. рэліг. дзеяч, выдавец, літаратар, мовазнавец. Скончыў гімназію ў Вільні, служыў у польскім войску. Скончыў Тэалагічную школу метадыстаў у Клярысаве (1930). Быў пастарам у Варшаве, у Дзярэчыне (цяпер Зэльвенскі р-н). З 1936 пастар у Варшаве, адначасова сакратар Польскай гадавой канферэнцыі метадыстаў. З сак. 1941 пастар у Германіі, дзе быў арыштаваны гестапа. Прапаведнік метадысцкай царквы з 1945 у Аўстрыі, з 1953 у ЗША. У 1962—66 выдаваў рэліг. час. «Сьветач хрыстовае навукі». Выдаў у перакладзе на бел. мову 6 кніг дыялогаў стараж.-грэч. філосафа Платона (1966—81), кнігу ням. філосафа В.​Гумбальта «Унутраная форма мовы» (1989). Складальнік і выдавец «Класічнага грэцка-беларускага слоўніка» (кн. 1—2, 1983—85), а таксама англа-бел. і бел.-англ. слоўнікаў (1993), якія ўключаюць больш за 10 тыс. слоў. У 1977 стварыў у ЗША Бел. харытатыўна-адукац. фонд з мэтай спрыяння развіццю бел. мовы і культуры і пашырэння ў краінах Захаду ведаў пра Беларусь. Аўтар успамінаў (т. 1—3, 1988—97), якія з’яўляюцца важнай крыніцай па гісторыі Зах. Беларусі і бел. дыяспары.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы. Мартыралогія. Успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999. С. 154.

Л.​У.​Языковіч.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́КФЕЛЕРЫ, Ракфелеры (Rockefeller),

сямейная фінансава-прамысл. група ў ЗША. Склалася ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік — Дж.​Д.​Рокфелер старэйшы (1839—1937). Прамысл. ядро — утвораная ў 1892 нафтавая кампанія «Стандарт ойл компані (Нью-Джэрсі)» якая ў 1973 перайменавана ў «Эксан». фін. цэнтр — «Чэйз Манхатан банк». Сфера ўплыву: прам-сць (электратэхніка, машынабудаванне) і крэдытна-фін. інстытуты, страхаванне жыцця. У 1913 засн. таксама Ракфелераўскі фонд для садзейнічання дабрабыту чалавецтва, які з 1928 спрыяе і навуцы (належыць да найб. вял. фондаў свету); складаецца з некалькіх інш. фондаў, у т. л. для Ракфелераўскага ун-та ў Нью-Йорку (засн. ў 1901 як мед. ін-т), Ракфелераўскага братэрскага фонду (з 1940), Ракфелераўскага сямейнага фонду (з 1967). З 1980-х г. роля групы памяншалася, ч. падкантрольнай уласнасці распраданая. З сям’і Р. найб. вядомы: сын Дж.​Д.​Рокфелера старэйшага Джон Дэйвісан Р. малодшы (1874—1960; субсідзіраваў куплю зямлі для штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку і пабудаваў Ракфелераўскі цэнтр), яго сыны — Джон Дэйвісан трэці (1906—78; садзейнічаў заснаванню Лінкальн-цэнтра), Нелсан Олдрыч (1908—79; віцэ-прэзідэнт ЗША у 1974—77).

Літ.:

Рокфеллер Дж.Д. Искусство разбогатеть: Мемуары американского миллиардера: Пер. с англ. М., 1992.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),

сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.​М.​Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.​Грэй, О.​Холмс, Д.​Франк, К.​Левелін, Е.​Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад увагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГДЗЕ́ЕЎ Раальд Зіннуравіч (н. 26.12.1932, Масква),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. 1964). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1990) і інш. Герой Сац. Працы (1986). Брат Рэнада Сагдзеева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1956 у Ін-це атамнай энергіі імя І.​В.​Курчатава, з 1961 у Ін-це ядз. фізікі Сібірскага аддз. АН СССР, з 1971 у Ін-це высокіх тэмператур АН СССР (у 1973—88 дырэктар). З 1989 у Ін-це касм. даследаванняў АН СССР. З 1989 праф. Мэрылендскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы плазмы, праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, магн. гідрадынаміцы, касм. фізіцы, праблемах глабальнай бяспекі. Тэарэтычна прадказаў і растлумачыў найб. характэрныя з’явы фізікі касм. плазмы — утварэнне бессутыкняльных ударных хваль і радыяцыйных паясоў. Развіў тэорыю працэсаў цеплаправоднасці і дыфузіі ў такамаках (1967—68; разам з А.​А.​Галеевым). Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

Коллективные процессы и ударные волны в разреженной плазме. Новосибирск, 1963;

Физика плазмы для физиков. М., 1979 (разам з Л.​А.​Арцымовічам);

Введение в нелинейную физику: От маятника до турбулентности и хаоса. М., 1988 (разам з Г.​М.​Заслаўскім).

М.​М.​Касцюковіч.

Раальд З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́МСКІ, Чомскі (Chomsky) Аўрам Ноам (н. 7.12.1928, г. Філадэльфія, ЗША), амерыканскі мовазнавец, палітолаг, публіцыст; заснавальнік генератыўнай лінгвістыкі. Маці паходзіць з г. Бабруйск Магілёўскай вобл. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1963), Нац. АН ЗША (1972), чл.-кар. Брыт. акадэміі (1974). Д-р філасофіі (1955). Скончыў Пенсільванскі ун-т (1951). З 1951 у Гарвардскім ун-це, з 1955 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). Асн. працы па мовазнаўстве, кагнітыўнай псіхалогіі, філасофіі, гісторыі, паліталогіі, эканоміцы, міжнар. адносінах. Заклаў асновы тэорыі трансфармацыйных (генератыўных) граматык і фармальных моў як раздзела матэм. логікі (кн. «Трансфармацыйны аналіз», 1955; «Сінтаксічныя структуры», 1957), даў іх класіфікацыю (т.зв. іерархія Х.). Выступаў з ідэяй універсальнасці асн. («глыбінных») грамат. структур у розных мовах свету (кн. «Мова і мысленне», 1968). Стваральнік генератыўнай фаналогіі (1968, з М.​Хале). Сфармуляваў (1995) «мінімалісцкую праграму» генератывізму.

Тв.:

Рус. пер. — Язык и мышление. М., 1972;

Аспекты теории синтаксиса. М., 1972;

Логические основы лингвистической теории. М., 2002;

Прибыль на людях: Неолиберализм и мировой порядок. М., 2002;

Новый военный гуманизм: Уроки Косова. М., 2002.

Літ.:

Barsky R.F. Noam Chomsky: A life of dissent. Cambridge, 1997;

Литвивов В.П. Мышление Ноама Хомского. Тольятти, 1999.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэпарта́мент

(фр. département)

1) асноўная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Францыі;

2) аддзел вышэйшай адміністрацыйнай або судовай установы ў Расійскай імперыі і шэрагу іншых краін;

3) назва ведамства, міністэрства ў некаторых дзяржавах;

дзяржаўны д. — міністэрства замежных спраў ЗША.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Анта́нта

(фр. entante = літар. згода)

блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі, які склаўся ў 1904—1907 гг. у процівагу Германіі і яе саюзнікам, а ў ходзе першай сусветнай вайны папоўніўся ЗША і Японіяй; распаўся ў пач. 20-х гадоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ФАРТА МО́РА (Beaufort Sea),

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Абмывае берагі ЗША (штат Аляска) і Канады. Пл. 476 тыс. км². Сярэдняя глыб. 1004 м, найб. 4684 м. У Бофарта мора ўпадае р. Макензі. У паўд. ч. т-ра паверхневых водаў каля 4 °C, салёнасць 28‰; у паўн. т-ра -1,5 °C, салёнасць каля 32‰. На працягу года ўкрыта льдамі. Названа ў гонар англ. контр-адмірала Ф.​Бофарта.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)